Ачагі пражывання небяспечнага каранціннага шкодніка — амерыканскага белага матылька — зафіксаваны ў некаторых раёнах Брэсцкай вобласці. Мясцовая ўлада звярнулася да кіраўнікоў прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзян з заклікам неадкладна знішчаць выяўленыя гнёзды шкодніка.
На Брэстчыне ачагі шкодніка заўважаны на тэрыторыі Століна, Іванава, у некаторых кварталах Лунінца і нават абласнога цэнтра. Пад назіраннем знаходзяцца частка Драгічына і Маларыты, некаторыя іншыя населеныя пункты.
Як паведамляе тэлеграм-канал Пінскага райвыканкама, у Пінскім раёне каранцінныя меры накладзены на Плешчыцы, Лапаціна, Жыдчэ, Аснежыцы, Парахонск, а таксама на ўсю тэрыторыю Пінска.
Жыхарам нагадваюць, што амерыканскі белы матылёк з’яўляецца інвазіўным відам. Яго вусень здольны пашкодзіць 250 відаў дрэў, кустоў, травяных раслін. Ён надзвычай любіць клён ясенялісты, шаўкавіцу, а таксама яблыні, грушы, слівы. Маладыя гусені робяць павуцінныя гнёзды, якія могуць дасягаць 1,5–2 метры. Гэты матылёк можа знішчыць расліны дашчэнту, спецыялісты называюць яго выключна шкодным відам.
Меры трэба прымаць тэрмінова. Як толькі былі заўважаны гнёзды белага матылька, неабходна зразаць і спальваць іх. Пажадана на месцы. Важна не спазніцца. За 3-4 дні шкоднік здольны запаўзці пад кару, у трэшчыны пабудоў, у глебу.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.