На мінулым тыдні падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падарыў кіраўніку дзяржавы першы экзэмпляр новай кнігі «Беларусь адзіная», аўтарамі якой сталі Уладзімір Ліхадзедаў і Святлана Харужык. Афіцыйная прэзентацыя кнігі пройдзе ў Дзень народнага адзінства, а мы тым часам пагутарылі з навуковым кансультантам гэтага выдання, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў, доктарам гістарычных навук Вячаславам Даніловічам. Гаварылі больш не пра саму кнігу, а пра тэму, якая сёння (прычым не ў сэнсе аднаго дня) асабліва актуальная. Пра ўз’яднанне народа, пра яго цану і асэнсаванне, пра адзінства як умову захавання і існавання. Атрымалася гутарка нібыта і з нагоды дзяржаўнага свята, але актуальная не толькі 17 верасня...
— Вячаслаў Віктаравіч, у выданні «Беларусь адзіная» вы выступілі ў якасці навуковага кансультанта. Менавіта з пункту гледжання гістарычнай навукі раскажыце, чым унікальнае гэта выданне, што новага з яго мы даведаемся, чаго не ведалі раней.
— У нашай гістарычнай навуцы даследаванне гісторыі Заходняй Беларусі і працэсу ўз’яднання мае даволі глыбокія карані. Выдадзена шмат навуковых матэрыялаў, ёсць вялікі пласт навуковага асэнсавання гэтых падзей. Але нам на сёння не хапала папулярнага выдання, якое тэзісы, абгрунтаваныя ў навуковых працах, магло б наглядным чынам данесці да вялікай колькасці людзей. І якраз выданне «Беларусь адзіная» зроблена менавіта папулярным. Там няма нейкіх новых навуковых тэзісаў, але абсалютна новая форма падачы ў выглядзе нагляднага дакументальнага і фотаілюстрацыйнага матэрыялу па тым, што адбывалася ў Заходняй Беларусі, і тым, што адбывалася ў БССР, — такі параўнаўчы аспект. Праз фотаздымкі, праз дакументы паказана, як падзялілі беларускага народа, — імгненні польска-савецкай вайны, што адбывалася на акупаваных тэрыторыях, Рыжскі мірны дагавор. Таксама паказана, што адбывалася пасля падзелу, — грамадска-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае, нацыянальна-культурнае становішча ў Заходняй Беларусі і адначасова — як гэта было ў Савецкай Беларусі. Паказваецца, як «пад Польшчай» беларусы змагаліся за свае правы, за сваю ідэнтычнасць, — усё гэта з дапамогай ілюстрацый, фотаздымкаў, фрагментаў друкаваных выданняў — фактычна ўпершыню такая падача ў навукова-папулярным выданні. У чалавека, які азнаёміцца з кнігай, складзецца поўнае — нагляднае — уяўленне аб тым, што адбывалася ў той час у Заходняй Беларусі і паралельна ў БССР, як адбывалася ўз’яднанне і чаму менавіта 17 верасня вызначана датай дзяржаўнага свята.
— Для вас асабіста ў гэтым выданні было штосьці новае?
— Калі казаць пра фактуру — напэўна, не, я сам займаўся вывучэннем гісторыі Заходняй Беларусі. Уразіла найперш ідэя гэтай падачы — паказаць жыццё абедзвюх частак Беларусі менавіта на супрацьпастаўленні ў адным выданні. Калі да мяне з гэтай ідэяй звярнуўся Уладзімір Ліхадзедаў, адзін з аўтараў кнігі, я быў прыемна ўражаны і падумаў, што павінна атрымацца штосьці цікавае, чаго дагэтуль не было…
— Увогуле, здаецца, што ў падачы і асэнсаванні тых падзей мы толькі на пачатку шляху: мы ведаем шмат, але не ўсё. Паралель, магчыма, недарэчная па маштабе трагедыі, але гэта, на мой погляд, падобна на справу аб генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Здаецца, вядома было за восемдзесят гадоў усё. Але калі заняліся ўсур’ёз мэтанакіравана — колькі дагэтуль невядомых фактаў раскрылася... Атрымліваецца, усяму свой час, і да дэталёвага вывучэння трагедыі часткі беларускага народа на працягу 18 гадоў польскай акупацыі справа яшчэ дойдзе, магчыма, і на заканадаўчым узроўні. Можа, і праўда, вылучыць такую ініцыятыву, улічваючы цяперашнія адносіны польскага кіраўніцтва да Беларусі?
— Трэба сказаць, што згаданы вамі Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» якраз і прадугледжвае злачынствы супраць беларускага насельніцтва ў гады вайны і ў пасляваенны час. А пасляваенны час — гэта злачынствы найперш польскіх фарміраванняў — так званых «праклятых жаўнераў», Бурага і астатніх, якія чынілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі сапраўдны генацыд…
— Але ж і да 1939 года беларусаў на тэрыторыі, якая была «пад Польшчай», хацелі знішчыць як народ, няхай сабе і не фізічна…
— Тут варта казаць пра этнацыд, калі беларусаў хацелі асіміляваць, каб яны перасталі лічыць сябе беларусамі... Можна, канешне, і на заканадаўчым узроўні весці размову аб прызнанні і фіксацыі фактаў этнацыду. Інфармацыі, дарэчы, тут нямала, пытанне вывучалася дэталёва. Польшча ў той час была шматнацыянальнай дзяржавай, уласна палякі там складалі толькі 65 працэнтаў ад усяго насельніцтва. А які тады лозунг быў у польскіх улад? «Польшча для палякаў». Міністр юстыцыі Аляксандр Мейштовіч у сярэдзіне 1920-х гадоў прамым тэкстам заявіў, што беларусы павінны быць асіміляваныя, пераўтвораны ў палякаў. І гэта была заява чалавека, які адказваў за выкананне заканадаўства. А паводле Рыжскага мірнага дагавора, Польшча абавязвалася забяспечыць захаванне нацыянальных правоў беларусаў, як і ў Канстытуцыі тагачаснай Польшчы дэклараваліся правы нацыянальных меншасцяў на нацыянальнае і культурнае развіццё... А ў 1934 годзе міністр замежных спраў Польшчы Юзаф Бек ужо ў Лізе нацый адкрыта заявіў, што Польшча адмаўляецца ад усіх гарантый на сваіх тэрыторыях для нацыянальных меншасцяў…
— А як з пункту гледжання гісторыі можна патлумачыць такі парадокс. Беларусы, якіх 18 гадоў прыгняталі і спрабавалі пазбавіць нацыянальнасці, веры, мовы, вельмі хутка ўсё забылі і даравалі. І пра дату 17 верасня, калі б у тым ліку не падзеі 20-га года, многія хутка нават і не ўспаміналі б. Палякі ж, якім тут асабліва ганарыцца няма чым, найперш калі кіравацца еўрапейскімі каштоўнасцямі, што дэкларуюцца, не забываліся пра гэту дату ніколі і, нават знаходзячыся ў сацыялістычным лагеры, марылі вярнуць «свае» тэрыторыі. Што ўжо казаць пра сёння — некаторыя польскія палітыкі нават не ўтойваюць жаданне ўзяць рэванш. Адкуль такое рознае ўспрыняцце ў суседніх народаў? Асаблівасці нацыянальнага характару?
— У першую чаргу гэта асаблівасць характару датычыцца польскіх эліт. Яны, на жаль, урокі з гісторыі выносіць не хочуць і па-ранейшаму пакутуюць фантомнымі болямі з нагоды нашых заходніх зямель. І робяць многае, каб падтрымаць гэты рэваншысцкі дух у грамадстве... Мы вельмі правільна зрабілі тры гады назад, калі вярнулі ў наш святочны пералік дат менавіта 17 верасня — дату, калі пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі. Дарэчы, гэта дата ўжо ў кастрычніку 1939-га года на Народным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку была прапанавана як святочная, як дата вызвалення беларускіх працоўных ад прыгнёту польскіх паноў. І яе ў 1940-м ужо шырока адзначалі. А потым здарылася вайна. Пасля вайны было не да свят, але 10-годдзе вызвалення ў 1949 годзе адзначылі вельмі маштабна. Пасля гэтага пайшоў спад, гэту дату вырашалі асабліва не педаліраваць... Чаму? Ну, вось такі ў нас усходнеславянскі менталітэт. Польшча ж ужо ў адным з намі сацыялістычным лагеры, у суседзяў у жыцці рознае бывае, што ўжо тое ўспамінаць... А ў Польшчы было наадварот. Яны заўсёды, пры любой уладзе, гэту дату негатыўна афарбоўвалі для сябе. Дарэчы, у савецкі час беларусы, якія ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе, той жа самы Максім Танк, увесь час стараліся давесці кіраўніцтву рэспублікі, што павінна быць дата, якая адзначае ўз’яднанне і тэрыторыі, і народа. І ўрэшце гэтага ўдалося дабіцца — у студзені 1990 года Вярхоўны Савет БССР устанавіў як святочную дату ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 14 лістапада — дзень прыняцця ў 1939 годзе закона, які завяршыў працэс аб’яднання. Але і гэта свята мы не паспелі адзначыць: праз год не стала ні Савецкага Саюза, ні БССР.
— Але ж з’явілася Рэспубліка Беларусь. Чаму ж тыя эліты, якія дэкларавалі нацыянальнае адраджэнне, не паклапаціліся, каб уз’яднанне народа было адзначана?
— Сярод тых прадстаўнікоў эліты, якія, як вы сказалі, дэкларавалі нацыянальнае адраджэнне, большасць арыентавалася на Захад. А заходняя прапаганда даводзіла, што Савецкі Саюз вінаваты ў развязванні Другой сусветнай вайны, што гэта ён падзяліў Польшчу з нацысцкай Германіяй.
А Польшча ж ужо нібыта і там, на Захадзе. Будзем расказваць пра 1939 год — а раптам нас туды не возьмуць? Вось чым кіравалася тагачасная эліта. А грамадства — яно ў любым выпадку інерцыйнае, асабліва ў цяжкія часы, якія былі ў нас у 1990-х. І тут яшчэ варта зноў згадаць наш менталітэт: мы для ўсіх, нават для нядаўніх ворагаў, адкрытыя, мы гатовыя да супрацоўніцтва, да ўзаемадзеяння. Мы не згадваем старыя крыўды для таго, каб сапсаваць адносіны сёння. Наша адзіная ўмова: паважайце нас. А цяпер мы дайшлі яшчэ да адной важнай ісціны: на сваю гісторыю трэба глядзець менавіта сваімі вачыма, а не вачыма суседзяў. Падзеі 2020 года паказалі, што польскія эліты ўспрымаюць наша спакойнае разважлівае стаўленне да гэтай даты як праяву нашай слабасці.
— Так. І жыхары Гродна расказвалі, што падчас пратэстаў 20-га года аднекуль узяліся людзі, якія хадзілі па горадзе з польскімі сцягамі і выкрыквалі: «То ест нашэ място!»…
— Ну, гэта актывізаваліся так званыя некамерцыйныя недзяржаўныя арганізацыі, якія сядзелі на пайку ў заходніх фондаў і якіх задзейнічалі для пэўных мэт, калі прыйшоў час. А ў палякаў палітыка гэтай мяккай сілы была добра адпрацаваная — адна «карта паляка» чаго вартая. Яны свае рэваншысцкія планы ніколі не забываліся і мэтанакіравана працавалі на іх увасабленне. А людзі нашы, на жаль, купіліся на гэтыя «плюшкі». І тут справа ў выхаванні. На жаль, у Савецкім Саюзе на яго змярканні не маглі выхаваць сапраўдных патрыётаў. Тых, хто за нейкія матэрыяльныя выгоды не пагодзіцца адмовіцца ад сваёй нацыянальнасці. А маладое пакаленне яшчэ і бачыла фармалізм сістэмы, якая дэкларавала высокія ідэалы, а насамрэч людзі думалі пра матэрыяльнае. І повязь пакаленняў у пэўны момант перарвалася. А гэта ў любым грамадстве страшна.
— Ваша доктарская дысертацыя, ведаю, прысвечана беларускай моладзі міжваеннага часу. Што датычыцца моладзі Заходняй Беларусі — як, на ваш погляд, гэтыя хлопцы і дзяўчаты змаглі заставацца беларусамі, атаясамліваць сябе менавіта з беларускім народам, змагацца за яго вызваленне, калі ў іх не было магчымасці вучыцца на роднай мове, калі іх прымушалі паўтараць: «Хто ты естэм? Поляк малы...» Можа, менавіта там, у тым часе трэба шукаць падказку, як выхоўваць сённяшніх маладых людзей, каб яны не адракліся ад народа і ад Радзімы?
— Тут справа менавіта ў сіле духу. Які быў найперш у сям’і. Пры тым, што праводзілася бескампрамісная палітыка паланізацыі: у 1938 годзе не было ўжо ніводнай беларускамоўнай школы — самі польскія чыноўнікі прызнавалі, што ўсё ідзе не так, як хацелася б. У адным з навуковых зборнікаў мы апублікавалі пратакол сакрэтнай нарады кіраўнікоў чатырох ваяводстваў, якія ахоплівалі якраз тэрыторыю Заходняй Беларусі, — Віленскага, Беластоцкага, Навагрудскага і Палескага. Абмяркоўваючы праблемы паланізацыі насельніцтва гэтых зямель, яны адзначалі, што на дзяржаўным узроўні дзеля дасягнення мэты робіцца ўсё, але большасць людзей ну ніяк не хочуць адчуваць сябе палякамі. Нават у Віленскім ваяводстве, дзе найбольш каталікоў, — і там не хочуць быць палякамі! Гэта сведчыць, як ні патэтычна гучыць, аб сіле духу нашага народа. Людзі, нягледзячы ні на што, усведамлялі сябе беларусамі і выхоўвалі так сваіх дзяцей. Сям’я — першааснова. Працяг — сістэма адукацыі. Як сказаў Уінстан Чэрчыль пасля вайны, фашызм перамог савецкі настаўнік. Які выхаваў маладых патрыётаў, хто дзеля Радзімы не шкадаваў жыцця.
— А вось польскі настаўнік зрабіць з беларускіх дзяцей палякаў не змог…
— Таму што ён быў несправядлівы, таму што ён навязваў паланізацыю штучна. А справядлівасць — гэта спрадвеку адзін з ключавых прынцыпаў нашага народа. А польская ўлада ў Заходняй Беларусі была да беларусаў несправядлівая. Яна не давала магчымасці развівацца ў сваім культурным асяроддзі, цярпела і вера: колькі праваслаўных цэркваў зрабілі касцёламі…
— Пра трагедыю Вялікай Айчыннай мы гаворым: калі забудземся — паўторыцца. Думаю, тое самае дарэчы сказаць і пра трагедыю раздзеленага народа ў 1921- 1939. Навуковых даследаванняў па тэме ў нас ужо даволі шмат, але яны не для «масавага карыстання». Магчыма, каб людзі не забыліся, тут не хапае матэрыяльнага ўвасаблення? Адметнага мемарыяла, сучаснай «белетрыстыкі»? Бо мемарыяльнай экспазіцыі ў Бярозе, адной навукова-папулярнай кнігі, аднаго фільма «На другім беразе», напэўна, мала…
— Згодзен. Сёння варта гаварыць пра годны помнік тым беларусам, якія ахвяравалі сваё жыццё, каб народ аб’яднаўся. Дарэчы, яшчэ ў кастрычніку 1939 года Уладзімір Царук, дэлегат Народнага сходу Заходняй Беларусі, прапанаваў на сходзе ўстанавіць помнік усім загінулым за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне ад польскага прыгнёту. Прапанова была падтрымана аднагалосна, помнік вырашылі паставіць у Беластоку. На жаль, да сёння такога помніка няма.
А памяць павінна мемарыялізавацца належным чынам. Але самае галоўнае — каб мы бачылі гэты перыяд свайго жыцця менавіта з пазіцыі свайго народа і сваёй дзяржаўнасці, каб не саромеліся адзначаць гэты дзень, як і іншыя даты, якія для нашага народа адназначна станоўчыя, няважна, што пра гэта думаюць суседзі ці не суседзі. У нас свой погляд на наша гістарычнае мінулае. Тут, канешне, важная пазіцыя кіраўніцтва краіны. Менавіта з падачы Прэзідэнта ў нас галоўным святам стала дата вызвалення Мінска ад фашыстаў, менавіта ён паўтарае нам, што захаваць галоўную каштоўнасць — суверэнітэт — мы можам толькі тады, калі захаваем адзінства. Вось яны, вельмі важныя пасылы, якія дазваляюць нам ужо восемдзесят год жыць пад мірным небам…
— ...І восемдзесят пяць гадоў як адзін народ. Варта і гэта праз коску дадаваць.
— Абсалютна правільна! Добры пачатак пакладзены — дзяржаўнае свята 17 верасня ў нас ужо ёсць.
Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.