Вы тут

Юлія Савановіч: Галоўнае — звяртаць увагу на асобу вучня


Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Юлія Савановіч стараецца прывіць дзецям любоў да слова і чытання, прычым робіць гэта творча. На яе ўроках вучні малююць, здымаюць відэа, робяць плакаты і ставяць невялічкія сцэнкі ў класе. Шукаюць зніклую брошку з твора Чэхава «Переполох» і судзяць Чычыкава. 

А яшчэ Юлія Анатольеўна да кожнага знаходзіць індывідуальны падыход: заўважае новую прычоску і ведае, у якой пазіцыі гуляеш у футбольнай камандзе.


«Мара — школьны тэатр»

— Ідэя рабіць інсцэніроўкі ў класе з’явілася, напэўна, з-за маёй любові да тэатра, — расказвае настаўніца. — У нашым рэпертуары «Ночь перед Рождеством» (сустрэча Вакулы і Аксаны), «Хамелеон», «Мертвые души» і іншыя творы са школьнай праграмы. Вельмі падабаецца, як дзеці раскрываюцца ў такіх сцэнках. З дома яны прыносяць рэквізіт, падбіраюць вобразы. 

Пакуль што інсцэніроўкі праходзяць у рамках урока. Аднак у настаўніцы ёсць мара — школьны тэатр. Юлія Савановіч лічыць, што вельмі важна развіваць творчы патэнцыял і здольнасці дзяцей, вучыць упэўненасці ў сабе. Сцэна дае для гэтага ўсе магчымасці.

— Мы з класам часта ездзім у тэатры, гэта заўсёды выклікае захапленне. Абажаем КВЗ, шмат хто іграе ў школьным. Потым так прыемна бачыць, як мае вучні ўжо ва ўніверсітэце актыўна ўдзельнічаюць у творчым жыцці, не саромеюцца выступаць на сцэне, прадстаўляць свае ідэі, ажыццяўляць мары.

На ўроках Юліі Анатольеўны дзеці раскрываюць свае таленты, выконваючы розныя цікавыя заданні: здымаюць трэйлеры да прачытаных твораў, робяць кароткія відэа, інфаграфіку, працуюць з візуалізацыямі.

— Так яны вывучаюць яшчэ і спалучэнне колераў, развіваюць у сабе любоў да прыгожага. Напрыклад, калі вывучаем рамантызм, замалёўваем рамантычнага героя. Хтосьці прадстаўляе яго з разбітым сэрцам, хтосьці адзінокім на вяршыні гары. На маю думку, гэта адзін са спосабаў, каб дзеці лепш запаміналі матэрыял у эпоху кароткіх відэа ў Тык-Току. 

Настаўніца і сама шмат чаго робіць у сучасных дадатках на тэлефоне: напрыклад, склала і аформіла для вучняў чэк-ліст на лета. У ім заданні, якія трэба паспець зрабіць падчас канікул: прачытаць кнігі, а яшчэ — прыгатаваць торт, сустрэць світанак і іншае. На першай класнай гадзіне яна абмяркуе з вучнямі іх летнія прыгоды, паглядзіць фотаздымкі. 

— Мне самой прыемна і радасна, калі я раблю штосьці цікавае да ўрока, прыдумляю свой, унікальны падыход. Гэтыя ўражанні кампенсуюць усе затраты на падрыхтоўку такога матэрыялу, — прызнаецца мая гераіня. 

«Кожны год — як першы» 

Юлія Анатольеўна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У час вучобы ёй вельмі падабалася атмасфера любові да літаратуры. Яна настолькі хацела працаваць настаўнікам, дзяліцца сваімі ведамі, што першы раз выйшла на працу ў маі пад канец вучэбнага года.

— Знайшла месца ў вясковай школе і ганарылася, што нарэшце буду працаваць. У першы дзень вельмі хвалявалася: вучні глядзяць на цябе ва ўсе вочы, паўтараюць за табой напісанне літар... якая адказнасць! 

У гімназіі № 1 горада Слуцка Юлія Савановіч працуе ўжо больш за 10 гадоў. Прызнаецца, што кожны новы навучальны год для яе як першы. «Добры дзень, сядайце. Як прайшло лета?» — гэтыя словы перад кожным новым класам яна вымаўляе з хваляваннем, стараючыся ўкласці ў іх як мага болей добразычлівасці і адкрытасці.

— Мая любоў да прафесіі нарадзілася з любові да літаратуры. Я шмат чытаю, аналізую прачытанае і магу давесці гэта да вучняў. Трэба імкнуцца рабіць тое, што ў цябе атрымліваецца. 

Любоў да прыгожага пісьменства, да слова з’явілася ў Юліі Анатольеўны ў падлеткавым узросце. І прывілі яе менавіта настаўніцы беларускай і рускай мовы і літаратуры. Іх урокі Юлію захаплялі. 

— На маю думку, я змагла, як і мае настаўнікі, зацікавіць вучняў. Хоць метады і мяняюцца. Зараз ужо мала хто падкрэслівае алоўкам цытаты ў кнізе, а потым да іх вяртаецца. Я раю сваім вучням тыя метады, якімі карыстаюся сама. У мяне ёсць чытацкі дзённік, куды запісваю дату прачытання кнігі і адну-дзве самыя яскравыя цытаты. Праз паўгода-год вяртаюся да гэтага запісу і адзначаю, ці запомнілася кніга.

«Не ціснуць на вучняў, а разумець»

Нават бацькі вучняў чытаюць кнігі, якія Юлія Анатольеўна параіла ў спісе літаратуры. Яе гэта радуе, бо дзеці бяруць прыклад з бацькоў. Да складання спіса яна падыходзіць адказна, раздзяляе кнігі па тэмах. Здараецца, дзеці самі цікавяцца кнігамі, якія ляжаць на падаконні ў настаўніцы. 

— Я бы не стала сцвярджаць, што дзеці зараз не чытаюць. Бачу, што на маіх уроках ім цікава. Магу індывідуальна параіць вучню якую-небудзь кнігу, ведаючы, што яна яму спадабаецца. Такі падыход натхняе дзяцей. Урокі літаратуры — гэта школа жыцця, а творы вялікіх пісьменнікаў — пазнанне свету праз вопыт іншых. 

Юлія Анатольеўна часта прыходзіць у клас загадзя, на перапынку, каб удзяліць увагу вучням у нефармальнай абстаноўцы. 

— Настаўніку трэба быць крыху дзіцем, — лічыць яна. — Аўтарытэт пры гэтым не губляецца, наадварот, у вучняў з’яўляецца давер да цябе як да дарослага. У мяне ёсць у класе футбаліст, і я ведаю, у якой пазіцыі ён гуляе. Для мяне самой гэта важна і цікава. Да сарамлівых вучняў стараюся знаходзіць падыход праз пісьмовыя працы, малюнкі, візуалізацыі літаратурных твораў. Бывае, дзеці ўражваюць сваімі здольнасцямі. Стараюся не ціснуць на вучняў, а разумець іх, — дзеліцца сакрэтамі выхавання настаўніца. 

«Быць уважлівай да кожнага»

На сваіх уроках Юлія Савановіч стараецца не толькі прывіць любоў да чытання і слова, але растлумачыць нормы маралі, стварыць атмасферу сяброўства. Многае са школьнай праграмы пасля забываецца, але застанецца агульнае ўражанне: «Мне было камфортна і цікава ў класе». 

— Хочацца ўзбагаціць дзяцей, падзяліцца з імі лепшым, што маеш, — кажа мая гераіня. — Калі выпускаем класы, разумеем, ці атрымалася выканаць гэту агульную настаўніцкую місію. Сумна, канечне, выпускаць свой клас: да ўсіх прывыкла, палюбіла. Кожнаму свайму вучню я пішу ліст на памяць з добрымі словамі, бо ведаю: гэта прыемна і важна для яго. 

Юлія Савановіч перачытвае «Войну и мир» кожны раз нанова, каб прыйсці на ўрок са свежымі думкамі, ідэямі, уражаннямі. Для новага класа трэба быць цікавай — гэта адказнасць настаўніка. І не важна, што тлумачыш матэрыял ужо ў тысячны раз. 

— Галоўнае — быць уважлівай да кожнага, звяртаць увагу на асобу, творчыя здольнасці вучня, не быць абыякавым. На самастойных працах, якія здаюцца на асобных аркушах, я магу напісаць некалькі прыемных слоў і нават паставіць сэрцайка на палях. Бацькі вельмі ўдзячныя за такі падыход да іх дзяцей.

«Конкурс — выклік і праверка сіл» 

Юлія Анатольеўна стала пераможцам конкурсу «Настаўнік года Мінскай вобласці-2023» у намінацыі «Руская мова і літаратура, Беларуская мова і літаратура». Для яе конкурс стаў выклікам і праверкай сіл. За ўдзелам настаўніцы ў конкурсным спаборніцтве сачылі дзеці, родныя і знаёмыя. Прызнаецца, што было няпроста. 

— Настаўнікі не прывыклі сапернічаць адзін з адным. Дзеці без мяне сумавалі, калі часам прыходзілася прапускаць урок. Ды і мне больш па душы менавіта выкладаць. Умясціць у табліцу свае дасягненні немагчыма, — кажа мая гераіня.

Пазбавіцца ад стэрэатыпаў

Галоўны адпачынак настаўніцы рускай мовы і літаратуры — чытанне. Юлія Анатольеўна вельмі любіць творчасць Льва Талстога. З беларускай літаратуры натхняецца раманамі «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. З сучаснай прозы падабаецца «Щегол». Таксама Юлія добра шые, летам ездзіць на дачу, дзе вырошчвае дэкаратыўныя кавуны. Любіць экстрэмальны адпачынак: у палатках, сплаў на байдарках. 

— Вельмі хочацца, каб людзі лепей разумелі нас, настаўнікаў, мы людзі і таксама маем свае хобі. Вось мы праходзім з дзецьмі «Человек в футляре», дзе настаўнік ехаў на веласіпедзе і да яго паставіліся за гэта з асуджэннем. Задумалася пра гэта, калі ехала па Слуцку на веласіпедзе. Настаўнікі ў многіх рэчах самі сябе абмяжоўваць, як той Белікаў. Стараюся пазбавіцца ад стэрэатыпаў: так, я настаўнік і ў мяне ёсць свае хобі. Гэта ніяк не перашкаджае працы, наадварот, паказвае, што я разнастайны і цікавы чалавек. 

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.