На гэтым тыдні да нас завітаў у госці сонечны антыцыклон, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Гэта дазволіць шырокай вобласці павышанага атмасфернага ціску блакіраваць доступ у краіну атмасферным франтам і звязаным з імі масівам дажджавой воблачнасці. Таму на гэтым тыдні жыхарам нашай краіны на ападкі разлічваць не варта. У сувязі з чым сухое надвор’е будзе спрыяць захаванню на большай частцы тэрыторыі краіны высокай пажарнай небяспекі. А па ўсходзе Беларусі дзейнічае надзвычайная пажарная небяспека з чырвоным узроўнем. Яшчэ ў бліжэйшыя дні ў краіне захаваецца не па сезоне цёплае надвор’е з тэмпературным фонам у асноўным на 2–6 градусаў вышэй за кліматычную норму.
У аўторак ў выніку паступлення цёплай паветранай масы начныя мінімумы складуць ад 9 да 15 градусаў, па поўначы месцамі — 5–8 градусаў, днём паветра прагрэецца да 23–28 цяпла. Аднак з сярэдзіны тыдня паветраныя патокі памяняюць свой напрамак з паўднёва-ўсходняга на паўночны, і ў краіну пачне паступаць паветраная маса ўмераных шырот. Тэмпературны фон паступова стане паніжацца, набліжаючы кліматычную восень. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах будуць згушчацца непрацяглыя туманы.
У сераду — пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 7 да 14 градусаў, удзень — 21–27 цяпла.
Пасля цяпло пачне адступаць, але толькі на некалькі градусаў. У чацвер таксама будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 6–13 градусаў, удзень будзе 21–26 цяпла.
Не чакаецца традыцыйных восеньскіх дажджоў і ў пятніцу з суботай. У гэтыя дні ноччу і раніцай у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 5–10 цяпла, месцамі да 13 градусаў, днём паветра прагрэецца да плюс 19–25 градусаў.
Не прадказваюць сіноптыкі ападкі і ў нядзелю. У гэты дзень ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 5–10 градусаў, месцамі да 13 цяпла. Днём тэмпература будзе падымацца да 17–24 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.