17 верасня Рэспубліка Беларусь святкуе Дзень народнага адзінства. Ён быў заснаваны 7 чэрвеня 2021 года ўказам № 206 кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Маштабныя мерапрыемствы з нагоды свята праходзяць па ўсёй Беларусі.
Свята прымеркавана да пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора беларускі народ зноў уз’яднаўся.
Тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўваходзіла ў склад СССР. Заходнія тэрыторыі Беларусі былі далучаны да Польшчы — частка зямель захоплена палякамі ў час вайны, частка адышла згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года.
У склад польскай дзяржавы ўвайшла тэрыторыя плошчай больш за 112 тыс. кв.км з насельніцтвам 4,6 млн чалавек (паводле даных 1931 года). За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь, якую ўлады Польшчы не прызнавалі. У афіцыйных дакументах гэтыя тэрыторыі часцей называлі «крэсы ўсходнія».
Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай ускраінай Польшчы. Край у асноўным выкарыстоўваўся дзяржавай як крыніца сыравіны і таннай рабочай сілы. Працоўны дзень у прамысловасці складаў 10-12 гадзін, зарплата была больш нізкай, чым у спрадвечна польскіх рэгіёнах. Больш за 80 працэнтаў насельніцтва краю былі заняты ў сельскай гаспадарцы.
У адносінах да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку паланізацыі і асіміляцыі. Яны не дазвалялі выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, забаранялі беларускія школы. З 400 беларускіх школ, што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1934 годзе засталося толькі 16, а ў 1939 годзе не засталося ні адной. Жорстка праследвалася беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932-м іх стала 8, да 1937 года засталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. У Заходняй Беларусі не было беларускіх тэатраў і музычных устаноў. Улады знаходзілі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні.
Галоўным метадам кіраўніцтва польскага ўрада было прымушэнне, а часта і тэрор. Звычайнай з’явай былі масавыя рэпрэсіі паліцыі ў адносінах да насельніцтва ў час карных экспедыцый па ўціхамірванні сялянскіх выступленняў. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы. Для ізаляцыі «грамадска небяспечных элементаў» выкарыстоўваліся турмы. У 1934 годзе быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, праз які за 5 гадоў існавання, паводле няпоўных даных, прайшлі звыш 10 тыс. вязняў.
Беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім паднявольным становішчам. На працягу 20 гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якая ў розны час прымала розныя формы, але ніколі не спынялася. Нярэдкімі былі выступленні рабочых і сялян. Свой важкі ўклад унеслі культурна-асветныя арганізацыі, вядучай сярод якіх было Таварыства беларускай школы. На чале рэвалюцыйнага руху доўгія гады стаяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.
У канцы 1930-х гадоў пагроза вайны, якая зыходзіла ад нацысцкай Германіі, навісла над усёй Еўропай. Каб прадухіліць яе, патрэбны былі сумесныя дзеянні вядучых краін Заходняй Еўропы і СССР. Разумеючы гэта, Савецкі Саюз у другой палове 1930-х гадоў зрабіў шэраг спроб стварыць сумесна з Вялікабрытаніяй, Францыяй і іншымі заходнімі краінамі антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак вядучыя еўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад такога саюза, употай імкнучыся накіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. Савецкі Саюз апынуўся перад выбарам: ці прадоўжыць процістаянне сам-насам з набіраючай ваенную моц Германіяй, ці зрабіць спробы дыпламатычным шляхам адвесці ад сябе пагрозу. У такіх умовах СССР заключыў з Германіяй Дагавор аб ненападзенні, які быў падпісаны 23 жніўня ў Маскве. Да дакумента прыкладаўся дадатковы сакрэтны пратакол аб падзеле сфер уплыву паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Згодна з гэтым дакументам у выпадку ліквідацыі польскай дзяржавы і падзелу яе тэрыторый пад сферу ўплыву СССР падпадалі ў тым ліку і землі Заходняй Беларусі.
1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу ў некалькіх напрамках і пачалі хутка перамяшчацца ўглыб польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну.
У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Германскае кіраўніцтва, спасылаючыся на дамоўленасць ад 23 жніўня, падганяла савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы. Але Сталін адцягваў выступленне. Толькі калі польская армія ў цэлым была разбіта, практычна ўсе спрадвечныя польскія тэрыторыі заняты нямецкімі войскамі, у краіне заставаліся толькі адзінкавыя пункты супраціўлення, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу.
Раніцай 17 верасня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота ўрада СССР. У ёй гаварылася: «Польска-германская вайна выявіла ўнутраную нежыццяздольнасць польскай дзяржавы. На працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава як сталіца Польшчы не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не падае прымет жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дагаворы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Пакінутая на саму сябе і без кіраўніцтва Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсялякіх выпадковасцей і нечаканасцей, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дагэтуль нейтральным, савецкі ўрад не можа больш нейтральна ставіцца да гэтых фактаў. Савецкі ўрад не можа таксама абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, пражываючыя на тэрыторыі Польшчы, пакінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі. З-за такой абстаноўкі савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».
Ноту падпісаў народны камісар замежных спраў СССР Молатаў. Ён жа выступіў па радыё са зваротам да савецкага народа.
Перамяшчэнне савецкіх войскаў ішло хутка: 18 верасня яны занялі Свянцяны, Ліду, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск; 19 верасня — Пружаны і Кобрын.
Большасць падраздзяленняў Войска польскага здавалася без бою. Тыя часці, аснову якіх складалі этнічныя ўкраінцы і беларусы, пераходзілі на бок Чырвонай Арміі. Іх адразу ж распускалі па дамах. А вось польскіх афіцэраў і паліцэйскіх эшалонамі адпраўлялі ў савецкія лагеры.
Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю і аказвала дзейсную дапамогу. У многіх месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян. Гэтыя фарміраванні раззбройвалі паліцэйскіх, бралі пад ахову масты, прадпрыемствы, іншыя важныя аб’екты. Але некалькі дзён прадаўжалася бітва за Гродна. Супраціўленне тут аказалі амаль 3 тыс. салдат і афіцэраў вучэбнага падраздзялення і паліцэйскіх. 20 верасня горад быў узяты, а 22 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Брэст-Літоўск і Беласток.
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў ваяводствах і павятовых цэнтрах пачалі фарміравацца органы новай улады. У гарадах імі сталі часовыя ўправы, а ў мястэчках і вёсках — сельскія камітэты. Менавіта яны заняліся ажыццяўленнем першых пераўтварэнняў, а потым арганізацыяй выбараў дэпутатаў на Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вырашыць асноўныя пытанні дзяржаўнага ладу. Выбары прайшлі 22 кастрычніка 1939 года ў абстаноўцы палітычнага ўздыму.
Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. На ім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада 1939 года пазачарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР першага склікання вырашыла задаволіць просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыць Заходнюю Беларусь у склад СССР з аб’яднаннем яе з Беларускай ССР. Заключным заканадаўчым актам стала прыняцце пазачарговай III сесіяй Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года закона «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Такім чынам была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі, аб’яднаны беларускі народ.
Тэрыторыя і насельніцтва рэспублікі павялічыліся амаль удвая. На заходнебеларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад БССР, былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Гэтыя рэгіёны былі ўключаны ў радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Была праведзена нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў, ажыццяўлялася калектывізацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі. Карэнныя змяненні адбыліся ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Актывізавалася работа па ліквідацыі непісьменнасці, прычым навучальныя ўстановы ствараліся для розных этнічных груп насельніцтва: у 1941 годзе ў заходніх абласцях БССР дзейнічалі 4192 беларускія, 987 польскіх, 173 рускія, 168 яўрэйскіх, 63 літоўскія, 43 украінскія школы. Былі створаны тэатры, адкрыта 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з’явілася беларускамоўная перыёдыка. Паступальнае развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы заходніх абласцей рэспублікі было перапынена пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.
Мы не дазволім сцерці нашу гістарычную памяць і зрабіць беларусаў заложнікамі чужых геапалітычных інтарэсаў, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на пасяджэнні другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі восьмага склікання, перадае БелТА.
«Сёння, у Дзень народнага адзінства, мы адкрываем другую сесію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. Гэта і сімвалічна, і адказна. Бо менавіта мы з вамі — голас народа, прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. Менавіта мы павінны ўдзельнічаць у далейшай кансалідацыі грамадства, забяспечыць якаснае развіццё заканадаўства ў яго інтарэсах», — сказаў Ігар Сергяенка.
«Дзень народнага адзінства вучыць нас быць уважлівымі да сваёй гісторыі, знаходзіць у мінулым адказы на актуальныя пытанні сучаснасці і сумесна будаваць сваю будучыню, — адзначыў спікер. — Урокі гісторыі намі засвоены. Мы не дазволім зноў падзяліць нас, сцерці гістарычную памяць, зрабіць Беларусь і беларусаў заложнікамі чужых нам геапалітычных інтарэсаў».
Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка прыняў удзел у велапрабегу, прысвечаным Дню народнага адзінства, паведамляе БелТА.
Старт велапрабегу з удзелам беларускіх атлетаў і спартыўных функцыянераў быў дадзены ля аквапарку «Лябяжы». Калона завяршыла рух ля Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
«Сёння 85-я гадавіна ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. У гэты дзень наша краіна набыла свае контуры, і для кожнага беларуса гэта вельмі важная падзея. Вось ужо чацвёрты год мы ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы адзначаем гэта свята, і кожны раз яно напаўняецца новым зместам і сэнсам, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Кожны чалавек павінен спытаць сябе, што ён зрабіў у гэты дзень для ўмацавання адзінства нашай краіны і сваёй сям’і.
Таксама намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што спартыўная грамадскасць краіны ажыццяўляе велапрабег у гэтую дату пяты год падрад.
«Уся наша маладая спартыўная сям’я дружна выходзіць на старт, мы праязджаем праз увесь Мінск і ўскладаем кветкі ў святым для кожнага гараджаніна месцы — ля стэлы „Мінск — горад-герой“. Гэта даніна памяці нашым продкам, якія захавалі нашу краіну. І задача цяперашняга пакалення — развіваць яе. Мы ўсяляк садзейнічаем гэтаму, ужо з дзіцячага сада маленькія беларусы ведаюць, што такое герб і гімн, што такое 17 верасня і іншыя нацыянальныя святы».
Па меркаванні намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, каб адзінства было сапраўдным, яно павінна вытрымліваць не толькі самыя суровыя выпрабаванні і не разбурацца, але і дзейна, творча развівацца.
«Як важна адзінства народа, мы асабліва відавочна разумеем, калі вымушаны даваць адпор ворагу, — звяртае ўвагу дэпутат. — Не важна, хто якой нацыянальнасці — усе ўставалі на абарону сваёй Радзімы, ішлі ў бой плячом да пляча, аддавалі жыцці за свой дом, за сваіх родных, за сваю зямлю і гатовы былі падзяліцца апошнім акрайцам хлеба».
Але сёння, па словах парламентарыя, важна памятаць аб тым, што ў адзінстве сіла не толькі ў цяжкія гады. «Сёння важна «будаваць сваё беларускае шчасце...» — так наш Прэзідэнт бачыць жыццё людзей самых розных нацыянальнасцей у Беларусі, дзе месца ёсць усім, — падкрэслівае Ірына Даўгала. — На сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Беларусі, Прэзідэнт абазначыў вельмі шмат цікавых момантаў, якія датычацца ў цэлым нацыянальнай палітыкі нашай краіны. А аснова адна — наша Канстытуцыя, якая дакладна і канкрэтна абвяшчае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства ў Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі, выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Але і гэта не ўсё. Важна заўважыць, што «дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі правоў і інтарэсаў».
Па словах дэпутата, няхай адзінства беларускага народа служыць прыкладам для ўсяго свету. «Нашай агульнай любові да сваёй зямлі, спадчыны, памяці, словам, усё тое, што нас аб’ядноўвае, — канкрэтызуе яна. — А як казаў вядомы палітык, калі няма ворага ўнутры, ворагі звонку не могуць прычыніць вам шкоды. Са святам, родная Беларусь! Не мае значэння, хто якой нацыянальнасці, калі гэта сапраўдны патрыёт і грамадзянін сваёй краіны».
Запісала Вераніка КАНЮТА
Дзень народнага адзінства сведчыць, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае дачыненне да яе вялікіх спраў, яе значных дзяржаўных і грамадскіх вынікаў. Аб гэтым заявіла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Вольга Чупрыс у час урачыстага сходу, прысвечанага Дню народнага адзінства, у Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававой інфармацыі. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на НЦЗПІ.
Вольга Чупрыс нагадала, што сённяшняе дзяржаўнае свята мы адзначаем з 2021 года ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы. Ён азнаменаваны пачаткам вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе ў заходнія беларускія землі, вынікам якога стала аб’яднанне заходняй і ўсходняй Беларусі, падзеленай па ўмовах Брэсцкага мірнага дагавору.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла, што 17 верасня сімвалізуе адзінства беларускага народа, непахіснасць асноў Беларусі, яе самастойнасць, незалежнасць як нацыі, як дзяржавы. «Гэтае свята сведчыць аб тым, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь датычны да яе вялікіх спраў, значных дзяржаўных і грамадскіх вынікаў. Таму ў гэты дзень стала традыцыяй віншаваць адзін аднаго, прымяркоўваць да гэтай даты правядзенне грамадска-палітычных, патрыятычных акцый, ушаноўванне людзей, якія унеслі значны ўклад у развіццё Рэспублікі Беларусь у ходзе сваёй прафесійнай дзейнасці», — адзначыла яна.
Вольга Чупрыс уручыла ўзнагароды Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі асобным работнікам НЦЗПІ за шматгадовую плённую работу па ўдасканаленні прававой сістэмы краіны. Гэта людзі, прафесійная дзейнасць якіх на працягу доўгага часу звязана з распрацоўкай праектаў заканадаўчых актаў. У прыватнасці, пры іх непасрэдным удзеле адбывалася выпрацоўка прапаноў па карэкціроўцы крымінальнага заканадаўства.
МЗС Беларусі сабрала па ўсім свеце віншаванні з Днём народнага адзінства, паведамляе БелТА.
«Прывітанні і пажаданні працвітання і дабрабыту ад сяброў беларускага народа ляцяць практычна з усіх кантынентаў!» — заявілі ў ведамстве.
Відэапаштоўкі прыйшлі з больш як 35 краін, а менавіта Аўстрыі, Аргенціны, Арменіі, Бангладэш, Бельгіі, Балгарыі, Бразіліі, Венесуэлы, Венгрыі, В’етнама, Германіі, Грузіі, Егіпта, Ізраіля, Індыі, Інданезіі, Італіі, Катара, Казахстана, Кітая, Калу, Рэспублікі Карэя, Кыргызстана, Манголіі, ААЭ, Пакістана, Польшчы, Расіі, Сербіі, Сірыі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Фінляндыі, Францыі, Японіі.
«Віншуем, Беларусь» сёння прагучала на розных мовах і з рознымі акцэнтамі, але нязменна шчыра і з любоўю да нашай краіны«, — падкрэслілі ў міністэрстве.
Часцей за ўсё замежныя сябры жадалі беларускай дзяржаве і народу дабрабыту, развіцця, светлай будучыні, а таксама «непахіснага нацыянальнага адзінства, вечнага міру і стабільнасці».
Кнігі і перыядычныя выданні 20-30-х гг. ХХ стагоддзі аб нацыянальным вызваленні Беларусі прадставілі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы падчас выязнога прэс-мерапрыемства да Дня народнага адзінства, перадае БелТА.
«Мы прадстаўляем шэраг выданняў 20-30-х гадоў. Паланізацыя Заходняй Беларусі вывучана мала. Артыкул „Тыя, хто не ўстаў на калені“ аб непасрэдна Бяроза-Картузскім канцэнтрацыйным лагеры адлюстроўвае тое, што ў ім адбывалася. Перыёдыка друкавалася і на Заходняй, і на савецкай тэрыторыі. На жаль, мы не маем інфармацыі аб тым, колькі было такіх лагераў, але як мінімум адзін лагер нам дакладна вядомы, таму што ў пачатку 90-х гадоў яшчэ былі жывыя відавочцы, якія апавядалі аб умовах жыцця ў лагеры», — распавёў дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі Сяргей Квачан.
«У некаторых публікацыях мы бачылі працяг тэмы прыгнёту працоўных і падтрымкі жорсткіх умоў, калі сялянству не дазваляліся самыя банальныя рэчы. Напрыклад, калі чалавек ехаў на конным возе і лажыўся ў гэты час, таму што стаміўся, то з яго спаганяўся штраф. Існавала абмежаванне на гучнасць смеху. Адразу было бачна прадузятае стаўленне да жыхароў Заходняй Беларусі», — адзначыў ён.
«Многія людзі прайшлі праз гэты жах, бесчалавечнае стаўленне да палітычных зняволеных, імкненне зламаць іх волю з дапамогай фізічных пакаранняў. Людзям забаранялася хадзіць размераным крокам, перасоўвацца трэба было толькі бегам, таксама трэба было цягаць камяні з месца на месца. Людзей выматвалі фізічныя. Начальніку лагера дазвалялася прымяняць палкі, калі чалавек аслухоўваўся. Маглі адправіць у карцэр, дзе прымушалі бегаць па крузе. А многіх банальна закалолі штыком», — дадаў Сяргей Квачан.
Кіраўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Святлана Паўлавіцкая падкрэсліла, што выстава ў першую чаргу праводзіцца з мэтай, каб маладое пакаленне ўсвядоміла каштоўнасць нашай незалежнасці, зразумела, як важна яе захаваць і як лёгка страціць.
«Калі казаць пра перыядычныя выданні, то можна сказаць, што яны першымі адгукнуліся на аб’яднанне Савецкай і Заходняй Беларусі. Газеты „Звязда“, „Советская Белоруссия“, „Чырвоная змена“, „Праўда“ — усё пісалі аб гэтай падзеі. Таксама тут прадстаўлены фатаграфіі беларусаў, якія сапраўды ўспрынялі гэтую падзею з вялікім натхненнем. На многіх кадрах людзі сустракаюць савецкіх салдат з кветкамі і частуюць яблыкамі. Карэспандэнты ў першых шэрагах з байцамі Чырвонай Арміі аказаліся на гэтай тэрыторыі. Прайшлі шматтысячныя мітынгі, сходы на заводах, фабрыках. Безумоўна, і навучэнка моладзь сустрэла тое, што адбываецца, з натхненнем. У Заходняй Беларусі ўпершыню зьявіліся савецкія газэты. Спачатку менавіта яны перадавалі той настрой, які быў у тыя вераснёўскія дні. Людзі радаваліся ўз’яднанню беларускага народа, бо тое, за што яны змагаліся і да чаго ішлі доўгія гады, адбылося», — заўважыла Святлана Палавіцкая.
Загадчык сектара абанемента МБА і электроннай дастаўкі дакументаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Лілія Яфімавіч расказала, што дыскрымінацыя польскіх улад у адносінах да беларусаў была вельмі жорсткай і дзейнічала па ўсіх напрамках: эканамічная, сацыяльная, культурная, прафесійная. Найперш забаранялася беларуская мова. Усё гэта рабілася, каб адарваць будучыя пакаленні ад сваіх нацыянальных каранёў і зламаць дух нацыянальна-вызваленчага руху, але, на шчасце, польскім уладам гэта зрабіць не ўдалося.
«Практычна адразу пасля 1939 года, калі адбылося аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, усе відавочцы пачалі казаць аб тым, што адбывалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі. А ўжо пасля аб’яднання да шматлікіх юбілейных дат рыхтаваўся пералік выданняў, у якія ўваходзіла ўнікальная інфармацыя, у тым ліку успаміны відавочцаў. Праз канцэнтрацыйны лагер прайшлі тысячы простых беларусаў, сотні вядомых беларускіх дзеячаў, паэтаў і пісьменнікаў. Многія там загінулі. не існавала. Людзям забаранялася размаўляць адзін з адным і сустракацца са сваімі роднымі», — дадала Лілія Яхімавіч.
Паводле яе слоў, больш за 80 працэнтаў насельніцтва Заходняй Беларусі было занята ў сельскай гаспадарцы. Палякі разглядалі гэтую тэрыторыю як крыніцу таннай працоўнай сілы і прыродных рэсурсаў, таму беларускае насельніцтва сапраўды працавала на польскіх паноў. Ім плацілі мізэрныя грошы. Насельніцтва пакутавала ад галечы і беднасці. Некаторыя дзеці пасля ўз’яднання ў 1939 годзе ўпершыню паспрабавалі цукар.
Акрамя таго, на выставе прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць гістарычны факт падпісання Рыжскай мірнай дамовы, які падзяліў лёс беларускага народа на да і пасля, а таксама ўспаміны прадстаўніка Беларусі Аляксандра Чарвякова, які прысутнічаў на папярэдніх перамовах у Рызе. Ён успамінае, як ужо тады польскі ўрад грэбліва ставіўся да нашай краіны. Чарвякова яны называлі прадстаўніком міфічнай дзяржавы ССРБ. На той момант нас не лічылі нацыяй і падзялілі ўжо тэрыторыю нашай краіны.
Пазітыўны песенны флэшмоб арганізавала Мінская гарадская арганізацыя БРСМ у ГЦ «Сталіца» да Дня народнага адзінства.
Патрыятычны імерсіўны праект «Родныя песні. Праспяваем разам» заключаецца ў выкананні ў грамадскіх месцах моладдзю вядомых і ўсім упадабаных музычных патрыятычных кампазіцый. Да флэшмобу з радасцю далучаліся не толькі ўдзельнікі мерапрыемства, але і госці гандлёвага цэнтру. Тэматыка песень у свята Дня народнага адзінства была адпаведная: патрыятычныя песні беларускіх аўтараў і выканаўцаў, якія адлюстроўваюць любоў да Радзімы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел маладзёжныя творчыя калектывы, выканаўцы-пачаткоўцы, пераможцы песенных конкурсаў і розных праектаў БРСМ. А якая там была атмасфера — глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці Беларусі прынялі ўдзел у велапрабегу, прысвечаным Дню народнага адзінства, і ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе БелТА.
У традыцыйным велапрабегу прынялі ўдзел кіраўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства спорту і турызму, вядомыя беларускія атлеты, прадстаўнікі федэрацый па відах спорту, члены нацыянальных каманд, а таксама супрацоўнікі спартыўных устаноў. Усяго на старт выйшлі каля 400 чалавек.
«Радуюся ўсяму, што звязана з веласпортам. Калі ровар удзельнічае ў такім грандыёзным свяце, гэта вельмі ганарова. Сёння на двухколавы транспарт селі многія выдатныя людзі, здаецца, я бачыла прадстаўнікоў наогул усіх відаў спорту, — сказала шматразовая чэмпіёнка свету, медалістка Алімпійскіх гульняў Наталля Цылінская. — Вядома, наш прабег не самая галоўная падзея 17 верасня. Дзень народнага адзінства сапраўды нас аб’ядноўвае, мы павінны кожную хвіліну памятаць, што мы — адно цэлае. А калі мы разам, нам нічога не страшна, мы ўсё пераадолеем».
Калона раварыстаў пачала рух ля аквапарку «Лябяжы» і фінішавала ля музея Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння прабегу ўдзельнікі ўсклалі кветкі да стэлы «Мінск — горад-герой».
У радзільным доме пры 6-ай гарадской клінічнай бальніцы адбылося штогадовае віншаванне маці, якія нарадзілі 5 дзяўчынак і 3 хлопчыкаў у Дзень горада Мінска. Акцыя «Добры дзень мінчанін» прымеркавана да Дня народнага адзінства ў Беларусі.
Павіншаваць маладых мам прыйшлі памочнік Прэзідэнта, інспектар па Мінску Юрый Фралоў, намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Ціханаў, галоўны ўрач 6 ГКБ Мінска Віктар Аносаў і іншыя супрацоўнікі радзільнага дома.
Усе маці атрымалі каштоўныя падарункі для нованароджаных мінчан. На здымку мінчанка, адна з віншаваных маці, Анастасія Прохарава з нованароджанай дачкой Аліяй.
Віктар ДРАЧОЎ
Фота аўтара
Рэспубліканскі праект «Аўтацягнік #Беларусь.Моладзь.Профі» стартаваў на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, перадае БелТА.
Вітаючы ўдзельнікаў праекта, начальнік упраўлення грамадскіх камунікацый галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Арцём Свірыдаў адзначыў важнасць сённяшняга дня, калі беларусы адзначаюць значнае свята — Дзень народнага адзінства. «Удвая прыемна сустракаць свята сярод аднадумцаў, для якіх любоў да Радзімы, павага да сваёй гісторыі, патрыятызм — гэта не проста словы, а заклік да дзеяння, а часам і сэнс жыцця», — сказаў Арцём Свірыдаў.
Што датычыцца праекта «Аўтацягнік #Беларусь.Моладзь.Профі», начальнік упраўлення, звяртаючыся да расійскіх удзельнікаў, адзначыў унікальную магчымасць не проста даведацца больш пра Беларусь, але і адчуць, убачыць асаблівасці беларускай душы. «Яна ўнікальная. Вы пабываеце ў такіх месцах, пагутарыце з такімі людзьмі, пасля чаго ранейшымі ўжо не будзеце», — запэўніў ён.
Молоадзь з Беларусі Арцём Свірыдаў заклікаў убачыць у гэтым падарожжы тую Беларусь, якую не заўсёды пакажуць у тэлевізары і не заўсёды запусцяць у сацсетках. Ён упэўнены, што ўдзельнікі ўбачаць і адчуюць тую крыніцу, дзякуючы якой ёсць адзіная, моцная Рэспубліка Беларусь.
Пасля гэтых слоў начальнік упраўлення шчыра, ад усёй душы павіншаваў удзельнікаў праекта з Днём народнага адзінства і пажадаў любіць сваю Радзіму, рабіць усё, што ад сябе залежыць, і незалежнае для працвітання Беларусі.
Рэспубліканскі праект «Аўтацягнік #Беларусь.Моладзь.Профі» сабраў 120 юнакоў і дзяўчат — прадстаўнікоў студэнцкай, навуковай, творчай і працуючай моладзі з Беларусі і Расіі. Удзельнікі на брэндаваных аўтобусах аб’едуць шэраг населеных пунктаў Беларусі, наведаюць буйныя і горадаўтваральныя прадпрыемствы для абмену вопытам. Таксама прадугледжана правядзенне дабрачынных, экскурсійных, адукацыйных, спартыўных, культурных і грамадска-карысных мерапрыемстваў.
Кожны год праект мае пэўны хэштэг. Улічваючы, што 2024 год — Год якасці, аўтацягнік пройдзе пад хэштэгам «#Беларусь.Моладзь.Профі». Упершыню аўтацягнік будзе мець таксама свой слоган — «Час першых!», прымеркаваны да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва.
Маладзёжны праект рэалізуецца Рэспубліканскім маладзёжным цэнтрам з 2022 года пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі.
Каледж рыхтуе спецыялістаў рабочых прафесій, таму ў святочны дзень юнакі адправіліся ў сталіцу для знаёмства з вытворчасцю і гісторыяй станаўлення Мінскага аўтамабільнага завода.
Мерапрыемства пачалося з агляднай экскурсіі на галоўны канвеер флагмана айчыннага аўтамабілебудавання. А потым хлопцы і дзяўчаты наведалі музей працоўнай славы прадпрыемства, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прафсаюзных білетаў.
Іх маладыя людзі атрымалі з рук старшыні прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» Валерыя Курсевіча.
—Такія мерапрыемствы фарміруюць у моладзі пачуццё адказнасці і адзінства, а таксама ствараюць спрыяльныя ўмовы для іх прафесійнага росту і развіцця. Мы ўпэўненыя, што кожны з новаспечаных сяброў прафсаюза будзе актыўна выкарыстоўваць прадстаўленыя магчымасці і зробіць свой унёсак у развіццё каледжа, горада, краіны, — адзначыў Валерый Курсевіч, павіншаваўшы юнакоў і дзяўчат са знамянальнай падзеяй.
Алена КРАВЕЦ
Фота Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Анлайн-віктарыну «Сіла ў адзінстве» запускае БРСМ у Дзень народнага адзінства, паведаміла БелТА начальнік аддзела інфармацыйных і лічбавых камунікацый Цэнтральнага камітэта БРСМ Наталля Карабец.
Моладзь шмат часу праводзіць у сацыяльных сетках, таму пры арганізацыі святочных мерапрыемстваў акцэнт зрабілі і на віртуальнай прасторы. «Віктарына „Сіла ў адзінстве“ праходзіць штогод, але сёлета яе ўпершыню правядзём на базе папулярнага месэнджара Telegram. На думку самой моладзі, такі спосаб больш зручны і дае магчымасць аблегчыць працэс з-за адсутнасці неабходнасці пераходу на іншыя сэрвісы», — сказала Наталля. Карабец.
"З 17 па 23 верасня мы запрашаем усіх карыстальнікаў месэнджэра прыняць удзел у віктарыне на афіцыйнай старонцы саюза моладзі і адказаць на 17 пытанняў. У кожнага з іх 4 варыянты адказу, правільным з’яўляецца толькі адно. Пытанні дастаткова рознабаковыя: на некаторыя ведаюць адказы многія беларусы, а іншыя прымусяць задумацца нават самых прысвечаных у тэматыку гісторыі Бацькаўшчыны.
Для больш аб’ектыўнай ацэнкі вынікаў будуць прымацца да ўвагі два крытэрыі — колькасць правільных адказаў і час, затрачаны на праходжанне віктарыны. Імёны пераможцаў стануць вядомы 24 верасня.
Аўта- і велапрабегамі па месцах баявой славы, ушанаваннем сучаснікаў, флэшмобамі і пасадкай дрэў адзначылі Дзень народнага адзінства ў Мінскай вобласці.
У Вілейцы 17 верасня прайшоў канцэрт-акцыя «Час выбраў нас!», у рамках якога адбыліся выступленні кіраўнікоў раённых грамадскіх аб’яднанняў. Працавалі інтэрактыўныя зоны раённых грамадскіх аб’яднанняў, устаноў культуры і адукацыі, а таксама выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Дзень народнага адзінства ў Дзяржынскім раёне пачаўся з аўтапрабегу з удзелам каля 100 аўтамабіляў па маршруце праз найвышэйшы пункт Беларусі — гару Дзяржынскую, дзе прайшоў тэатралізаваны мітынг «Там Беларусі вышэй усёй зямля Дзяржыншчыны маёй».
У Капыльскім раёне да святочнай даты прымеркавалі рэспубліканскі лёгкаатлетычны забег Kopyl Race «За адзіную Беларусь». У ім узялі ўдзел каля 700 чалавек — сямейныя каманды, навучэнцы ўстаноў адукацыі, аматары экстрэмальных відаў спорту. Аўтапрабегам «Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства», а таксама канцэртам «Квітней пад небам, Беларусь!» адзначылі свята ў Крупскім раёне.
У Лагойску ўшанавалі жыхароў раёна з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Жыхароў Любаншчыны парадавала абласное свята мастацтваў «Палескія сустрэчы» з правядзеннем майстар-класаў салістамі аркестра заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга». Таксама тут прайшоў патрыятычны марафон «Дзень народнага адзінства як сімвал гістарычнай праўды» з дыялогавай пляцоўкай «Пра час, пра Радзіму, пра нас» з удзелам лектараў Любанскай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Веды», членамі маладзёжнага парламента пры Любанскім раённым Савеце дэпутатаў.
Жыхароў горада Мядзела сабрала ў летнім амфітэатры святочная праграма «У адзінстве пакаленняў — сіла Беларусі» з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці раёна. На плошчы Шаранговіча працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны, аб’екты харчавання, выставы вырабаў рамеснікаў.
У Нясвіжы адбылася канцэртная праграма «Вялікі народ, калі народ адзіны»: выступілі таленавітыя вучні сярэдніх школ горада. Актывісты горада і раёна таксама ўдзельнічалі ў велапрабегу па месцах баявой славы. Урачысты вечар «Радзіма — тое, што нас яднае!» з выступленнем лідараў палітычных партый, грамадскіх арганізацый і канцэртнай праграмай сабраў жыхароў Салігорска ў Палацы культуры. Маладзёжны флэшмоб у рамках акцыі «Адзінства і братэрства — найлепшае багацце» прайшоў у Старых Дарогах. Затым актывістаў раёна і жыхароў запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства «Мы сілай адзінай дужыя».
Экалагічную акцыю па пасадцы яблыневага саду з удзелам прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, жыхароў у мікрараёне Паўночны правялі ў Стоўбцах.
У Жодзіне каля манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі А. Ф. Купрыянавай прайшоў урачысты мітынг «Будучыня краіны ў адзінстве!». Адсюль быў дадзены старт вела-, аўтапрабегам, а таксама лёгкаатлетычнаму забегу. У рамках мерапрыемства адбылося ўручэнне білетаў і значкоў новым членам БРСМ. Працягнуў святочную праграму гарадскі фестываль беларускай традыцыі і культуры «ПаБульбе» ў гарадскім Парку культуры і адпачынку.
Завершыцца цыкл мерапрыемстваў абласным святам 21 верасня ў Маладзечне. Запланавана работа тэматычных пляцовак, гандлёвых радоў, выстаў, інтэрактыўных зон, шырокай канцэртнай праграмы з удзелам зорак эстрады.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Шматлікія дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, мітынгі, фестывалі і адзін з самых маштабных велапрабегаў... Гэтыя і іншыя мерапрыемствы прайшлі на Гомельшчыне ў Дзень народнага адзінства.
З нагоды свята жыхары ўсіх раёнаў вобласці адначасова выйшлі на старт велапрабегу «У адзінстве сіла!». Калоны велааматараў праехалі па галоўных вуліцах населеных пунктаў рэгіёну. У Гомелі гэтую патрыятычную акцыю падтрымалі больш чым пяць тысяч гараджан. Стартаваў велапрабег ад цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра імя Леніна. Разам у калоне маршрут пераадолелі прадстаўнікі ўлад вобласці і горада, працоўных калектываў, члены грамадскіх аб’яднанняў, педагогі, школьнікі, моладзь.
Як адзначыў начальнік аддзела спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Ігар Палуян, збірацца ў Дзень народнага адзінства спартыўнай дружнай камандай для жыхароў Гомеля — выдатная традыцыя.
— І хоць свята гэтае маладое, колькасць удзельнікаў тэматычнага велапрабегу з кожным годам большае, — канстатаваў Ігар Палуян.
— Ужо традыцыйна ў Дзень народнага адзінства велапрабег аб’ядноўвае тысячы прыхільнікаў спорту. І кожны, хто рухаецца ў дружнай калоне па вуліцах горада, пераадольваючы дыстанцыю, адчувае і ўзаемападтрымку, і згуртаванне. І, вядома, разумее, што разам мы дасягнем многага, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Асташонак.
У раёнах Гомельшчыны з нагоды свята прайшлі ўрачыстыя мітынгі. Для школьнікаў арганізаваны адзіны ўрок, прысвечаны 85-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР.
У Петрыкаўскім раёне каля чыгуначнай станцыі аграгарадка Пціч адбылося перапахаванне астанкаў воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Жыхары Мазыршчыны і вернікі Тураўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы змаглі далучыцца да падзячнага малебну аб уз’яднанні беларускага народа ў 1939 годзе. Ён быў адслужаны ў Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы ў Мазыры. Між тым ва ўсіх храмах і манастырах Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы ў Дзень народнага адзінства была ўзнесена малітва аб Беларусі.
Патрыятычную акцыю «МЫ — РАЗАМ» падтрымалі актывісты Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Прафсаюзны актыў Гомельшчыны, старшыні галіновых прафсаюзаў, студэнты з нагоды свята заклалі алею каля Гомельскага філіяла «Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў падарунак для жыхароў мікрараёна Хутар Навабеліцкага раёна Гомеля адкрылі першы ў рэгіёне дзіцячы садок са скаладромам. Ва ўстанове дашкольнай адукацыі на 270 месцаў размясціліся таксама танцавальная зала, студыя выяўленчага мастацтва і басейн. Гомельскі аблвыканкам і гарвыканкам перадалі ўстанове дашкольнай адукацыі грашовыя сертыфікаты на 100 і 150 тысяч беларускіх рублёў.
У Лельчыцах да свята прымеркавалі адкрыццё пасля капітальнага рамонту будынка Цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый. Доўгачаканым падарункам для жыхароў Кармянскага раёна стала адкрыццё ў гарадскім пасёлку Карма абноўленай аўтастанцыі.
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Гомелі таксама прайшоў урачысты сход і святочная праграма для жыхароў рэгіёна. Словы віншавання адрасаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што сёлета да Дня народнага адзінства на Гомельшчыне праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, якія сцвярджаюць важнасць гістарычнай падзеі і Дня народнага адзінства.
— Заўсёды памятайце: мы з вамі жывём у самым цудоўным кутку планеты, імя якому — Беларусь, — заклікаў Іван Крупко.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота «Петрыкаўскія навіны»
Яшчэ напярэдадні знамянальнай даты ў Магілёве была адкрыта траса-дублёр вуліц Якубоўскага — Загарадная шаша, якая разгрузіць гарадскія вуліцы ад транзітнага транспарту. А непасрэдна ў дзень свята ў Шклове ўрачыста адкрылася цалкам абноўленая цэнтральная раённая бальніца.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, які прыняў удзел у яе адкрыцці, адзначыў, што сацыяльна-арыентаваная палітыка, якая праводзіцца ў нашай краіне, прадугледжвае стварэнне камфортных умоў для грамадзян. І асабліва прыемна рабіць такія падарункі да свята народнага адзінства. Мадэрнізацыя ўстановы працягвалася восем месяцаў, на новых плошчах устаноўлена каля 80 адзінак сучаснага абсталявання. Гэта камп’ютарны тамограф, лапараскапічная стойка, эндаскапічнае абсталяванне, апараты ШВЛ, стаматалагічныя ўстаноўкі і іншыя. Пасля адкрыцця кабінета камп’ютарнай тамаграфіі гэты метад дыягностыкі стаў даступны пацыентам з Бялыніцкага, Дрыбінскага, Горацкага і Круглянскага раёнаў.
У Чэрыкаве да Дня народнага адзінства магілёўскае ААТ «Магатэкс» адкрыла новы швейны ўчастак. Першапачаткова тут будзе працаваць 40 швачак. Яны будуць шыць спецадзенне для работнікаў прадпрыемства. Гэта другі па ўліку ўчастак, які адкрывае «Магатэкс». Першы з’явіўся ў Быхаве 13 гадоў таму.
У Магілёўскім раёне святу прысвяцілі адкрыццё рэсурснага цэнтра грамадска-патрыятычнага выхавання. Ён адкрыўся на базе Васходаўскай сярэдняй школы. У рамках мерапрыемства адбылася пасадка туі як сімвала дрэва адзінства і квэст-гульня «Беларусь — краіна адзінства». Удзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы, пераможцы конкурсаў «Зарніца», «Зарнічка», кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі райвыканкама, райваенкамата, грамадскіх арганізацый.
— Мы зрабілі базу для ўсіх дзяцей Магілёўскага раёна, — паведаміла дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна Ларыса Галянтава. — У кабінеце сабраны наглядныя дапаможнікі па ваеннай падрыхтоўцы, патрыятычным выхаванні, шмат краязнаўчага матэрыялу па Магілёўскім раёне, ваеннай гісторыі. Будзем запрашаць да сябе навучэнцаў па суботах, арганізоўваць для іх сустрэчы з ратавальнікамі, ваеннымі.
Падчас мерапрыемства заслужаным людзям былі ўручаны нагрудныя знакі да стагоддзя ўтварэння Магілёўскага раёна. Урачыста была адкрыта памятная дошка ў гонар дырэктараў Вільчыцкай школы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На адкрыцці прысутнічалі іх нашчадкі.
У Магілёве ў гэты дзень на плошчы Адзінства адбылося некалькі святочных праграм. У іх бралі ўдзел салісты Магілёўскай гарадской капэлы і магілёўскія артысты.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага раёна
Святкаванне Дня народнага адзінства ў Брэсце пачалося з урачыстага мітынгу, які прайшоў на вуліцы Леніна, каля ўвахода ў Брэсцкі парк культуры і адпачынку. На мітынг прыйшло шмат людзей.
Спачатку прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх і маладзёжных арганізацый, дэпутаты ўсклалі кветкі да помніка на месцы пахавання воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1939 годзе за аднаўленне адзінства беларускага народа. Усе ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць вызваліцеляў хвілінай маўчання.
Перад гараджанамі выступіў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі. Ён павіншаваў са святам, падкрэсліў значнасць адзінства нашага народа і заклікаў да еднасці ў стваральнай працы на карысць светлай будучыні. Кіраўнік горада падкрэсліў, што Брэст — шматнацыянальны і шматканфесійны горад: «Мы жывём мірна, сябруем. Дарэчы, у Брэсце пражываюць прадстаўнікі 17 канфесій, 75 нацыянальнасцяў».
У гэты ж дзень на будынках дзвюх брэсцкіх школ былі ўрачыста адкрыты мемарыяльныя дошкі ў гонар людзей, чые імёны носяць школы. У сярэдняй школе № 23 адкрылі мемарыяльны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Пятра Гаўрылава, а ў школе № 35 з’явілася дошка, прысвечаная Маршалу Савецкага Саюза Канстанціну Ракасоўскаму.
У кожным горадзе і раёне Брэстчыны прайшлі свае мерапрыемствы ў гонар Дня народнага адзінства. Абласное свята гэтым разам адбылося ў Кобрыне. Урачыстасці пачаліся пасадкай алеі ў скверы імя герояў-танкістаў. Дрэвы пасадзілі ўдзельнікі нарады-сустрэчы маладога кадравага рэзерву Брэсцкай вобласці. Затым у сярэдняй школе № 2 адкрылі раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі «Адзінства».
Вуліца Суворава ў Кобрыне стала месцам работы канцэртных і гандлёвых пляцовак, выставак устаноў культуры і адукацыі, прамысловых прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. Увечары каля помніка воінам-вызваліцелям адбыўся ўрачысты мітынг.
— Сёння, як ніколі, мы разумеем, што менавіта гэтая сіла, сіла народнага адзінства, выратавала нашу краіну ў вайне з фашысцкімі акупантамі, якія планавалі знішчыць беларусаў, — сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. — Разам мы пераадолелі суровыя выпрабаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннай галечы, пабудавалі суверэнную краіну і на працягу трыццаці гадоў самі вырашаем лёс сваёй Радзімы.
Віцэ-губернатар гаварыў аб тым, як развіваецца народная гаспадарка рэгіёна, як прыгажэюць нашы райцэнтрры і аграгарадкі. «Гэта найлепшае сведчанне таго, што разам нам пад сілу нават самыя амбіцыйныя праекты. Галоўнае, каб яны былі накіраваны на карысць людзей і рабілі нашу краіну яшчэ больш моцнай і непераможнай», — падсумаваў Дзмітрый Гарадзецкі.
Завяршылася святкаванне вялікім канцэртам у Палацы культуры.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Брэсцкага гарвыканкама
Першым мерапрыемствам у святкаванні Дня народнага адзінства ў Гродне стаў мітынг «Беларусь адзіная» на Кургане Славы. Сёлета споўнілася 55 гадоў з перыяду закладкі мемарыяльнага аб’екта. Пасля мітынгу кіраўніцтва вобласці і медыцынская грамадскасць узялі ўдзел у адкрыцці адноўленага хірургічнага комплексу ўніверсітэцкай клінікі.
Мадэрнізацыя і капітальны рамонт дзевяціпавярховага лячэбнага корпуса сталі важным этапам развіцця аховы здароўя Гродзенскага рэгіёна. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту было накіравана каля 20 мільёнаў рублёў.
Дзякуючы рэканструкцыі, значна палепшыліся ўмовы аказання медыцынскай дапамогі і яе даступнасці ва ўсіх аддзяленнях хірургічнага корпуса, у тым ліку трансплантацыі, пластычнай і эндакрыннай хірургіі, траўматолага-артапедычным аддзяленні, сасудзістай хірургіі, аддзяленні гемадыялізу.
Аб’ект быў унесены ў абласную інвестпраграму на 2022–2024 гады. Летась у якасці спонсарскай дапамогі больш за 4,5 мільёна рублёў на будаўніцтва ахвяраваў ААТ «Гродна Азот». Такое рашэнне было прынята канцэрнам «Белнафтахім». Гэтыя сродкі асвоены ў поўным аб’ёме на правядзенні будаўніча-мантажных работ, а таксама выкарыстаны пры набыцці медыцынскага абсталявання і медыкаментаў. Адноўлены корпус поўнасцю падрыхтаваны для прыёму пацыентаў.
Пасля ўрачыстага адкрыцця старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік сустрэўся з маладымі спецыялістамі ўніверсітэцкай клінікі ў рамках дыялогавай пляцоўкі.
Падарункам гораду да Дня народнага адзінства стаў і шматфункцыянальны сілавы комплекс, які размешчаны побач са стадыёнам СШ № 34 Гродна. Сучасная спартыўная зона створана па ініцыятыве мясцовага дэпутата пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Тут прадугледжана зона для варкаўта, баскетбола і заняткаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Аматары спорту на «Сцежцы здароўя» ў гарадскім урочышчы Пышкі змаглі паўдзельнічаць у патрыятычным «Прабегу адзінства». Да акцыі далучыліся людзі розных пакаленняў, сёлета забег стаў адным з самых масавых.
Таксама ў гэты дзень у выставачнай зале «Фестывальны» адкрылася выстаўка «Наша Беларусь», прымеркаваная да 85-годдзя аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Дзень народнага адзінства азначае нашу агульную адданасць Беларусі, а любоў і беражлівыя адносіны да Радзімы, клопат аб ёй з’яўляюцца апорнымі канструкцыямі беларускай дзяржаўнасці, нашым генетычным і культурным кодам. Аб гэтым на святочным мерапрыемстве ў Канцэртнай зале «Віцебск» сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
«17 верасня — найважнейшая дата ў календары дзяржаўных свят. Па значнасці яна стаіць у адным шэрагу з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці», — сказаў кіраўнік рэгіёна. Ён нагадаў гісторыю свята і дадаў, што сёння наша незалежная краіна мае свой шлях развіцця. «Маштабныя пераўтварэнні адбываюцца і ў Віцебскай вобласці. Мы асвойваем новыя віды прадукцыі, пашыраем яе асартымент, мадэрнізуем вытворчасці, укараняем новыя тэхналагічныя рашэнні. У мэтах павышэння турыстычнай прывабнасці раёнаў вобласці пачаты праекты па рэканструкцыі палацава-паркавых ансамбляў і выкарыстанні свабодных інвестыцыйных плошчаў у Пастаўскім, Расонскім і Ушацкім раёнах. Вызначана канцэпцыя павышэння інвестыцыйнай прывабнасці і стварэння ўмоў устойлівага развіцця кожнага з раёнаў вобласці», — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
За намаганні і ўклад у развіццё вобласці Аляксандр Субоцін у святочны дзень уручыў больш як 110 узнагарод прадстаўнікам розных прафесій, а таксама арганізацый і прадпрыемстваў з абласнога цэнтра і з усяго паўночнага рэгіёна. Гэта работнікі будаўнічай галіны, сфер гандлю і грамадскага харчавання, культуры, прамысловасці, транспарту, ЖКГ, адукацыі, аховы здароўя, турызму, масмедыя.
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, які прыняў удзел у мерапрыемстве, таксама падкрэсліў значнасць маладога свята. «Дзякуючы кансалідацыі вакол нашага Прэзідэнта мы жывем у моцнай, квітнеючай і незалежнай краіне. Дзякуючы нашаму адзінству мы можам быць гаспадарамі на нашай зямлі», — сказаў Сяргей Ляўковіч.
Для ўдзельнікаў святочнага канцэрта творчыя калектывы і выканаўцы горада прапанавалі вакальныя і харэаграфічныя нумары.
Да Дня народнага адзінства ў Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву ўрачыста адкрылі абноўленую лыжаролерную трасу з біятлонным стрэльбішчам, стартавай пляцоўкай і штрафным кругам.
У гэты ж дзень ў Віцебску вадзіцелям дзесяці новых аўтакрам уручылі ключы. Аўтакрамы будуць абслугоўваць Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Докшыцкі, Лепельскі, Пастаўскі, Сенненскі, Ушацкі філіялы Віцебскага аблспажыўтаварыства. Грузавікі МАЗ абсталяваны халадзільнікамі і неабходным гандлёвым абсталяваннем, маюць вялікую ёмістасць.
Тэатралізаваная пастаноўка, квест «Пазнай Беларусь», спартыўная гульня «Зарніца» пройдуць сёння ў ваенна-гістарычным комплексе «Старая мяжа» ў Станькаве ў рамках мерапрыемства, прысвечанага Дню народнага адзінства. Аб гэтым БелТА расказалі ў філіяле Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Мерапрыемства «Гісторыя. Развіццё. Незалежнасць» арганізавана супрацоўнікамі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сумесна з Дзяржаўным пагранічным камітэтам. Гасцей чакае маштабная святочная праграма.
Будзе працаваць выстава «Навекі разам», прысвечаная 85-годдзю аб’яднання Беларусі. Тэатралізаваная пастаноўка «Пагранічная застава» і экскурс «Вартавы граніцы» раскажуць аб жыцці і побыце пагранічнікаў 30-х гадоў мінулага стагоддзя.
Праверыць сваю фізічную сілу і вынослівасць госці свята змогуць на спартыўнай гульні «Зарніца», а веды з гісторыі краіны — у квесце «Пазнай Беларусь».
На мерапрыемстве таксама можна ўбачыць паказальныя выступленні з элементамі рукапашнага бою, выступленні спецыялістаў-кінолагаў з сабакамі службовых парод з дэманстрацыяй пераадолення агнявой паласы і элементаў дрэсіроўкі.
У ваенна-гістарычным комплексе будзе працаваць фотазона, пляцоўка з оптыка-электроннымі трэнажорамі і інш.
Пачатак у 13.00.
181 элемент вулічна-дарожнай сеткі Беларусі названы ў гонар падзей 17 верасня 1939 года. Гэта вуліцы, завулкі, праспекты, бульвары і плошчы, паведамілі БелТА ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці.
У межах названых у гонар асаблівай для беларусаў даты элементаў вулічна-дарожнай сеткі знаходзіцца больш за 17 тыс. аб’ектаў нерухомасці са згадваннем святочнай даты ў адрасе. Лідарам па колькасці назваў з’яўляюцца Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці.
У Дзяржкаммаёмасці згадалі цікавы факт: у Мазыры, напрыклад, былі ўтвораны і ўпершыню названы ў гонар свята два гаражныя кааператывы — «17 Верасня-1» і «17 Верасня Мазыра».
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.