Мастак Аляксандр Дэблер, прафесар Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, памёр у лістападзе 1981 года ў Ленінградзе ва ўзросце 73 гады. Падумаць толькі, 40 гадоў таму можна было б пагутарыць з ім і ўсё распытаць аб гэтай карціне і гісторыі яе стварэння…
І хаця ён быў дэканам факультэта жывапісу доўгія гады, я, тады студэнтка гэтага інстытута, нават не ведала, як ён выглядае. Запомнілася толькі шыльдачка з яго імем на дзвярах дэканата факультэта.
І вось праз 30 гадоў пасля яго смерці, у 2004 годзе, у Мінску ў сховішчах Нацыянальнага мастацкага музея разгарнулі для фатаграфавання адзін са старых рулонаў (рулон № 8), на якім сярод трохчасткавых твораў мастакоў Івана Ахрэмчыка і Валянціна Волкава была накручана і карціна Дэблера «Сустрэча Чырвонай Арміі з вызваленым народам Заходняй Беларусі».
Таго самага Дэблера. Ён напісаў карціну ў 1940 годзе па замове Беларускага ўрада для Беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве, цяпер ВДНГ. З устанаўленнем дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства — карціна гэтая зноў набыла актуальнасць і выклікала вялікую цікавасць.
У 1935 г. Саўнаркам СССР прыняў пастанову аб стварэнні ў Маскве Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы (ВСХВ), якая павінна была адкрыцца 1 жніўня 1937 г. Сціплае аблічча многіх драўляных павільёнаў нацыянальных рэспублік выклікала незадаволенасць партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў, якія ўдзялялі вялікую ўвагу выставе. Крытыка тады не цырымонілася. Так, павільён Украіны параўналі з «чыстай стайняй», а Беларусі — з «багатым свіранам». Адкрыццё было адкладзена на два гады. Новы павільён БССР будаваўся па праекце і пад кіраўніцтвам іншых архітэктараў, якія раней працавалі ў маскоўскай майстэрні ўраджэнца Міншчыны Івана Жалтоўскага, — Васіля Сімбірцава і Барыса Бархіна.
Будынак адрозніваўся святочнасцю, дэкаратыўнасцю і яркасцю, нават некаторай пышнасцю. Гэты павільён задаволіў беларускае партыйнае кіраўніцтва.
У тыя ж гады ішла старанная падрыхтоўка экспанатаў выставы, пра якую перыядычна паведамляла прэса. Былі прыцягнуты найлепшыя творчыя сілы Беларусі. Чаго толькі там не меркавалася зрабіць!
«12 жывапісцаў, графікаў, афарміцеляў пад кіраўніцтвам мастака Алтуф’ева заняты дэталёвай распрацоўкай і падрыхтоўкай малюнкаў, па якіх будзе замоўлены шэраг высокамастацкіх рэчаў для афармлення Беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы. Распрацоўваюцца малюнкі тканін і посцілак, якія будуць замоўлены 27 найлепшым ткачыхам у БССР», — пісала прэса. З апісанняў па дэкарыраванні інтэр’ераў вядомы і работы беларускіх скульптараў — барэльеф «Беларусь — фарпост СССР» Андрэя Бембеля, «Карл Маркс и Фрыдрых Энгельс» Заіра Азгура, бюсты правадыроў савецкай дзяржавы. Ззаду павільёна быў разбіты сквер са скульптурнай групай «Лявоніха» скульптара Аляксея Глебава. Акрамя скульптараў, падобныя адказныя замовы на пано атрымалі яшчэ і жывапісцы: з БССР — Іван Ахрэмчык («Свята беларускага народа») і Валянцін Волкаў («Кастрычнік у Беларусі»), з Расіі — Аляксандр Дэблер («Знатныя людзі Савецкай Беларусі»).
Выстава была ўрачыста адкрыта 1 жніўня 1939 года.
Праз два месяцы пасля гістарычных падзей 17 верасня 1939 года ўзнікла неабходнасць дапоўніць выставу карцінай-пано на тэму ўз’яднання беларускіх зямель, якая б спалучалася з ужо існуючымі творамі мастацтва. Замову на манументальнае пано «Сустрэча Чырвонай Арміі з вызваленым народам Заходняй Беларусі», якую трэба было выканаць максімальна хутка, атрымаў маскоўскі жывапісец Аляксандр Дэблер. Памеры палатна відавочна дыктаваліся ўмовамі памяшкання беларускага павільёна.
Чаму выбралі менавіта Дэблера, можна толькі меркаваць: ён, вучань Аляксандра Савінава і Кузьмы Пятрова-Водкіна, быў прафесіяналам — скончыў факульэт манументальнага жывапісу, а ў Беларускім саюзе мастакоў было мала манументалістаў, здольных справіцца з такой складанай задачай. Немалую ролю адыграла і тая акалічнасць, што карціна будзе выканана на месцы і не запатрабуе перавозкі.
Дэблер усяго два гады таму скончыў Інстытут пралетарскіх выяўленчых мастацтваў (былую Акадэмію мастацтваў) у Ленінградзе і пераехаў у Маскву ў 1938 годзе — быў запрошаны на выкладчыцкую працу ў Маскоўскі мастацкі інстытут. Яму ў той час быў толькі 31 год. Але, нягледзячы на маладосць, аб’ём працы ён зрабіў каласальны. Маляўнічае пано павінна было быць даўжынёй 9 метраў.
Маляўнічы фрыз мусіў стаць часткай скульптурнага ансамбля афармлення павільёна і адпавядаць яго стылістыцы. Ахрэмчык і Волкаў напісалі свае трохчасткавыя пано ў тэхніцы грызайлю, галоўны складнік якой — аднатоннасць. Грызайль часта ўжывалася для імітацыі скульптурных барэльефаў і гарэльефаў.
Фрыз Дэблера выкананы высокапрафесійна ў традыцыях акадэмічнай школы. Яшчэ ў студэнцкія гады па патрабаванні свайго настаўніка прафесара Аляксандра Савінава, захопленага ў той час вывучэннем антычна-манументальных традыцый, ён шмат маляваў і пісаў злепкі з калекцыі Акадэміі мастацтваў, абмяркоўваючы сваю працу з настаўнікам. Дэблер у канцы жыцця ўспамінаў: «Аддайцеся пачуццю прыгажосці», — сказаў мне ён ціха, нібы па сакрэце... Ён ніколі нічога не навязваў. Калісьці мне сказаў: «Пацікаўцеся новым жывапісам, імпрэсіянізмам. Вам будзе гэта карысна». І гэты запавет я пранёс праз усё жыццё».
Гэта апора на веліч шэдэўраў антычнасці адчувальная і ў фрызе Дэблера для Беларускага павільёна, які павінен прадстаўляць ілюзію гэткага шэсця — накшталт скульптурнага фрыза афінскага Парфенона. Ён нібы ўвабраў у сябе высакародную прыгажосць, строгасць і гармонію элінскай традыцыі з аднаго боку і шырокі, нават рваны мазок жывапісу з кантраснымі «ажыўкамі» бяліламі — з другога. У гэтым фрыз Дэблера моцна адрозніваецца ад статыкі Ахрэмчыка і экспрэсіўнага руху ў фрызе ў выкананні Волкава.
Пано змяшчае ў сабе складаную кампазіцыю з некалькіх мізансцэн, убачаную скрозь прызму антычнасці. Чырвонаармейцы паўстаюць на ёй рашучымі ваярамі, чырвоная конніца, прадстаўленая адзіным вершнікам у цэнтры, адсылае да старажытных калясніц. Кампазіцыя палатна ўяўляе сабой урачыстае сустрэчнае шэсце. Злева направа ідуць, чаканячы крок, шыхты чырвоных воінаў, конны камандзір, матацыкліст; справа налева — жыхары Беларусі, цікаўныя хлапчукі, жанчыны ў хустках з малымі дзецьмі, з кветкамі. Нібы на плакаце, абдымаюцца воін і селянін. Пано напісана шырока, вольна, у разліку на далёкі агляд.
Цяпер застаецца загадкай, як мастак мог так хутка напісаць такую карціну не на некалькіх палотнах, як яго калегі-мастакі, а на вялізным суцэльным палатне 9 метраў у даўжыню. Як ён прадумваў кампазіцыю, у якую ўвайшлі ўсе разнастайныя ракурсы і паставы народа, які сустракае Чырвоную Армію? Некаторыя кампазіцыйныя знаходкі Дэблера пасля расхапаюць іншыя мастакі для сваіх карцін. Напрыклад, вобраз матацыкліста быў выкарыстаны Волкавым у карціне «Мінск. 3 ліпеня» ў 1940-я гады.
Карціны беларускіх мастакоў упрыгожвалі Беларускі павільён сельскагаспадарчай выставы да кастрычніка 1941 года, калі ён быў зачынены. З першых дзён вайны Дэблер поплеч са сваімі студэнтамі працаваў на будаўніцтве абарончых збудаванняў пад Вязьмай і Смаленскам, а ў кастрычніку 1941 года ён разам з інстытутам эвакуіруецца ў Самарканд. А праз год там жа, у Самаркандзе, па прапанове Ігара Грабара пераходзіць на выкладчыцкую працу ва Усерасійскую акадэмію мастацтваў, з якой у далейшым будзе звязана ўсё яго жыццё.
У ваенныя гады выстава не працавала. А ў 1951 годзе перад чарговай перабудовай і рэканструкцыяй павільёнаў усе творы мастакоў з Беларускага павільёна, жывапісныя пано Дэблера, Волкава і Ахрэмчыка перадалі ў Мінск у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там гэтая карціна сярод іншых праляжала, згорнутая ў рулон, яшчэ 14 гадоў. Сам аўтар ужо не ведаў яе лёсу і месцазнаходжання.
У 1965 годзе яна трапляе ў Дзяржаўны музей, а ў 1969 годзе знаходзіць, нарэшце, пастаянны прытулак — навукова-дапаможны фонд Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Была заінвентарызавана ў 1973 годзе, а ў 1990-я гады паступіла ў збор беларускага жывапісу.
На пачатку 2000-х супрацоўніцы аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, збіраючы звесткі аб гэтай карціне, працавалі з фондам Дэблера ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, дзе Дэблер выкладаў на працягу 40 гадоў. Вельмі цікавае іх назіранне: калі на пачатку свайго шляху ён згадваў гэты твор некалькі паблажліва, проста як юнацкі вопыт і выгадны заказ, то, чым больш часу праходзіла, тым больш ён пачынаў шанаваць сваю працу, таму што паступова прыходзіла разуменне, што гэта адзіны маштабны твор, які ён стварыў за ўсё творчае жыццё.
Дэблер пасля вайны паглыбіўся ў педагогіку, не на карысць уласнай творчасці. Цікава, што ён, здаецца, адмовіўся ад удзелу ў мастацкім жыцці Ленінграда. Магчыма, гэта здарылася пасля таго, як яго звольнілі з інстытута ў 1951 годзе і запрасілі зноў пасля смерці Сталіна ў 1953-м. Магчыма, тады ён вырашыў быць толькі педагогам. Дэблер з-за гэтага не быў сябрам Ленінградскага Саюза савецкіх мастакоў. Адзіная выстава, арганізаваная яго дачкой, прайшла пасля яго смерці ў сценах роднага інстытута ў 1987 годзе і стала фактычным «адкрыццём мастака». Дэблер усё ж увайшоў у мастацтва Ленінграда як тонкі псіхолаг-партрэтыст. Некалькі алейных партрэтаў сяброў і родных, напісаных ім на працягу жыцця, было перададзена дачкой у Дзяржаўны рускі музей. Асабліва цікавыя для беларусаў яго партрэты-накіды з аднакурсніка мастака Залмана Мірынгофа, які загінуў у мінскім гета ў 1942 годзе.
Аляксандра Дэблера да гэтага часу адносяць да сціплых і незнакамітых майстроў «невядомага сацрэалізму». Праз шмат гадоў высвятляецца, што Дэблер выявіў сябе найболей маштабна і значна толькі ў гэтым раннім заказным палатне, якое належыць Беларусі. Выставачны лёс гэтай карціны незайздросны: яна была выстаўлена толькі з 1940 да 1941 года. Астатнія 70 гадоў свайго існавання яна праляжала ў рулоне, які размотваўся часам для фатаграфавання і праверкі стану захавання.
У нашы дні яе паказвалі толькі ў рэпрадукцыі ў 2008 годзе на выставе «І даўжэй за стагоддзе».
Але выставіць яе і ў наш час праблематычна з-за фармату, бо выраблялася яна для пэўнай канцэпцыі паказу ў спецыяльнай выставачнай прасторы. З гадамі гэты манументальны жывапісны фрыз Аляксандра Дэблера нібы набраў вагу і значнасць. Верыцца, што ў новых музейных прасторах палатно нарэшце здабудзе сваё месца.
Надзея УСАВА, мастацтвазнаўца
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.