Намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Лю Сулін лічыць важным развіваць міжлітаратурныя сувязі Беларусі і Кітая. Яна любіць бываць у Белавежскай пушчы, а калі знаходзіцца ў Кітаі, прыгадвае смак беларускага марожанага.
Пагаварылі з Лю Сулін пра яе ўражанні аб нашай краіне, цікавасць беларусаў да кітайскай мовы і да паэзіі Паднябеснай, пра старажытныя кітайскія традыцыі і любімыя стравы.
Лю Сулін — намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Раней працавала ў ключавой лабараторыі пры Міністэрстве адукацыі КНР па прамысловай экалогіі і інжынернай ахове навакольнага асяроддзя Інстытута аховы навакольнага асяроддзя Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай).
У 2016 годзе за вялікі асабісты ўклад у развіццё міжлітаратурных сувязей і актыўны ўдзел у арганізацыі міжнародных круглых сталоў «Сугучча» Лю Сулін узнагароджана медалём «За вялікі ўклад у літаратуру» Саюза пісьменнікаў Беларусі, ёй уручана Падзяка Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
— Паважаная Лю Сулін, як даўно Вы ў Беларусі? Як хутка Вам удалося тут адаптавацца?
— Упершыню я прыехала ў Беларусь у пачатку сакавіка 2012 года. Мяне адправілі сюды ў камандзіроўку з Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай) працаваць у Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усе калегі былі вельмі добрыя і цярплівыя да мяне, і я амаль адразу адаптавалася ў любімай Беларусі.
— Якія Вашы ўражанні пра Беларусь — яе жыхароў, культуру, прыроду?
— Мае першыя ўражанні пра Беларусь былі цудоўныя: усюды дзівосная чысціня, ідэальная экалогія і прыгожая прырода. І гэтыя ўражанні застаюцца ў мяне да гэтага часу. Пазней я таксама ўпэўнілася, што жыхары Беларусі мірныя, спакойныя і культурныя. Вельмі ветліва ставяцца да замежнікаў, ніколі не крыўдзяць нас, як не мясцовых. Я думаю, што, мусіць, Бог вельмі любіць Беларусь, таму стварыў на гэтай зямлі прыгожую прыроду і добрых людзей.
— Ці ўдалося Вам убачыць за перыяд знаходжання ў нашай краіне славутасці Беларусі? Якія з іх зрабілі на Вас найбольшае ўражанне?
— Я паспела наведаць усе шэсць абласцей Беларусі. Некалькі разоў пабывала ў Мірскім замку, Нясвіжы, Белавежскай пушчы. Мне вельмі падабаецца дыхаць свежым паветрам Белавежскай пушчы, гэтай свежасцю насычаюцца ўсе часцінкі майго цела. Возера Нарач таксама цудоўнае. Лебедзі спакойна плаваюць побач з людзьмі ў празрыстым возеры, свеціць сонца, а ў небе плывуць аблокі, якія падганяюцца ветрам. У гэтым і ёсць шчасце жыцця!
— Па спецыяльнасці Вы географ, з’яўляецеся кандыдатам геаграфічных навук, дацэнтам інстытута аховы навакольнага асяроддзя Даляньскага політэхнічнага універсітэта. Чаму ў свой час абралі геаграфію як прафесію?
— Зялёныя горы і смарагдавыя воды — незлічоныя скарбы. Абарона экалогіі Зямлі — наша агульная адказнасць і абавязак. Я хачу зрабіць свой унёсак у гэтую справу.
— Ці шмат беларусаў зараз праяўляюць цікавасць да кітайскай мовы, кітайскай культуры?
— Шмат. За 12 гадоў, што я ў Беларусі, усё больш беларусаў цікавяцца кітайскай мовай. У сакавіку 2012 года, калі я ўпершыню прыехала ў Мінск, у РІКК БДУ працавалі толькі 3 валанцёры-выкладчыкі кітайскай мовы, а слухачоў у нас было менш за 100. Цяпер у РІКК працуе 45 выкладчыкаў кітайскай мовы, слухачоў у РІКК і цэнтрах кітайскай мовы і культуры, кабінетах Канфуцыя пры РІКК больш за 3000. У жніўні мы пачалі набор на курсы кітайскай мовы на восеньскі семестр гэтага года, за вельмі кароткі час групы былі набраныя. Некаторыя групы былі запоўнены ўжо за 45 хвілін. Цяпер у нас нават спіс чакання доўгі.
— Паважаная Лю Сулін, вядомы Ваш вялікі асабісты ўклад у развіццё міжлітаратурных сувязей Беларусі і Кітая, Ваш удзел у арганізацыі міжнародных круглых сталоў «Сугучча». Развіваць беларуска-кітайскае літаратурнае партнёрства — чаму гэта важна для Вас?
— Узаемнае культурнае навучанне паміж рознымі народамі можа ўзбагаціць духоўнае жыццё і пашырыць пазнанне, а таксама з’яўляецца важнай крыніцай чалавечага развіцця і прагрэсу. Я ўдзячная за магчымасць быць часткай гэтых намаганняў у арганізацыі міжнародных круглых сталоў «Сугучча». Хацела б сказаць дырэктару — галоўнаму рэдактару Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандру Мікалаевічу Карлюкевічу вялікі дзякуй за гэты давер і ідэі.
— У серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», членам Міжнароднага рэдакцыйнага савета якой Вы з’яўляецеся, выйшлі кнігі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо і іншых кітайскіх паэтаў-класікаў. Ці зможа, на Вашу думку, беларускі чытач праз знаёмства з паэзіяй Кітая лепш зразумець гэтую краіну, адкрыць для сябе яе духоўны свет?
— Класічныя вершы Лі Бо, Ду Фу і Ван Вэя — скарб кітайскай культуры. Чытаючы гэтыя творы, вы зможаце зразумець думкі і перажыванні старажытных кітайскіх мудрацоў і развіваць свой мастацкі густ. Іх творы суправаджаюць сталенне пакаленняў кітайскіх дзяцей. Беларускія чытачы змогуць праз гэтыя вершы лепш пазнаёміцца з нашай спадчынай, адчуць карані кітайскай культуры.
— Нядаўна на кітайскай мове выйшлі кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Перакладаюцца творы класікаў. Як Вы думаеце, што трэба для таго, каб беларуская літаратура стала больш вядомай сярод кітайскіх чытачоў? Што для гэтага можна зрабіць?
— Беларускія пісьменнікі стварылі вельмі шмат цудоўных літаратурных твораў, і з кожным годам усё больш іх перакладаецца на кітайскую мову. Наступны крок, па-мойму, такі: трэба падумаць аб тым, па якіх каналах і як распаўсюджваць і рэкамендаваць гэтыя выдатныя творы сярод большай колькасці кітайскіх чытачоў.
— Раскажыце, калі ласка, пра Вашу сям’ю. Ведаю, што ваш сын вучыўся ў Беларусі.
— У мяне шчаслівая сям’я: мама, муж і сын. Так, усё дакладна, мой сын Сунь Фаньці — выпускнік БДУ па спецыяльнасці «Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Ён прыехаў у Беларусь у 15-гадовым узросце і вучыўся тут у школе, а потым ва ўніверсітэце. Сын гэтак жа, як і я, вельмі любіць Беларусь і беларускую культуру. Ён нават пераклаў на кітайскую мову некалькі беларускіх казак, а ў 2021 годзе — раман Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», які ў перакладзе Сунь Фаньці быў апублікаваны ў часопісе «Беларусь» у версіі на кітайскай мове.
— Кітай — краіна з багатай і старажытнай культурай. Раскажыце аб традыцыях, якіх прытрымліваліся ў Вашай сям’і. Чытала, што бабуля навучала Вас мастацтву выразання іерогліфаў з паперы. Дарэчы, гэтае мастацтва ўвайшло ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
— Гэта так. У нас шмат вельмі цікавых традыцый. Напрыклад, штогод 23-га чысла дванаццатага месячнага месяца мы пачынаем падрыхтоўваць новы касцюм, новае адзенне для дзяцей, наводзіць парадак у доме, гатаваць смачныя навагоднія стравы і святочныя ўпрыгажэнні. Падарожнікам або людзям, якія ў дадзены момант удалечыні ад дома, варта незалежна ад таго, на якой адлегласці яны знаходзяцца, як мага хутчэй вяртацца дадому, каб адсвяткаваць Новы Год з усёй сям’ёй разам. У першы дзень Месячнага Новага года маладое пакаленне павінна павіншаваць старэйшых са святам, а тыя ўручаюць моладзі чырвоныя канверты ў якасці падарунка ў адказ.
Падчас свята Вясны, незалежна ад таго, ці знаходзімся мы дома або ў гасцях, мы павінны прамаўляць толькі добрыя словы, такія як «здароўе, даўгалецце, шчасце, радасць», каб прыцягнуць удачу ў новым годзе. Бабулі дома разам з унукамі выразаюць аконныя ўпрыгажэнні і іерогліфы «春(вясна)» з паперы. Гэтаму бабуля мяне таксама вучыла.
— Якія нацыянальныя стравы Вашай Радзімы Вы часцей за ўсё гатуеце дома? Падзяліцеся рэцэптам любімай стравы.
— У Кітаі я люблю есці баклажаны. Магу падзяліцца з вамі вельмі простай і смачнай стравай «Баклажаны з часнаком».
Інгрэдыенты: некалькі невялікіх баклажанаў, часнок, перац, кінза, соль.
1. У маленькіх баклажанаў не трэба выдаляць пладаножкі. Адрэжце хвосцікі, вымыйце і прыгатуйце баклажаны на пары.
2. Надрэжце баклажаны, дастаньце мякаць і здрабніце яе, пакіньце да поўнага астывання.
3. Ачысціце і здрабніце часнок, нарэжце перац і кінзу.
4. Пасаліце і добра ўсё змяшайце. Дадайце крыху больш солі, каб было добра салёным. Часночна-баклажаннае начынне гатова.
5. Нафаршыруйце начыннем баклажан. Страва гатовая, можна есці.
6. Змясціце баклажаны ў кантэйнер пластамі, накрыйце вечкам і пастаўце ў халадзільнік, іх таксама можна пакінуць на некалькі дзён марынаваць.
Звярніце ўвагу: пладаножка ў баклажана не абразаецца, каб ён не разваліўся пры напаўненні начыннем, і форма была добрай. Пладаножка пасля марынавання таксама смачная. Перад напаўненнем начыннем баклажан, прыгатаваны на пары, павінен цалкам астыць, інакш ён лёгка скісне. Начынне павінна быць салёным, каб яно хутка прамарынавалася і магло доўга захоўвацца. Саліць баклажаны неабходна па кожным пласце.
— Дзякуй за цікавы рэцэпт. А ці з’явіліся ў Вас любімыя стравы беларускай кухні?
— Я люблю дранікі і сырнікі. Таксама мне падабаецца есці халаднік улетку.
— Ці ёсць нешта асабліва прывабнае для Вас у Беларусі, пра што Вы ўспамінаеце з цяплом, калі бываеце ў Кітаі?
— Такога шмат. У 2017-2019 гадах я вярталася ў Кітай на два гады. Вельмі сумавала па беларускім марожаным, тортах, кефіры, малаку... І заўсёды з цяплом успамінала той час, які разам з беларускімі сябрамі праводзіла на працы і ў выхадныя. Я высока цаню гэта сяброўства. Таму я яшчэ раз вярнулася ў Беларусь!
Гутарыла Алена БРАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.