Сярэдняя школа № 1 імя С. І. Грыцаўца самая новая ў Баранавічах. Яе гісторыя налічвае ўсяго тры гады. Столькі ж і Музею народнага адзінства, які адкрылі для наведвальнікаў 17 верасня 2021 года.
Цікава, што ідэя стварыць музей нарадзілася незадоўга да адкрыцця школы. На рэалізацыю задуманага было не надта шмат часу. Канцэпцыю прыдумалі настаўнікі гісторыі на чале з намеснікам дырэктара школы Таццянай Маклюк. Можна сказаць, што з работай педагогі справіліся выдатна. Поспеху спрыяў яшчэ і той факт, што музей стваралі талакой. Школьнай грамадскасці дапамагалі 61-я авіяцыйная база, Міністэрства абароны, Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Баранавіцкі краязнаўчы музей. Гарвыканкам выдзеліў 10 тысяч рублёў, далучыўся і мясцовы бізнес.
— Наш музей выклікае цікавасць не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых, — сказала дырэктар школы Марына Купцова. — Таму што народнае адзінства — гэта нашы культура, грамадзянскасць, гісторыя, рэлігія, гэта яшчэ спагада і шчырасць, дабрыня і цярпімасць. Значэнне і змест гэтых слоў мы і раскрываем у музейнай экспазіцыі. Упэўнена, што музей служыць справе выхавання вучняў у духу патрыятызму, прывівае любоў да Радзімы і да сваёй роднай мясціны, спрыяе павазе да людзей, якія здольныя ахвяраваць сабой дзеля жыцця іншых.
Наведвальнікаў, асабліва юных, у музеі прываблівае сучаснае афармленне і форма падачы матэрыялу. Выкарыстаны магнітныя панэлі, мабільныя стэнды, QR-коды, галаграфічны вентылятар, інфармацыйны барабан і іншыя дасягненні інфармацыйных тэхналогій. Усё гэта дазваляе не толькі слухаць экскурсавода, але і, напрыклад, быць актыўным віртуальным падарожнікам па рэгіёнах краіны.
Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы называецца «У адзінстве наша сіла» і расказвае аб станаўленні беларускай дзяржаўнасці з полацкага перыяду да нашых часоў. Тут жа паказана гісторыя Баранавічаў. Цэнтральная частка музея прысвечана сучаснай Беларусі, раздзел так і называецца «Беларусь сучасная». Тут адлюстраваны дасягненні краіны, традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, яе эканамічныя і культурныя асаблівасці. Гасцям даецца магчымасць пазнаёміцца са структурай органаў дзяржаўнай улады з дапамогай інтэрактыўнага стэнда, які круціцца, іначай яго называюць інфармацыйным «барабанам». У музеі таксама ўстаноўлены чатыры мабільныя падлогавыя стэнды, якія расказваюць аб традыцыях і дасягненнях беларускага народа. З культурнай спадчынай і карцінамі беларускіх мастакоў можна пазнаёміцца праз дэманстрацыю на каляровай мазаіцы і праекцыю на галаграфічным вентылятары.
Яшчэ адзін вялікі раздзел экспазіцыі пад назвай «Бессмяротны подзвіг „крылатых“ герояў» знаёміць наведвальнікаў з подзвігам лётчыкаў, лёс якіх звязаны з горадам Баранавічы. У іх ліку — праслаўлены ўраджэнец Баранавіцкага раёна двойчы Герой Савецкага Саюза Сяргей Грыцавец, першы Герой Беларусі Уладзімір Карват, авіятары Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч, якія загінулі над польскім горадам Радам, а таксама Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка, якія тры гады таму адвялі амаль няспраўны самалёт ад шчыльнай жылой забудовы і цаной свайго жыцця папярэдзілі яшчэ большую трагедыю.
Наведвальнікі музея могуць пасядзець у сапраўдным авіяцыйным трэнажоры, што з задавальненнем робяць школьнікі. Экскурсантам пакажуць гідрашлем і гідракасцюм лётчыкаў, іншыя экспанаты авіяцыйнай тэматыкі.
А два гады таму на другім паверсе школы была адкрыта вялікая зала музея, прысвечаная перыяду Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
І галоўнае, што музей жыве насычаным жыццём і актыўна развіваецца. Яго дырэктар Аляксандр Літвіновіч расказаў карэспандэнту газеты, што на базе музея працуе школьнае аматарскае аб’яднанне ваенна-істарычнага краязнаўства. Дзейнасць яго скіравана на вывучэнне гісторыі роднага краю, збор і апрацоўку інфармацыі пра ваеннае мінулае Баранавіцкага краю, правядзенне пошукавай работы. Юныя следапыты са сваім настаўнікам ужо аднавілі 36 імёнаў невядомых герояў вайны, а да гэтага невядомымі лічылася ўсяго 25 асоб. «Цяпер мы працуем над увекавечаннем іх памяці, — працягвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Дакументы ў дзяржаўныя органы і ва ўсе зацікаўленыя ведамствы накіравалі. Працягваем пошук ужо па Баранавіцкім раёне».
Яшчэ Аляксандр Літвіновіч расказаў, што музей развіваецца ў розных кірунках. Рыхтуецца экспазіцыя старых падручнікаў: знайшлі кнігі, па якіх вучыліся равеснікі цяперашніх школьнікаў 150 гадоў таму. Адным словам, музей аб’ядноўвае дзяцей з самымі рознымі інтарэсамі і спрыяе развіццю ў іх навыкаў пошуку, аналізу інфармацыі, а значыць, пабуджае да чытання, вывучэння той ці іншай тэмы. Увесь час папаўняюцца матэрыялы існуючых раздзелаў. Напрыклад, знайшлі новыя цікавыя матэрыялы пра Сяргея Грыцаўца. А яшчэ экспазіцыя ўдасканальваецца ў плане дапоўненай рэальнасці. Цяпер з дапамогай смартфона карцінку можна ажывіць, і наведвальнік атрымае інфармацыю ў прывычнай для яго форме, што асабліва важна для юных.
За час існавання Музея народнага адзінства яго наведалі больш за 5 тысяч чалавек. Створаны YоuTubе-канал музея, з дапамогай якога можна здзейсніць віртуальныя экскурсіі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота БелТА
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.