Вы тут

Манга і маракуя на ўласных сотках


У вялікай цяпліцы побач з доследным вінаграднікам Інстытута пладаводства лунае душнаваты, салодкі водар. «Гэта цвіце маракуя, так пахнуць яе кветкі, — тлумачыць навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП „Інстытут пладаводства“ Уладзімір Усцінаў. — Да кастрычніка, спадзяёмся, саспеюць плады».


Вывучэннем раслін трапічнага напрамку беларускія вучоныя зацікавіліся некалькі гадоў таму. А саму ідэю запазычалі ў аматараў-энтузіястаў, з якімі трымаюць пастаянную сувязь. Вырасцілі з насення экзотаў ужо нашы, беларускія расліны. Некалькі гадоў тыя цвілі, але не пладаносілі, а сёлета далі першыя плады.

Як вядома, навука бывае прыкладной — гэта значыць, вырашае надзённыя задачы сённяшняга дня, а бывае, што даследаванні адказваюць на гіпатэтычныя, «чыста навуковыя пытанні». Прымяненне гэтым даследаванням у рэальным сектары эканомікі адразу не знаходзіцца, але менавіта такая, накіраваная ў будучыню, навука часам дае штуршок да развіцця цэлага навуковага кірунку. Калісьці, гадоў 40 таму, вырошчваць на беларускай зямлі вінаград і кавуны, дыні і персікі спрабавалі толькі энтузіясты. Сёння гэтымі культурамі на асабістых сотках нікога не здзівіш. Зразумела, наўрад ці калі-небудзь беларускія садоўнікі будуць высаджваць каля дома манга (настолькі глабальнага пацяплення ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі і нават стагоддзі не прадбачыцца), але ў абароненым грунце цалкам рэальна вырошчваць шмат усяго, што не расце на нашых палях, усміхаецца суразмоўца.

Не азімыя, а азіміна

Сёння ў цяпліцы Інстытута пладаводства «прапіску атрымалі» інжыр і маракуя, мушмула і хурма, гранат і — азіміна. Няхай сугучча са словам «зіма» і звыклым нам тэрмінам «азімыя», а таксама нейкае «роднае» гучанне слова не ўвядзе чытача ў зман:

— Азіміна — экзатычная расліна з Паўночнай Амерыкі, — тлумачыць Уладзімір Усцінаў. — Пакаштаваць гэты плод у нашых шыротах амаль немагчыма: ён не транспартабельны. Але па смаку азіміна адначасова нагадвае манга, ананас і клубніцы. А гэта мушмула, сёлета, напэўна, зможам пакаштаваць. А наступным летам, спадзяёмся, у нас запладаносіць ківі — вось ён расце. Пакратайце яго лісцікі: пухнатыя навобмацак, як і плод, — працягвае «экскурсію» для нас Уладзімір Мікалаевіч.

Ён расказвае, што сёння садоўнікі-аматары вырошчваюць на сваіх участках актынідыю. Яе называюць «беларускім ківі», паколькі гэтая ліяна з сямейства «Актынідыявыя», таго ж, да якога належыць ківі, здольна расці ў нашым клімаце. Ну, а тыя звыклыя для сучаснага спажыўца ківі, якія прадаюцца ў крамах, тэарэтычна можна вырошчваць у нашай кліматычнай зоне ў цяпліцы.

Вырасціць сваё — заўсёды цікавей

Экзатычныя расліны трапічных краін супрацоўнікі Інстытута пладаводства імкнуцца адаптаваць да суровага для гэтых культур беларускага клімату.

— Вось расліны, якія мы высадзілі на пачатку вясны, — распавядае навуковец. — Бачыце, як за 4-5 месяцаў усё стартавала ў рост.

Але ж наперадзе — восень і зіма. Цяпліца не ацяпляльная, і дадатковага асвятлення для цеплалюбівых, святлолюбных экзотаў тут не прадугледжана, тлумачыць суразмоўца.

— Узімку расліны будуць знаходзіцца ў стане спакою, — кажа ён.

У многіх з гэтых раслін перыяду спакою на радзіме, у тропіках, няма, а некаторыя ўсё ж на зіму скідаюць лісце.

— Напрыклад, інжыр. Пасіфлору (яна ж маракуя) мы на зіму абрэжам і накрыем — у яе будзе змушаны супакой... А гэта манга, — паказвае Уладзімір Мікалаевіч на невялікі кусцік. — Пакуль не ведаем, што з яго вырошчвання атрымаецца.

Верхнія лісцікі ў манга падгарэлі на сонцы, але новыя растуць зялёнымі і на выгляд цалкам здаровымі: жыццёвая сіла расліны дапамагае ёй адаптавацца да складаных умоў. А вось інжыр пачуваецца на беларускай зямлі досыць утульна.

— Інжыр, як і вінаград, можна вырошчваць на шпалеры, ён, як і вінаград, добра размнажаецца чаранкамі, — тлумачыць навуковец.

Вінаград, некалі экзатычная для нас культура, — асноўная спецыялізацыя Уладзіміра Усцінава: па вырошчванні «сонечнай ягады» ён сёння ў нашай краіне — адзін з вядучых спецыялістаў і ў ліку самых вядомых экспертаў.

— Я з Віцебскай вобласці, палачанін. Будучы студэнтам першага курса Віцебскага ўніверсітэта, пазнаёміўся з Віктарам Паўлавічам Кухаравым, садоўнікам-практыкам, які стаяў каля вытокаў вырошчвання вінаграду ў Беларусі. Ён быў маім першым настаўнікам у вінаградарстве. Спачатку вырошчванне вінаграду было хобі, але ў 2002 годзе мяне запрасілі ў Інстытут пладаводства працаваць з гэтай культурай. Такім чынам, вінаградам я займаюся практычна ўсё жыццё.

Так што і з інжырам, шмат у чым падобным у агратэхніцы з вінаградам, Уладзімір Мікалаевіч здолеў «дамовіцца».

— Інжыр бывае розны: плады жоўтыя, фіялетавыя, карычневыя. Беларускаму спажыўцу больш звыклы фіялетавы інжыр: яго найчасцей прывозяць у нашы гандлёвыя сеткі з Ірана, Ізраіля. Мы пасадзілі ў сябе 24 сарты інжыра, каб паназіраць, як яны пакажуць сябе ў нашых умовах, у неацяпляльнай цяпліцы. Распрацоўваем агратэхніку, шукаем падыходы…

Пакуль што інжыр паказвае сябе нядрэнна — у гэтым верасні нават ёсць саспелыя плады.

— Гэта сорт «Рандзіна», яго плады ўжо саспелі, каштуйце, — частуе нас навуковец.

У свежым выглядзе інжыр не надта салодкі, кажа ён. Салодкасць набываецца, калі плод высушваюць. У сушаным выглядзе ён і трапляе на прылаўкі магазінаў і рынкаў. Свежы інжыр у нашых гандлёвых сетках бывае рэдка.

— Дык чаму б не паспрабаваць вырасціць сваё? Сваё — заўсёды цікавейшае. Гэта першая спроба, — удакладняе суразмоўца. — Пакуль — чыста навуковы інтарэс. Бо хочацца паспрабаваць тое, чаго не рабіў раней. Тым больш што ў нашы дні з’явіліся новыя магчымасці, створаны сучасныя сарты, распрацаваны інтэнсіўныя тэхналогіі.

Плады маракуі знешне нагадваюць зялёныя тэнісныя мячыкі. Саспець яны павінны да канца кастрычніка. На маладым гранатавым дрэўцы завязалася сем гранатаў, ужо дастаткова буйных.

— Магчыма, з цягам часу сюды можна будзе вадзіць экскурсіі, — кажа Уладзімір Усцінаў. — Далёка не кожны мае магчымасць паехаць адпачываць кудысьці далёка, а тут людзі змогуць на свае вочы ўбачыць, як выглядае тая ці іншая пладовая экзатычная расліна.

У дапамогу энтузіястам

Відавочна, што мэты такога эксперымента не сельскагаспадарчыя: навукоўцы проста імкнуцца вывучыць віды і сарты экзатычных культур і па магчымасці адаптаваць іх да нашых кліматычных умоў. Зрэшты, практычная частка ёсць і ў гэтага навуковага праекта — рэкамендаваць найбольш удалыя з іх да вырошчвання прыватнікамі. Гэта, на думку спецыялістаў, можа прынесці карысць і аграрнай навуцы, і прыватнаму бізнесу, а значыць, у выніку і дзяржаве.

Зразумела, што праца гэтая нацэлена ніякім чынам не на колькі-небудзь буйныя вытворчасці: агракомплексам укладваць сілы і сродкі ў экзоты нявыгадна. У прынцыпе, сучасныя тэхналогіі дазваляюць прыстасаваць да нашых умоў многія экзатычныя культуры, але прывозіць іх адтуль, дзе яны растуць спрадвеку, прасцей і танней. Іншая справа — прыватнікі: дачнікі і маленькія фермерскія гаспадаркі. Невыпадкова ў энтузіястаў-садаводаў загараюцца вочы, калі яны бачаць насенне або саджанцы незвычайных культур або рэдкія сарты культур звыклых. Гэта на сезонных кірмашах у Інстытуце плодаагародніцтва селекцыянеры назіралі не раз.

Ну і навошта беларускаму садоўніку-аматару расціць манга ці маракую? — спытаеце вы. Таксама з «чыста навуковай цікавасці»? Чаму б і не? Акрамя таго, у гарачых краінах, дзе «ўсё расце само», гэтак жа прывольна адчуваюць сябе і хваробы раслін, і шкоднікі: каб атрымліваць высокія і стабільныя ўраджаі, даводзіцца праводзіць сур’ёзныя мерапрыемствы па абароне раслін. І гэтыя хімічныя апрацоўкі, зразумела, не робяць садавіну карыснейшай для здароўя. Акрамя таго, для падарожжа праз паўсвету плады даводзіцца здымаць з галінак недаспелымі, даспяваюць яны ў фурах, што таксама, пагадзіцеся, не дадае ім ні карыснасці, ні смаку. З гэтага пункту гледжання той жа «беларускі інжыр» атрымліваецца і чысцейшы, і смачнейшы — так што ў эксперымента, паўторымся, ёсць і практычны складнік.

Бо невыпадкова, як распавядаюць навукоўцы (а ім пра гэта распавялі фермеры), пакуль беларускія кавуны на рынках у сезон не прададуць, прывазныя людзі не купляюць. Таму што нашы «толькі з градкі» — зусім іншага смаку: у кавунах, якія сюды прывозяць здалёк, толькі 6% цукру, а ў беларускіх — мінімум 8%. Так, там больш сонца. Але каб прывезці кавун за сотні кіламетраў, яго рвуць недаспелым, для захавання ў дарозе апрацоўваюць фунгіцыдамі, якія змагаюцца з гнілямі, а такія саставы могуць быць небяспечныя для чалавека (штогод з’яўляюцца прыклады атручвання людзей такімі апрацаванымі кавунамі, набытымі на трасе). Сёння ў Беларусі кавунамі — таксама яшчэ нядаўна цалкам экзатычнай для нашых шырот культурай — займаюцца многія, і не толькі на поўдні краіны, але і ў Мінскай вобласці і нават на Віцебшчыне.

Тое ж самае датычыцца вінаграду, яшчэ адной у нядаўнім мінулым занадта цеплалюбівай для беларускага клімату культуры, якая сёння таксама вырошчваецца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Уладзімір Усцінаў расказаў, што расцяць яго фермеры пад Пінскам, Гомелем, Лідай, на Брэстчыне, ёсць вінаграднікі каля Салігорска, Слуцка, Капыля, пад Оршай і Магілёвам. Але каб пакаштаваць беларускі вінаград, трэба ехаць у сезон (гэта значыць, якраз цяпер) на мясцовыя рынкі. Да сталіцы гэты айчынны прадукт «даязджае» рэдка: з попытам на яго няма праблем і бліжэй да месца вырошчвання. Уся справа ў праславутай «экалагічнасці», а таксама ў тым, што айчынны вінаград «жывы»: знялі з лазы і максімум праз некалькі гадзін прапануюць пакупніку. Ну і плюс уладальнік невялікай фермерскай гаспадаркі можа дазволіць сабе пры выбары сартоў арыентавацца не на аб’ёмы, устойлівасць да хвароб, вонкавыя параметры і лёжкасць, а ў першую чаргу на смак.

Тых жа дачнікаў, якія жадаюць паспрабаваць выраціць ва ўласнай цяпліцы экзоты, у нас дастаткова: гэтакі добры, карысны від славалюбства — жаданне парадаваць блізкіх і здзівіць суседзяў. І неўзабаве навукоўцы змогуць, так бы мовіць, на навуковай аснове парэкамендаваць энтузіястам і віды, і сарты, і агратэхніку. І нават прапанаваць насенне і саджанцы таго ж інжыра, граната, хурмы ці маракуі. Пакуль што садоўнікі-аматары часцей за ўсё выкарыстоўваюць насенне з пладоў, набытых у супермаркеце. Але ў гэтым выпадку вынік прадказаць немагчыма, бо часта плады такіх культур маюць гібрыднае паходжанне, а гэта значыць, іх насенне непрыдатнае да сяўбы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.