Вы тут

Светапогляд «іншых»


Трапіць у знакамітую казачную гісторыю, дзе валадараць гномы і эльфы, злыя вядзьмаркі і добрыя чараўніцы, можна ў мастацкай галерэі DK. На выстаўцы «Краіна Оз» прадстаўлены не вельмі распаўсюджаны ў нашай краіне кірунак «ар-брут» (ці мастацтва аўтсайдараў). Яркія колеры, парушаныя правілы кампазіцыі і глыбокі сэнс, які трэба шукаць на паверхні, — усё гэта паказвае ўнутраны свет людзей, якія рэдка выказваюцца адкрыта.


Гісторыя мастацкага кірунку «ар-брут» пачалася ў 1945 годзе, калі французскі скульптар Жан Дзюбуфэ выставіў сваю калекцыю карцін, створаных людзьмі з псіхічнымі парушэннямі, прымітывістамі, дзецьмі і іншымі. Тэрмін «ар-брут» значыць грубае мастацтва, якое, па меркаванні Жана Дзюбуфэ, з’яўляецца самым чыстым і шчырым стылем, цалкам пазбаўленым стэрэатыпаў. Мастак доўгі час спрабаваў знайсці тую самую форму выказвання, якая дазволіла б паказаць мастацтва за межамі культуры. Жан Дзюбуфэ імкнуўся адлюстраваць сапраўдную свабоду творчасці, дзе пануе хаос, разнастайнасць форм, сімвалічныя абстракцыі і гратэск.

Сёння «ар-брут», ці мастацтва аўтсайдараў, разглядаецца як найбольш шчыры спосаб самавыяўлення, як пачуцці, што доўгі час хаваліся ў далёкіх кутках падсвядомасці. Работа, аднесеная да гэтага накірунку, павінна адпавядаць галоўнай умове: аўтару неабходна нейкі час ці ўсё жыццё правесці ў ізаляцыі, каб агульнапрынятыя сацыяльныя і культурныя нормы не ўплывалі на яго творчасць.

У Беларусі «ар-брут» прадстаўлены творчасцю Міхаіла Сянькова, больш вядомага пад псеўданімам «А. Р. Ч.». Работы мастака прысвечаны серыйным маньякам, у прыватнасці Андрэю Чыкацілу. Многія крытыкі і мастацтвазнаўцы размяжоўваюць «сапраўдны ар-брут» і творчасць Міхаіла Сянькова, таму што не выканана адна з умоў кірунку — адсутнасць мастацкай адукацыі. Сам творца адносіць свае работы да «акадэмічнага ар-бруту», хоць і не адмаўляецца ад уплыву «экспрэсіянізму». Папулярызаваць творчасць аўтсайдараў у Беларусі пачаў мастак і паэт Фёдар Ястраб, які лічыў, што для сапраўднага таленту перашкод не існуе.

На выстаўцы «Краіна Оз» прадстаўлены работы дарослых людзей, якія пастаянна знаходзяцца ў псіханеўралагічным інтэрнаце. Яны не атрымалі прафесійнай акадэмічнай адукацыі і малююць ад шчырага сэрца. Іх творчасць — гэта даследаванне свайго ўнутранага свету, дзе засталіся сляды чагосьці большага, чым яны самі. Куратары праекта Кацярына Давыдава-Высоцке, Кацярына Кардончыкава і Руслан Вашкевіч дапамаглі творцам раскрыцца і паказаць свае работы шырокай аудыторыі. «У працэсе падрыхтоўкі нашага праекта мне пашчасціла пранікнуцца атмасферай гэтай медыцынскай установы і пазнаёміцца з цудоўнымі таленавітымі людзьмі, — расказала на адкрыцці выстаўкі Кацярына Давыдава-Высоцке. — Аднак падапечныя адчуваюць глыбокую адзіноту, таму ім неабходна падтрымка людзей па-за межамі дыспансера. Праз творчасць яны могуць адлюстраваць свае пачуцці і падкрэсліць сваю індывідуальнасць».

У экспазіцыі прадстаўлены работы, выкананыя ў розных мастацкіх стылях і жанрах. Пейзаж, нацюрморт, партрэт, бытавыя сцэны, абстракцыя — творчасць «іншых» людзей займае ўсе нішы мастацтва.

Выстаўка «Краіна Оз» сустракае наведвальнікаў багаццем колераў і форм. Уражвае і разнастайнасць сюжэтаў. Творцы закранаюць самыя разнастайныя тэмы: ад асабістых узаемаадносін людзей да рэлігійных матываў. Мастак Сяргей (прозвішча аўтараў не раскрылі) спецыялізуецца на графічных партрэтах. Яго тэхніка нагадвае непарыўную лінію, дзе шмат «паветра» і няма лішніх дэталяў. Асаблівую ўвагу аўтар удзяляе адлюстраванню эмоцый чалавека праз позірк і ўсмешку.

Тэма рэлігіі прадстаўлена серыяй карцін мастака Віталя, на якіх аўтар у розных тэхніках працуе над абразамі Багародзіцы. Сам творца адносіць свае работы да наіўнага мастацтва. Праз яго ілюстрацыі можна па-іншаму паглядзець на агульнапрынятыя выявы святых і ўбачыць Бога не ў традыцыйным абліччы, а такога, які жыве ў глыбіні чалавечага сэрца.

Абстракцыя прадстаўлена творчасцю мастака Паўла. Аўтар выкарыстоўвае яркія колеры і абцякальныя формы, што адлюстроўвае хуткасць і непрадказальнасць жыцця.

Выстаўка «Краіна Оз» знаёміць аматараў жывапісу з мастацкім кірункам «ар-брут», які трансліруе ўнутраны свет асаблівых людзей. Праект вельмі важны не толькі для творцаў, але і для ўсяго грамадства. Гэта магчымасць выказацца тым, хто звычайна знаходзіцца ў цені.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.