Ахілесава пята сучасніка — легкавернасць. Сёння ў сусветным павуцінні генерыруюцца тоны дэзынфармацыі. Клююць на яе, як правіла, тыя, хто яшчэ не пасталеў, хто паддаўся спакусе кідкага «смажанага» факта, хто, урэшце, забыўся пра запаветы продкаў, традыцыі нашага народа, якія ствараюць абарону ад пастак. Інфармацыйны шум перашкаджае задумацца пра гэта. Але надзвычай важна ўспомніць, хто мы ёсць і чаго вартыя.
Гэта дапамагла зрабіць навукова-практычная канферэнцыя «Івацэвіцкія чытанні» ў рамках ХХХІ Дня беларускага пісьменства.
Нацыянальная культура — падмурак, на якім узрастае асоба, а з ёю — нацыя: традыцыі і пераемнасць культуры фарміраваліся стагоддзямі.
— Свята пісьменства нагадвае пра нашы духоўныя традыцыі, пра прыгажосць і моц беларускага слова, пра тых, хто ў розныя перыяды спрыяў развіццю нацыянальнай культуры, — адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў. — Яно з’яўляецца сімвалам народнага адзінства, умацавання духоўных каштоўнасцей, гістарычнай памяці, звяртае да вытокаў. Пісьменства — тое, што лучыць мінулае, сучаснасць і будучыню.
Вядучыя вучоныя-гуманітарыі нашай краіны, у першую чаргу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, мясцовай творчай інтэлігенцыі сабраліся, каб асэнсаваць багатую гістарычную спадчыну народа, невычэрпную крыніцу натхнення і здабыткаў. Аўтарытэтна гучаць дасягненні прадстаўнікоў беларускай гуманітарнай навукі, якая адыгрывае найважнейшую ролю ў кансалідацыі грамадства. Сёлета краіна адзначае 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва — знакавы этап на шляху суверэннай дзяржавы.
— Трыццацігоддзе інстытута прэзідэнцтва ставіць перад намі задачы вырашэння фундаментальных праблем — перш-наперш паходжання беларускага народа, этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў, — адзначыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Лакотка. — Гэта знайшло адлюстраванне ў 13-томным выданні «Беларусы». Менавіта ў гэтай рабоце выкладзена новая канцэпцыя паходжання беларускага народа — як народа са сваімі каранямі, гісторыяй, этапамі гістарычнага развіцця.
Істотны штуршок да гэтага — стварэнне фундаментальнай шматтомнай працы па гісторыі гарадоў і вёсак Беларусі, заўважыў Аляксандр Лакотка: «Упершыню ў навуковых даследаваннях такога роду больш чым за 30 гадоў адкрыты экспедыцыйныя звесткі па больш чым 24 тысячах населеных пунктаў Беларусі: хутары, вёскі, сёлы, мястэчкі, гарады з першага ўпамінання ў архіўных летапісаных інвентарных крыніцах, іх тэрытарыяльнае, гаспадарчае, сацыяльнае развіццё».
Тэма паходжання назваў паселішчаў знайшла адлюстраванне ў даследаванні начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта, географа, краязнаўца Аляксандра Велікасельца:
— Івацэвіцкі раён займае тры тысячы квадратных кіламетраў, трэці ў Брэсцкай вобласці па велічыні пасля Століна і Пінска, — расказвае Аляксандр Фёдаравіч. — З’явіўся ў 1947 годзе, але спачатку гэта быў Быценскі раён Баранавіцкай вобласці, Косаўскі раён Брэсцкай вобласці, Целяханскі раён Пінскай вобласці. Належаў то Мінскай губерні, то Гродзенскай. Увесь час дзяліўся. Прычыны гэтага, думаю, прыродныя: адна частка ўзвышаная, другая, Палессе, паніжаная. На Палессі вёскі вялікія, далёка адна ад адной. У заходняй частцы, узвышанай, вёсак шмат, але меншыя, блізка адна ад адной. Усяго на тэрыторыі раёна 112 населеных пунктаў.
Першае ўпамінанне аб Івацэвічах адносіцца да 26 мая 1519 года. Раён старажытны, тут ёсць першабытныя стаянкі Добрынева, Бабровічы (10–12 тыс. гадоў назад). Шмат, на жаль, зніклых паселішчаў: Вяда, Тупічыцы, Красніца, Тулашына, Зацішша, Чыжыкі, Міхалін, Мацяёўка, Грудопаль, Ланцаў Лог і іншыя, прыводзіць звесткі Аляксандр Велікаселец. Вёскі зніклі ў час вайны, пасля карных аперацый і не ўзнавіліся. Затое ўзніклі новыя: Зялёны Бор, Сасновы Бор, Майск (былыя Саневічы). Адкуль паходзіць гістарычная аснова назвы? Напрыклад, вёска Ятвезь (першае ўпамінанне ў 1559 годзе), лічыць Аляксандр Фёдаравіч, ад назвы заходнебалцкага народа яцвяг, вёска Жэмайдзякі (1490 г.) — ад балцкага племені жамойтаў, вёска Аброва (1516 г.) — ад цюркскага племені качэўнікаў обраў-авараў, вёска Альба (1632 г.) — ад назвы белай рызы манахаў-уніятаў.
Цікава прасачыць узнікненне назваў гідронімаў, у аснове якіх — старажытныя назвы рэк, азёр. Да іх А. Велікаселец адносіць вёскі: Грыўда, Була, Бусяж, Рэчкі, Азярцо, Альшаніца, Аўсто, Дубітава, Хадакі, адзначаючы, што рэчак цяпер у Беларусі больш за 10 тысяч: «А 500 гадоў таму было ўдвая больш. Вельмі шмат іх згадваецца ў рэвізіі „Пушчы і пераходы звярыныя“, зробленай у сярэдзіне ХVІ стагоддзя. Большасць назваў балцкага паходжання». Усе межы праходзілі па рэчках. Грыўда атрымала такую назву, бо звілістая: то пад Івацэвічамі, то за Любішчыцамі, то зноў сюды вяртаецца, 80 з гакам кіламетраў яе даўжыня. Пачынаецца недалёка ад Івацэвіч і вяртаецца пад Быцень да Шчары. Дарэчы, рэчка каля Дома культуры называецца Сырамянка.
Яшчэ частка назваў вёсак звязана з карыснымі выкапнямі. Пачала развівацца прамысловасць, і каля заводаў з’явіліся пасяленні. Адпаведныя назвы: Руда, Рудня (Целяханская), Рудня (Быценская), Глінная, Глінішча, Амяльная. Руда і Рудня — месцы, дзе былі залежы балотнай руды (ліманіт), недалёка ад Гліннай і Амяльной — гліны і мелу. Атрымлівалі назвы паселішчы і па родзе рамёстваў: Кушняры (апрацоўка футра, аўчын), Скураты, Гладышы, Даргужы (агароднікі, з літоўскай мовы), Гутка, Гута-Міхалін (выплаўка шкла), Халап’я (абслугоўвалі сядзібу ў Івацэвічах). Па назвах раслін, жывёл: вёскі Елкі, Яблынька, Лазаўцы, Турная, Бабровічы, Соміна, Манцюты, Сакоўцы. Па прозвішчах, мянушках: Яглевічы, Хадоркі, Куляшы, Юкавічы, Югалін, Міхнавічы, Аляксейкі, Няхачава, Івацэвічы…
Гэты народны скарб дае магчымасць зразумець сучаснасць. «Не было б маіх напрацовак, калі б не даследаванні краязнаўцы Алеся Зайкі, сабраныя ў кнізе „Населеныя пункты Івацэвіччыны“, — прызнаўся Аляксандр Велікаселец. — Шмат мы з ім супрацоўнічалі. Алеся Зайкі няма ўжо шэсць гадоў, але помнік ён стварыў сабе сваімі кнігамі».
— Кніга і навуковыя даследаванні — асноўныя крыніцы для захавання гістарычнай спадчыны, — перакананы начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. — Менавіта на Берасцейскай зямлі ўзнікла першая друкарня, дзе свет пабачыла Брэсцкая Біблія. Выдаўцы і цяпер раўняюцца на рупліўцаў, якія ўжо ў той час рабілі такую вялікую справу. Дзякуючы Скарыну Біблія стала даступная масаваму люду. Івацэвічы робяць важкі культурны ўнёсак у скарбонку беларускай культуры: і ткацтва, і вышыванка, і назвы вёсак... Чаго толькі варта Святая Воля!
Яна, па звестках з кнігі Алеся Зайкі, узнікла пасля правядзення зямельнай рэформы 1557 года, вядомай як «Устава на валокі». Нераздадзеныя валокі заставаліся вольнымі, адсюль і назва.
А Святая, бо, верагодна, вольныя валокі памешчык падараваў царкве. Займальна паглыбляцца ў гісторыю!
— Мы адбыліся як славянская нацыя са сваімі мовай і культурай, здабыткамі, — заўважае дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. — Задача пісьменнікаў, творцаў — паказаць, які шлях прайшоў наш народ, дзякуючы якім асобам, падзеям наша нацыя стала кансалідаванай, адзінай, накіраванай у будучыню.
Пісьменнік сёння — светач, які ўказвае напрамак словам, што мацавалася на працягу доўгіх гадоў.
— Я нарадзіўся ў вёсцы, там жа вырас, наўкола асабліва ніхто не чытаў, а для мяне чытанне было галоўным заняткам, ды на шкоду ўсім астатнім справам: пашлюць пасці кароў — я з кніжкай, захаплюся — не ўбачу, куды каровы пайшлі, — успамінае літаратуразнаўца, крытык, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота. — Аднавяскоўцу-старшакласніку, які хадзіў у школу за восем кіламетраў, даручылі з бібліятэкі прыносіць мех кніг. Іх ніхто не чытаў, акрамя мяне, васьмігадовага. Там маглі быць класікі марксізму-ленінізму, класікі французскай літаратуры, кітайскія казкі. Я ў школу пайшоў за тры гады да палёту Юрыя Гагарына ў космас. Мае равеснікі ўсе казалі, што будуць касманаўтамі, лётчыкамі, а я хацеў стаць літаратурным крытыкам.
— Літаратура як мастацтва — гэта падручнік жыцця, і ў стварэнні гэтага падручніка ўдзельнічаюць у першую чаргу пісьменнікі, — упэўнены старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. — Але творы не стануць сапраўдным падручнікам жыцця, калі не маюць навуковага падмурку.
З такім падыходам рупяцца і музеі. Гісторыя Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея пачынаецца ў 1965 годзе, калі па асабістым указе Пятра Машэрава для маці нацыянальнага героя Мікалая Гойшыка Вольгі Андрэеўны пабудавалі домік. Тут яна абсталявала невялікі мемарыяльны пакой у памяць свайго сына. 16 сакавіка 1993 года па рашэнні Івацэвіцкага райвыканкама на базе народнага музея піянера-героя Мікалая Гойшыка быў адкрыты раённы гісторыка-краязнаўчы музей. На сёння тут 6509 адзінак захоўвання.
Гонар музея — мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», які знаходзіцца за 26 кіламетраў ад горада ў карачанскіх лясах. У 1943–1944 гадах тут знаходзіўся штаб Брэсцкага абласнога партызанскага злучэння, падпольная рэдакцыя газеты «Заря», абкам ЛКСМБ, санчасць, «лясная школа». З 1945 года кожную апошнюю нядзелю мая — урачыстыя сустрэчы ветэранаў. У 1971 годзе рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу ініцыяваў былы начальнік штаба брэсцкага партызанскага злучэння Павел Пранягін. «Хаваншчынская маёўка перарасла ў фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі: кожны год збіраецца каля 2–3 тысяч наведвальнікаў, — адзначае загадчык мемарыяльнага комплексу партызанскай славы „Хаваншчына“ Сяргей Мачалаў. — Цяпер на тэрыторыі комплексу знаходзяцца дзве зямлянкі, чатыры пабудовы. Працуе пастаянная экспазіцыя, усе аб’екты музеефікаваны». Лёсавызначальная старонка ў гісторыі Хаваншчыны — дзейнасць рэдакцыі газеты «Заря».
— Калі немцы даведаліся, што тут выдаецца газета, для іх гэта было жахам, —расказвае музейны наглядчык Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Мікалай Зыбайла. — Яны думалі, што газета друкуецца ў Маскве, а на балоты партызанам скідваецца самалётам. Але калі знайшлі газету за нумарам 25, а потым — за нумарам 26, зразумелі, што друкарня дзесьці побач. На Хаваншчыну гітлераўцы дабрацца ніяк не маглі: глыбокія балоты. Кладку ведалі толькі партызаны. Яна была затоплена на 15 сантыметраў, і з самалёта не відаць.
Вясной 1943 года за 50 кіламетраў ад горада Любані на сакрэтны ваенны аэрадром высадзіўся атрад у складзе будучага рэдактара гэтай газеты Васіля Каліберава. З ім была і начальнік цэха Віцебскага паліграфічнага камбіната. Уяўляеце, дзе Любань? Яны 600 кіламетраў дабіраліся сюды па лясах. На плячах неслі 30 кілаграмаў тыпаграфскага абсталявання, фарбы, зброю і харчаванне. На першай стронцы «Зари» напісана: «Прачытаў — перадай іншаму». Газету зачытвалі да дзір, натхняючыся весткамі пра перамогі. «Заря» была своеасаблівым баявым клічам.
Так працавала інфармацыя, якая служыла не менш значнай зброяй, чым вінтоўка. Сёння інфармацыя таксама з’яўляецца матыватарам, але часта разбуральным. Таму вялікае значэнне мае духоўная культура, якая грунтуецца на гістарычнай памяці, павазе да векавых традыцый. Гэта сцвердзілі ўдзельнікі канферэнцыі. Часткі працуюць на цэлае, як асобныя органы — на ўвесь арганізм дзеля яго здароўя. Як моцныя карані дрэва даюць сілкаванне галінкам, так здабыткі рэгіёнаў працуюць на росквіт краіны.
Наталля СВЯТЛОВА
Фота аўтара
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.