Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Падтрыманне міжнацыянальнага міру — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі


Мерапрыемства, якое прадэманстравала шырыню і гасціннасць беларускай душы, прайшло ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гэтая сустрэча патрэбна для таго, каб людзі з першых вуснаў пачулі пра беларускую нацыянальную і рэлігійную палітыку на бліжэйшы час, а можа, і назаўсёды. 


«Мне даводзіцца часта сустракацца з рознымі людзьмі. Але з савецкіх часоў я не прывык дзяліць іх па нацыянальнасцях. Для мяне ўсё роўна, дзе хто нарадзіўся. Я шаную ў людзях першым чынам прыстойнасць, дабрыню, працавітасць, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. — Ды і беларусы пазбаўлены пачуцця нацыянальнай перавагі, бо ведаюць не па чутках, што значыць змагацца за сваю культуру і веру». Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў нашым грамадстве няма размоў аб тытульнай нацыі, нам чужы досвед дзялення па нацыянальнай прыкмеце на грамадзян і неграмадзян, як у некаторых нашых суседзяў.

«Ідэяй народнага адзінства прасякнута ўся наша гісторыя. Тут спрадвеку знаходзілі прытулак людзі, якія ўцякалі ад рэлігійных войн, міжусобіц і ганенняў. А ў дні ліхалецця яны аб’ядноўваліся з мясцовым насельніцтвам, давалі адпор ворагу, перамагалі і разам будавалі сваё беларускае шчасце. Такі ключ да разумення шыфру жыцця на гэтай зямлі, нашай з вамі», — нагадаў Прэзідэнт. Таму, па яго словах, невыпадкова, што сустрэча праходзіць напярэдадні самага маладога, але вельмі знакавага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. «Падтрыманне міжнацыянальнага міру — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. І што там утойваць — мы гэтым ганарымся», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства тыя ж правы і свабоды, што і грамадзянам нашай краіны. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, а абраза нацыянальнай годнасці пераследуецца па законе. На беларускай зямлі ў міры і згодзе ў духу добрасуседства працуюць, ствараюць сем’і і гадуюць дзяцей прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў. «Тут усе яны становяцца нашымі і нават маімі, рускімі, украінцамі, палякамі. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы сталі нашымі, вы сталі беларусамі»

Прэзідэнт адзначыў, што больш за шэсцьсот гадоў таму да нас прыйшлі яўрэі. Ганімыя ў розных кутках свету, тут яны здабылі магчымасць свабодна і спакойна жыць. І аж да Вялікай Айчыннай вайны па колькасці саступалі толькі карэннаму насельніцтву. «Што казаць, беларуская зямля стала калыскай для трох прэзідэнтаў Дзяржавы Ізраіль. Залман Шазар, Хаім Вейцман, Шымон Перэс — памятаеце гэтыя прозвішчы», — зрабіў важны штрых беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што адначасова з яўрэямі на нашу зямлю прыйшлі татары: «Унікальны народ: адважны, справядлівы, ваяўнічы, да нас ён прыйшоў з мірвм — па запрашэнні мясцовых князёў, каб дапамагчы абараніць нашы землі. Перакаваўшы мячы на аралы, татары ўнеслі вялікі ўклад у развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. І сёння горад Іўе, адзін з цэнтраў іх кампактнага пражывання, па праве славіцца сваімі поспехамі ў эканамічнай і духоўнай сферах». Сёння ў Беларусі налічваецца больш за восем тысяч татар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паспяхова ўладкоўваюць тут жыццё прадстаўнікі азербайджанскага народа. Алімпійскімі і сусветнымі дасягненнямі нашу краіну праславілі Камандар Маджыдаў, Націк Багіраў і многія іншыя. Важнае месца, па яго словах, займае армянская дыяспара. «Дастаткова сказаць, што адным з першых кіраўнікоў БССР быў армянін Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян)», — заўважыў беларускі лідар. Азербайджанцаў у Беларусі жыве каля шасці тысяч, армян — больш за дзевяць тысяч. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што шматнацыянальны Дагестан у Беларусі прадстаўлены 17 нацыянальнасцямі. Ён звярнуў увагу, што мы далі магчымасць пачаць новае, мірнае жыццё грамадзянам Афганістана і Палестыны, дзе доўгія гады не спыняліся ўзброенае супрацьстаянне і кровапраліцце.

«Прыкладаў, калі людзі з усіх куткоў свету знаходзяць у Сінявокай сваю другую Радзіму, не пералічыць. Часам складваецца ўражанне, што народы, якія прыязджаюць да нас, пакідаюць узаемныя сваркі, папрокі і крыўды на прыгранічных пунктах, як гавораць у Беларусі, „ля парога хаты“. Як яшчэ растлумачыць, што тут знаходзяць агульную мову, жывуць у міры і згодзе арабы і яўрэі, азербайджанцы і армяне, грузіны і абхазцы? Растлумачыць я ведаю як. Таму што вы сталі нашымі, вы сталі беларусамі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы разам святкуем Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці. Захоўваем памяць аб прадстаўніках усіх нацыянальнасцей, якія дапамагалі нам вызваляць, а затым аднаўляць разбураныя фашыстамі гарады і вёскі. Гэта памяць ушанавана ў назвах праспектаў і вуліц населеных пунктаў, імёны герояў прысвоены паркам, скверам і ўстановам адукацыі нашай краіны».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што беларусы адкрыты для ўсіх, хто прыходзіць да нас з чыстымі намерамі, мірам. «Таму беларусам складана зразумець, што рухае еўрапейскімі элітамі ў іх імкненні адгарадзіцца і зноў выбудаваць жалезную заслону, у чым яны нас пастаянна папракалі ў савецкія часы, — заўважыў ён. — Разумеючы, што гэта шлях у нікуды, у адказ мы робім для кагосьці нечаканыя, але натуральныя і зразумелыя для нас крокі: мы наадварот, адкрываем граніцы і звяртаемся да народаў Еўропы напрамую. На шчасце, яны нас чуюць. І самае цікавае, што, прыязджаючы да нас, гэтыя людзі становяцца яшчэ большымі патрыётамі Беларусі, чым часам мы самі».

Дзякуй за патрыятызм!

«Дарагія сябры! У кожнага з вас свая гісторыя, свой лёс, у кагосьці, на жаль, свая бяда. Пройдзеныя вамі выпрабаванні, пераадоленыя цяжкасці, перамога над абставінамі выклікаюць глыбокае пачуццё павагі і шчырай сімпатыі. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяюся, на нашай зямлі вы і вашы сем’і здабылі мір і дабрабыт». Прэзідэнт пацікавіўся, як прадстаўнікам розных нацыянальнасцей жывецца ў Беларусі, якія ёсць нявырашаныя праблемы. 

«Вы ведаеце, што Беларусь, кажуць, маленькая, невялікая. Але паверце — тут месца шмат. Мы можам разам з вамі пракарміць яшчэ такую ж колькасць. У будучым будзем зацікаўленыя, каб вашы блізкія, знаймыя, родныя, па духу людзі прыязджалі да нас у Беларусь. Падкрэсліваю — вы нашы людзі. Што тычыцца мяне як Прэзідэнта (я гэтага не ўтойваю) ніколі не было выпадку, каб вы мяне недзе не падтрымалі ці кінулі ў адзіночку. Вы нават часам задаеце тон нашым беларусам. Вы для нас самая сапраўдная каштоўнасць. Такіх, як вы, мы заўсёды чакаем у Беларусі, гатовы садзейнічаць у вашым жыцці. Калі здарылася бяда, мы зробім усё, каб вы калі яе не забылі, то кожны ранак не прачыналіся з гэтай бядой. Дзякуй вам за той мір і спакой, які вы дорыце ў Беларусі. Дзякуй за той патрыятызм, які вы праяўляеце. Я абсалютна перакананы, што вы гэтаксама, як і карэнныя жыхары, шануеце і любіце гэту зямлю, вашу зямлю», — падсумаваў Прэзідэнт.

«Нашай віны ў абвастрэнні адносін з кіраўніцтам Арменіі абсалютна няма»

Аляксандр Лукашэнка часта паўтарае, што пры напружаных адносінах палітыкаў розных краін, адносіны паміж народамі застаюцца цёплымі і сардэчнымі. І гэтая сустрэча ў Палацы Незалежнасці таму пацверджанне. Старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага Савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Георгій Егіазаран расказаў, што ў Беларусі жыве 45 гадоў, з іх 43 адпрацаваў у сістэме грамадзянскай авіяцыі. «Магу па сабе меркаваць і казаць, што тут да нас людзей ставяцца не па нацыянальнай прыналежнасці, не па рэлігійных перакананнях, а па нашых дзелавых, прафесійных, і галоўнае чалавечых якасцях», — сказаў ён. Георгій Егіазаран узгадаў, што ў аперацыі «Баграціён» удзельнічаў І Прыбалтыйскі фронт, якім камандаваў армянін Іван Баграмян. Ён выступіў з прапановай адну з вуліц Мінска назваць у гонар маршала Савецкага Саюза, палкаводца Івана Баграмяна. «Нам трэба разгледзець гэта пытанне ў бліжэйшы час. Гэта вялікі чалавек для нас, беларусаў, — дакладна», — адказаў на гэта Прэзідэнт.

Таксама Георгій Егіазаран запрасіў беларускага лідара на юбілейны, 15-ы фестываль нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродна ў 2026 годзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паглыблены ў гісторыю правядзення гэтага фествалю. Па яго словах, удзельнікі свята на берагах Нёмана робяць Гродна сапраўдным сусветным горадам. І, як прызнаўся Прэзідэнт, ён даўно хацеў яго наведаць, але праз занятасць не мог. «Я падумаў, што мне трэба абавязкова пабываць на гэтым фестывалі. Вы дакладна адгадалі мае думкі», — сказаў ён.

Разам з абмеркаваннем планаў, без увагі не засталіся і сённяшнія пытанні. Адно з вострых пытанняў — адносіны Беларусі і Арменіі. З беларускага боку ўсё празрыста і зразумела — наша краіна заўсёды выступала ў падтрымку не толькі развіцця непасрэдна беларуска-армянскіх адносін, але і за ўрэгуляванне канфлікту ў каўказскім рэгіёне паміж Арменіяй і Азербайджанам. Аб гэтым неаднаразова на шматлікіх пляцоўках казаў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час кіраўніцтва Арменіі на фоне ў тым ліку ўнутрыпалітычных падзей дапусціла шэраг неадназначных і контрпрадуктыўных выказванняў у адрас не толькі беларускага боку, але і зрабіла крокі ў бок згортвання супрацоўніцтва ў інтэграцыйных фарматах. Напрыклад, армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што больш не прыедзе ў Мінск, а таксама не дазволіць гэтага рабіць іншым афіцыйным прадстаўнікам сваёй краіны. Але адносіны паміж армянскім і беларускім народамі застаюцца па-ранейшымі цёплымі і сардэчнымі. Георгій Егіазарн, які таксама з’яўляецца старшынёй грамадскага аб’яднання «Мінскае гарадское армянскае культурна-асветніцкае таварыства «Аястан», у гэтым перакананы. Ужо пасля сустрэчы з Прэзідэнтам ён расказаў журналістам, што незадаволены дзеяннямі армянскіх палітыкаў у дачыненні да Беларусі: «Я разумею: можна павярнуцца да Захаду, Еўрасаюза (гэта пра Арменію), але псаваць адносіны са сваімі сябрамі таксама нельга. Беларусь і Расія — не чужыя краіны. І палітыкі павінны знайсці агульную мову. Мы ж паміж людзьмі заўсёды знойдзем». Гаворачы аб абстаноўцы ўнутры Арменіі, Георгій Егіазаран адзначыў, што не ўсе людзі паддаюцца агітацыі аб тым, што ў Еўрапейскім саюзе Арменію чакае светлая будучыня і будзе свяціць яркае сонца. «Я лічу, што сонца няхай свеціць, але выключаць святло ў іншым месцы таксама нельга. Навошта псаваць адносіны з сябрамі? Я думаю, усё ж трэба аднаўляць сяброўскія адносіны, усё, што ў нас было і ёсць. Маё асабістае меркаванне — Арменіі было спакайней, калі побач былі пастаянныя сябры Беларусь і Расія і іншыя краіны.

На тое, было б нядрэнна, калі б у Беларусі і Арменіі (пры ўсіх недахопах і нюансах) будаваліся добрыя адносіны, звяртаў увагу і Прэзідэнт. Па яго словах, віны беларусаў у цяперашнім абвастрэнні адносін з армянамі абсалютна няма. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсім, хто сочыць за палітыкай, зразумела, чаму цяпершняе армянскае кіраўніцтва праводзіла і праводзіць такую палітыку. Прэзідэнт нагадаў, што ў Арменіі вырашылі правесці рэферэндум па ўступленні ў Еўрапейскі саюз. Ён расказаў, што папярэджваў Нікола Пашыняна аб тым, што рабіць гэтага не трэба. «Але вы ведаеце, з якімі ідэямі ён прыйшоў да ўлады. І першыя наскокі былі на Беларусь. Зразумела, што цэліцца ён у нас, а спрабаваў трапіць у Расію. Мы з Пуціным гэта цудоўна бачылі і разумелі. Я Пуціну аб гэтым казаў, і ён мне казаў, што нам не трэба абвастраць адносіны, каб армянскі народ не падумаў, што мы супраць армян. Як бачыце, мы ніяк не рэагавалі. Але сёння ўжо зразумела: еўрапейцы, перш, чым ён туды ўступіць, ад кіраўніцтва Арменіі і ад яго патрабуюць нешта зрабіць. За еўрапейцамі стаяць амерыканцы. Без Амерыкі сёння нічога не робіцца там, на Захадзе. Таму ўзялі ў абарот Арменію», — расказаў Прэзідэнт. Ён параіў зазірнуць у нядаўняе мінулае — менавіта па такім сцэнарыі ўсё развівалася ва Украіне. 

«Мы ўсяляк імкнуліся дапамагаць армянам, мы супрацоўнічалі як з самымі блізкімі людзьмі. І тое, што здарылася ў Карабаху, гэта віна толькі кіраўніцтва Арменіі. Толькі. Я іх папярэджваў асабіста, калі ўсе кіраўнікі дзяржаў ці маўчалі ці былі супраць, аддай ім (Азербайджану) гэтыя тэрыторыі. — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — На гэтых тэрыторыях нават птушкі не садзіліся і не ляталі, то бок там нікога не было, людзі не жылі. У такой спрыяльнай атмасферы прыроднай, урадлівая зямля — людзі не жылі. Больш за мільён бежанцаў, я іх бачыў у Азербайджане». Беларускі лідар падкрэсліў, што неаднаразова заклікаў мірна вырашыць гэтае пытанне. Але армянскае кіраўніцтва прызнавала, што гэта не іх землі, і пры гэтым іх не аддавала. «Даваяваліся? І чаго крыўдзіцца на нас, на Расію? Ты ж сам Карабах прызнаваў, што гэта тэрыторыя Азербайджана», — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, па яго словах, кіраўніцтва Азербайджана зацікаўлена ў тым, каб на гэтых землях людзі жылі мірна. 

«А тут бах — заява Пашыняна, што „мы згодныя на тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджана і Карабах — гэта ваш“. На каго крыўдзіцца? Хто цябе за язык цягнуў? Ну я кажу, падобна на нашага „сябра“ на поўдні. Ты ж будзь вытрыманым чалавекам, ты кіруеш старажытнай цывілізацыяй, старажытнай краінай. Але вось, бачыце, захацелася на Захад, у ЕС», — расказаў Прэзідэнт.

 

«Мы не супраць супрацоўніцтва з Захадам, з амерыканцамі, але ж вы бачыце іх палітыку. Заўтра новае кіраўніцтва прыйдзе ў Амерыцы да ўлады, нават старое новае (Камала Харыс і гэтак далей). Вы паглядзіце, зусім іншая будзе палітыка. У іх звычка такая. „А вы хто? Мы вас не ведаем“. „Як не ведаеце, вы ж з намі сябравалі, зброю пастаўлялі“. „Не, ну гэта былі не мы“. Вось іхняя палітыка», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар расказаў, што неаднаразова казаў пра гэта кіраўніцтву Арменіі і як дасведчаны палітык папярэджваў, што заходнім партнёрам верыць не варта. Па яго словах, нават наладжваючы новыя сувязі, не трэба губляць старыя, трывалыя і надзейныя: «Ну вось у вас у руках сініца, ну не ганяйцеся пакуль за жураўлём. Няхай гэтая сініца ў вас будзе ў руках, не губляйце гэтае сяброўства, гэта братэрства. Гэта адзіны рынак у эканоміцы, гэта ўзаемная дапамога. Не губляйце гэта. Бо вы гэта страціўшы, можаце там не набыць нічога». Па словах Прэзідэнта, усе краіны занятыя сваімі справамі, а некаторыя і ўвогуле хочуць вырашыць свае пытанні за кошт іншых.

«Я не апраўдваюся перад вамі. Я хачу, каб вы разумелі, што нашай віны ў абвастрэнні адносін з кіраўніцтам Арменіі абсалютна няма. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Армяне вельмі разумныя людзі. Яны не пацерпяць ненармальнай палітыкі, якая не адпавядае менталітэту армянскага народа. У бліжэйшы час яны разбяруцца, дзе іх шчасце». Прэзідэнт запэўніў, што палітычныя складанасці ніяк не паўплываюць на стаўленне беларусаў да армян, якія жывуць у Беларусі. «Вы для мяне ўжо не армяне, вы для мяне беларусы. Вы нашы людзі, вы нашы грамадзяне, — сказаў ён. — Многія ж не ад шчасця прыехалі. Мы павінны прыняць вас і абагрэць і зрабіць усё для таго, каб вы маглі працаваць і зарабляць, карміць сваю сям’ю». Беларускі лідар запэўніў, што для граматных людзей, якія ўмеюць шанаваць свае сем’і, працы і зямлі ў Беларусі заўсёды хопіць.

Наша палітыка не агрэсіўная ў адносінах да Польшчы 

Ад імя палякаў выступіў Аляксандр Сонгін, старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Па яго словах, такі няпросты час, у які мы жывём, выразна відаць, хто якім паветрам дыхае. «Я, канешне, не магу гаварыць за ўсіх, але пераважная большасць беларускіх палякаў дыхае паветрам роднай Беларусі. Мы беларускія палякі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, жывём, працуем па законах нашай краіны. Дзяржава вельмі шмат робіць для таго, каб людзі розных нацыянальнасцей жылі тут спакойна і камфортна. І вы не раз гэта падкрэсліваеце. І мы на шматлікіх прыкладах гэта бачым. Камунікуючы з жыхарамі па абодва бакі мяжы, вельмі дакладна разумею, што простыя людзі чакаюць найхутчэйшай нармалізацыі адносін паміж краінамі», — сказаў Аляксандр Сонгін. Ён пацікавіўся ў Прэзідэнта, ці ідуць на кантакт польскія ўлады па прапановах беларускага боку ў частцы ўрэгулявання існуючых адносін.

«Не буду гаварыць пра нашы адносіны з кіраўніцтвам Польшчы. Я не хачу сказаць, што з усімі палякамі ў Польшчы ў нас бліскучыя адносіны, але 99% палякаў разумеюць нашу палітыку і, упэўнены, падтрымліваюць яе. Наша палітыка не агрэсіўная ў адносінах да Польшчы. Мы не стараемся навязаць сваю палітыку, не стараемся ваяваць з Польшчай. Мы выдатна разумеем, што ў гэтай вайне загінуць мільёны, і ніхто не выйграе. І яна нам не патрэбная. Нам патрэбныя мір і спакой. Беларусам больш нічога не трэба», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Але, па яго словах, праблема ў тым, што Польшчу спрабуюць зрабіць марыянеткай ЗША. Не проста так польскія ўлады трацяць пяць працэнтаў валавога ўнутранага прадукту, мільярды долараў, на закупку зброі. «Хто збіраецца нападаць на Польшчу? — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. — Ну, а нам, што нам ад палякаў трэба? Нам нічога не патрэбна. Што патрэбна палякам ад нас? Ну, зразумела. Трэба зноў Заходняя Беларусь, Заходняя Украіна. Хтосьці яшчэ гэтымі амбіцыямі пакутуе. Паслухайце, гэта абсалютна немагчыма».

«Скарыць Беларусь нікому не ўдасца. У нас дастаткова сяброў, ды і мы ні лыкам шытыя», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён прывёў яшчэ адзін важкі аргумент — ваяваць на лясіста-балоцістай беларускай мясцовасці немагчыма, гэта можа прывесці да шматлікіх ахвяр. 

Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, на якія пытанні палякі зараз звяртаюць найбольшую ўвагу, і растлумачыў, чаму гэта бессэнсоўна. Першае пытанне — міграцыйны крызіс. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь плённа супрацоўнічала з еўрпейскімі краінамі па гэтым пытанні. Заходнія краіны выдаткоўвалі сродкі на будаўніцтва на Беларусі цэнтраў для мігрантаў, дзе іх прымалі беларусы. Усіх задавальняла такое супрацоўніцтва. Роўна да таго моманту, калі Еўрапейскі саюз увёў санкцыі супраць Беларусі. «Я адкрыта сказаў: „Усё, ніякага супрацоўніцтва. Мы вас абараняць не будзем“. Мы іх баранілі ад гэтага наплыву. Чаму мы павінны абараняць іх з пятлёй на шыі? Вы чулі гэтыя мае выказванні. У чым я не мае рацыю? Цяпер яны нам прад’яўляюць нейкія неабгрунтаваныя прэтэнзіі, я на іх нават увагі не звяртаю», — абурыўся беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў размовы кшталту: «вось кітайцы прымусілі Лукашэнку, каб ён змякчыў міграцыйную палітыку ў дачыненні да Польшчы». «З кітайцамі мы не абмяркоўвалі нават гэтыя тэмы. Ніколі Сі Цзіньпін, ведаючы мяне, не скажа, „ты там у адносінах Польшчы нешта зрабі“.... Мы ніколі гэтую тэму з Кітаем не абмяркоўвалі», — сказаў ён. 

Змяншэнне патоку бежанцаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз беларускую граніцу, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў дзеяннямі самога беларускага боку. Прэзідэнт расказаў, што даў даручэнне папярэджваць бежанцаў, каб яны не ехалі сюды ў спробах патрапіць у Еўрасаюз, паколькі гэта можа быць небяспечна. Пабудаваную агароджу на беларуска-польскай мяжы Прэзідэнт у чарговы раз назваў глупствам, асабліва ў сучасным свеце: «Каб пераадолець агароджу, мы інфармацыю гэтую маем, мігранту трэба 4 хвіліны. Навошта пабудавалі? Мільёны долараў уклалі, раскралі палову. Вось трэба што палякам давесці».

Другое пытанне, якое па словах Аляксандра Лукашэнкі, не справа польскіх уладаў як мінімум, — вызваленне палітзняволеных. «Якіх палітзняволеных? Вы ж бачылі, што рабілася ў спакойнай ціхай Беларусі ў 2020 годзе. Мы каму нешта дрэннае зрабілі? Але мы справіліся. І мы пасля гэтага пачалі з вамі, з беларусамі больш актыўна працаваць, каб гэтага больш не дапусціць, каб тут быў мір і спакой. Толькі гэта больш нічога нас не цікавіць. Якія палітзняволеныя? У нас такіх артыкулаў няма. І потым, ваша якая справа? Там у Польшчы разбярыцеся, у вас там божа мой колькі праблем», — заўважыў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ад суседзяў часта чуваць папрокі ў парушэнні правоў чалавека. Але ён заўважыў, што менавіта польскі бок забівае мігрантаў на мяжы і перакідвае іх на беларускі бок. «Якія правы чалавека, якія прэтэнзіі вы нам прад’яўляеце, калі вы пазбаўляеце людзей галоўнага права — жыць?», — сказаў ён. Пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка і сітуацыю вакол асуджанага ў Беларусі Андрэя Пачобута: «Добра, забірайце. А ён гаворыць: „Я туды не паеду, мне не трэба“. А яны і не хочуць яго забіраць. Проста гэта стала палітычнай разменнай манетай».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Польшча выкарыстоўвае любую нагоду, каб абвастрыць адносіны з Беларуссю. «І палякам гэта не трэба, і кіраўніцтву цяперашняму Польшчы гэта не трэба (яны гэта разумеюць), але „дзядзька Сэм“ прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут у Еўропе была вайна, тады яны будуць у фаворы», — заўважыў ён. Беларускі лідар растлумачыў, што для ЗША высокатэхналагічная Еўропа — канкурэнт. Таму яны штурхаюць яе да вайны, а Польшча стала ў гэтым марыянеткай. 

«У нас нармальныя адносіны, нармальная палітыка. Мы ім прапануем нармальнае жыццё, давайце супрацоўнічаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў у прыклад польскіх бізнесменаў, якія спакойна зараблялі грошы ў Беларусі ці Расіі, прывозілі іх у сваю краіну, а сёння «прыйшлі ў шаленства» ад таго, што ім гэта забаранілі польскія ўлады. «Яны сабе ўжо не толькі ў нагу стрэлілі, нават у галаву. Вось іхняя палітыка», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаў, што не можа такога быць: адзін бок вінаваты, а другі — не. Таму па словах кіраўніка дзяржавы, беларускі бок гатовы зрабіць крок насустрач. «Час нас рассудзіць. Мне перад нашымі палякамі, перад вамі абсалютна не сорамна. Мы гатовы хоць заўтра нармалізаваць з імі адносіны», — сказаў беларускі лідар. Аднак пакуль такіх настрояў не назіраецца з польскага боку. Беларускі ж бок выступае за мір і спакой, як у Беларусі, так і Польшчы: «Калі крый божа, нешта здарыцца ў Польшчы, як ва Украіне, нам лёгка не будзе. Але яны павінны разумець, што нас на калені паставіць немагчыма. Гэта пустая справа, гэта патрацяць грошы, а не дай бог загубяць людзей». Прэзідэнт прызнаўся, што сёння ў Беларусі больш увагі звяртаюць на граніцу з Польшчай, чым з Украінай. Хаця там ідзе вайна, а ў Польшчы быццам бы не. «Мы вымушаны бараніцца. Тым больш у нас ёсць усё, каб абараняць сваю краіну. І вагацца для абароны сваёй Беларусі, вы мяне ведаеце, характар мой.. Ліній ніякіх маляваць не будзем. Не дай бог толькі ступяць на гэтую зямлю. Паважаюць толькі моцных. Таму слабасці не павінна быць», — папярэдзіў ён. Разам з тым, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларусы і палякі заўсёды знаходзілі агульную мову і жылі ў міры. «Час, патрэбны. Час і цярпенне. ні ў якім разе нельга наступаць і размахваць зброяй. Ні ў якім разе,— сказаў ён. — Мы праводзім разумную, стрыманую палітыку. Мяч на іх баку. Мы гатовы настолькі глыбока з імі супрацоўнічаць, наколькі яны да гэтага гатовы».

«За кошт Украіны і Беларусі ЗША хочуць вырашаць праблемы з Расіяй і Кітаем»

«Вялікі гістарычны шлях звязвае беларусаў і ўкраінцаў, пройдзены беларусамі і ўкраінцамі. І гэта дае ўсе падставы сцвярджаць, што гэта адзінства не можа быць разбурана. Як жа можна апраўдаць падступныя намеры нацягнуць калючы дрот паміж сэрцамі беларусаў і ўкраінцаў, якіх звязвае шматвяковая гісторыя, моўная роднасць, штодзённая жыццёвая практыка і асабліва памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Мы сёння заклікаем усе сусветныя ўрады спыніць канфлікт, не дапусціць вырошчвання ідэй чалавеканенавісніцтва, спыніць ганенні на людзей па моўнай прыкмеце, па расавай прыналежнасці, па нацыянальнай прыкмеце», — з такімі словамі выступіў старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» Уладзіслаў Кадзіра. Ён падкрэсліў, што ўсе, хто сабраўся ў гэтай зале, усе, хто прадстаўляе шматаблічную Беларусь, павінны стаць прыкладам для іншых дзяржаў. «Мы разам плячо да пляча працуем, ствараем. Мы розныя, але мы адзіныя. Мы адзіная сям’я нашай Беларусі», — заключыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён ніколі не хаваў, што яго карані, яго прадзед з украінскага Чарнігава. Ён нагадаў, што беларускі бок заўжды імкнуўся выбудоўваць добрыя адносіны з паўднёвымі суседзямі. «Тое, што адбываецца ва Украіне — сумна. Прычыну вы ведаеце. Трэба было паспрабаваць вырашыць гэта пытанне спакойна», — сказаў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адным з ініцыятараў распаду СССР быў прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі пачаліся працэсы, якія прывялі да развалу СССР, і Беларусь, і Украіна паціралі рукі, чакаючы незалежнасці. Пры гэтым, Расія ўзяла на сябе адказнасць і дапамагала краінам, якія атрымалі гэту незалежнасць, устаць на ногі і ўмацавацца. Аднак у 2010-х гадах, калі ва Украіне пачалі прыгнятаць рускіх, Расійская Федэрацыя не змагла застацца ў баку і вырашыла заступіцца за іх. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пытаўся ў прадстаўнікоў Злучаных Штатаў, як бы зрабілі яны на месцы Расіі, калі б іх грамадзян пачалі прыцясняць у суседняй Мексіцы. Адказ, паводле яго слоў, быў адназначным: ЗША сцерлі б суседа з твару Зямлі. «Дык а чаго вы Расію асуджаеце?» — спытаў Прэзідэнт.

«У Мінску сабраліся, вось за гэтым сталом. Аказваецца, сабраліся, каб падмануць Расію. Ну, яны зараз так гавораць на захадзе», — беларускі лідар узгадаў і перагаворы нармадскай чацвёркі ў Мінску 2015 года. Але, паводле яго слоў, насамрэч, ніхто тады не збіраўся нікога падманваць. Усе разлічвалі, што пытанне будзе вырашана. А размовы аб падмане — даніна модзе і часу. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што тады бакі спакойна аб усім дамовіліся, але ўкраінцы не сталі вырашаць пытанні па дамоўленасцях і гэтым ганарыліся. "Зяленскаму дасталася гэтая ўлада з вялізнымі праблемамі. Дык ты іх вырашай, ты ж абяцаў іх вырашаць. А ён да вайны давёў«,- сказаў беларускі лідар. Ён расказаў, як у першыя дні сутыкнення раіў Уладзіміру Зяленскаму супакоіцца. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларускі бок ініцыяваў мірныя перагаворы. Першая сустрэча прайшла ў Гомелі, потым у Белавежскай пушчы. Беларускі лідар нагадаў, што на перагаворах у Стамбуле бакі ўжо выйшлі на пытанні, якія трэба вырашаць дзвюм краінам. «Адзін аднаго былі гатовыя страляць у Гомелі. А да чацвёртай сустрэчы ўжо выйшлі на тое, на што Пуцін спасылаецца. Гэта яшчэ не дамова, але ўжо вылучылі пытанні, якія трэба вырашаць. Пуцін зараз кажа: „Ну, мы ж у Стамбуле дамовіліся, калі весці далей перамовы, то давайце возьмем гэты дакумент“. Гэта правільна. Не падпішам, а адсюль пачнем, з улікам рэалій змянілася ж шмат», — аднавіў падзеі Аляксандр Лукашэнка. Ён адказаў на папрокі ў тым, што Беларусь дапамагае Расіі: «Ды дапамагаем, гэта наш саюзнік. Украіне дапамагаюць 50 дзяржаў свету, Расіі дапамагае адна Беларусь, таму што мы юрыдычна і фактычна павінны гэта рабіць». Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Украіна ранней, чым Захад, ўвяла санкцыі супраць Беларусі, па надуманых прычынах закрыла неба для беларускай грамадзянскай авіяцыі, арыштавала некалькі тысяч беларускіх вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі і да гэтага часу не вярнула, арыштавала 75 беларускіх фур, трох чалавек забілі. «Вы навошта гэта робіце, мы ж вам не чужыя людзі? Чаму? Трэба было па камандзе амерыканцаў распаліць буйны пажар. У 2020 годзе яны нас не нахілілі, НАТА войскі сюды не ўвялі. А як далей? Яны бачаць, што мы не саступім. Калі каляровая рэвалюцыя ці што, мы абаронім краіну. А трэба падысці пад Смаленск. Усё ж супраць Расіі было нацэлена. Мы гэта разумелі. Таму мы паводзілі сябе акуратна, асцярожна. Але ўкраінцы пабеглі наперадзе паравоза па камандзе амерыканцаў, яны пачалі абвастраць з намі адносіны, яны разлічвалі, што я таксама пачну ўцягвацца ў вайну. Ім шчасце было б зараз, калі б Беларусь уступіла ў гэтую вайну. Але на сёння, наколькі гэта магчыма, я раблю ўсё, каб завяршыць гэта», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што папярэджваў Уладзіміра Зяленскага аб тым, што новая ўлада ў ЗША або ў Еўрапейскім саюзе вельмі хутка забудзе аб украінскіх пытаннях. Таксама, па словах беларускага лідара, кіраўніцтва Расіі першапачаткова было настроена на мірнае вырашэнне канфлікту і нават абяцала дапамогу. «Не. Амерыканцы штурхалі, штурхалі. Ім трэба за наш кошт вырашыць праблему з Расіяй, а потым з Кітаем разабрацца. Яны за кошт гэтага жывуць. Калі яны не вырашаць пытанні з намі, Расіяй, Кітаем, Іранам зараз, яны багатымі не будуць, яны ўжо друкаваць сваю валюту так не змогуць», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свет зараз вельмі нестабільны і ніхто не можа сказаць, што будзе заўтра. «Трэба супакоіцца. Нашымі рукамі нас будуць забіваць, яны гэта і робяць. Таму трэба спыніцца. Нам уцягвацца ў гэтую бойню не трэба, бо будзе нялёгка, хаця камусьці гэта вельмі-вельмі трэба. Трэба вытрымаць, трэба цярпець», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

У Беларусі праца знойдзецца ўсім

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што армяне, азербайджанцы, дагестанцы, украінцы ў Беларусі жывуць у адным доме. «Сярод вас і дактары, і настаўнікі. І самае галоўнае — патрыёты. Я сваім беларусам часта прыводжу вас у прыклад: «Вось глядзіце, людзі прыехалі, а больш патрыятычныя чым некторыя», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што быў рады гэтай сустрэчы і заклікаў запрашаць у Беларусь родных і знаёмых. Асабліва тых, хто хоча працаваць, паводле яго слоў, у Беларусі работа знойдзецца ўсім. «Нам патрэбны гэтыя людзі, мы гатовы іх прыняць», — падкрэсліў ён. Таксама Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь заўсёды гатова працягнуць руку дапамогі тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю і вымушаны пакінуць родную краіну. Такая практыка ўжо адпрацавана і нязменная. «Ёсць што паесці, дзе працаваць і зарабіць. Чалавек, які хоча зарабіць у Беларусі, — гэта добра. — падкрэсліў Прэзідэнт. — Тут шмат месцаў, дзе можна зарабіць, але трэба варушыцца. Але я ведаю, што ў адрозненне ад многіх нашых беларусаў, вы людзі варушкія і вы сабе на хлеб зарабляеце».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.