Усе любяць спорт за спаборніцтвы, усе бачаць перамогі, часам паражэнні. Усе шануюць чэмпіёнаў. Але за іх спінамі стаяць людзі, якія кожны дзень робяць няхай і не заўсёды бачную, але надзвычай важную працу. Яны паказваюць шырокаму колу, што спорт можа прыносіць задавальненне кожнаму. Так, не ўсім наканавана стаць чэмпіёнамі, але ўмацаваць фізічную форму, атрымаць сваю дозу гармонаў шчасця ад практыкаванняў, на сабе адчуць усе тонкасці любімай гульні можа кожны. Людзі, якія робяць спорт масавым, прыцягваюць да яго ўвагу, выконваюць не менш важныя задачы, чым трэнеры прафесійных каманд. Ігар Карпавіч Рабчанка больш за 50 гадоў таму адкрыў для Магілёва гандбол. Ды і ўвесь айчынны гандбол развіваўся на яго вачах, таму яго можна цалкам апраўдана лічыць не толькі бацькам магілёўскага гандбола, але і энцыклапедыяй беларускага ручнога мяча.
Гандбол (разам з іншымі гульнявымі відамі) як прафесійны спорт сфарміраваўся ў ВНУ. Не дзіва, дзе яшчэ знойдзецца мноства актыўных, моцных маладых людзей, чыю энергію трэба накіраваць у карыснае рэчышча. Гандбольнымі першапраходцамі ў 1960-я гады сталі Інстытут фізічнай культуры і Беларускі політэхнічны інстытут. Але рэгіёны не адставалі ад сталіцы. У 1961-м па размеркаванні ў Магілёў прыехаў малады спецыяліст Ігар Рабчанка, апантаны спортам.
«У мой час дзеці займаліся ўсімі даступнымі ім відамі спорту. Я з дзяцінства і лёгкай атлетыкай займаўся, і на лыжах хадзіў, футбол, баскетбол у двары — гэта нават не абмяркоўвалася. Для паступлення на факультэт фізпадрыхтоўкі Гомельскага інстытута трэба было здаваць тры спецпрадметы: лёгкая атлетыка, гімнастыка і плаванне. З гэтымі відамі я быў на „ты“, таму паступіў нават пры вялізным конкурсе. На першым курсе займаўся баскетболам. А затым адкрыў для сябе гандбол. Ён быў зусім не такі, як цяпер. Мы гулялі ў гандбол 11 на 11. Матчы праходзілі на футбольным полі — пляцоўка вялікая, людзей шмат. Сучасны 7 на 7 мне імпануе больш: там усё выконваецца тэхнічна хутчэй і гледачам цікавей. Гандбол мне спадабаўся адразу, і гульня адразу пайшла. Кідок у мяне быў прыстойны — узялі на чэмпіянат рэспублікі ў Мінск. Так і замацаваўся на пазіцыі правага паўсярэдняга. А пасля заканчэння вучобы мяне хацелі пакінуць на родным факультэце, але ў Магілёўскім педінстытуце быў патрэбны гульнявік, і я па размеркаванні паехаў у Магілёў», — успамінае Ігар Карпавіч.
Пра гандбол у Магілёве ў той час яшчэ ніхто не чуў. У пачатку 1960-х ён толькі заваёўваў папулярнасць у Беларусі. Магілёўскую моладзь невядомы від спорту не напужаў, а, наадварот, зацікавіў. Прычым зацікавіў няслаба. Як адзначае Ігар Рабчанка, адбою ад ахвотных пазнаёміцца з гэтай гульнёй не было. А з адкрыццём у 1962 годзе абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з аддзяленнем гандбола ў горадзе на Дняпры пачалося сур’ёзнае развіццё ручнога мяча. Гандболам займаліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Па словах Ігара Карпавіча, на рэспубліканскіх спаборніцтвах школьнікаў магілёўскія каманды пастаянна былі ў прызах. А каманда Магілёўскага педінстытута пад яго кіраўніцтвам на турнірах саступала толькі інстытуту фізкультуры і Палітэхніку. «Інтарэс да гандбола быў шалёны, па 80–90 чалавек прыходзілі запісвацца ў секцыі. Многія, канешне, адсейваліся, але спартсменаў заставалася нямала. Сучасныя трэнеры могуць толькі пазайздросціць таму, што праблем з наборам не было ніякіх. Праўда, пляцовак у нас не было зусім. Спартыўных залаў на ўвесь горад таксама было няшмат. Трэніраваліся пераважна на вуліцы. Калі на металургічным заводзе адкрылі новую спартыўную залу, гэта было шчасце. Але не бясхмарнае. Студэнтам і школьнікам гэтая зала была даступная з 22 гадзін вечара да апоўначы. Ад цэнтра горада да завода паўтара — два кіламетры. Пехам ісці — каля гадзіны. Але ж хадзілі!
Па 30–40 студэнтаў кожны вечар прыходзілі на трэніроўку. Некаторыя калегі нават мне казалі: «Куды ты столькі набіраеш?» Але калі малады чалавек хоча займацца, я ж не магу адмовіць. Так і трэніраваліся да ночы. З гэтых начных трэніровак да зборнай СССР дайшоў Павел Куяўскі, адзін з найлепшых лінейных 1970-х гадоў. Нямала здольных гандбалістаў выраслі падчас трэніровак да ночы.
Эфектыўнасць працы выкладчыка — дасягненні яго вучняў. І ў тых, з кім працаваў Ігар Рабчанка, яны неверагодныя. З яго лёгкай рукі з гандболам пазнаёміўся і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у тыя гады студэнт гістарычнага факультэта Магілёўска педінстытута. «У новай спартыўнай зале на вуліцы Касманаўтаў па раскладзе мае трэніроўкі стаялі пасля заняткаў гістарычнага факультэта. І заканчваліся іх заняткі футболам. А што хлопцам?! Разгуляюцца так, што не спыніць, а ўжо мой час наступае. І студэнт Аляксандр Лукашэнка пастаянна прасіў яшчэ 5–10 хвілін ім даць. Тады я прапанаваў яму заставацца на маю трэніроўку і гуляць на здароўе. Ён пагадзіўся. Гандбаліст быў выдатны: па-добраму нахабны на пляцоўцы, напорысты, мяч нікому не аддаваў, сапернікам не даваў расслабляцца і тэхнічна падрыхтаваны да гульні. На першынстве інстытута адзін выцягваў каманду гістарычнага факультэта. Я нават прапаноўваў яму сур’ёзна заняцца гандболам: у яго і характар, і фізічная падрыхтоўка для гандбола былі выдатныя. Але будучы Прэзідэнт зрабіў выбар на карысць футбола», — расказвае эксклюзіўныя факты Ігар Карпавіч.
Старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў і сёння з павагай успамінае свайго трэнера і спаборніцтвы паміж факультэтамі: «Дзякуючы Ігару Карпавічу гандбол у Магілёўскім педінстытуце быў папулярнай гульнёй, і каманды ў нас былі вельмі моцныя. Як правіла, у фінал чэмпіянату Магілёўскага педінстытута выходзілі каманды геафака і гістфака. За геафак гуляў я, а за гістфак — Аляксандр Лукашэнка. І мы ўвесь час прайгравалі гістфаку 1-2 мячы. Хлопцы нават жартавалі, што гэта таму, што Ігар Карпавіч выкладае на гістфаку. Але калі сур’ёзна, то ўсё было вытлумачальна. З геафака сур’ёзна гандболам займаліся некалькі чалавек, астатнія хлопцы проста гулялі для сябе. А вось інстытуцкая зборная, якую трэніраваў Ігар Карпавіч, была дастаткова моцнай. Мы рэгулярна прыязджалі на спаборніцтвы ў Мінск, гулялі супраць моцнага «Палітэха».
«Валодзя Канаплёў быў на пляцоўцы прыкметнай фігурай. Кідалася ў вочы яго мэтанакіраванасць і няўступчывасць. Відаць было, што хлопец з характарам», — такім цяперашняга кіраўніка айчыннага гандбола памятае Ігар Рабчанка. Праз яго рукі прайшоў і алімпійскі чэмпіён 1988 года, а сёння галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Юрый Шаўцоў. «Юра — настырны хлопец.
І гэта гулец, які ўмее думаць на пляцоўцы. Сур’ёзных памылак не дапускаў, бо заўсёды меў галаву на плячах, што дазваляла яму выходзіць нават з самых складаных становішчаў. Юра ляўша, што таксама яму, у прамым сэнсе гэтага слова, на руку, для гандбола гэта вялікая перавага», — расказвае Ігар Карпавіч. Ён, як ніхто іншы, разумее, у чым сакрэт поспеху яго вучняў. «Любы чалавек нараджаецца для пэўнай справы, для пэўнага віду спорту. І калі ён знаходзіць сваё — значыць, яму пашанцавала, менавіта ў гэтай сферы ён лепш за іншыя раскрые свае здольнасці. Але гэтага недастаткова. Трэба працаваць. Заўсёды, кожны дзень трэба працаваць», — разважае ён.
Ігар Рабчанка стаў адным з першых трэнераў у жыцці Юрыя Шаўцова. А потым Віктар Касінскі забраў яго ў спартыўны інтэрнат (сёння вядомы як рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву). Па словах Ігара Рабчанкі, дзякуючы працы Віктара Пятровіча Касінскага, які не стамляўся ездзіць па Беларусі ў пошуках таленавітых гульцоў, сталі магчымыя поспехі беларускага гандбола савецкага часу. Алімпійскія перамогі пачынаюцца з падрыхтоўкі рэзерву, а сёння гэта вялікая праблема для многіх відаў спорту. «На мой погляд, трэба больш увагі ўдзяляць рэгіёнам. Раней ніякіх праблем не было, каб забраць у спартыўны інтэрнат спартсмена з любога рэгіёна. А зборныя каманды рэспублікі на 70 працэнтаў складаліся з рабят з абласных цэнтраў. Паміж спартсменамі была добрая, карысная канкурэнцыя. Кожны імкнуўся трапіць у спартыўны інтэрнат, а пасля і ў найлепшыя каманды ці нават зборныя. Так спорт і развіваўся», — разважае Ігар Карпавіч.
Спецыяліст перакананы: рыхтаваць спартсмена трэба з дзяцінства. І прыводзіць як добры прыклад спаборніцтвы паміж дзіцяча-юнацкімі школамі, дзе трэнеры могуць заўважыць перспектыўных дзяцей. Чым раней, тым лепш. Выхаваць добрага спартсмена з чалавека, якому 18 гадоў, амаль немагчыма, адзначае Ігар Карпавіч. Многія для сябе спорт і фізкультуру адкрываюць толькі ва ўніверсітэтах. Таму, па словах Ігара Рабчанкі, студэнцкі спорт найперш аматарскі. Але і яго нельга абмінаць увагай — тут і аздараўленне моладзі, і папулярызацыя здаровага ладу жыцця, і прыцягненне ўвагі да спорту. «З развіццём ДЮСШ, адкрыццём новых спартыўных аб’ектаў відавочна, што ўзровень нашага гандбола павінен расці. Але ў той жа час падае цікавасць маладых людзей да яго. І гэта сумна. На жаль, студэнты з кожным годам менш адказна ставяцца да трэніровак. Я сумняваюся, што цяпер нехта трэніраваўся б да гадзіны ночы... І адказным за спорт трэба зрабіць немагчымае, каб выправіць сітуацыю. За гандбол я спакойны, бачу, як працуе Валодзя Канаплёў і федэрацыя», — адзначае ён.
У Магілёўскім педагагічным інстытуце Ігар Рабчанка працаваў да 2017-га, стаж — 55 гадоў. Чалавек, які ўсё жыццё правёў сярод моладзі, застаецца маладым і ў 86 гадоў. І сакрэту маладосці не ўтойвае: «Раніцай — паўтары гадзіны зарадкі. Затым выходжу ў лесапаркавую зону на прабежку. Там ёсць трэнажоры — качаю брушны пояс і прэс. Абавязкова падцягваюся — разоў 15. І радавацца трэба жыццю. У мяне яно склалася: быў добрым выкладчыкам, не апошнім спартсменам. Сям’ю стварыў, дзве дачкі, унукі. Што яшчэ трэба?»
Але ж Ігар Карпавіч і хварэе... Хварэе толькі за прыгожы гандбол.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з архіва героя
Магілёў
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.