Яшчэ адна ахвяра генацыду беларускага народа — паэт і ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Аляксей Рэдзька. За адданасць сваёй Радзіме палякі ў Заходняй Беларусі яго праследавалі. Немцы ж за ўдзел у падполлі, сувязь з партызанамі расстралялі. Праўда, пад такім прозвішчам мала хто ведае Аляксея. Згадваюць пад псеўданімам Алесь Дубровіч. Чаму выбраў такое літаратурнае прозвішча, выказваюцца розныя меркаванні.
Краязнаўца Мікола Чамеза спасылаўся на яго брата Івана Ягоравіча:
«<...> у дупле дуба, які стаяў на мяжы палёў вёсак Каралевічы і Замошша, Аляксей хаваў адозвы, пракламацыі, нелегальную літаратуру, і, як лічаць сваякі паэта, паходжанне псеўданіма Дубровіч звязана менавіта з гэтай акалічнасцю». А вось паэт Алесь Жыгуноў некалі гутарыў з былым удзельнікам рэвалюцыйнай барацьбы ў Заходняй Беларусі, жыхаром Глыбокага Аляксеем Пашковічам.
Ад Аляксея Гур’евіча ён пачуў такое: «— <...> Прыязджаў тут да мяне чалавек з Мінска, дзве ночы начаваў, усё распытваў пра Алеся. Пра сцяг чырвоны, што ў Галубічах вывесілі на адно са свят... Тады раскажу, як ён канспіраваў перадачу нелегальнай літаратуры. Непадалёк ад Каралевічаў дуб дуплаваты стаяў, каля яго камень вялізны ляжаў. І Алесь гаварыў мне: „Калі на валуне ляжыць яшчэ адзін каменьчык, то лістоўкі, пракламацыі — у дупле. Падыходзь і забірай. Калі ж не — праходзь міма“». Зразумела, у гаворцы ўзнікла і пытанне аб паходжанні псеўданіма Дубровіч.
У адказ пачулася: «Ніколі ён мне пра гэта не казаў, але я думаю, што не, штосьці іншае тут...»
«Чалавек з Мінска» — хутчэй за ўсё Мікола Чамеза. «„А штось іншае“ — тое, што расказаў Іван Рэдзька ўжо Алесю Жыгунову»: «— Дубровіч, здаецца мне, пайшоў ад Дуброўскага, літаратурнага героя, і Алесь яго неаднойчы ўспамінаў. А ці гэта на самай справе — не ведаю». Дзіўнавата толькі тое, што ні Мікола Чамеза, ні Алесь Жыгуноў не пацікавіліся, адкуль замест Аляксея ўзнікла імя Алесь. Хутчэй за ўсё Аляксеем ён быў па дакументах, а ўсе звалі Алесем. Бывае і такая нестыкоўка. Хоць можна выказаць і гэткае меркаванне. Яго любімым паэтам быў Аляксандр Пушкін. Праўда, гэта дакладна не ўстаноўлена, але на такую думку наводзіць тое, што захавалася ўзнаўленне ім па-беларуску аднаго з вершаў Аляксандра Сяргеевіча.
Нарадзіўся Алесь Дубровіч у 1910 годзе ў вёсцы Галубічы Дзісенскага павета Віцебскай губерні, цяпер Каралевічы Глыбоцкага раёна на Віцебшчыне. Сям’я была вялікая. Акрамя Аляксея — браты Дзмітрый, Іван і Васіль, сёстры Агата і Ліда. Не да асаблівай навукі. Скончыў толькі вясковую школу, далей веды атрымліваў самаадукацыяй. Гэта, аднак, не перашкаджала і спрадвечнымі сялянскімі клопатамі займацца. Быў і занятак, які не кожнага вабіць: любіў даглядаць пчол. У вольны час з задавальненнем граў на гармоніку, а з маці Луцыяй спяваў. Яна шмат ведала народных песень. Былі і такія, якія ў іншых мясцінах не напаткаеш. Рыгор Шырма, калі пачаў запісваць творы народнай творчасці, у 1937 годзе занатаваў ад яе некалькі песень, звязаных з прыходам вясны.
Рана Алесь Дубровіч зацікавіўся і паэзіяй. На гэта паўплываў старэйшы брат Дзмітрый, які таксама пісаў вершы.
Адзін верш, тады яшчэ Аляксея, у 1928 годзе надрукавала газета «Доля працы». Але вялікі ўплыў на фарміраванне яго таленту аказала не гэтае прагрэсіўнае выданне, а «Беларуская газэта», што з’яўлялася легальным неафіцыйным органам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Паміж ім і супрацоўнікамі завязалася перапіска. Безумоўна, у тым, што ў 23 гады быў сярод удзельнікаў першага нелегальнага з’езда пісьменнікаў, арганізаваным Літаратурным фронтам сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі і «Беларускай газэтай», не абышлося і без спрыяння «БГ». Яго прозвішча значылася і пад «Дэкларацыяй групы паэтаў да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі».
Творчасць не перашкаджала займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю. Уваходзячы ў Рабоча-сялянскую грамаду, і наведваўся да таго дуба, які стаў схованкай палітычных матэрыялаў. Ды ўсё адно ўжо быў на ўліку ў паліцыі. Асабліва пасля таго, калі спрабаваў перайсці ў Савецкі Саюз. Тры месяцы правёў у турме. А ў 1934 годзе паліцыя завітала на кватэру.
Па адной версіі, у сумна вядомых Лукішках знаходзіўся два з паловай года. Па другой — два гады ў тых жа Лукішках над ім і іншымі заходнебеларускімі пісьменнікамі вялося следства. Пасля яго прысудзілі да чатырох гадоў і чатырох месяцаў. Гэтыя месяцы сталі дадаткам да асноўнага прысуду: збіў наглядчыка.
Вершы пісаў і ў турме. Асобныя з іх друкаваліся ў турэмным часопісе «Краты». Падпісваў іх «Макар» і «Мікіта». На свабоду выйшаў па амністыі, але зрок быў сапсаваны. Гняло і тое, што Заходняя Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца пад акупацыяй. Толькі ад рэвалюцыйнай барацьбы адмаўляцца не збіраўся. Як і развітвацца з паэзіяй. Наконт першага сумненняў не ўзнікала. А з паэзіяй было значна цяжэй.
Самаадукацыя не дазваляла разабрацца ва ўсіх яе сакрэтах. Ды і творчага вопыту не ставала. У гэты час яго своеасаблівага мастакоўскага раздарожжа добрую дапамогу яму аказаў Максім Танк. Асабіста знаёмыя яны не былі, але Яўген Іванавіч узначальваў аддзел літаратуры часопіса «Беларускі летапіс». Вершы, атрыманыя ад Алеся Дубровіча, старанна разглядаў, даваў парады. Найлепшае трапляла на старонкі. Друкаваўся і ў часопісе «Калоссе».
З радасцю ўспрыняў уз’яднанне Беларусі. З задавальненнем далучыўся да новага жыцця. Працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце. Пазней з’яўляўся старшынёй сельсавета. Быў дэлегатам Народнага сходу ў Беластоку. У 1940 годзе стаў супрацоўнікам раённай газеты «Вілейская праўда». Калі прыйшлі нямецка-фашысцкія акупанты, успрыняў іх нават больш лютымі захопнікамі, чым папярэдніх. Так паставіліся да гітлераўцаў і яго родныя. Чаго не скажаш пра старасту вёскі, які выдаў іх. Арыштавалі не толькі Алеся Дубровіча, але і яго бацьку Ягора Францавіча, братоў Дзмітрыя і Васіля. Жорстка катавалі, а пасля расстралялі на вачах сястры і жонкі 7 лістапада 1942 года. Садызм праявілі і ў гэтым. Усё адбылося раніцай, калі пачынаўся дзень, які яны, як і ўсе савецкія людзі, успрымалі святам.
Пра аналіз творчасці Алеся Салагуба напісана няшмат. Прычына зразумелая: друкаваўся мала, а не ўсе крытыкі працуюць у архівах, у якіх, магчыма, нешта ёсць, што згубілася сярод іншых папер. Таму ў друк і не ўсё трапіла, нешта беззваротна знікла. На аснове твораў лёгка высветліць асноўныя кірункі яго творчасці. Яны ж такія, што характэрныя і для іншых паэтаў, якія разам з ім уваходзілі ў літаратуру. Асабліва тых, чыя творчасць па розных абставінах не дасягнула далейшага развіцця ці, як ў выпадку з ім, трагічна абарвалася. Першы з гэтых кірункаў звязаны з асэнсаваннем бяспраўнага становішча беларусаў на акупаваных тэрыторыях і, адпаведна, з заклікам на барацьбы за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Як бы ў процівагу паэтам, якія жылі ў Савецкай Беларусі. Яны апявалі новае жыццё, выступалі супраць тых, хто не прымае яго, а то і з’яўляецца шкоднікам. Аднак аб вартасцях іх твораў, несумненна, трэба меркаваць не з ідэалагічнага боку, а з мастацкага.
Гаворачы пра Алеся Дубровіча, нельга не заўважыць, што публіцыстычная вартасць іх, без якой у такім выпадку не абысціся, не лабавая, калі прамаўляюцца адны лозунгі, а напоўненасць важнымі думкамі адсутнічае, а ў сцвярджэнні таго, што, адпавядаючы часу, нясе заклік дзеянняў усёй грамады, усяго народа. Яскравае сведчанне — верш, які ўжо і назвай сваёй сведчыць, што гэта, прамоўленае паэтам, адпавядае думкам усіх абяздоленых яго сучаснікаў — «Мы»:
Мы — скрыўджаных няпраўдай струны,
Адным распалены агнём.
Мы гімн пакуце граем сумны
І славу барацьбе пяём.
У другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя за кароткі час паспеў сфарміравацца як паэт са сваім голасам. Пісаў, праўда, пра тое, як і іншыя паэты-барацьбы. Але навучыўся рэвалюцыйныя матывы прапускаць праз сэрца.
У іх знаходзілася месца і агульначалавечым пачуццям, асабліва ў такіх творах, у цэнтры якіх чалавек-жыццялюб, як у адным з найлепшых яго вершаў «Кіну свае думы»:
Кіну свае думы жураўліным лётам —
Хай лятуць да сонца, у далёкі край.
Сам пайду і сяду пад лазовым плотам
І пра тое сонцу буду ціха граць.
І хоць скасцянеюць пальцы на марозе,
Не пакіну кратаць залацістых струн,
Хай зімой завеі выюць на дарозе
Ці ў барах сасновых плачуць, як лясун.
Паэзію Алеся Дубровіча высока ацаніў Валянцін Таўлай. Ён, як вядома, не толькі сам прайшоў змагарнымі шляхамі, але і зрабіў даволі важкі ўнёсак у рэвалюцыйную паэзію, дасягаючы ў ёй вялікай завершанасці і дакладнасці. Яго эстэтычнаму густу нельга не давяраць. Пра паэзію Алеся Дубровіча так пісаў: «Нягледзячы на тое, што цэнзурныя ўмовы не дазвалялі аўтару адкрыта выказваць свае думкі і настроі, рэвалюцыйны змест вершаў відавочны». Пры гэтым адзначаў: «Пакутная доля прыгнечанасці вёскі Заходняй Беларусі знайшла сваё мастацкае адлюстраванне ў вершы „Крапіва“, папулярным у свой час сярод заходнебеларускіх чытачоў».
«Крапіва» і прыцягвала ўвагу, найперш вяскоўцаў, тым, што зместам сваім праўдзіва адлюстроўвала іх тагачаснае жыццё — галоднае, бязрадаснае, калі, здавалася, наперадзе ніякага прасвету. Тая ж галыцьба, голад будуць спадарожнічаць на кожным кроку. Як бы мовай звычайнай расліны — «і шапоча маркотная крапіва», якой яны могуць харчавацца толькі вясной, калі пачынае адрастаць, прамаўляе паэт. Радкамі нібыта і звычайнымі. Аднак гэта ў разуменні тых, хто прывык да паэзіі высокага кшталту.
Вяскоўцы ўспрымалі іх сваімі, бо за кожным у нечым паўстала іх жыццё. Знаходзячы ў вершы блізкае ім, яшчэ больш пераконваліся ў тым, што не толькі ў іх «на вёсцы нядоля, бядота, // што так мала жывуць <...> шчасліва». Нечакана адкрывалі для сябе іншае, таксама ім вядомае. Толькі не хавалі здзіўлення, як гэта можна перадаць словамі тое, што ў быту сустракаюцца ў іншым значэнні, а тут звязана з крапівой: <...> счарсцвелага хлеба скарынка // часта ўпрочкі ідзе ад абеду«, а «у місцы малая крупінка // ўсё гарцуе, не робячы следу». Блізкім было і тое, што яна «перад лыжкай імкнець неяк крута, // быццам лоўкая рыбка з-пад сеці, // і лавіць так штодня — ой, пакута!»
Калі гаварыць пра другі кірунак у творчасці Алеся Дубровіча — гэта яго нямногія вершы аб каханні, аб харастве прыроды і, зразумела, лучнасці з ёю. Што такіх твораў няшмат — зразумела. Не пра іх думалася, калі столькі часу займала барацьба. Ды і не асабліва пісалася ў засценках, а калі нешта і стваралася, то зместам адпавядала гэтай барацьбе. Ды жыццё ўсё адно брала сваё. Прысвячэння ў вершы «Калісь любові хмель вясняны», як і ні ў адным з іншых няма, але, мне здаецца, пішучы яго, паэт меў на ўвазе сваю любую Кацю, з якою выхаваў двух дачок. Канешне, па рэаліях, якія закранаюцца, нельга сказаць, што лірычная гераіня, якая па імені не называецца, цалкам спісана з яе, але сама інтанацыя твора настройвае менавіта на такое ўспрыманне. Паміж радкамі праступае непрыхаваная пяшчота. Аднак паміж імі і іншае: сапраўднае асабістае шчасце немагчыма без шчасця сваё краіны.
Валянцін Таўлай асабліва звярнуў увагу на верш Алеся Дубровіча «Зорны край»: «<...> гэта не абстрактны вобраз, запазычаны ў сімвалістаў, але толькі падцэнзурнае паэтычнае імя Краіны Саветаў — зорнай радзімы перадавых ідэй чалавецтва». Імі і жыў паэт. Увасабленню, кажучы словамі Валянціна Таўлая, «перадавых ідэй чалавецтва», наколькі мог, прысвяціў сваю дзейнасць. Іх прапаведаваў сваім талентам. Талент яго, хай сабе быў не такім яркім, як ў тых, каго можна назваць волатам паэтычнай думкі, але праўдзівы ў той ступені, калі лірычны герой прамаўляе блізкае многім. «Зорны край» — з шэрагу такіх твораў. Для яго край з’яўляўся марай, аднак з-за гэтага яшчэ больш прывабны. Гэта як у жыцці ўвогуле. Той, што пакуль не адбылося, кліча сваёй загадкавасцю. Але, калі верыш у яе, яно набывае яшчэ большы сэнс, у нечым ужо становіцца і рэальнасцю:
Мне песняй выліць хочацца
Увесь жар грудзей маіх.
Наперад! Не варочацца,
Хоць шлях калюча-ліх!
За храмамі, за горамі
Ёсць сінязорны край.
Іду з яму нязморана —
Гэй, сэрца, марш іграй!
Душа ў гэты край імкнецца, сэрца спявае. Ці, можа, наадварот: сэрца імкнецца, душа спявае. Ды ўсё адно так хораша ад успрымання гэтага паэтам. Малюнак, пададзены ім, быццам у каўшы той радасці, якой цесна на Зямлі. Яна сягае ў паднябессе, гатовая разагнаць сабой цемру Сусвету, каб вярнуцца назад і гэтаксама заззяць, як і дагэтуль, у дзіўным краі.
Ужо верша «Зорны край» дастаткова, каб упэўніцца, скажу следам за Валянцінам Таўлаем, што ў «асобе Алеся Дубровіча наша паэзія страціла паэта значных магчымасцей».
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.