Вы тут

Алена Лапцева: «Стварыць правільнае ўяўленне аб патрэбах людзей»


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Алена Лапцева падчас работы ў Светлагорскай выбарчай акрузе № 46 выкарыстоўвае розныя формы ўзаемадзеяння як з органамі ўлады, так і з мясцовымі жыхарамі. Гэта і асабістыя прыёмы грамадзян, «гарачыя лініі», сустрэчы ў працоўных калектывах, удзел у мерапрыемствах Маладзёжнага Савета Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў, дыялогавых пляцоўках.


Працуе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі толькі першы тэрмін. Аднак якімі клопатамі жывуць жыхары райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, Алена Яўгенаўна ведае не па чутках. Яна 18 гадоў прапрацавала на пасадзе кіраўніка Светлагорскага філіяла Гомельскага аблспажыўтаварыства. У свой час Алена Лапцева чатыры разы абіралася дэпутатам Светлагорскага райсавета, адно скліканне — Гомельскага аблсавета дэпутатаў.

— Мая выбарчая акруга ахоплівае ўласна горад Светлагорск і чатыры сельсаветы — Саснаваборскі, Чыркавіцкі, Парыцкі і Краснаўскі, — адзначыла Алена Лапцева.

З пачатку дэпутацкага тэрміну Алена Яўгенаўна ўжо правяла восем асабістых прыёмаў і пяць «гарачых тэлефонных ліній». На сёння на асабістым кантролі парламентарыя застаюцца асобныя звароты грамадзян па пытаннях водазабеспячэння і якасці дарог.

У рамках работы ў акрузе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ўдзел у 6-й сесіі Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў.

— У час сесіі абмяркоўвалі ход рэалізацыі Дэкрэта № 18, які знаходзіцца на пастаянным кантролі ў дэпутатаў. Разглядаліся пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, узмацненне ролі сям’і і школы ў выхаваўчых працэсах, — звярнула ўвагу Алена Лапцева. — Скарыстаўшыся магчымасцю, на сесіі райсавета дэпутатаў асабіста падзякавала кіраўнікам раённых службаў энергетыкі, камунальнай гаспадаркі, сельгаспрадпрыемстваў за аператыўную і якасную работу па ліквідацыі наступстваў летняга ўрагану ў нашым раёне. Варта адзначыць і самае актыўнае садзейнічанне ў вырашэнні першачарговых задач у пацярпелых населеных пунктах кіраўніцтва Светлагорскага райвыканкама.

Падчас работы ў сваёй выбарчай акрузе Алена Лапцева заўсёды знаходзіць час для сустрэч з моладдзю. Парламентарый падзялілася ўражаннямі аб апошняй сустрэчы са старшакласнікамі Чыркавіцкай сярэдняй школы імя П. М. Стафаноўскага.

— Дзеці цікавіліся дзейнасцю беларускага парламента, работай Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве, у якую я ўваходжу. Распавяла аб рабоце міжпарламенцкіх груп і дзейнасці ў акрузе. Заўжды звяртаю ўвагу юнакоў і дзяўчат, што краіне патрэбны адукаваныя, гаспадарлівыя, дасведчаныя, беражлівыя людзі. Пераканана, што нашай моладзі варта цікавіцца, пераймаць жыццёвы вопыт землякоў, у якіх можна вучыцца быць карыснымі сваёй малой радзіме і краіне ў цэлым, — адзначыла Алена Лапцева.

Алена Яўгенаўна распавяла, што вучні профільных класаў аграрнай накіраванасці Чыркавіцкай сярэдняй школы імя П. М. Стафаноўскага папрасілі парламентарыя арганізаваць экскурсію на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Светлагорскага раёна. Мерапрыемства ўжо запланавалі падчас чарговага наведвання выбарчай акругі дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

На тэрыторыі Чыркавіцкага сельсавета Алена Лапцева таксама вывучыла пытанні, якія хвалююць мясцовых вяскоўцаў: добраўпарадкаванне населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета, развіццё інфраструктуры.

Алена Лапцева наведала пасёлак Сасновы Бор. Населены пункт таксама апынуўся ў зоне дзеяння ўрагану, але яго наступствы былі аператыўна ліквідаваны. Між тым сёння добраўпарадкаванне Сасновага Бору застаецца на кантролі парламентарыя.

— Пасёлку ў гэтым годзе спаўняецца 70 гадоў. Ён уключаны ў абласную праграму рэканструкцыі і перажывае сур’ёзнае абнаўленне. Праектам комплекснага добраўпарадкавання прадугледжаны работы па абнаўленні сацыяльна значных аб’ектаў: дзіцячага сада, школы, бальніцы. На кантролі і добраўпарадкаванне дарожнай сеткі населенага пункта, — зазначыла Алена Лапцева.

Па словах парламентарыя, мясцовыя жыхары ў тым ліку хочуць мець дачыненне да працэсу добраўпарадкавання свайго населенага пункта, унесці пасільны ўклад у агульную справу.

— Пераканалася, наколькі нашы людзі неабыякавыя. Яны спагадлівыя і дзейныя, гатовы, як сказаў Прэзідэнт падчас VІІ Усебеларускага народнага сходу, «не ламаючы» ўклад, не адмаўляючыся ад традыцый — эвалюцыйна, па-беларуску ўзважана, без рэзкіх рухаў, абапіраючыся на меркаванне большасці, вырашаць агульныя для многіх задачы, — звярнула ўвагу парламентарый. — Плённая праца ў акрузе дазваляе народнаму абранніку стварыць правільнае ўяўленне аб патрэбах людзей, ацаніць, як на месцах вырашаюцца праблемы, якія хвалююць насельніцтва, важныя пытанні жыццезабеспячэння і ў горадзе, і на вёсцы.

Наталля Капрыленка

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.