Вы тут

У НЦСМ праходзіць выстаўка «Жывыя, пакуль памятаем»


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстаўка «Жывыя, пакуль памятаем», створаная па выніках пленэру, прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізатарамі праекта выступілі Міністэрства культуры і НЦСМ. У выстаўцы прынялі ўдзел члены Беларускага саюза мастакоў, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.


Кацярына Друян «Мемарыяльны комплекс «Азарычы», 2024 г.

Захаванне памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны — важная частка работы кожнай гістарычнай і культурна-асветніцкай установы. Аднак адным падзеям і людзям удзяляецца больш увагі, а хтосьці застаецца толькі на старонках крывавай гісторыі. Канешне, нельга забываць пра смелых і мужных салдат — танкістаў, лётчыкаў, зенітчыкаў, разведчыкаў, артылерыстаў, якія загінулі за свабоду і светлую будучыню сваёй Радзімы. Але не ўсе змаглі стаць героямі. Вялікая колькасць жанчын, дзяцей і старых трапілі ў палон, сталі ахвярамі фашысцкай нянавісці, былі жорстка і бязлітасна забіты не на поле бою, а ў сваіх хатах.

На выстаўцы «Жывыя, пакуль памятаем» 12 мастакоў з дапамогай розных стыляў і тэхнік увасобілі пакуты і боль звычайных жыхароў нашай зямлі. Гэта напамін аб тым, што жыццё загінулых працягваецца ў памяці жывых. 

Праект ужо быў прадстаўлены ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва ў межах ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Ганна Садоўская «Пад соснамі», 2024 г.

Многія мастакі звярнуліся да асэнсавання вобраза дзіцяці-вязня канцэнтрацыйнага лагера. Марыя Кручкова, Марта Шчэрбіч, Анастасія Чадзій паспрабавалі адлюстраваць унутраны свет дзяцей, якія пабачылі жах вайны, пазбаўленых дзяцінства і вымушаных змагацца за сваё жыццё. Тры творы — адна тэма — тры розныя вобразы. На карціне «Так скончылася дзяцінства» першы план займае любімая гульня дзяцей і падлеткаў — рознакаляровыя класікі. Здаецца, нічога не гаворыць пра боль і пакуты. Аднак худыя і босыя дзіцячыя ногі ў кайданах стаяць на старце, а на фінішы дзіця чакаюць баявыя патроны. «1, 2, 3... 10» — вось і скончылася светлая бестурботная пара. Кароткая гульня заканчваецца не радаснай перамогай, а жорсткімі пакутамі і смерцю.

Работа Марты Шчэрбіч «Вязень» нагадвае знакаміты фільм «Хлопчык у паласатай піжаме», зняты па матывах аднайменнай кнігі Джона Бойна. Над цёмна-шэрай сцяной узвышаецца такое ж блакітна-шэрае неба. Калючы дрот быццам злучае гэтыя два процілеглыя светы. У сцяне бачым маленькага замураванага хлопчыка. Яго вочы заплюшчаны, а рукі цягнуцца да людзей. Ён не просіць дапамогі, аднак вера ў чалавецтва мацнейшая за бетонныя сцены. 

Марыя Кручкова «Лупалаўскі лагер», 2024 г.

Кацярына Друян «Нязломныя», 2024 г.

Роспач і боль, безнадзейнасць ахутваюць маленькую ахвяру жорсткіх катаванняў і напаўняюць музейную залу.

«Вязніца» Анастасіі Чадзій расказвае гісторыю дзяўчынкі, чыю родную вёску спалілі дашчэнту. Дрэвы яшчэ дагараюць за спінай маленькай сіраты. Яе будучыня прадвызначана. Рукі ахвяры абкручаны чырвоным калючым дротам. Чорны фон сімвалізуе безнадзейную будучыню, якая будзе падсветлена вогненнымі водбліскамі згарэлай вёскі.

Вялікая частка экспазіцыі прысвечана мемарыяльным комплексам Хатынь, Дальва і іншым. Для стварэння гэтых работ удзельнікі пленэру наведалі спаленыя вёскі і месцы былых канцэнтрацыйных лагераў («Малы Трасцянец», «Азарычы», «Ала», «Чырвоны бераг» і інш.). Работа Ганны Садоўскай «У цішыні» сустракае наведвальнікаў знаёмымі вобразамі. Цёмна-сіняе неба з кучаравымі шэрымі аблокамі ўзвышаецца над адзінокім звонам Хатыні. Побач — вялікі крыж у колер неба быццам сімвалізуе чысціню тых, хто быў спалены ў роднай вёсцы. Яны ўсе адышлі да Бога, але іх жалобны плач яшчэ можна пачуць у спевах адзінокіх званоў.

Крыж і звязаны з ім вобраз смерці прысутнічае яшчэ на адной рабоце мастачкі. «Пад соснамі» таксама адлюстроўвае цішыню, але тут няма спакою. Вечны смутак і боль быццам лунаюць над старымі могілкамі ў выглядзе калючых сасновых галінак. Апошнія сонечныя промні падаюць на зарослыя хмызняком крыжы і высокія магутныя дрэвы, быццам кажучы, што жыццё працягваецца.

Трагічную гісторыю Лупалаўскага лагера смерці расказала Марыя Кручкова. Пад яркім блакітным небам — цяжкая бетонная канструкцыя. Паралельныя гарызантальныя лініі — як рысы часу, які пакінуў свой след на шэрых сценах лагера. Прайшло шмат гадоў, аднак рэха фашысцкіх злачынстваў яшчэ не сціхла на гэтай зямлі.

Вікторыя Дубавец «Хатынь», 2024 г.

Твор Кацярыны Друян «Мемарыяльны комплекс „Азарычы“» перагукаецца з работай Ганны Садоўскай «Пад соснамі». Тыя ж дрэвы, крыж і сонейка. Аднак змяняюцца месца і кампазіцыя твора. Кацярына Друян размясціла помнік і сцежку да яго такім чынам, што хочацца трапіць унутр карціны, каб паслухаць ціхі хруст іголак пад нагамі і аддаць даніну памяці загінулых дзясяткі гадоў назад пад гэтым самым небам.

Сястра Хатыні — невялікая вёска Дальва — адлюстравана ў творчасці дзвюх мастачак: Ганны Раманенка і Карыны Ляонавай. Адна і тая ж гісторыя з розных бакоў. Работа Карыны Ляонавай напоўнена болем і смуткам. Праз чорны дым і чырвоныя залпы гармат праглядаецца суровая постаць маці. 

Ганна Раманенка выкарыстоўвае светлыя і «аптымістычныя» адценні. Яе Дальву атачаюць высокія залатыя бярозкі, якія нагадваюць гледачам, што гэтае мірнае неба дасталася цаной вялікіх пакут.

Аляксандра Чудакова «Забыццю не падлягае» (дыптых), 2024 г.

Дыптых Аляксандры Чудаковай «Забыццю не падлягае» адрозніваецца ад астатніх твораў гіпербалізацыяй, натуралізмам і яркім гратэскам. Папярэднія аўтары працавалі ў жанры рэалізму. Экспрэсіянізм Аляксандры Чудаковай адлюстроўвае брыдкую сутнасць вайны. Хударлявыя сілуэты палонных хапаюцца за плыт, часткай якога з’яўляюцца. Ахвяры жорсткай вайны ўжо не могуць папрасіць аб дапамозе, але наш святы абавязак — не забываць трагічны лёс народа і захоўваць мір для будучых пакаленняў.

Праект «Жывыя, пакуль памятаем» робіць акцэнт не на гераічных подзвігах салдат, якія загінулі за Радзіму. Тут размова пра ахвяр чалавеканенавісніцкага рэжыму, пакуты маленькіх дзяцей і загубленыя лёсы цэлых народаў.

Выстаўка працуе да 29 верасня. Падчас работы экпазіцыі арганізаваны куратарскія экскурсіі. Не абмініце!

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.