07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

У Брэсце абмеркавалі змяненні ў заканадаўства аб крымінальнай адказнасці


Нараду правяла Пастаянная камісія па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў. Абмеркавалі праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». У памяшканні абласнога суда сабраліся прадстаўнікі пракуратуры, Следчага камітэта, суда, органаў унутраных спраў, грамадскіх арганізацый Брэсцкай вобласці.


Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская заявіла, што дэпутаты гатовы абмяркоўваць прапановы грамадзян па законапраекце аб крымінальнай адказнасці. «Законапраект накіраваны на індывідуалізацыю пакарання, на магчымасць даць судам дыферэнцыравана падыходзіць да прызначэння пакаранняў у залежнасці ад абставін здзейсненага і асобы таго, каго абвінавачваюць, — заўважыла парламентарый. — Напрыклад, рэзананс у грамадстве выклікае пэўная карэкціроўка артыкула 328 (незаконны абарот наркотыкаў) Крымінальнага кодэкса. Гэта найбольш дыскусійнае пытанне на сёння. Прапануецца санкцыі гэтага артыкула лібералізаваць. У частцы 1 названага артыкула з’яўляецца арышт за ўжыванне наркатычных сродкаў. За збыт наркотыкаў першы раз магчыма пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Зніжаецца ніжняя мяжа санкцый часткі 4 артыкула 328 — гэта здзяйсненне злачынства ў арганізаванай групе. Калі раней пакаранне было ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі, то цяпер гаворка ідзе пра пакаранне ад 8 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ступень грамадскай небяспекі нарказлачынстваў не зніжаецца. Таму гаворка не вядзецца аб тым, што можна менш увагі ўдзяляць барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў».

Яшчэ падчас дыялогавай пляцоўкі гаварылі аб тым, што апошнім часам прапаноўваецца прымяняць больш гуманны падыход да прызначэння пакарання найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян, у тым ліку непаўналетнім, інвалідам І і ІІ груп, а таксама адзінокім жанчынам і мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў. Адзначалася таксама, што ў ходзе работы міжведамаснай рабочай групы асаблівая ўвага ўдзялялася ўзмацненню прафілактычнага складніка.

Марына Лянчэўская паведаміла, што законапраект плануецца разгледзець у першым чытанні ўжо 17 верасня: «Толькі гэта не азначае, што дыскусія па дадзеным законапраекце спыніцца. Канцэптуальна ён мяняцца не будзе, але мы гатовы абмяркоўваць на пляцоўцы парламента прапановы і меркаванні».

Дарэчы, дыялогавая пляцоўка па абазначанай тэме стала першым такім форумам у рэгіёне. Паводле слоў Марыны Лянчэўскай, у хуткім часе абмеркаванні ў падобным фармаце адбудуцца ў іншых абласцях Беларусі.

У гэты ж дзень Пастаянная камісія па заканадаўстве правяла круглы стол, прысвечаны прававому рэгуляванню натарыята і натарыяльнай дзейнасці. Вывучалі шляхі ўдасканалення заканадаўства з улікам актыўнай лічбавізацыі і іншых павеваў часу.

Парламентарыі таксама пабывалі на ўрачыстым адкрыцці будынка Брэсцкай абласной натарыяльнай палаты.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.