Сустракаю нядаўна прыяцельку, з якой не бачылася з вясны, — і не пазнаю. Замест звычайнага строгага касцюма і туфляў на абцасе — працуе галоўным бухгалтарам у буйной кампаніі, трэба адпавядаць — зусім легкадумная сукенка ў кветкі, на нагах — балеткі колеру мальвы. Валасы сабраныя не ў вечную гульку, а ў нейкую падобную на старажытнагрэчаскую прычоску. Карацей, і яна, і не яна. «Або закахалася, або з глузду з’ехала са сваёй работай», — пранеслася ў галаве, прычым другі варыянт падаваўся больш рэальным, бо прыяцельцы ўжо крыху больш за пяцьдзясят, яна адзінокая самадастатковая дама, якая жыве на працы. Але тут я не ўгадала — яе, як высветлілася ў кавярні за келіхам белага віна, накрыла гісторыя, амаль як у «Службовым рамане», прынамсі па выніках. Сюжэт жа быў нашмат мудрэйшы, чым у кіно, такі толькі жыццё можа падкінуць.
Карацей, надумалася Надзея гэтым летам нарэшце выбрацца ў адпачынак на мора. Узяла водпуск на тры тыдні, чаго ніколі сабе не дазваляла, купіла дарагую пуцёўку на шаснаццаць дзён, сямнаццаць начэй у адну паўднёвую краіну. Сабрала чамаданы і паляцела. Кватэру ні на кога не пакідала — пры яе раскладзе жыцця ні хатніх жывёл, ні кветак не гадуе, таму даглядаць у яе адсутнасць няма каго... Усё пачыналася вельмі здорава: мора, сонца, доўгачаканы спакой. Але гэты рэлакс прадоўжыўся ўсяго шэсць дзён. На сёмы па месенджары (яна, наіўная, адключыла сім-карту і думала, што будзе недасягальная) пазваніў шэф і слёзна прасіў тэрмінова вярнуцца: маладыя дзяўчаты ў бухгалтэрыі нешта такое напартачылі з квартальнымі і паўгадавой справаздачамі, што магло дайсці і да крымінальнай справы. Усе выдаткі, канешне, шэф браў на сябе, сам знайшоў і заказаў ёй новы білет на самалёт, паабяцаў у якасці кампенсацыі выпісаць прэмію з чатырма нулямі…
Раніцай роўна праз тыдзень яна з чамаданамі, адзін з якіх нават не паспела распакаваць, стаяла перад дзвярыма сваёй кватэры. Злосная, сонная, думала толькі пра тое, як зараз вып’е кавы, пасля, калі атрымаецца, падрэмле якую гадзінку і памчыць на «любімую» работу. Адамкнула дзверы, адразу прайшла на кухню — і ледзь не самлела. На яе кухні за яе сталом зусім па-гаспадарску сядзеў незнаёмы мужчына і піў каву з яе любімага кубка! «Што вы тут робіце?!» — амаль хорам усклікнулі абое пасля непрацяглай нямой сцэны. Пасля ўсчаўся гэткі лёгкі скандал, падчас якога яна парывалася выклікаць міліцыю, а ён даводзіў нешта ну зусім незразумелае: «Чаму вы так рана? Я ж з’язджаю толькі праз два дні...» Мужчына быў збянтэжаны і зусім не бандыцкага выгляду, таму, крыху супакоіўшыся, яна вырашыла ўсё ж выслухаць, як ён апынуўся ў яе кватэры.
Аказалася, ён камандзіровачны, прыехаў са Смаленска на дзесяць дзён вырашыць працоўныя пытанні сваёй фірмы. У атэль засяляцца не стаў, вырашыў на гэтыя дні зняць кватэру з усёй абстаноўкай. У інтэрнэце размясціў аб’яву, на яе вельмі хутка адгукнуўся малады чалавек, які прапанаваў апартаменты з усім «начыннем» у добрым раёне па зусім невялікай цане. Умовы былі: сто працэнтаў перадаплата і з’ехаць да пэўнага чысла. Што прыезджага задавальняла — ён і не збіраўся заставацца даўжэй. Ключы атрымаў праз дзве гадзіны, паглядзеў кватэру — усё спадабалася, аддаў грошы, ударылі па руках — і «гаспадар» знік у невядомым напрамку. Ён жа спакойна рабіў свае справы, жыў ва ўтульнай кватэры, а Надзею прыняў за чарговую кватарантку, якой здалі апартаменты, не дачакаўшыся, пакуль з’едзе ён…
У міліцыю ёй усё ж званіць давялося — хтосьці ж даў прыезджаму яе ключы. Пачалося разбіральніцтва, і тут яна прыгадала, што за месяца паўтара да водпуску яна мяняла ўваходныя дзверы. Працавалі на мантажы два маладыя хлопцы, праўда, не ўвесь час, адзін некуды адлучаўся. Паднялі дагавор, высветлілі, што за фірма працавала на мантажы, хто з супрацоўнікаў. Дзівосным чынам тэлефонны нумар аднаго з двух рабочых супаў з тым, з якога камандзіровачнаму званілі з выгаднай прапановай жылля — зладзей нават не думаў шыфравацца. Калі прадпрымальнага «гаспадара» затрымалі і прад’явілі доказы яго віны, адпірацца ён не стаў. Прызнаўся: пакуль устанаўлівалі тыя дзверы, пачуў, як гаспадыня кватэры расказвае камусьці па тэлефоне пра свой адпачынак. Навастрыў вушы і даведаўся пра важныя дэталі: і пра час, у які будзе адсутнічаць, і пра тое, што жыве адна і кватэру ні на кога пакідаць не будзе, і нават пра тое, што з суседзямі яна не кантачыць. Прадпрымальны хлопец тут жа склаў план, як можна пажывіцца, сказаў калегу, што вельмі трэба хвілін на пятнаццаць адлучыцца, і, пакуль той вазіўся з петлямі, збегаў з ключамі ад новых дзвярэй у гандлёвы цэнтр праз дарогу і заказаў дублікаты. Пасля ў пачутую дату адсачыў, як гаспадыня пакуе чамаданы ў машыну, зайшоў у кватэру, пераклаў яе рэчы з адной шафы ў іншую і пачаў шукаць ахвотных зняць жыллё на кароткі тэрмін. Меркаваў, што ўсё сыдзе з рук, ніхто ні пра што не даведаецца, ён проста перад прыездам гаспадыні, калі кватарант з’едзе, пакладзе і паставіць усё на месцы. А сто дваццаць «баксаў» пакладзе сабе ў кішэню... І ўсё, напэўна б, так і было, і ніхто б ні пра што не здагадаўся. Калі б не сапсаваныя бухгалтарскія дакументы і не тэрміновае вяртанне Надзеі дадому.
На хлопца завялі крымінальную справу, але напісаную па гарачых слядах заяву на яго Надзея праз некалькі дзён забрала. Таму што ў іх з тым камандзірованым пачало нешта складвацца. Ён аказаўся ўдаўцом з дарослай дачкой і праз дзень прызнаўся, што Надзя яму вельмі спадабалася. А яна... А што яна? Не кожны ж дзень на тваёй кухні сядзіць сімпатычны мужчына, ды яшчэ, як высветлілася, і нябедны, і свабодны…
Яна нядаўна дагульвала той неадбыты водпуск — ездзіла да яго ў Смаленск. А на гэтыя выхадныя ён прыязджае ў Мінск, якраз дзень горада, хоча паглядзець. Жывуць яны пакуль на дзве краіны, але ўжо абмяркоўваюць, як да зімы з’ехацца. Ці ён да яе, ці яна да яго, пакуль не вырашылі. Зрэшты, якая розніца?..
Якая ў гэтай гісторыі мараль, спытаеце. Ну, па-першае, будзьце пільнымі з асабістай інфармацыяй, не афішыруйце яе не толькі ў інтэрнэце, але і пры размове ў прысутнасці незнаёмых людзей, нават калі гэта сантэхнік, які рамантуе кран, або майстар, які ўстанаўлівае дзверы. Па-другое... Жыццё — надзвычай цікавая штука і, што галоўнае, абсалютна непрадказальная. І ўсё абавязкова будзе так, як павінна быць.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».