Урачыстая цырымонія адбылася на воінскім пахаванні каля вёскі Пусты Асавец Махаўскага сельсавета з удзелам пошукавікаў, прадстаўнікоў мясцовай улады, жыхароў, моладзі. Астанкі былі знойдзены сёлета падчас палявых работ пошукавікамі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» і паднятыя сумесна з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Раскопкі праводзіліся на месцы падзення савецкага самалёта ПЕ-2, які пацярпеў крушэнне ў сакавіку 1944 года.
— Экіпаж роўна 80 гадоў лічыўся без вестак прапаўшым, — расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова. — Сёлета пошукавікі паднялі касцявыя астанкі і знайшлі нумарную дэталь самалёта. Гэта дапамагло ўстанавіць імёны ўсіх членаў экіпажа.
У адпаведнасці з журналам баявых дзеянняў 54-га бамбардзіровачнага авіяпалка 3 бамбардзіровачнага авіякорпуса, самалёт ПЕ-2 падчас выканання баявой задачы быў збіты праціўнікам, загарэўся і ўпаў каля вёскі Пусты Асавец. На борце самалёта знаходзіліся штурман —малодшы лейтэнант Аляксандр Драсвянікаў, стралок-радыст Павел Джэвадаў і лётчык-малодшы лейтэнант Ігар Ханжын. Каму з іх належаць знойдзеныя астанкі, невядома. Але, як адзначыў кіраўнік пошукавай групы «Крылы Перамогі» Аляксандр Клёмін, устаноўлена сувязь з роднымі Ігара Ханжына, ураджэнца Пермскай вобласці, і Аляксандра Драсвянікава, ураджэнца Кіраўскай вобласці.
Прыехаць на перапахаванне яны, на жаль, не змаглі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага райвыканкама
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.