Рыма Ханінава — доктар філалагічных навук,вядучы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзелам фальклора і літаратуры Калмыцкага Навуковага Цэнтра Расійскай Акадэміі навук, член Саюза пісьменнікаў Расіі. Літаратуразнаўца, паэт, перакладчык, празаік, яна вельмі шмат робіць для развіцця беларуска-калмыцкіх літаратурных сувязяў, для ўшанавання памяці пра бацьку — калмыцкага паэта Міхаіла Хонінава, які ў Вялікую Айчынную вайну партызаніў у Беларусі, дзе на Магілёўшчыне і Міншчыне яго ведалі як партызанскага разведчыка «Мішу Чорнага». Міхаіл Ванькаевіч Хонінаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У Беразіно ёсць вуліца яго імя. А намаганнямі дачкі партызана ў гэтым райцэнтры ўсталявана і мемарыяльная дошка ў гонар народнага мсціўца.
Рыма Ханінава — часты госць у Беларусі, удзельнічала ў Міжнародным сімпозіўме літаратараў «Пісьменнік і час» у Мінску ў 2017 годзе. Аўтар многіх мастацкіх і літаратуразнаўчых публікацый, звязаных з Беларуссю. Сёлета расійскую пісьменніцу і добрага сябра і прапагандыста беларускай літаратуры прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Новая кніга, што пабачыла свет у Элісце, дзякуючы намаганням Рымы Міхайлаўны, — «Ландшафт дружбы». Аўтары — Міхаіл Хонінаў і Рыма Ханінава. Выданне прысвечана 105-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Хонінава — Мішы Чорнага і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На старонках грунтоўнага выдання — вершы М. Хонінава, прысвечаныя Беларусі. Як на рускай мове, так і ў перакладах на беларускую. Дарэчы, яшчэ пры жыцці калмыцкага паэта ў Мінску пабачылі свет дзве яго вершаваныя кнігі. Перакладчыкамі твораў паэта, шчыра ўлюбёнага ў Беларусь, выступілі Максім Танк, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Рыгор Барадулін, Антон Бялевіч, Генадзь Кляўко, Мікола Аўрамчык... Творы М. Хонінава перакладаюць на беларускую мову і зараз. Яны часта з’яўляюцца на старонках перыядычных літаратурна-мастацкіх выданняў. Сярод тых, хто сёння звярнуўся да пераўвасаблення спадчыны калмыцкага паэта, празаіка, — Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі, Адам Шостак, Алесь Карлюкевіч. Магчыма, з часам у Мінску з’явіцца яшчэ адна кніга партызанскага паэта — «Званы Хатыні», паэма, якая не ўвайшла ў ранейшыя беларускія кнігі М. Хонінава. Перакладчыкі гэтай паэмы — Рагнед Малахоўскі, Адам Шостак. Яна ўжо друкавалася ў часопісе «Полымя», а таксама ў калектыўным зборніку твораў, прысвечаных Хатыні.
У кнізе «Ландшафт дружбы», якая, несумненна, павінна зацікавіць беларускага чытача, — і мноства дакументальных, біяграфічных, гісторыка-літаратурных матэрыялаў. А таксама — пераклады беларускай паэзіі на калмыцкую мову, здзейсненыя Рымай Ханінавай.
Сяргей ШЫЧКО
Прэв’ю: pixabay.com.
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.