Днямі прадпрыемства «Белпошта» правяло ўжо XХVІІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў аб’ектаў паштовай сувязі сярод спецыялістаў па паштовай дзейнасці і паштальёнаў па дастаўцы паштовых адпраўленняў і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Конкурс — гэта даўняя традыцыя Белпошты, якая спрыяе ўмацаванню карпаратыўнага духу работнікаў прадпрыемства, дазваляе выяўляць і ўдасканальваць прафесійнае майстэрства, творчыя і дзелавыя якасці работнікаў гэтага шматтысячнага калектыву. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да слаўнай традыцыі і высветліў, чым сёння жывуць работнікі паштовай галіны.
«Белпошта» захоўвае традыцыі, выкарыстоўвае ў рабоце перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі, удасканальвае падыходы ў працы, умела рэагуючы на запыты сучаснага спажыўца. Конкурс прафесійнага майстэрства — гэта ўнікальная магчымасць убачыць прафесіяналаў высокага ўзроўню ў сваёй прафесіі. На базе адпачынку «Дружба», што пад Астрашыцкім гарадком, гэтым разам за званне найлепшых пазмагаліся сем каманд па шэсць чалавек.
«Гэта не звычайнае мерапрыемства, а сапраўднае свята для нас, паштавікоў, — распавяла генеральны дырэктар РУП „Белпошта“ Святлана Юркевіч. — 27-ы год запар мы праводзім конкурс прафесійнага майстэрства нашых работнікаў. Сёлета ў ім удзельнічаюць тыя людзі, якія, як мурашкі, працуюць на палях на карысць нашага прадпрыемства і ўсёй дзяржавы ў цэлым. Я спадзяюся, што такія конкурсы паспрыяюць не толькі выяўленню найлепшых, але і абмену вопытам, згуртаванню і адзінству калектыву, бо гэта таксама вельмі важна».
На гэтым мерапрыемстве няма выпадковых людзей. Сюды трапілі пераможцы абласнога этапу конкурсу. Усе яны маюць прамое дачыненне да прафесійнага свята пошты. «Сусветны дзень пошты адзначаем не толькі мы. Гэта 182 краіны, якія працуюць і ўзаемадзейнічаюць адна з адной у рамках Сусветнага паштовага саюза. Наша краіна не адстае ад іншых і таксама бярэ ўдзел і адзначае гэтае цудоўнае свята паштароў усяго свету», — адзначыла Святлана Юркевіч.
Адной з прыярытэтных задач паспяховага развіцця і прыбытковай работы «Белпошты» з’яўляецца высокая якасць аказання паслуг і культуры абслугоўвання карыстальнікаў. З году ў год прадпрыемства «Белпошта» ўкараняе новыя тэхналогіі і паслугі. «Мы стараемся палепшыць атрыманне нашых паслуг кліентамі, каб гэта было проста, даступна і зручна. Таму ідзём у нагу з часам разам з трансфармацыяй нашых паслуг. Гэтым летам мы прэзентавалі новы праект „QR-бокс“, які спросціць і зробіць нашы паслугі больш даступнымі. Ён дазваляе пры дапамозе мабільнага дадатку аформіць паштовыя адпраўленні анлайн і прыйсці ў аддзяленне, не чакаючы чаргі. Можна прыйсці, счытаць QR-код і пакласці пасылку ў акенца. Сёння такія QR-боксы ўстаноўлены ў Мінску, а таксама ў абласных цэнтрах. Да канца года плануем пашырыць гэтую лінейку ў буйных гарадах», — сказала Святлана Юркевіч.
Сістэмная работа над якасцю, пошук і рэалізацыя магчымасцяў для паляпшэння сваёй дзейнасці, працэсаў, паслуг, сэрвісаў, несумненна, прыносіць станоўчыя вынікі. Сярод запрошаных гасцей — Валянціна Пух. Яна аддала прадпрыемству многія гады жыцця. Высокакваліфікаваны спецыяліст і эфектыўны кіраўнік Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта», спагадлівы калега, а сёння — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, Валянціна ПУХ звярнулася да ўсіх удзельнікаў: «Я называю вас калегамі, таму што паштавікі назаўжды застануцца ў маім сэрцы. У кожнай сям’і, на кожным прадпрыемстве і ў кожнай дзяржаве ёсць вельмі важныя дзве рэчы: традыцыі і людзі. Нашаму прадпрыемству і нам пашанцавала».
Паводле яе слоў, прафесія паштавікоў — гэта жыццёва неабходная прафесія не толькі ў нашай краіне, але і ў цэлым свеце: «Уявіце: калі б не было паштальёнаў, спецыялістаў паштовай дзейнасці, наколькі наш свет быў бы ўшчэмлены. А сёння нас тысячы. Тысячы людзей, якія дораць усмешкі, якія ўмеюць правільна падабраць патрэбныя словы ў складаныя хвіліны і якія прыносяць добрыя рэчы».
Валянціна Мікалаеўна пажадала ўсім прысутным у Год якасці выходзіць на самыя лепшыя вынікі. Указам Прэзідэнта Беларусі 2024 год аб’яўлены Годам якасці. Гэта сведчыць, што паняцце якасці ў нашай краіне мае вялікае значэнне ва ўсіх сферах жыцця. «Белпошта» пастаянна працуе над якасцю аказання паслуг, імкнецца дасягаць пастаўленых «мэт» у галіне якасці.
«Яшчэ непрацяглы перыяд я працую дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, але, тым не менш, праходзячы міма любога аддзялення паштовай сувязі, вядома, у мяне замірае сэрца. Для мяне пошта — гэта прадпрыемства, на якім я адпрацавала 33 гады, гэта адзінае прадпрыемства ў маёй працоўнай дзейнасці. Я прыйшла працаваць у аддзяленне паштовай сувязі горада Брэста паштальёнам, — распавяла Валянціна Пух. — У гэтай арганізацыі вырасла да дырэктара, 16 гадоў адпрацавала кіраўніком буйнога прадпрыемства абласнога ўзроўню, у падначаленні якога ў пэўныя перыяды было каля трох тысяч чалавек і больш за 600 аб’ектаў паштовай сувязі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Таму для мяне гэта роднае прадпрыемства. Запрашэнне на конкурс — вялікая радасць убачыць калег, акунуцца ў святочны настрой і гэтую традыцыю».
За гэты перыяд да Валянціны Мікалаеўны як да дэпутата ні разу не звярталіся супрацоўнікі пошты. «І мне вельмі прыемна тое, што і грамадзяне ніколі не звярталіся па пытаннях якасці аказання паслуг у галіне паштовай сувязі. Усе паштавікі мяне ведаюць, яшчэ памятаюць, і, напэўна, няма неабходнасці ісці на прыём да дэпутата. Сёння я даступная, ёсць магчымасць патэлефанаваць, проста пагаварыць, калі ёсць праблемы. Я з імі сустракаюся ў Брэсце, калі працую ў акрузе. Наведваю працоўныя калектывы, маю зносіны з імі, слухаю іх праблемы. Людзі задаюць пытанні, просяць парады ў тым ці іншым кірунку. Я заўсёды гатовая падзяліцца сваім вопытам: жыццёвым, працоўным, прафесійным».
Пошта ў насельніцтва асацыіруецца ў першую чаргу з паштальёнам. Гэта было спакон вякоў. «Менавіта прадстаўнікі гэтай прафесіі
бяруць удзел у конкурсе.
Гэта конкурс і свята не толькі для іх, але і для ўсёй краіны, асабліва для таго насельніцтва, у рабоце з якім паштальён актыўна ўдзельнічае. Калі прадстаўнік з сельскага аддзялення паштовай сувязі сёння прыехаў на конкурс, паверце, да яго рыхтаваліся не толькі ўсім калектывам, але і ўсёй вёскай, якую паштальён абслугоўвае. Гэта вялікі гонар, такая падзея, якая дае магчымасць нашым паштальёнам яшчэ раз пацвердзіць, што мы патрэбныя і важныя людзям, што нас любяць і чакаюць, а пры дапамозе такіх мерапрыемстваў мы павышаем свой прафесіяналізм, яшчэ лепш і з вялікім задавальненнем будзем абслугоўваць людзей», — падсумавала Валянціна Пух.
Пасля конкурсу знаёмства «Пад дэвізам — ЯКАСЦЬ!» каманды-ўдзельніцы адправіліся дэманстраваць хатнія заданні. Спачатку прадстаўнікі паштовай сферы выступілі з прэзентацыяй сумеснай кампазіцыі «Дрэва памяці», прысвечанай 80-й гадавіне вызвалення Беларусі. Затым адбылася прэзентацыя камандамі хатняга задання на тэму «Пад знакам якасці». Гэта свайго роду творчы нумар, у якім супрацоўнікі пошты прадэманстравалі сваю якасную паўсядзённую дзейнасць, а таксама распавялі пра новыя праекты і паслугі. Пасля гэтага ўдалося пазнаёміцца з удзельнікамі бліжэй.
«Падрыхтоўка да конкурсу была бурная і актыўная, — распавяла спецыяліст па паштовай дзейнасці Вольга Шаўкала з Брэсцкага філіяла „Белпошты“. — Мы вельмі стараліся, сабралі ў кулак усе свае магчымасці і таленты, каб праявіць сябе на найвышэйшым узроўні. Рыхтаваліся два месяцы. Сёння са мной мае калегі — пераможцы абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства — найлепшыя ў сваёй справе. Радуе, што сёння разам з намі нашы кіраўнікі, падтрымка і клопат якіх для нас вельмі важныя».
Вось ужо тры гады спецыяліст па паштовай дзейнасці аддзялення горада Мінска Ангеліна Купрыян працуе ў гэтай сферы. Дзяўчына скончыла Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання. «У мяне былі выдатныя выкладчыкі. У новай паштовай сям’і мяне цёпла прынялі. Рада, што ўдалося ўстанавіць такі цесны кантакт з калегамі. Наша праца дынамічная і складаная як эмацыянальна, так і фізічна. Але самае галоўнае — гэта людзі, якія дораць пазітыў і матывацыю працаваць тут, каб радаваць сваёй усмешкай усіх кліентаў».
Як адзначыла Ангеліна, рыхтавацца было сапраўды цяжка. «Той аб’ём інфармацыі, які мы павінны былі паўтарыць, сапраўды велізарны. Я спадзяюся, што мы ўсе праявім сябе на 100 працэнтаў! Гэта вельмі важная падзея ў жыцці кожнага спецыяліста, і я б хацела, каб у гэтым мерапрыемстве з кожным годам удзельнічала ўсё больш і больш чалавек. Гэта ўнікальная магчымасць праявіць сябе, даказаць сабе тое, чаго ты варты».
У конкурсе прафесійнага майстэрства Ангеліна ўдзельнічае ўпершыню. Аднак з ёй сёння больш вопытныя калегі, якія абавязкова дапамогуць пры неабходнасці. «Тым не менш абсалютна ўсе ўдзельнікі хвалююцца, як у першы раз. Такая рэзкая змена абстаноўкі прымушае сабрацца і адаптавацца да новых умоў. Дзякуючы таму, што ў нас ёсць вопытныя і чулыя кіраўнікі, якія ўвесь час дапамагаюць нам з падрыхтоўкай, упэўнена, усё будзе добра», — падкрэсліла яна.
Спецыяліст па паштовай дзейнасці Вольга Казлова з вытворчасці «Мінская пошта» працуе на прадпрыемстве ўжо 15 гадоў. «Гэта мой першы вопыт удзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства. Аднак сёлета я заняла першае месца на конкурсе „Мінскі майстар“. Гэта вельмі цікавае мерапрыемства, на якім мы прэзентавалі паслугі продажаў, тое, што мы можам прапанаваць насельніцтву. У мяне была прэзентацыя заказнога пісьма — вельмі цікавая тэма, якую я добра прадставіла. Потым выконвалі практычныя заданні, на якіх мы прадэманстравалі прафесійныя веды. Затым была тэарэтычная частка — 50 пытанняў, на якія неабходна было адказаць за кароткі прамежак часу. З чатырох намінацый я аказалася найлепшай у трох. Часам працую ў сельскай мясцовасці і прапаноўваю паслугі, якія цікавяць пенсіянераў. Дарэчы, гарадскі і сельскі кантынгенты абсалютна розныя. На вёсцы людзі дабрэйшыя. Калі ідзеш па вёсцы і не ведаеш мінака, ён заўсёды з табой павітаецца. У былыя часы самымі першымі людзьмі лічыліся старшыня, настаўнік і паштальён. Апошні прыносіў весткі, як добрыя, так і дрэнныя. Таму паштальёна заўжды вельмі чакалі».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.