07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Чым прываблівае БРІКС?


Аб жаданні далучыцца да БРІКС заявілі 34 краіны. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы высокіх прадстаўнікоў дзяржаў аб’яднання, якія курыруюць пытанні бяспекі (удзел у ёй узяў Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч), што прайшла ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу, паведаміла ТАСС. «Менавіта вось у гэтых залах і быў пакладзены пачатак стварэння БРІКС», — нагадаў расійскі лідар. Ён расказаў, што тады сустрэліся кіраўнікі Расіі, Індыі і Кітая, якія дамовіліся арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы на вышэйшым узроўні, а таксама па некаторых іншых кірунках. Такім чынам быў створаны РІК, куды ўваходзілі Расія, Індыя і Кітай. «А потым усё гэта атрымала адпаведнае развіццё, — дадаў Уладзімір Пуцін. — Карыстаючыся выпадкам, прасіў бы перадаць кіраўнікам вашых краін, што мы чакаем іх на саміце (форум пройдзе 22–24 кастрычніка ў Казані. — Рэд.), дзе плануецца прадметна абмеркаваць перспектывы далейшага нарошчвання ўсебаковага партнёрства краін — удзельніц БРІКС, а таксама зацвердзіць пакет дамоўленасцяў па розных галінах і напрамках супрацоўніцтва». Чым жа прываблівае міжнароднае аб’яднанне, якое з цягам часу пераўтварылася ва ўплывовую глабальную пляцоўку?


Дыялог і супрацоўніцтва

Арганізацыя была створана ў 2006 годзе па ініцыятыве Расіі. Яе сузаснавальнікамі выступілі Бразілія, Расія, Індыя і Кітай. З назвы гэтых краін на англійскай мове быў утвораны акронім BRІC. Пасля далучэння да іх у 2011 годзе Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі аб’яднанне атрымала назву BRІCS. Яго мэтай яшчэ на першым саміце ў Екацярынбургу ў чэрвені 2009 года было вызначана «развіццё паслядоўнага, актыўнага, прагматычнага і адкрытага дыялогу і супрацоўніцтва паміж краінамі». Пазней былі ўзгоднены такія прынцыпы дзейнасці, як неблокавы характар і ненакіраванасць супраць трэціх бакоў.

У маі 2022-га на сустрэчы міністраў замежных спраў краін аб’яднання, якая праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі, Кітай прапанаваў запусціць працэс пашырэння БРІКС, каб «павысіць прадстаўленасць аб’яднання і яго ўплывовасць у свеце». На працягу года заяўкі на ўступленне ў арганізацыю падалі каля 20 краін. На 15-м саміце, які прайшоў у Ёханесбургу летась 22–24 жніўня, было абвешчана аб далучэнні да арганізацыі шасці краін — Аргенціны, Егіпта, Ірана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі і Эфіопіі. Аднак у снежні 2023 года Аргенціна адмовілася ад уступлення (пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Хаўера Мілея), астатнія краіны сталі паўнапраўнымі членамі БРІКС з 1 студзеня 2024 года. Такім чынам, іх агульная колькасць узрасла да дзесяці. Аб’яднанне атрымала неафіцыйную назву БРІКС+.

На платформе аб’яднання рэгулярна праходзяць перагаворы на ўзроўні кіраўнікоў МЗС, міністраў фінансаў, аховы здароўя, адукацыі, навукі і сельскай гаспадаркі, сакратароў саветаў бяспекі. З 2015 года праводзяцца Грамадзянскі, Парламенцкі і Маладзёжны форумы БРІКС, а таксама медыясаміты. Цяпер у рамках БРІКС дзейнічае больш за 20 фарматаў. Іх тэматыка ахоплівае такія кірункі, як энергаэфектыўнасць, змяненне клімату, харчовая бяспека, барацьба з беднасцю, устойлівае развіццё, дзейнасць міжнародных фінансавых інстытутаў.

У 2023 годзе доля ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці краін БРІКС, паводле звестак Сусветнага банка, складала 31,5 працэнта (у G7 — 30%). Пасля пашырэння аб’яднання яго доля ўзрасла да 35 працэнтаў сусветнага ВУП — такія даныя (на аснове падлікаў па выніках мінулага года) прывяла сёлета ў студзені кіраўнік Банка Расіі Эльвіра Набіуліна, паведаміла ТАСС. Акрамя таго, далучэнне да БРІКС новых дзяржаў прывяло да павелічэння долі гэтай арганізацыі ў сусветнай вытворчасці нафты (па разліках Дзяржаўнага банка Індыі, з 18 да 40 працэнтаў), што ўносіць значныя змены ў сусветную плацежную сістэму і ў фарміраванне сусветных цэн на нафту. На дзяржавы БРІКС+ прыпадае 46 працэнтаў насельніцтва планеты.

Асаблівая роля

Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч падрабязна расказаў, навошта Беларусі БРІКС і чым наша краіна можа быць карыснай гэтаму аб’яднанню. «Цяпер ёсць надзённае запатрабаванне ў новай архітэктуры бяспекі на рэгіянальным і глабальным узроўнях. Сістэме, што будзе адкрыта для ўсіх дзяржаў, якія імкнуцца да бяспечнай і квітнеючай будучыні. Якая ў перспектыве можа стаць мадэллю пабудовы глабальнай бяспекі на прынцыпах яе непадзельнасці, шматпалярнасці, узаемнай павагі, раўнапраўя суверэнных дзяржаў, вяршэнства міжнароднага права, — падкрэсліў Сяргей Лукашэвіч. — Краіны БРІКС, якія валодаюць вялізнымі тэхналагічнымі, фінансавымі, чалавечымі і прыроднымі рэсурсамі, могуць адыграць асаблівую ролю ў пабудове больш бяспечнага і квітнеючага свету».

Дыялогавая пляцоўка БРІКС прыцягвае ўсё большую ўвагу сусветнай супольнасці, якая імкнецца да больш справядлівага балансу палітычных і эканамічных адносін. «Беларусь у гэтым пытанні займае актыўную і дакладна выяўленую пазіцыю, — адзначыў Сяргей Лукашэвіч. — Адпраўным пунктам руху нашай краіны ў бок БРІКС стала пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі 16 мая 2023 года на адрас кіраўнікоў краін — удзельніц аб’яднання з заяўкай на далучэнне. Гэты крок дазволіў Беларусі ўвайсці ў першы „пул“ дзяржаў-кандыдатаў (разам з такімі краінамі, як Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Балівія, Венесуэла, В’етнам, Куба, Гандурас, Інданезія, Казахстан, Кувейт, Марока, Нігерыя, Палесціна, Сенегал і Тайланд). Сур’ёзнасць намераў нашай краіны адносна БРІКС неаднаразова дэманстравалася актыўным і зацікаўленым удзелам Беларусі на розных узроўнях у тэматычных мерапрыемствах аб’яднання».

Беларусь разлічвае ў першай дзясятцы атрымаць статус партнёра па супрацоўніцтве ў БРІКС. Аб гэтым раней заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Паводле яго меркавання, для нас БРІКС — гэта перш за ўсё вельмі добрая пляцоўка з вялікай колькасцю магутных дзяржаў свету, на якой можна прасоўваць свае знешнепалітычныя, знешнеэканамічныя і знешнегандлёвыя інтарэсы. Цяпер наша краіна ўдзельнічае абсалютна ва ўсіх мерапрыемствах пад парасонам БРІКС, што дало сур’ёзны імпульс да дадатковага развіцця адносін з дзяржавамі гэтага аб’яднання.

«Мы імкнёмся не проста да такога спарадычнага ўдзелу, а да атрымання нейкага статусу ў гэтай арганізацыі. Статусу партнёра па супрацоўніцтве. Пакуль так дамовіліся, што ён будзе. З прычыны таго, што на сённяшні момант не сфармулявалі гэты канкрэтны юрыдычны тэрмін і як яго атрымаць», — распавёў кіраўнік МЗС.

Тым не менш Беларусь падала заяўку ў ліку першых. «І мы ад усіх партнёраў — краін-членаў гэтай арганізацыі — ужо атрымалі пацвярджэнне, што калі будзе першае надзяленне 10 заявак на статус партнёра, то мы будзем сярод гэтых дзесяці. Пакуль нас стрымлівае толькі афармленне гэтага статусу. Не ў адносінах да Беларусі, а ў прынцыпе юрыдычнага гэтага тэрміна. Будзем спадзявацца, што да саміту ў кастрычніку ён будзе выпрацаваны», — заявіў Максім Рыжанкоў.

Стабільнасць і дабрабыт

Беларусь гатова зрабіць свой унёсак у агульныя намаганні. «Слова „Мінск“ з 2014 года стала сімвалам упартых спроб знайсці мірнае вырашэнне ўкраінскага канфлікту і абнавіць сістэму еўрапейскай бяспекі. Мы верым у шматмерны падыход да бяспекі, які ўключае эканамічную стабільнасць і сацыяльны дабрабыт народаў, — адзначыў першы намеснік міністра замежных спраў. — Краіны БРІКС, іх сябры і партнёры складаюць вялікую большасць у свеце і маюць усе перспектывы стаць новай эканамічнай сілай. Патэнцыял БРІКС велізарны. Нам неабходна аб’яднаць нашы намаганні супраць фрагментацыі шматбаковай гандлёвай сістэмы, узмацнення пратэкцыянізму і ўвядзення незаконных санкцый», — перакананы першы намеснік міністра замежных спраў.

Паводле яго слоў, наша краіна можа садзейнічаць рэалізацыі такіх маштабных міжнародных праектаў, як транспартны калідор Поўнач—Поўдзень і ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях». «Мы падтрымліваем намеры БРІКС весці шырокі дыялог з зацікаўленымі краінамі з мэтай стварэння поля для актывізацыі супрацоўніцтва ў многіх сферах, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі для забеспячэння глабальнай харчовай бяспекі і заканчваючы высокатэхналагічнымі распрацоўкамі, — заявіў Сяргей Лукашэвіч. — Беларусі ёсць што прапанаваць БРІКС. Мы гатовы зрабіць унёсак у агульную справу па забеспячэнні ўстойлівага развіцця. Рады падзяліцца вопытам рэалізацыі міжнародных праектаў, звязаных з маладзёжнай палітыкай, аховай здароўя, аховай навакольнага асяроддзя і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, прытрымліваючыся Стратэгіі эканамічнага партнёрства БРІКС-2025. З’яўляючыся адным з вядучых сусветных экспарцёраў калійных угнаенняў і шэрагу катэгорый харчовых тавараў, а таксама машын і тэхналогій у галіне сельскай гаспадаркі, Беларусь гатова рабіць свой унёсак у падтрыманне міжнароднай харчовай бяспекі», — адзначыў першы намеснік міністра замежных спраў. Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь поўнасцю падзяляе мэты і падыходы БРІКС адносна фарміравання новага справядлівага, сапраўды шматпалярнага сусветнага парадку.

Ключавы элемент

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, выступаючы ў ліпені ў Санкт-Пецярбургу на парламенцкім форуме БРІКС, прапанавала правесці саміт «БРІКС плюс» па пытаннях міжнароднага міру, бяспекі і ўстойлівага развіцця. Як справядліва лічыць спікер Савета Рэспублікі, гэта дасць магчымасць больш эфектыўна ўрэгуляваць ужо існуючыя канфлікты.

У сваю чаргу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падкрэсліў, што Беларусь гатова падзяліцца ўласным заканадаўчым вопытам у цэлым шэрагу кірункаў, у тым ліку па барацьбе з незаконнымі санкцыямі і забеспячэнні бяспекі. Спікер заклікаў парламентарыяў краін БРІКС выкарыстоўваць свой патэнцыял для ўплыву на ААН і іншыя міжнародныя структуры для зняцця аднабаковых санкцый з боку ЗША і іх сатэлітаў. Ён выступіў з ініцыятывай аб удасканаленні разліковых плацежных сістэм і фарміраванні рэзервовых валют.

Усе гэтыя ідэі выклікалі жывую цікавасць у калег парламентарыяў з іншых краін. І гэта надзвычай важна, паколькі беларуская парламенцкая дэлегацыя ўпершыню ўдзельнічала ў такім фармаце. Старт аказаўся вельмі ўдалы. Дарэчы, Прэзідэнт Расіі, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, выказаўся за стварэнне агульнай парламенцкай структуры глабальнага аб’яднання. «БРІКС — адзін з ключавых элементаў шматпалярнага светапарадку, які фарміруецца і ва ўсё большай ступені адлюстроўвае інтарэсы і спадзяванні дзяржаў і Глабальнага Поўдня, і Усходу, і нашых прыхільнікаў ва ўсім свеце. А колькасць іх вельмі вялікая і пастаянна ўзрастае, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Мы адкрыты да ўмацавання ўзаемадзеяння з усімі краінамі, якія выказваюць цікавасць да дзейнасці БРІКС».

Даслоўна

«Беларусь мэтанакіравана ўносіць уклад ва ўмацаванне Глабальнай Большасці»

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім выступленні на трэцім саміце «Голас Глабальнага Поўдня».

«Беларусь мэтанакіравана ўносіць уклад ва ўмацаванне Глабальнай Большасці, актыўна ўдзельнічаючы ў міжнародных структурах, якія нас аб’ядноўваюць: у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Руху недалучэння, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама БРІКС, партнёрамі якой мы разлічваем стаць у найбліжэйшай перспектыве», — адзначыў Прэзідэнт.

Беларускі лідар заўважыў, што эпоха заходняга панавання адыходзіць у мінулае. «Цэнтр глабальнага прагрэсу, эканамічнай гравітацыі, ды і прыняцця палітычных рашэнняў ссоўваецца на Поўдзень і Усход, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Гэта патрабуе ад нас больш актыўна праяўляць лідарства ў міжнародных справах».

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: БРІКС з плюсам

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.