У Кітаі з гэтай нагоды трохдзённыя вакацыі, па ўсёй Паднябеснай ладзіцца шмат святочных мерапрыемстваў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Свята сярэдзіны восені (Чжунцюцзэ), або, як яго яшчэ называюць, свята Месяца — другое па значнасці ў Паднябеснай пасля кітайскага Новага года. З 2008-га Чжунцюцзэ быў уключаны ў спіс нацыянальных святаў краіны. 20 мая 2006 года Дзяржсавет КНР унёс свята сярэдзіны восені ў спіс першай партыі Дзяржаўнага нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Паўната спадарожніка нашай планеты сімвалізуе адразу некалькі важных для кітайцаў паняццяў — гэта знак урадлівасці, яднання сям’і, завяршэння збору багатага ўраджаю.
Звычайна Чжунцюцзэ выпадае на 15-е чысло восьмага месяца па месяцавым календары. Сёлета гэта якраз 17 верасня. І, па шчаслівым збегу абставінаў, настае поўня. Прычым самая незвычайная — урадлівая суперпоўня, якая суправаджаецца зацьменнем. Так што самы час паназіраць за чароўным Месяцам. Што, уласна кажучы, кітайцы з задавальненнем і робяць, яны па праву лічаць цяперашнюю поўню галоўнай у годзе.
Адзначаць Свята сярэдзіны восені пачалі яшчэ больш чым тры тысячагоддзі таму ў часы дынастыі Шан. Пакланенне Месяцу заўсёды было важнай часткай кітайскай культуры, і існуе мноства розных паданняў, звязаных з паходжаннем свята. Адно з самых папулярных — рамантычная легенда пра народнага героя Хоў І і яго верную жонку Чан Э.
Паводле паданняў, калісьці на небасхіле свяцілі дзесяць сонцаў, спальваючы на зямлі ўвесь ураджай і прыносячы невымерныя бедствы.
Адважны герой Хоў І змяніў ход падзей. Трапнымі стрэламі ён збіў з неба дзевяць сонцаў, пакінуўшы адно, якое з гэтага часу свяціла толькі днём. Людзі былі бязмерна ўдзячныя свайму выратавальніку. Нават Нябесная Імператрыца выказала сваё прызнанне Хоў І і паднесла яму падарунак — чароўны эліксір. Яго сіла магла ператварыць чалавека ў несмяротнае бажаство, якое вечна пасяляецца на нябёсах.
Хоў І горача любіў сваю жонку і не жадаў расстання з ёй, нават наўзамен на вечнае жыццё. Ён папрасіў Чан Э прыхаваць эліксір, а сам тым часам адправіўся на паляванне. Скарыстаўшыся гэтым, адзін з яго вучняў, Фэн Мэн, вырашыў займець запаветнае зелле. Ён прыйшоў у дом свайго настаўніка і, пагражаючы яго жонцы, патрабаваў аддаць яму эліксір. Але Чан Э не магла гэтага дапусціць і выпіла ўсё сама. У гэты ж момант яна ўзнялася на нябёсы. Але ёй было складана пераносіць расстанне з каханым, і, каб быць да яго бліжэй, Чан Э пасялілася на спадарожніку Зямлі. Сіла эліксіру зрабіла яе багіняй Месяца.
Калі Хоў І вярнуўся дадому з палявання і даведаўся пра тое, што здарылася, яго смутку не было межаў. Кожную ноч ён узнімаў свой погляд да нябёсаў і клікаў каханую. Менавіта 15-га чысла 8-га месяца месяц быў надзвычай яркі, і Хоў І здалося, што менавіта ў гэтую поўню ён бачыць постаць Чан Э. Ён папрасіў усталяваць алтар, каб пакланіцца ёй і выказаць свой смутак. Вельмі хутка пагалоска распаўсюдзілася сярод людзей, і ўсе даведаліся, што Чан Э ператварылася ў багіню Месяца.
Людзі пачалі пакланяцца ёй, просячы аб дабрабыце і яе заступніцтве. З часам гэта стала традыцыяй, якая дайшла да нашых дзён.
Галоўнай стравай у гэты дзень лічыцца юэбін — месяцавы пернік. Гэта салодкае печыва, якое гатуецца на пары і звычайна падаецца з духмяным кітайскім чаем. Паколькі юэбін сімвалізуе паўнату і адзінства, падчас Чжунцюцзэ кітайцы ядуць месяцовыя пернікі разам з роднымі і сябрамі. Юэбіны — таксама выдатны падарунак, каб выказаць любоў і пажадаць блізкім доўгага і шчаслівага жыцця. Хоць тыповыя месяцавыя пернікі звычайна невялікія, некаторыя з іх дасягаюць гіганцкіх памераў. У Кнігу рэкордаў Гінеса ў 2007 годзе быў занесены прысмак дыяметрам звыш васьмі метраў і агульнай вагой амаль 13 тон!
Асноўны інгрэдыент месяцовых пернікаў — яечны або качыны жаўток, а рыхтуецца гэты ласунак з рознымі начыннямі. Сярод найбольш распаўсюджаных — бабовая паста, корань лотаса, садавіна і нават мяса. Найбольш вядомыя юэбіны — пекінскія, сучжоўскія, гуанчжоўскія і чаачжоўскія. Пернікі, як правіла, робяць круглымі, што сімвалізуе поўны Месяц. Большасць месяцовых пернікаў салодкія на смак, але не ўсе. Бываюць і салёныя, і вострыя. Штогод пекары імкнуцца разнастаіць існуючы асартымент і прыдумляюць новыя варыянты. Узоры і надпісы на перніках з’яўляюцца сімваламі дабрабыту і шчасця, прычым яны могуць адрознівацца ў залежнасці ад горада ці правінцыі. Падарункавыя скрынкі для месяцовых пернікаў звычайна не саступаюць па прыгажосці самім здобным вырабам.
У правінцыя Шаньдун здзіўляюць новым падыходам да традыцыйнага пачастунка, паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн«. Таа Жань, уладальнік кандытарскай «Фудода» ў горадзе Ляачэн, распавёў, што яны рыхтуюць месяцовыя пернікі на пары, бо гэты спосаб лічыцца больш карысным. Яго кандытарская эксперыментуе і са смакам дэсертаў, спалучаючы традыцыйныя інгрэдыенты з моднымі суперфудамі. Напрыклад, у якасці начыння яны выкарыстоўваюць пюрэ з тара з насеннем чыа, ягады годжы і кветкі асмантуса з чаем пуэр.
«Мы таксама адышлі ад традыцыйных формаў і стварылі пернікі ў выглядзе садавіны і жывёл, такіх як хурма, мандарын, гранат і леў», — кажа Таа Жань. Сучасны дызайн і яркія колеры пернікаў прыцягваюць маладых спажыўцоў, дазваляючы ім не толькі атрымаць асалоду ад смаку, але і адчуць культурную атмасферу свята.
Акрамя таго, сучасныя версіі традыцыйнага пачастунка адпавядаюць запытам на здаровае харчаванне, прыцягваючы ўвагу прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Пякарня ў вёсцы Чжанван павета Хуаньтай горада Цзыба, якая спецыялізуецца на вырабе фігурных булачак на пары «хуама», у апошнія дні перайшла на выпуск месяцовых пернікаў. Як паведаміла Люй Фэн’юнь, сакратар мясцовай партыйнай ячэйкі, попыт на юэбіны ручнога вырабу расце з кожным годам, так што яны пачалі выпускаць папулярныя віды пернікаў. Яна дадала, што пякарня памяншае цукар і алей у перніках, штодня вырабляючы каля тысячы штук.
Поўня ў сярэдзіне восені традыцыйна лічыцца найлепшым часам для шлюбу. У кітайскай міфалогіі бог Месяца адказвае за сардэчныя справы, таму ў гэты перыяд мноства пар бяруць шлюб, спадзеючыся на заступніцтва нябёсаў. Выраб і і развешванне ліхтарыкаў адносіцца да асаблівых традыцый свята сярэдзіны восені. Звычайна яны аформлены ў шчаслівым чырвоным колеры, але няма абмежаванняў для крэатыву. Нярэдка на ліхтарыках пішуць загадкі, каб людзі маглі з задавальненнем разгадваць з сябрамі або сям’ёй.
Часта іх развешваюць у парках, запускаюць у неба і па вадзе, таму шмат людзей шпацыруюць святочнымі вечарамі, каб паглядзець на восеньскія агеньчыкі. У некаторых парках усталёўваюць сцэны і паказваюць святочныя прадстаўленні, у іншых жа праводзяцца парады.
Гэты фестываль вядомы таксама двума танцамі — танцам льва і танцам дракона.
Жыхары Сюйчжай горада Дун’ян, што ў правінцыі Чжэцзян, заняты вырабам святочных ліхтароў. Гэтая традыцыйная вытворчасць каляровых ліхтароў тут налічвае працяглую гісторыю, яны адрозніваюцца ўнікальнымі формамі і вытанчаным майстэрствам. У апошнія некалькі гадоў вяскоўцы з дапамогай анлайн-платформаў электроннай камерцыі прадаюць ліхтары ў правінцыі Гуандун, Фуцзянь, Цзянсу, і нават у замежныя краіны.
Кажуць, што ў гэты дзень месяцовы дыск самы яркі і круглы у годзе. Вобраз «паўнаты» фігуруе ў некалькіх сэнсах: гэта час завяршэння збору ўраджаю, спадарожнік Зямлі з’яўляецца сімвалам жаночага пачатку, яе паўната — таксама сімвал урадлівасці. Паводле кітайскай традыцыі, спадарожнікам Чан Э на месяцы з’яўляецца трусік, які таўчэ ў ступе зёлкі неўміручасці седзячы пад карычным дрэвам, а таксама трохногая жаба — сімвал жаночага пачатку. Свята адзначаюць ўсёй сям’ёй, і семантыка «кола сям’і» прысутнічае ў падзеле пернікаў на ўсіх. Паставіць свечку ў курыльніцу каля храма — адна са старажытных традыцый свята сярэдзіны восені. У гэты час кожны загадвае жаданне. Жадаюць звычайна здароўя блізкім, дабрабыту сям’і.
Гэтае свята, як і кітайскі Новы год, жыхары Паднябеснай імкнуцца сустрэць у сямейным коле. Таксама ў гэты дзень прынята выстаўляць на стол кавуны, яблыкі, фінікі і слівы. У розных частках Кітая яго адзначаюць па-свойму, адзначае «Жэньмінь жыбаа» анлайн«. У горадзе Пучэн жанчыны збіраюцца, каб перайсці праз мост Наньпу. Яны вераць, што гэта прынясе ім даўгалецце. Жыхары Цзяньніна развешваюць лямпы, каб памаліцца за дзяцей. У Шаньтоў галоўная страва святочнага стала — клубні тара, у той час як у Нанкіне гэта качка, прыгатаваная з кветкамі духмянай масліны. У некаторых раёнах робяць невялікія пагады з чарапіцы з адтулінамі на даху. У свята іх напаўняюць дровамі і падпальваюць. У полымя сыплюць спецыяльны парашок, гэта сімвалізуе багацце і дабрабыт.
А жыхары павета Лун’янь звычайна дастаюць цэнтральную частку перніка для старэйшых, што азначае, што ёсць таямніцы, пра якія маладыя не павінны ведаць. У павеце Усі, што ў правінцыі Цзянсу, увечары напярэдадні свята сярэдзіны восені людзі запальваюць ладан «доўсян». Гаршчок абкладваецца шоўкам, на якім намаляваныя карціны Месяца. Ёсць і іншыя ўпрыгажэнні цырыманіяльнага посуду. А жыхары Шанхая п’юць віно са смакам духмянага асмантуса. У павеце Цзіань правінцыі Цзянсу пры заканчэнні свята сярэдзіны восені ў кожнай вёсцы паляць гаршчок саломы. Пасля таго, як гаршчок стаў чырвоным, у яго наліваюць воцат, і па ўсёй вёсцы разносіцца прыемны водар.
У правінцыі Аньхой дзеці плятуць косы з саломы, а дарослыя танчаць з саламяным драконам. Жыхары Сычуань ласуюцца юэбінамі, а таксама гатуюць мясцовыя тарты «ба» і ядуць качку. У некаторых месцах яшчэ над варотамі вешаюць лямпы ў мандарыны, адзначаючы свята сярэдзіны восені. У павеце Луань правінцыі Шаньсі на ўрачыстыя банкеты запрашаюцца зяці. У павеце Датун юэбіны называюць «пернікам для сустрэчы родных пасля расстання». Жыхары павета Хэцзянь правінцыі Хэбэй лічаць дождж на Свята сярэдзіны восені «горкім». Калі ён ідзе ў гэты дзень, то лічыцца, што гародніна ў абавязкова будзе нясмачная. Мужчыны павета Сісян правінцыі Шэньсі ўвечары катаюцца на лодках і падымаюцца ў горы, жанчыны ладзяць банкеты. Усе абавязкова ласуюцца кавунамі. У павеце Лочуань правінцыі Шэньсі бацькі школьнікаў з падарункамі наведваюць настаўнікаў, віншуючы іх са святам. Яны звычайна абедаюць у школах.
Медыякарпарацыя Кітая падрыхтавала гала-канцэрт у гонар Свята сярэдзіны восені. Запіс шоў праводзілі на беразе возера ў сталіцы правінцыі Ляанін — Шэньяне. Праграма мерапрыемства — шырокая, у яе ўвайшлі маляўнічыя нумары з элементамі культурнай спадчыны Паднябеснай. Гледачы ўбачаць дасылкі да помнікаў мастацтва з пячор Дуньхуана і тэатру ценяў «Піін», даведаюцца гістарычныя славутасці Шэньяна, мясцовы фальклор і кулінарыю.
Як паведаміў Дун Цзіньмін, выканаўчы дырэктар гала-канцэрта, «галоўнымі тэмамі святкавання стануць смуткаванне па дому, настальгія і ўз’яднанне з сям’ёй. Таксама ў праграму гала-канцэрта мы ўключылі нумары, якія адлюстроўваюць актуальныя падзеі ў нашай краіне.
Напрыклад, сярод іх 75 гадавіна заснавання КНР, 25 гадавіна вяртання Макаа і дастаўка кітайскім зондам першых узораў са зваротнага боку Месяца».
Па словах арганізатараў, ва ўсіх канцэртных нумарах выкарыстоўваюць спецэфекты, тэхналогіі штучнага інтэлекту і віртуальнай рэальнасці. Напрыклад, поўня, якая ўпрыгожвае галоўную сцэну, створана з дапамогай лазерных прамянёў. Сёння па ўсім Кітаі пройдзе трансляцыя маляўнічага гала-канцэрта ў звышвысокай якасці і з трохмерным гукам.
Традыцыю працягваюць не толькі ў Паднябеснай. Гэта адно з самых любімых і чаканых свят у Сінгапуры, Ганконгу, Філіпінах, Японіі, Малайзіі і іншых краінах Азіі, дзе пражывае шмат этнічных кітайцаў. Не застаецца ў баку і Беларусь. Гэтымі днямі ў нас таксама можна пабачыць святочны антураж Чжунцюцзэ. У сталіцы прайшоў маштабны культурны тэматычны фестываль.
Ну і, вядома ж, сёння варта палюбавацца на поўню. Галоўную ў годзе.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.