Сімвалічна, што, згодна з Канстытуцыяй, парламентарыі прыступілі да актыўнай заканадаўчай работы ў Дзень народнага адзінства. Адчуць гістарычны момант дзяржаўнага свята, яго важнасць у сучасных рэаліях можна было ў холе Авальнай залы, дзе размясцілася выстаўка матэрыялаў унікальнага навукова-папулярнага выдання «Беларусь адзіная», прысвечанага 85-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР.
Пасля выступлення Старшыні Палаты прадстаўнікоў, у якім Ігар Сергяенка сфармуляваў прыярытэтныя кірункі работы дэпутацкага корпуса на бягучую сесію, парламентарыі прыступілі да абмеркавання законапраектаў. Адзін з іх — «Аб змяненні законаў па пытаннях занятасці насельніцтва» — дэпутаты прынялі ў другім чытанні. У прыватнасці, праектам Закона прадугледжана ўстанаўленне фіксаванага памеру дапамогі па беспрацоўі і ўвядзенне дадатковых патрабаванняў для яго атрымання. Скароціцца перыяд знаходжання беспрацоўных і грамадзян, якія звярнуліся па пытаннях працаўладкавання, на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
У грамадзян з’явіцца больш магчымасцяў у атрыманні садзейнічання службы занятасці ў пошуку работы, а ў наймальнікаў — у падборы кадраў.
Як расказала старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына КАСЦЕВІЧ, Беларусь узяла курс на актыўную палітыку занятасці, прынцып якой — дастаткова хутка дапамагчы чалавеку знайсці работу. «Сітуацыя на рынку працы даволі неардынарная, — звярнула ўвагу дэпутат. — Узровень беспрацоўя — усяго 3%, гэта нізкі ўзровень, і, як кажуць эксперты ў галіне эканамічнай навукі, фактычна гэта поўная занятасць. І ў той жа час колькасць вакансій у нас расце. Гэта сведчыць аб тым, што прапанова скарачаецца, а попыт на працоўную сілу з боку наймальнікаў расце».
Сыходзячы менавіта з гэтай сітуацыі, удасканальваецца праект закона аб занятасці, які вырашае задачы дзяржавы, наймальніка і чалавека. Цяпер неабавязкова будзе ісці ў службу занятасці, каб зарэгістравацца ў якасці таго, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні, гэта можна зрабіць дзякуючы электроннаму інфармацыйнаму рэсурсу. Для людзей з інваліднасцю, грамадзян перадпенсіённага ўзросту і тых, хто з-за алкагольнай залежнасці страціў сувязь з рынкам працы, уводзіцца механізм браніравання працоўных месцаў. Што датычыцца наймальнікаў, у краіне дзейнічае Агульнарэспубліканскі банк вакансій, які пашырае магчымасць рэгістрацыі ў тым ліку перспектыўных вакансій.
Па словах Ірыны Касцевіч, законапраектам прадугледжаны баланс магчымасцяў, льгот і адказнасці. «Як з боку дзяржавы перад чалавекам, так і чалавека — перад дзяржавай, — падкрэсліла парламентарый. — Праект закона збалансаваны, адрасны, вырашае пытанні канкрэтных катэгорый людзей, якія сапраўды маюць патрэбу ў падтрымцы».
Дэпутаты ратыфікавалі Пагадненне паміж ўрадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматцэлявога самалёта «Асвей». Як адзначыў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый ПАНТУС, ужо сёння можна казаць аб тым, што Беларусь знаходзіцца ў адным кроку ад уступлення ў колькасць краін, якія валодаюць кампетэнцыямі ў галіне авіябудавання. «Рэалізацыя праекта „Асвей“ прадугледжвае два этапы, — канкрэтызаваў ён. — Першы — выкананне самой доследна-канструктарскай работы па распрацоўцы лёгкага шматмэтавага самалёта, а таксама рэалізацыя на тэрыторыі 558-га авіярамонтнага завода ў Баранавічах інавацыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь самалётаў, дэталяў і зборачных адзінак для шматлікіх тыпаў самалётаў».
Па словах Дмітрыя Пантуса, самалёт «Асвей» разлічаны на перавозку 19 пасажыраў, прызначаны для авіяперавозак па месцы і рэгіянальных паветраных лініях. «Эксплуатавацца самалёт можа як пасажырскі, а таксама як грузапасажырскі, — дадаў ён. — У беларуска-расійскага самалёта будуць палепшаныя характарыстыкі. Акрамя таго, самалёт аможа эксплуатавацца на аэрадромах з узлётна-пасадачнымі палосамі як са штучным, так і грунтовым пакрыццём. Самалёт будзе шматмэтавы і прызначаны ў тым ліку для выкарыстання санітарнымі службамі, службамі МНС, патрулявання, дэсантавання і выкіду парашутыстаў. Такім чынам, гэта будзе ўніверсальны самалёт».
Як звярнуў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Руслан КАСЫГІН, размова ідзе аб сумесным маштабным стратэгічным праекце, рэалізацыя якога забяспечыць выхад Рэспублікі Беларусь на ўзровень краін, якія рэалізоўваюць задачы ўласнай авіябудаўнічай прамысловасці. «Задача глабальная, амбіцыйная, але разам з тым, як паказвае практыка, для Рэспублікі Беларусь невырашальных задач не існуе, — падкрэсліў дэпутат. — Сумесна з Расійскай Федэрацыяй мы рэалізавалі стратэгічную глабальную задачу, і сёння наша краіна ўваходзіць у пералік касмічных дзяржаў. Наступны крок — авіяцыйная задача, і мы з гэтай задачай паспяхова справімся. Рэалізацыя гэтага маштабнага стратэгічнага праекта будзе садзейнічаць забеспячэнню нацыянальнай бяспекі, тэхналагічнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэта яшчэ адно пацверджанне, што заходнія санкцыі ў адносінах Беларусі і Расіі бесперспектыўныя і правалены поўнасцю».
Таксама ратыфікавана Пагадненне паміж ўрадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб парадку прызнання электроннага подпісу (электроннага лічбавага подпісу) ў электронным дакуменце пры трансгранічным электронным узаемадзеянні.
У другім чытанні дэпутаты разгледзелі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і органаў фінансавых расследаванняў». Прапаноўваецца ўстанавіць аднастайны і адназначны тэрміналагічны апарат, вызначыць катэгорыі ваенных пенсіянераў, умовы і парадак іх пенсіённага забеспячэння ў Рэспубліцы Беларусь пасля выхаду нашай краіны з міжнародных дагавораў аб сацыяльным забеспячэнні, якія ў цяперашні час рэгулююць гэтую сферу грамадскіх адносін.
Таксама ў другім чытанні прыняты законапраект «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», у першым — праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Перагледжаны санкцыі 97 саставаў злачынстваў. Санкцыі 65 саставаў прапаноўваецца дапоўніць альтэрнатыўнымі, больш мягкімі, відамі пакаранняў, санкцыі 32 саставаў — скарэкціраваць у частцы памеру пакаранняў або ўвядзення на альтэрнатыўнай аснове дадатковых пакаранняў (штраф, пазбаўленне права).
У прыватнасці, прапаноўваецца вызначыць, што жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, а таксама інвалідам першай групы, якія ўпершыню здзейснілі злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства, што не спалучана з прымяненнем гвалту або пагрозай яго прымянення, пазбаўленне волі не прызначаецца. Аналагічную форму прапаноўваецца замацаваць у адносінах да асоб, якія ўпершыню здзейснілі ўказаныя злачынствы ва ўзросце да 18 гадоў. Выключэнне — асобы, якія здзейснілі злачынства экстрэмісцкай скіраванасці.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.