Вы тут

Канстанцін Міхаленка: Наша задача — забяспечыць баланс фінансавы і творчы


Чарговы тэатральны сезон Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр пачаў разам з новым мастацкім кіраўніком. Гэта той варыянт, калі новы — гэта добра вядомы свой: яшчэ некалькі гадоў таму Канстанцін Міхаленка выходзіў на сцэну як артыст і захапляў публіку. За час працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў здолеў стварыць паспяховы вучэбны тэатр. Але вяртанне ў Маладзёжны — і ўжо не ў якасці артыста — адбываецца ў той час, калі калектыў на нейкі час апынуўся без творчага кіраўніцтва і шукае арыенціры існавання ў новых умовах, якія неўзабаве чакаюць тэатр. Пра гэта і пайшла наша размова: 


— У нас ёсць план — пэўная колькасць спектакляў у год, ёць план па гледачу, план па выручцы, якую мы павінны прыносіць, план па гастролях па Беларусі. Самае галоўнае гэта, вядома, фінансаванне, бо цяпер тэатр не проста атрымлівае датацыю, а павінен і сам зарабляць. І мы павінны быць гатовыя да працы ў новых фінансавых умовах (спачатку 60 на 40 працэнтаў, далей 50 на 50). Таму мы не маем права на памылку, — лічыць Канстанцін Міхаленка. — У Маладзёжным тэатры ёсць мастацкі савет, які ўхваляе п’есы да пастаноўкі, а потым прымае гатовыя спектаклі, ён рэкамендуе нешта дапрацоўваць ужо па ходу. Але ўсё ж лепш добра падумаць, перш чым нешта ставіць. У тым ліку і пра тое, як рацыянальна мы можам выкарыстоўваць сродкі, якія ў нас будуць. 

На цяперашні момант у нас больш за 40 спектакляў, яны рознага ўзроўню. Але гэта вялікая нагрузка на акцёраў, якія трымаюць іх у актыве. Праца артыстаў у нас ацэньваецца баламі (у залежнасці ад колькасці выхадаў, нагрузкі, ступені аддачы і г. д). Праўда, ёсць дыспрапорцыя: у кагосьці з акцёраў за месяц 200 балаў, а ў кагосьці значна менш, а гэта ўплывае на заробак. У кагосьці на стаўку мала працы, і чалавек шукае, дзе яшчэ можна падзарабіць. Трэба думаць, як заняць людзей больш у родным тэатры. Калектыў у нас добры, але мая задача як мастацкага кіраўніка — мінімізаваць розніцу паміж, умоўна кажучы, «багатымі» і «беднымі», паміж больш загружанымі і тымі, хто заняты менш. 

— У Маладзёжны тэатр пасля рамонту пераехаў у велізарны будынак, які павінен забяспечвацца вызначанай колькасцю персаналу. Якія суадносіны творчай і тэхнічнай часткі?

— Так, у тэатры павінны быць інжынеры, людзі, якія забяспечваюць на сцэне гук, святло, прыбіральшчыцы памяшканняў, ёсць сталярная майстэрня, рэквізіт, касцюмерны цэх — яны працуюць на патрэбы творчай часткі. У нас, я лічу, адна з найлепшых пляцовак у Мінску: на якое б месца ў глядзельнай зале вы ні селі, добра бачыце, што адбываецца на сцэне. Выдатная акустыка, святло, зручныя грымёркі, добрыя ўмовы для артыстаў. У тэатры цудоўная камінная зала, дзе гледачы пастаянна ладзяць фотасесіі, ёсць буфет. Нам грэх скардзіцца. Пытанні, звязаныя з рознымі службамі стараемся закрываць у залежнасці ад узроўню задач, якія трэба вырашаць, і заробкаў, якія мы можам прапанаваць. Ёсць людзі ідэйныя, якія нават на невялікі заробак будуць добра рабіць сваю працу, а ёсць спецыялісты, якія гатовы бездакорна выконваць усё, што ад іх патрабуюць, але за пэўны заробак, а гэта эканоміка тэатра. 

Нам трэба эканамічны складнік падцягнуць так, каб пры гэтым не пацярпеў творчы. Таму што часта бывае так, што «хітамі» з добрымі касавымі зборамі могуць аказацца спектаклі ніжэйшыя за сярэдні ўзровень. Калі ісці за гледачом і ставіць такія спектаклі, то можна патрапіць у своеасаблівую пастку: паставім нешта сур’ёзнае — а публіка нас можа не зразумець. Мы страцім гледача, адпаведна, і грошы. Таму неабходны баланс у рэпертуары. Гэта і для артыстаў важна, бо яны павінны развівацца, а гэта значыць, іграць рознапланавыя ролі, у розных жанрах.

Сваю задачу найперш я бачу ў тым, каб прапаноўваць сур’ёзныя пастаноўкі на высокім мастацкім узроўні. Упэўнены, што і глядач ацэніць якасць. Калі Марку Захараву задалі пытанне: «Як вы разумееце, што спектакль паспяховы?» — ён адказаў: «Калі ў зале роўная колькасць мужчын і жанчын». Беларуская статыстыка сведчыць пра тое, што ў тэатры цяпер больш ходзяць жанчыны... 

— Калі ў тэатра вялікі рэпертуар, то якія суадносіны за год прэм’ер і спектакляў, якія могуць адысці ў мінулае?

— Калі спектаклі якасныя, калі яны карыстаюцца попытам у гледача, то тэатр можа і не завабліваць новымі назвамі. Ведаю, што ёсць забароненыя прыёмы: калі стары спектакль застаецца, але мяняецца назва. Гэта не наш шлях. Скажу больш: мы зацікаўлены ў тым, каб кожны рэжысёр, калі прыходзіць да нас (расійскі ці беларускі), разумеў, што ён ставіць спектакль толькі для Маладзёжнага тэатра Беларусі, і іншага такога ў яго пастаноўцы не будзе нідзе. Напрыклад, рэжысёр паставіў спектакль у горадзе N. У яго ўжо ёсць музыка, ёсць кампазітар, сцэнограф, касцюмы — поўны пакет. І з гэтым пакетам ён прапануе пастаноўку, бярэцца за паўтара месяца яе зрабіць. І ў афішы з’яўляецца новая назва... А потым мы едзем на гастролі, і аказваецца, што ў гэтым горадзе ёсць такі спектакль у той жа рэжысуры. І што рабіць?.. Як мастацкаму кіраўніку, які выбудоўваю рэпертуарную палітыку, мне цікава, каб у нас быў эксклюзіўны прадукт. Мне не хочацца, каб у нас у спектаклі гучала музыка, якая гучыць яшчэ ў 30 гарадах Расіі. Але хочацца, каб была арыгінальная рэжысура і іншыя творчыя складнікі. Можна ісці па шляху найменшага супраціву, але гэта не вельмі цікава.

Тэатр не прыгавораны да вялікай колькасці пастановак, можна ў год і адну ажыццявіць (калі трупа занята і спектакль з’яўляецца яркай творчай падзеяй). Нейкія спектаклі сыдуць у гісторыю з-за таго, што занадта доўга жывуць і вычарпалі свой глядацкі рэсурс, нейкія — з эканамічных меркаванняў. Мы не абавязаны закідваць гледача новымі назвамі, а будзем рабіць упор на якасны і эксклюзіўны прадукт, зроблены менавіта для Маладзёжнага тэатра.

Задача ў тым, каб гэтыя новыя пастаноўкі сталі прынадай для пашырэння кантынгенту гледачоў. І мастацка-адукацыйны складнік таксама важны, каб прывучаць публіку да спектакляў не антрэпрызнага характару. 

— Ці магчымы нейкі падыход да рэжысуры з пункту гледжання інавацый, эксперыментаў? 

— Улетку на базе Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра праходзіла рэжысёрская лабараторыя — сумесны праект з Саюзам тэатральных дзеячаў Расіі. За тыдзень былі падрыхтаваны тры разнапланавыя рэжысёрскія работы. Тры розныя п’есы, тры рэжысёры працавалі з нашымі артыстамі. Па выніках лабараторыі мы адабралі варыянт, які стане паўнавартасным спектаклем на сцэне нашага тэатра. Пастаноўка плануецца ўжо на 2025 год. Мы б хацелі, каб рэжысёрская лабараторыя праходзіла ў нас кожны год. Бо ёсць перыяды, калі тэатр працуе, але патэнцыйныя гледачы занятыя зямнымі клопатамі, у літаральным сэнсе — агародамі, дачамі (напрыклад, у маі). Мы маглі б у гэты час працаваць у іншым фармаце, але таксама на будучыню тэатра. Канешне, трэба распрацаваць дакументацыю, весці адбор п’ес і заявак, якія дасылаюць маладыя рэжысёры. Але мы можам атрымаць варыянты, з якіх нешта выбіраць і далей працаваць. Артысты таксама зацікаўлены: рэжысёры прыходзяць збоку, працуюць з трупай з чыстага ліста, выбіраюць тых, хто ім падыходзіць па тыпажы. Артыст заняты — адчувае сябе больш упэўнена ва ўсіх сэнсах. Мікраклімат у калектыве паляпшаецца, і гэтак далей. Гэта адзін з каналаў, дзякуючы якому мы можам атрымаць свежы малады рэжысёрскі погляд. Мы не прыхільнікі эпатажу дзеля эпатажу, таму што вельмі часта за ім губляецца і сэнс, і рэжысура як такая. Мы вельмі спакойна ставімся да розных формаў — гэта могуць быць фантасмагарыі, мюзіклы, дэтэктывы ці неверагоднае змешванне жанраў. Але калі будзе добрая ідэя, не менш добрае ўвасабленне, мы толькі вітаем. 

— У штаце тэатра ёсць рэжысёры, ёсць і акцёры, якія таксама жадаюць ставіць. Ці збіраецеся прыцягваць да супрацы кагосьці з боку?

— Я буду думаць аб тым, каб максімальна заняць нашага мастака, нашага рэжысёра. Калі ў рэжысёра ў плане спектакль ці два за год, то ён павінен іх паставіць. Калі ёсць план у мастака — ён па ім працуе. Усе пажаданні звыш таго — як атрымаецца. Тое ж і з артыстамі. Лепш абыходзіцца ўласнымі сіламі. А што да пастаноўкі спектакляў артыстамі, то ёсць шмат прыкладаў, калі нараджаліся шэдэўры. Напрыклад, Марк Захараў першапачаткова акцёр, але стаў яркім рэжысёрам.

У верасні ў нас чатыры прэм’еры, якія былі выпушчаны летам, перад самым сыходам у адпачынак. Дзякуючы ім атрымаўся актыўны пачатак сезона ў Маладзёжным тэатры: на вялікай сцэне спектакль па п’есе Міхаіла Хейфеца «Рок-н-рол на заходзе» ў пастаноўцы Таццяны Аксёнкінай з выдатным акцёрскім ансамблем, на малой сцэне — харэаграфічны спектакль «Шынель» паводле Мікалая Гогаля ў пастаноўцы Кірыла Балтрукова, спектакль паводле п’есы Ксеніі Шталянкавай «Тут была Клара» Таццяны Аксёнкінай. І ўжо на пачатку сезона адбылася прэм’ера спектакля «Ідыёты» (паводле твора Фрэдэрыка Бакмана «Трывожныя людзі») якраз у пастаноўцы акцёра Анатоля Лагуценкова, гэта яго рэжысёрскі дэбют, і занятая вялікая частка трупы. Праз спектаклі мы імкнёмся разумець, як здзіўляць гледача. У нас ёсць, напрыклад, інтэрактыўны спектакль для дзяцей «Гісторыя фарфоравага труса» ў пастаноўцы Аляксея Шутава, таксама нашага акцёра. Вось два прыклады, калі артысты спрабуюць нешта рабіць і, мне падаецца, у іх гэта нядрэнна атрымліваецца. Але ёсць нюанс: калі акцёры пачынаюць шукаць выйсце для сваёй творчай энергіі, то, гэта для кіраўніцтва нагода задумацца, чаму так адбываецца. Чаму раптам узнікла гэтая п’еса? Чаму сталі рэпеціраваць? Чаму?..

Як нованароджаны мастацкі кіраўнік я змушаны ў гэтым разабрацца, і ў іншых пытаннях, з якімі раней не сутыкаўся. Імкнуся больш часу і сіл аддаваць гэтай працы, адмаўляюся ад уласнай творчасці, бо доўгі час працаваў тут як акцёр і як рэжысёр таксама ставіў спектаклі. Але наўмысна забараняю сабе вяртацца ў акцёрскую прафесію менавіта дзеля таго, каб больш эфектыўна працаваць на новай пасадзе. 

— У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў вы ж атрымалі спецыяльнасць рэжысёра?

— Так, па спецыяльнасці я рэжысёр. І ёсць спектаклі, якія, мусіць, можна было бы паставіць. Думаю, што не на часе, бо трэба заглыбіцца не толькі ў творчыя пытанні, але адміністрацыйныя, гаспадарчыя, каб наша вялікая і малая сцэны былі загружаны больш эфектыўна. 

Ёсць, напрыклад, розныя графікі па хуткасці мантажу спектакляў. Трэба зразумець: а ці можам мы раніцай іграць казкі, а ўвечары спектакль? Якія спектаклі найбольш зручна стыкуюцца? Гэта так ці інакш злучана з творчасцю. Бо калі мы максімальна загружаем пляцоўкі, разводзім артыстаў, каб яны не перасякаліся, але ў той жа час былі больш занятыя, у іх, адпаведна, большы заробак. А калі я пачынаю рэжысіраваць (што, можа, і хацеў бы рабіць), то маю ўвагу паглынае ўласны спектакль…

— У Маладзёжнага склаўся імідж тэатра, куды прыходзяць адпачываць — у афішы шмат камедый, лёгкіх спектакляў…

— Камедыя, напэўна, самы папулярны жанр — лідрычная камедыя, камедыя палажэнняў, музычная камедыя... У нас нават быў спектакль, дзе ў назве гэта пазначана: «Чэхаў. Камедыя. Чайка». Гэта жанр, без якога тэатр не можа існаваць. Таму што ў чалавеку трэба элементарна разняволіцца. У нас ёсць нядрэнныя сур’ёзныя спектаклі, але бывае, глядач прыходзіць і бачыць частку дэкарацый і ўздыхае: «Лепш бы я пайшоў у лазню!» — я яго разумею. Калі ў кагосьці ў жыцці ўсё ў парадку і бракуе драматызму, тады хочацца і пярэжываць, і паплакаць. А ў некага хапае праблем, а тут яшчэ праз спектакль дадаюць, тым больш у выхадны дзень, калі жонка ўгаварыла пайсці ў тэатр (дзякуй, што буфет ёсць!)... Таму камедыя — самы запатрабаваны жанр. Іншая справа, што забаўляць можа не толькі камедыя. Возьмем, напрыклад, дарагога Вільяма нашага Шэкспіра. Калі напісаць на афішы «Гамлет», камедыя — гэта ўжо інтрыга: хіба ж гэта не трагедыя? Можна нават і паставіць як камедыю. Але такія пярэкруты (іх шмат на Захадзе і на Усходзе) мне не вельмі падабаюцца. Гэта спектакль-атракцыён, які не прадугледжвае ніякай ідэі. А ў добрай камедыі як правіла глыбокі сэнс, згадайце класіку: «Над кім смеяцеся? Над сабой смяецеся». Ці для цябе становіцца смешным тое, што здавалася страшным ці з’яўлялася перашкодай чыста з псіхалагічнага пункта гледжання. Камедыі могуць дапамагчы чалавеку разабрацца ў сабе — калі паглядзець на рэчы з боку і пад іншым вуглом. На мой погляд, камедыя павінна быць з сэнсам, і трагедыя павінна быць са святлом, каб не ператварыцца ў нейкую чарнуху. Я за тое, каб несці надзею, я за святло, за тыя каштоўнасці, якія абазначаны ў хрысціянскай культуры.

Вельмі часта ўзрушваюць простыя рэчы. У нас быў спектакль «Варшаўская мелодыя», ён быў зроблены вельмі проста, але да гэтага часу гледачы пра яго спытваюць, хоць апошні раз яго ігралі пяць гадоў таму. Ён кранаў больш, чым некаторыя спектаклі, на якія патрачаны вялікія грошы... 

— Апошнія некалькі гадоў у Маладзёжнага былі няпростыя з розных прычын. Ці ёсць задачы, якія патрабуюць прынцыповага рашэння?

— Ёсць моманты, якія трэба вырашаць прынцыпова. Ёсць спектаклі, мастацкая каштоўнасць якіх выклікае сумневы. Вядома, яны паступова сыдуць у цень. Але ў нас вельмі добрая акцёрская трупа. Хачу нагадаць, што яна здолела працаваць нават у самыя цяжкія часы, калі «маладзёжка» стала на рамонт, калі мы аказаліся без мастацкага кіраўніка, не ведалі, што будзе далей. Менавіта тады стаў больш важкім голас мастацкага савета на чале з тагачасным дырэктарам Віктарам Старавойтавым. Як ні дзіўна, у перыяд рамонту мы не толькі не страцілі, а нават дадалі сабе плюсаў. У стрэсавых сітуацыях выяўляецца і творчае майстэрства, і лепшыя чалавечыя якасці. Спадзяюся, што найбольш складаны час для нашага тэатра ў мінулым. Так, мы бачым свае недахопы і вядзем працу над тым, каб іх выправіць.

— Наколькі важнае ўзаемаразуменне мастацкага кіраўніцтва і адміністрацыйнага, бо задачы могуць быць супрацьлеглыя?

— Так, вельмі важна. Напрыклад, у нас ёсць спектаклі, за якія мы выплачваем да 20% аўтарскіх ад выручкі. Я лічу — і ў гэтым згодны з дырэктарам Марынай Дзяркач — што гэта немэтазгодна. Для артыстаў гэта можа быць няважна, бо яны гатовы працаваць, калі з’явілася добрая п’еса, добры рэжысёр, кампазітар. Але кіраўніцтва пачынае разбірацца: а колькі аўтарскіх давядзецца выплаціць, а калі гэта замежная п’еса, то які працэнт перакладчыку, колькі рэжысёру, кампазітару... А калі зала не прададзена? У нас жа ёсць план па выручцы. І тады ўключаецца кіраўнічы рэсурс, калі мы звязваемся, сустракаемся, дамаўляемся, магчыма, на іншых умовах, шукаем варыянты, пры якіх выгадна было б супрацоўнічаць і аўтару, і тэатру. Артыст не абавязаны ў гэта заглыбляцца. Артыст хоча іграць, артыст хоча выходзіць на публіку. А наша задача забяспечыць баланс фінансавы і творчы, каб п’есы добрыя ставіліся, і тэатр не сыходзіў у страту.

— Тут і запаўняльнасць залы мае значэнне…

— Мы не проста так паспрабавалі граць спектаклі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця сезона — падрыхтавалі для гледачоў жнівеньскі бонус. Таму што людзі ўжо вярнуліся з адпачынкаў, а тэатры закрытыя. Апошні тыдзень жніўня, як правіла, — такі час, калі ўсе дома і шукаюць, як правесці вольны час. Мы сыгралі некалькі спектакляў, і аказалася, што гэта правільнае рашэнне, таму што былі аншлагі. І артысты крыху разагрэліся перад адкрыццём тэатральнага сезона. Атрымалася ўдала, можна падумаць аб тым, каб скарэктаваць графік адпачынку. Будзем спрабаваць розныя спосабы, каб зарабіць грошы.

— Ці ёсць думкі звярнуцца да беларускай драматургіі? 

— У нашым рэпертуары ёсць некалькі спектакляў паводле сучаснай беларускай драматургіі — паводле Ўлады Альхоўскай і Ксеніі Шталянковай. А калісьці быў выдатны спектакль у пастаноўцы Мадэста Абрамава «Несцерка». Ён быў музычны, з добрым акцёрскім ансамблем, меў вялікі поспех. Не думаю, што яго можна аднавіць: час змяніўся, хуткасці змяніліся, аранжыроўкі ўжо іншыя патрабуюцца, іншае харэаграфічнае рашэнне. Але я хацеў бы, каб беларуская драматургія ў нас з’яўлялася, як і пастаноўкі на беларускай мове. Ведаю гэты рэпертуарны недахоп заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. У нас багатая драматургія, частка якой ужо стала нацыянальным здабыткам. У гэтым кірунку таксама будзем шукаць і абмяркоўваць варыянты з мастацкім саветам. 

— Ці зможа трупа ўплываць на нейкія рашэнні?

— Калі б я быў акцёрам, то сказаў бы: вядома, трупа павінна ўплываць на прыняцце рашэнняў — акцёры ж выходзяць на сцэну. Калі ты становішся кіраўніком, і атрымліваеш больш інфармацыі, то адказ ужо не такі адназначны. Мне б хацелася, каб у «маладзёжцы» была сітуацыя ўзаемная. Як за згінанне і разгінанне рукі ў чалавека адказваюць дзве мышцы — біцэпс і трыцэпс. Але як чалавек адказны за мастацкае кіраўніцтва, рашэньні буду прымаць я. Спачатку пастараюся сабраць інфармацыю з розных крыніц — акцёрскіх, мастацка-пастановачных, службаў продажу квіткоў і гэтак далей, — і прыму рашэнне з улікам усіх пажаданняў, пярэчанняў, праклёнаў, благаславенняў, якія ўвесь час, напэўна, будуць сыпацца на маю галаву…

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.