Каманда тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе другі раз запар заваявала бронзавыя ўзнагароды ў Суперфінале Еўралігі. У матчы за трэцяе месца беларусы разграмілі каманду Іспаніі з вынікам 6:1. Шлях да медалёў у беларускай каманды быў драматычным. На папярэднім этапе наша зборная заняла першае месца ў групе В, перамогшы каманды Швейцарыі (9:6), Малдовы (8:0) і Францыі (6:3). У чвэрцьфінале беларусы павінны былі сустрэцца з эстонцамі, але тыя адмовіліся ад гульні і атрымалі тэхнічную паразу 0:3. У паўфінале беларусы прайгралі Партугаліі з буйным лікам 3:7, а гаспадары турніру адолелі іспанцаў у дадатковы час — 4:3. У мінулым сезоне беларускія пляжныя футбалісты таксама былі бронзавымі прызёрамі Еўралігі. А ў 2021 годзе наша зборная заваявала сярэбраныя медалі Еўралігі. Цяпер беларускія падапечныя іспанскага трэнера Нікласа Альварада будуць рыхтавацца да адборачнага турніру чэмпіянату свету, які пройдзе з 4 да 13 кастрычніка ў іспанскім Кадысе. Па выніках жараб’ёўкі беларусы трапілі ў кваліфікацыйную групу D разам з камандамі Бельгіі, Турцыі і Малдовы.
Герой тыдня. Беларус Акім Гнедчык перамог на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор’і сярод спартсменаў, не старэйшых за 17 гадоў. У гэтым сезоне ён ужо станавіўся чэмпіёнам Еўропы сярод юнакоў. Што да вынікаў іншых беларускіх спартсменаў, то Ягор Ерафееў заняў 13-е месца, Аляксандр Калугін размясціўся на 26-м, а Цімафей Пракопчык стаў 29-м. У жаночых спаборніцтвах таксама былі прадстаўлены чатыры беларускі, але Кіры Каваленка і Карыне Хоміч не ўдалося пераадолець паўфінальны бар’ер. Наступным буйным стартам у календары пяціборцаў стане чэмпіянат свету сярод юніёраў (U19), які пройдзе з 23 да 29 верасня ў літоўскім Друскінінкаі.
Серыя тыдня. Хакеісты «Дынама-Мінск» скончылі першую выязную серыю гэтага сезона. «Зубры» набралі чатыры ачкі — гэта палова з магчымых васьмі. На выездзе мінчане абыгралі «Барыс» і «Віцязь» з вынікам 5:1, затым саступілі «Спартаку» з вынікам 2:5. Прайгралі мінчане і аднаклубнікам з маскоўскага «Дынама» — 6:3. На гэты момант «Дынама-Мінск» дзеліць трэцяе — пятае месцы ў Заходняй канферэнцыі КХЛ з «Поўначсталлю» і «Куньлунем», ва ўсіх каманд па шэсць балаў. Наступны паядынак «Дынама» правядзе дома 21 верасня — у Мінск прыедуць госці з Чарапаўца.
Аб’ява тыдня. У прэс-службе Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) абнародаваны спіс кандыдатаў на пасаду прэзідэнта МАК. Усяго ў спісе сем кандыдатаў — кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletіcs) Себасцьян Коу (Вялікабрытанія); Віцэ-прэзідэнт МАК Хуан Антоніа Самаранч-малодшы (Іспанія); прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ (Японія); прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і сноўборда Ёхан Эліяш (Швецыя); кіраўнік Міжнароднага саюза веласіпедыстаў Давід Лаппарт’ен (Францыя); іарданскі прынц, Прэзідэнт Алімпійскага камітэта Іарданіі Фейсал ібн Хусейн (Іарданія); самая тытулаваная спартсменка ў гісторыі Зімбабвэ, старшыня камісіі спартсменаў МАК Кірсці Кавентры (Зімбабвэ). Выбары новага кіраўніка арганізацыі пройдуць у рамках сесіі МАК з 18 да 21 сакавіка 2025 года. Яны па традыцыі адбудуцца ў Афінах (Грэцыя).
Поспех тыдня. Беларускія каманды паспяхова выступілі на турнірах па баскетболе 3×3 у Расіі. У Краснакаменску баскетбалісты «МІНСКА» сталі ўладальнікамі Кубка шахцёра, перамогшы ў вырашальным паядынку чыцінскі «Лакаматыў» з лікам 21:11. У складзе мінчан пад кіраўніцтвам Рамана Гесця выступалі Ян Марынін, Аляксей Шаўчэнка, Вацлаў Бугаёў, прызнаны найлепшым гульцом турніру, і Ілья Языковіч.
Валерыя СЦЯЦКО
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.