Цяпер на кожным спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы дадасца яшчэ адзін глядач, праўда, віртуальны: сам Янка Купала, Іван Дамінікавіч Луцэвіч. У тэатры ў яго з’явілася пастаяннае месца — тое самае, на якім ён пры жыцці любіў сядзець. Калі паглядзіце на левую ложу, убачыце крэсла з шыльдачкай і партрэт класіка.
Вось такім незвычайным атрымаўся першы сумесны праект Купалаўскага тэатра і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія 13 верасня падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Дата падпісання дамовы і адкрыцця «Месца Янкі Купалы» выбрана невыпадкова: 104 гады таму пачаў сваю дзейнасць Беларускі дзяржаўны тэатр, сённяшні Купалаўскі. Пра этапы яго гісторыі распавёў прысутным на ўрачыстай цырымоніі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр Шастакоў:
— Сёння, напярэдадні дня народзінаў, мы падпісваем дамову аб супрацоўніцтве з літаратурным музеем Янкі Купалы, якому споўнілася 80 гадоў. Здаецца, мы сёння разам з Купалам. Ён быў лепшым сябрам творчага калектыва. Наведваў спектаклі, прысутнічаў на рэпетыцыях, удзельнічаў у абмеркаваннях і заўсёды дапамагаў акторам і рэжысёрам тэатра даведацца гісторыю роднага краю, багацце фальклору.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская падкрэсліла, што падпісанне дамовы між музеем Песняра і Купалаўскім тэатрам дасць новыя магчымасці для рэалізацыі сацыяльных праектаў:
— Мы ўсе разам імкнемся на шляху інавацый і будзем развівацца ў гэтым накірунку.
Ганна Галінская перадала кіраўніку тэатра ліст сучасніцы Івана Дамінікавіча Луцэвіча Ларысы Гарэцкай, у якім якраз і згадваецца, што Пясняр звычайна сядзеў у тэатры ў левай ложы, ля самой сцэны.
«Месца Янкі Купалы» было ўрачыста адкрытае ягоным унучатым пляменнікам — Віктарам Аўлачынскім. У гэты дзень у тэатры была прэзентаваная яшчэ адна навінка — галерэя знакамітых купалаўцаў, створаная па ініцыятыве галоўнага мастака тэатра, народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Сярод тых, чые партрэты будуць вітаць гледача — Фларыян Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Леў Літвінаў, Валерый Раеўскі ды іншыя асобы, што адыгралі вялікую ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва і стварылі славу Купалаўскага тэатра.
Людміла ІВАНОВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.