Вы тут

Мінск адсвяткаваў свой дзень нараджэння


Штогод у другую суботу верасня Мінск адзначае Дзень горада. Сёлета нашай любімай сталіцы споўнілася 957 гадоў. У гэты дзень кіраўніцтва горада арганізавала насычаную праграму. Свята адчувалася ва ўсіх кутках Мінска. Гараджане і госці змаглі ўзяць удзел у спартыўных спаборніцтвах і інтэлектуальных квэстах, убачыць гістарычную рэканструкцыю, пачуць музыку з савецкіх фільмаў і многае іншае. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да народных гулянняў.


Фота Яўгена Пясецкага

Мінск — горад, ахутаны легендамі, горад-герой, горад магчымасцяў. Тут гарманічна пераплятаюцца гісторыя і сучаснасць, выразна праглядаюцца новыя гарызонты ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Гэта сапраўды горад для жыцця, дзе мары і надзеі становяцца рэальнасцю.

Святочная праграма пачалася з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак каля стэлы «Мінск — горад-герой». Жыхары і госці сталіцы з самай раніцы прыйшлі сюды, каб ушанаваць памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі пры абароне нашай Радзімы. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Юрый Фралоў пасля цырымоніі ўскладання кветак адзначыў: «Сёння мы аддаём даніну памяці нашым папярэднім пакаленням, продкам, якія сваёй працай, доблесцю і мужнасцю дамагліся для нас таго, што маем. І мы павінны захаваць гэта і прымножыць. Памятаем іх дасягненні, ганарымся імі. Мы ганарымся нашай сталіцай, якая з кожным днём становіцца толькі прыгажэйшай».

Затым народнае свята перайшло ў цэнтр горада. Жыхары і госці сталіцы змаглі наведаць Міжнародны фестываль гісторыі і культуры «Мінск старажытны — 2024» і ўбачыць рэканструкцыю Польскага паходу Чырвонай Арміі, прымеркаваную да Дня народнага адзінства. Зялёную зону каля скрыжавання праспектаў Машэрава і Пераможцаў запоўнілі рыцарскія баі, турніры лучнікаў і арбалетчыкаў, кірмаш рамеснікаў, сярэднявечная музыка і больш за 20 гістарычных клубаў з Беларусі і замежжа.

Розныя пляцоўкі працавалі каля Палаца спорту. Там госці свята змаглі стаць удзельнікамі алімпійскага дня. На пляцоўцы было прадстаўлена некалькі дзясяткаў лакацый, дзе кожнае дзіця да 14 гадоў магло праверыць свае магчымасці ў розных відах спорту. Усяго алімпійскі квэст прапанаваў 32 дысцыпліны, сярод якіх футбол, баскетбол, тэніс, стральба з лука, дзюдо, бокс, веславанне і многія іншыя. За праходжанне заданняў юныя ўдзельнікі атрымлівалі пячаткі, якія адпавядаюць паказанаму выніку: залатую, сярэбраную або бронзавую. Па заканчэнні квэсту пераможцы атрымалі прызы. Для гасцей свята, старэйшых за 14 гадоў, быў арганізаваны інтэлектуальны камандны турнір на адпаведную тэматыку.

Тут жа госці свята змаглі стаць гледачамі і балельшчыкамі спаборніцтва «Наймацнейшы пажарны-ратавальнік». У ім удзельнічалі ратавальнікі нашай краіны, а таксама В’етнама, Санкт-Пецярбурга і Цюменскай вобласці Расіі. Пераважна ў гэтым відзе спорту спаборнічаюць мужчыны, але складаныя практыкаванні выконваюць і дзяўчаты. Паказвалі сябе ў катэгорыях «Індывідуальныя забегі», а таксама «Тандэм», «Тандэм-мікс» і «Камандная эстафета».

«Праводзіць такія мерапрыемствы ў Дзень горада стала ўжо добрай традыцыяй, — распавёў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — З кожным годам колькасць дэлегацый павялічваецца. Вы моцныя, смелыя, мужныя людзі, якія штодня сутыкаюцца з вялікай небяспекай. І на гэтых спаборніцтвах, вядома ж, адбываецца папулярызацыя службы ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. Многія маладыя людзі, бываючы на гэтай пляцоўцы, затым уступаюць у шэрагі падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях».

На плошчы Свабоды канцэрт «Хіты Прэзідэнцкага аркестра» завяршыў летні музычна-турыстычны сезон. Прагучалі вядомыя песні, у тым ліку музыка да савецкіх кінафільмаў, створаная кампазітарам Аляксандрам Зацэпіным і паэтам-песеннікам Леанідам Дзербянёвым.

Упершыню ў Траецкім прадмесці на тэрыторыі Верхняга горада быў рэалізаваны праект «Мінск губернскі», дзе жыхары і госці сталіцы змаглі акунуцца ў атмасферу XІX—XX стагоддзяў. Там былі і прадстаўнікі прафесій, што знікаюць: чысцільшчык абутку, газетчык, кветачніца, а таксама жывыя скульптуры і жывая карціна. Уздоўж Свіслачы расцягнуліся шэрагі з вырабамі рамеснікаў: з дрэва, бісеру, саломкі…

Фота Данііла Хмяльніцкага

Акрамя таго, на пляцоўцы Верхняга горада адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года» і святочны канцэрт. «Сёння адзначаем 957-ы дзень нараджэння любімага Мінска — горада, які нас аб’ядноўвае. Горада, які практычна на працягу тысячагоддзя даказваў сваё права на існаванне», — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Мэр Мінска дадаў, што сталіцу адбудоўвалі многія пакаленні мінчан, у тым ліку аднаўлялі з руін пасля апошняй разбуральнай вайны: «На працягу 80 гадоў жыхары ўсё зрабілі, каб Мінск быў такім прыгожым, квітнеючым, камфортным для пражывання. Гэта дарагога варта. І сёння мы ўшаноўваем людзей, якія сваёй працай, высокім прафесіяналізмам, адказным стаўленнем да справы, імкненнем да дасканаласці, укараняючы новыя тэхналогіі, даказалі, што вартыя высокага звання «Мінчанін года».

Уладзімір Кухараў падзякаваў усім, хто прыйшоў на свята, хто робіць свой унёсак у развіццё сталіцы або добраўпарадкоўвае двары, дамы. «Новых здзяйсненняў на карысць нашага горада і нашай Радзімы!» — пажадаў ён.

У парку Горкага адбылося сямейнае свята. Працавалі дзіцячыя зоны, зоны для дарослых, танцпляцоўка, выстава работ прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, разгарнуўся фестываль прафесій. Тэматычныя зоны, гульнявыя пляцоўкі і прэзентацыі ўстаноў адукацыі запрашалі людзей усіх узростаў пазнаёміцца з найбольш запатрабаванымі эканомікай спецыяльнасцямі. Уздоўж набярэжнай і алеі разгарнулася 12 пляцовак з прадстаўленнем паўсотні прафесій. Галоўныя лакацыі — «Служба ратавання», «Медыцынскі пункт», «Арт-тэрыторыя», «Салон прыгажосці», «Транспарт і сувязь», «Прамысловасць», «Будаўнічы трэст», «Швейная атэлье» і «Разумны дом».

Завяршальным момантам Дня горада стала феерверк-шоу, якое жыхары і госці сталіцы маглі назіраць у скверы «Старосцінская слабада».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.