Вы тут

Чым уразіў міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва ў Мінску


Напярэдадні Дня горада ў сталіцы праходзіў міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва. Панэльныя дыскусіі, выезды на прадпрыемствы і перагаворы ў рэжыме нон-стоп — партфель сумесных заказаў па выніках сустрэчы павялічыўся. Пляцоўка ўжо трэці раз аб’яднала тых, хто гатовы не толькі прадаваць і купляць. Цяперашні форум самы прадстаўнічы. Сёлета ён аб’яднаў гасцей з 29 краін і 22 рэгіёнаў Расіі.


«Працуючы разам, можам дасягнуць цудоўных вынікаў»

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння і работы тэматычных секцый госці і ўдзельнікі форуму азнаёміліся з выставай прадукцыі 22 сталічных прадпрыемстваў. Экспанатамі сталі халадзільнікі, тэлевізары, тавары лёгкай прамысловасці і гігіенічнага прызначэння, а таксама лекі і гадзіннікі. «Штогадовае правядзенне гэтага эканамічнага форуму дае свае плённыя вынікі, — адзначыў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Мы бачым па аналізе інфармацыі, якая паступае ад прадпрыемстваў і арганізацый, што форум дае эфект, бо на гэтай пляцоўцы прадстаўнікі бізнесу могуць знаёміцца, мець зносіны, абменьвацца кантактамі. Гэта прыводзіць у далейшым да заключэння ўзаемавыгадных пагадненняў. Сама ж пляцоўка форуму становіцца цікавай для самых розных напрамкаў».

Мэр горада адзначыў, што штогод з’яўляюцца новыя галіновыя прапановы. У аснове эканомікі ляжыць бізнес, які ўмее дамаўляцца і шукаць кампрамісы. Часта патрабуецца кансалідацыя намаганняў для дасягнення вынікаў. «Такім чынам, магчыма вырашаць многія праблемы. Задача такіх мерапрыемстваў — знайсці агульныя падыходы, даць магчымасць для зносін і абмеркавання. Галоўнае ў сучасным свеце — развіццё камунікацыі, і наш форум з’яўляецца менавіта той камунікатыўнай пляцоўкай, якая дазваляе вырашаць вельмі многія праблемы. Прыемна, што гэтае свята аб’ядноўвае не толькі мінчан, але і нашых шматлікіх сяброў. Сёння тут людзі, якія разумеюць, што міжнародныя адносіны — гэта залог будучыні. Толькі так, мірна вырашаючы любыя пытанні, працуючы разам, мы можам дасягаць цудоўных вынікаў», — звярнуў увагу Уладзімір Кухараў.

З кожным годам колькасць удзельнікаў форуму павялічваецца. «Гэта сведчыць аб тым, што пляцоўка становіцца цікавай для самых розных напрамкаў. Штогод з’яўляюцца новыя галіновыя прапановы, якія, думаю, будуць станавіцца больш аб’ёмнымі і ахопліваць усё больш сфер. Няма ніякіх межаў, магчыма вырашаць любыя праблемы», — дадаў кіраўнік Мінска.

«Вопыт Мінска стаў асновай»

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў адзначыў, што Мінск — гэта горад, адкрыты для новых ідэй і праектаў: «Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва стаў сталай падзеяй, якая паказвае высокую цікавасць да ўзаемадзеяння. Яшчэ летась удзельнікамі форуму былі прадстаўнікі 21 краіны і 18 рэгіёнаў Расіі. Сёння ж іх колькасць прыкметна павялічылася — 29 краін і 22 рэгіёны Расіі. Мы адкрытыя для абмеркавання ўстанаўлення дзелавых кантактаў і пошуку новых напрамкаў узаемадзеяння, шчыра зацікаўлены ў развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, умацаванні бізнес-сувязяў, прасоўванні тавараў і паслуг на новыя рынкі».

Даўнія цёплыя адносіны звязваюць Мінск і Бішкек. Сталіцы Беларусі і Кыргызстана заключылі двухбаковае пагадненне па эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве яшчэ ў 1997 годзе. Пра гэта нагадаў мэр Бішкека Айбек Джунушаліеў: «Наша супрацоўніцтва ахоплівае многае ў эканоміцы: ад прамысловасці да абмену вопытам у кіраванні гарадскімі працэсамі. Бішкек забяспечвае каля 40 працэнтаў ВУП Кыргызстана. Гэта дало магчымасць інвеставаць сродкі ў мадэрнізацыю інфраструктуры. Мы рэалізоўваем маштабны праект па будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў. Гэта важны элемент устойлівага развіцця горада і інвестыцыя ў будучыя пакаленні, іх здароўе, адукацыю, што з’яўляецца ключавым фактарам для развіцця горада і краіны ў цэлым».

Паводле слоў госця, сёння ў Бішкеку ўкараняецца праграма па мадэрнізацыі грамадскага транспарту: «Гэта важны крок па барацьбе з выкідамі вуглякіслага газу ў атмасферу. Таксама пачата будаўніцтва новага смеццеперапрацоўчага завода. Бішкек імкнецца стаць больш экалагічным горадам, і вопыт Мінска стаў асновай. У нас шырока прадстаўлены беларускія тавары, якія карыстаюцца попытам. Гэта прадукты харчавання, тавары народнага спажывання. Нашы камунальныя службы выкарыстоўваюць тэхніку, выпушчаную ў Беларусі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўдзелу ў эканамічных форумах. А ўзаемадзеянне паміж гарадамі дапаможа хутчэй і больш эфектыўна дасягаць пастаўленых мэт».

На форуме была арганізавана работа некалькіх секцый. На іх прадстаўнікі бізнесу абмяркоўвалі стратэгічныя прыярытэты развіцця эканомікі, інвестыцыйныя і інавацыйныя магчымасці, а таксама перспектывы развіцця індустрыяльных паркаў, тэхнапаркаў і свабодных эканамічных зон Беларусі і Расіі, іх ролю ў выбудоўванні эканамічнай і тэхналагічнай незалежнасці.

Умацаванне тэхналагічнай незалежнасці

«У Беларусі аказваецца падтрымка малому і сярэдняму інавацыйнаму і вытворчаму прадпрымальніцтву. Гэта дазваляе хутка ўкараніць навукова-тэхнічныя распрацоўкі ў рэальны сектар эканомікі для ўмацавання тэхналагічнай незалежнасці нашай краіны, — распавёў дырэктар Мінскага гарадскога тэхнапарка Уладзімір Давідовіч. — Гэта работа заснавана на развіцці суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, у першую чаргу тэхнапаркаў. Усяго ў Беларусі цяпер налічваецца шаснаццаць тэхнапаркаў, пяць з іх — у Мінску».

Самым буйным у краіне з’яўляецца Мінскі гарадскі тэхнапарк. Ён размяшчаецца на некалькіх пляцоўках: на вуліцы Солтыса і Партызанскім праспекце. У найбліжэйшых планах — пачатак будаўніцтва чарговай пляцоўкі на вуліцы Цэнтральнай. «Тэрыторыю на вуліцы Солтыса ўдалося ператварыць у месца, дзе канцэнтруюцца малыя інавацыйныя прадпрыемствы, розныя навукаёмістыя вытворчасці і лабараторыі, — адзначыў Уладзімір Давідовіч. — Нашы рэзідэнты працуюць у самых розных галінах, у іх ліку — мікраэлектроніка, біятэхналогіі, лазерная тэхніка, оптыка, дакладнае прыборабудаванне і машынабудаванне. Усё гэта стала магчымым дзякуючы шчыльнаму ўзаемадзеянню са сферай навукі».

У міжнародным форуме эканамічнага супрацоўніцтва ўзялі ўдзел кіраўнікі адміністрацый, бізнес-асацыяцый, уласнікі і топ-менеджары буйных кампаній, зацікаўленыя ў наладжванні і пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прадстаўнікі арганізацый розных формаў уласнасці Беларусі, Расіі, далёкага і блізкага замежжа.

Вынік — у лічбах

Па словах старшыні Мінскага гарвыканкама, сталіца бачыць шмат прарыўных кірункаў супрацоўніцтва з краінамі і гарадамі-партнёрамі. Падпісаныя пагадненні — аснова для далейшага развіцця адносін. Ён адзначыў, што былі дасягнуты дамоўленасці аб узаемадзеянні ў розных сферах, якія ў найбліжэйшы час будуць рэалізаваны. «Сёння таксама падпісалі некалькі вельмі важных пагадненняў з гарадамі-пабрацімамі. Гэта дае пэўны штуршок у развіцці розных кірункаў: гандлёва-эканамічных, сацыяльных, культурных і іншых. Такія пагадненні з’яўляюцца базавымі, каб далей па кожным пункце былі зроблены канкрэтныя справы. Бачым, што такія форумы, сустрэчы паказваюць эфектыўнасць — вынік не толькі на словах, але і ў лічбах, — падкрэсліў Уладзімір Кухараў. — Пачынаем развіваць тыя галіны, якія раней не лічылі прыярытэтнымі ці не звярталі на іх увагі».

Затым у гарадской ратушы прайшла ўрачыстая сустрэча з замежнымі дэлегацыямі, якія прыбылі на святкаванне 957-годдзя Мінска. Па яе выніках былі падпісаны двухбаковыя дакументы аб супрацоўніцтве Мінска з Перм’ю, Пензенскай вобласцю Расіі і Бішкекам. «Сёння ў горадзе свята. А якое свята без сяброў і гасцей? — спытаў Уладзімір Кухараў, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы. — У нас шмат агульнага. Нас звязвае жаданне рабіць жыццё нашых жыхароў лепшым».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.