Сапраўднае свята навукі і ведаў прайшло 7 верасня ў мінскім Батанічным садзе. Прафесіяналы сваёй справы прадстаўлялі розныя сферы дзейнасці на асноўных пляцоўках: «100 інавацый маладых вучоных», «Космас», «Экалогія», «Этнаграфія», «Універсітэт будучыні», «Атам team», «Медыцына», «Інтэлектуальныя тэхналогіі», «Смак навукі», «Навука 0+» і «Лабараторыя». Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведала маштабнае мерапрыемства і падзялілася ўражаннямі.
Першым, што заўважалі ўсе пры ўваходзе ў Батанічны сад, — незлічоныя палаткі. У самым пачатку размяшчаўся фудкорт, дзе прысутныя маглі пакаштаваць шашлыкі, печаную бульбу, квас і многія іншыя стравы. А далей размясціўся цэлы гарадок з невялікіх «даследчых цэнтраў», дзе ахвотныя адчувалі сябе навукоўцамі і адкрывалі шмат новага. Напрыклад, на пляцоўцы «Этнаграфія» мы пазнаёміліся з беларускімі нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі, з народным рамяством і побытам. Асабліва запамінальным стаў стэнд з кнігамі і з малюсенькай металічнай пласцінай, якая створана з дапамогай нана-тэхналогій і змяшчае тэкст 27 кніг Бібліі.
На пляцоўцы «100 інавацый маладых вучоных» мяне, як і многіх, зацікавілі створаныя юнымі вынаходнікамі робаты і мадэль Чорнай дзіркі. Яна дэманструе гравітацыйныя ўзаемадзеянні (арбіты нябесных цел, касмічныя хуткасці) і дазваляе пераканацца, што нічога не можа вярнуцца, аднойчы трапіўшы ў яе.
Не менш цікавая пляцоўка «Універсітэт будучыні». Там былі прадстаўлены вынаходніцтвы, выданні, непаўторныя ідэі розных навуковых цэнтраў і ўстаноў вышэйшай адукацыі: Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і не толькі. Падрабязней аб прадукцыі і інавацыях Нацыя-
нальнага дзіцячага тэхнапарка расказала загадчыца лабараторыі «Біятэхналогіі» Лія Саковіч: «Тут вы можаце ўбачыць праекты маладых людзей, якія яны рабілі ў рамках сваёй праектнай дзейнасці па чатырох кірунках „Біятэхналогіі“, „Машыны і рухавікі.
Аўтамабілебудаванне“, „Лазерныя тэхналогіі“, „Архітэктура і дызайн“. Аднак усяго ў нас 15 кірункаў. Калі казаць пра „Біятэхналогіі“, то тут прадстаўлены распрацоўкі, створаныя з выкарыстаннем расліннай лекавай сыравіны. Пачыналася ўсё з фітачаёў, а потым выходзілі ўжо і ў касметычную, харчовую прамысловасць».
Вылучаецца вынаходства Андрэя Мамаева пад назвай «Высокаэфектыўны вугальны сарбент з пілавіння». Дадзены прадукт добра раствараецца ў вадзе, што робіць яго больш эфектыўным і дазваляе сэканоміць у выніку выкарыстання невялікай колькасці сарбенту за адзін прыём у адрозненне ад звычайнага актываванага вугалю.
Варта адзначыць, што ўсе ахвотныя маглі наведаць і лекцыі навуковых кіраўнікоў, прысвечаныя пэўнай тэме. Напрыклад, на пляцоўцы «Інтэлектуальныя тэхналогіі» дарослыя і дзеці даведаліся пра тое, як працуюць камп’ютарныя сеткі, як стваралася батарэйка, што абяцаюць нам квантавыя камп’ютары. У той жа час пра ўласцівасці незвычайных зорак, пра будову нейтроннай зоркі, пра асаблівасці нябесных цел распавядаў на пазнавальным занятку Мікалай Пракапеня на пляцоўцы «Космас».
Акрамя навучання новаму і прагляду інавацыйных тэхналогій, усе наведвальнікі ўдзельнічалі ў інтэлектуальных батлах, конкурсах на ўважлівасць, запамінанне, падтрыманне раўнавагі. Маглі паспрабаваць сабраць квадрат, літару «Т» з розных фігур, з дапамогай сяброў знайсці выхад з лабірынта, склеіць з паперы мадэль галаўнога мозга чалавека. Кожны на фэсце змог паказаць сябе, знайсці новае захапленне і задумацца пра сваю будучыню: можа, яна будзе звязана з навукай?
Гэтае мерапрыемства стала для мяне асаблівым, запамінальным, чымсьці, што дае матывацыю рухацца далей. Пацікавілася я ўражаннямі ад фестывалю і ў іншых наведвальнікаў.
«На факультэце журналістыкі БДУ арганізатары анансавалі цудоўную праграму фестывалю навук, таму і планка чаканняў ад мерапрыемства ў мяне была высокая. Шмат розных інтэрактываў, лекцый, майстар-класаў ды і проста месцаў для карыснага баўлення часу. Хацелася спыніцца абсалютна на кожнай лакацыі. „Космас“, „Смак навукі“, „Універсітэт будучыні“... Гэта толькі малая частка праграмы лекцый, якія можна было наведаць, — дзеліцца першакурсніца Ілона Камоска. — Я наведала фестываль у кампаніі студэнтаў і выкладчыкаў майго факультэта. Мы паўдзельнічалі ў розных актыўнасцях. Складалі гістарычныя пазлы, правяралі свае веды ў літаратуры, шукалі адрозненні, фатаграфаваліся і проста добра праводзілі час. Сваёй маштабнасцю і вялікай колькасцю займальнай інфармацыі дадзены фестываль і чапляе. Параіла б кожнаму паўдзельнічаць у ім, каб атрымаць шмат незабыўных эмоцый»!
«Я вельмі люблю навуку і часта наведваю мерапрыемствы такога роду. Таму думала, што нам у асноўным будуць нешта расказваць, аднак якім было маё здзіўленне, калі высветлілася, што фестываль накіраваны на прамое ўзаемадзеянне навукоўцаў і наведвальнікаў. А калі сам нешта спрабуеш, то гэта адкладаецца ў памяці значна лепш. Дзякуючы фестывалю, я адкрыла для сябе навуку з новага, цікавага і, што самае незвычайнае, вясёлага боку. Мне вельмі спадабалася лакацыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе я ўбачыла Біблію велічынёй з крошку хлеба: яна была настолькі маленькая. Запомнілася лакацыя, прысвечаная вірусам. Я, як прыхільніца розных конкурсаў, была рада і таму, што амаль на ўсіх пляцоўках былі заданні на логіку. Ці не ўвесь час, праведзены на фэсце, я хадзіла рашала розныя задачы і атрымлівала пасля міні-прызы», — падзялілася Анастасія Макарэвіч.
Як бачым, фестываль навукі не пакінуў абыякавым ніводнага госця і ўдзельніка. Многія дзеці засталіся пад уражаннем ад конкурсаў, лекцый і майстар-класаў. І, думаю, мы ўсе шчыра жадаем, каб такія мерапрыемствы праводзіліся як мага часцей, а зацікаўленых наведвальнікаў рабілася больш!
Лізавета ЛАПІНА
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.