Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.
1. «Неабходна зрабіць усё, каб нічога не парушыла звыклы рытм жыцця краіны. Я не кажу, што будзе лёгка. Ужо спрабуюцца разгайдаць сітуацыю. Абрынуцца новыя інфармацыйныя патокі ўсялякага бруду. Мы цудоўна бачым, кантралюем усё, што адбываецца вакол нас, за межамі нашай краіны і ўнутры», — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да палітычных кампаній. Кіраўнік дзяржавы арыентуе на тое, што прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе трэба правесці дастойна, нягледзячы на спробы апанентаў іх сарваць. Разам з тым Прэзідэнт арыентуе прадстаўнікоў улады, нягледзячы на падрыхтоўку па электаральнай кампаніі, жыць найперш праблемамі беларускага насельніцтва, не збаўляць працу з грамадзянамі. «Людзей трэба слухаць, з людзьмі трэба размаўляць. І належным чынам рэагаваць на тыя пытанні, якія яны ставяць перад намі», — канстатаваў ён.
2. «У час вострай ваенна-палітычнай абстаноўкі і на Блізкім Усходзе, і каля граніц Беларусі, у гэтым еўрапейскім рэгіёне (а вы сур’ёзна ўцягнуты ў канфлікт на Блізкім Усходзе), нам не проста кансультацыі патрэбны, нам патрэбны сумесныя дзеянні з вашай краінай, — падкрэсліў беларускі лідар падчас сустрэчы з сакратаром Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана Алі Акбар Ахмадзіанам. Па словах беларускага лідара, мы рухаемся да шматпалярнага свету. Гэта будзе няпросты шлях, і таму, па яго словах, на першы план выходзяць пытанні бяспекі. „Але, пагадзіцеся, бяспека будзе тады эфектыўнай, калі працуе эканоміка, калі паміж краінамі гандлёва-эканамічныя адносіны вельмі сур’ёзныя і дынамічна развіваюцца. Мы бачым пастаянны прырост гандлю паміж дзвюма краінамі і, самае галоўнае, нам не дапусціць запаволення ў гандлёва-эканамічных адносінах, бо гэта аснова, гэта фундамент нашых дзеянняў, нашых узаемаадносін“, — дадаў кіраўнік дзяржавы. Падобныя пытанні ён абмеркаваў і з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама генералам-палкоўнікам Лыонг Там Куангам „Мы — за шматпалярны свет, — падкрэсліў беларускі лідар. — І хочам мы гэтага або не, шматпалярны свет адбудзецца. У гэтай сувязі ў свеце, які моцна мяняецца, вельмі складаным свеце, неадназначным свеце, пытанні бяспекі выходзяць на першае месца. І я вельмі спадзяюся, што ваш візіт у Беларусь будзе садзейнічаць умацаванню нашых адносін і ў сферы бяспекі“», — сказаў ён.
3. «Ідэяй народнага адзінства прасякнута ўся наша гісторыя. Тут спрадвеку знаходзілі прытулак людзі, якія ўцякалі ад рэлігійных войн, міжусобіц і ганенняў. А ў дні ліхалецця яны аб’ядноўваліся з мясцовым насельніцтвам, давалі адпор ворагу, перамагалі і разам будавалі сваё беларускае шчасце. Такі ключ да разумення шыфру жыцця на гэтай зямлі, нашай з вамі», — адзначыў Прэзідэнт падчас сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Ён падкрэсліў, што падтрыманне міжнацыянальнага міру — адзін з галоўных прынцыпаў беларускай дзяржавы. І гэта пацвярджаюць факты: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе іншаземным грамадзянам і асобам без грамадзянства тыя ж правы і свабоды, што і грамадзянам нашай краіны. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, а абраза нацыянальнай годнасці пераследуецца па законе. На беларускай зямлі ў міры і згодзе ў духу добрасуседства працуюць, ствараюць сем’і і гадуюць дзяцей прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў.
4. «Не буду гаварыць пра нашы адносіны з кіраўніцтвам Польшчы. Я не хачу сказаць, што з усімі палякамі ў Польшчы ў нас бліскучыя адносіны, але 99% палякаў разумеюць нашу палітыку і, упэўнены, падтрымліваюць яе. Наша палітыка не агрэсіўная ў адносінах да Польшчы. Мы не стараемся навязаць сваю палітыку, не стараемся ваяваць з Польшчай. Мы выдатна разумеем, што ў гэтай вайне загінуць мільёны, і ніхто не выйграе. І яна нам не патрэбная. Нам патрэбныя мір і спакой. Беларусам больш нічога не трэба», — чарговы раз кіраўнік дзяржавы агучыў пазіцыю Беларусі ў адносінах да суседкі. Па яго словах, беларускі бок гатовы хоць заўтра нармалізаваць адносіны з палякамі. Ускладняе гэта той факт, што Польшча, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, стала марыянеткай ЗША.
5. «Амерыканцы штурхалі, штурхалі. Ім трэба за наш кошт вырашыць праблему з Расіяй, а потым з Кітаем разабрацца. Яны за кошт гэтага жывуць. Калі яны не вырашаць пытанні з намі, Расіяй, Кітаем, Іранам зараз, яны багатымі не будуць, яны ўжо друкаваць сваю валюту так не змогуць», — заўважыў беларускі лідар, каментуючы канфлікт ва Украіне. Прэзідэнт у зноў, у чарговы раз заклікаў да мірнага вырашэння. Ён нагадаў, што беларускі бок рабіў канкрэтныя крокі для гэтага і гатовы зрабіць іх яшчэ раз. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свет зараз вельмі нестабільны і ніхто не можа сказаць, што будзе заўтра. «Трэба супакоіцца. Нашымі рукамі нас будуць забіваць, яны гэта і робяць. Таму трэба спыніцца. Нам уцягвацца ў гэтую бойню не трэба, бо будзе нялёгка, хаця камусьці гэта вельмі-вельмі трэба. Трэба вытрымаць, трэба цярпець», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Валерыя СЦЯЦКО
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.