Сенатары ратыфікавалі два найважнейшыя пагадненні паміж ўрадамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Адно з іх датычыцца распрацоўкі і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматцэлявога самалёта «Асвей», другое — парадку прызнання электроннага подпісу (электроннага лічбавага подпісу) ў электронным дакуменце пры трансгранічным электронным узаемадзеянні.
Як адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Дзмітрый Жук, апошні дакумент спрашчае ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у закупках, іншых гандлёвых аперацыях на тэрыторыі Расіі. «У рамках гэтага пагаднення Расійская Федэрацыя бязвыплатна перадасць нам, беларускаму боку, неабходнае абсталяванне, праграмныя комплексы для ўкаранення гэтай тэхналогіі, — канкрэтызаваў ён. — Папяровы дакументаабарот — гэта ўжо ўчарашні дзень. Мы жывём у XXI стагоддзі, і тэхналогія электроннага лічбавага подпісу ўнутры краіны ўжо працуе. Гэта будзе вельмі зручна для прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць у рамках Саюзнай дзяржавы».
З другога боку, па словах сенатара, лічбавыя тэхналогіі робяць усе працэдуры празрыстымі. «Гэта аблегчыць падатковы кантроль за гэтым і кантроль за легальным абаротам тавараў», — удакладніў Дзмітрый Жук.
Мэтай Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматцэлявога самалёта «Асвей», падпісанага 15 красавіка 2024 года ў Маскве, з’яўляецца вызначэнне ўмоў і парадку рэалізацыі сумеснага праекта ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнага суверэнітэту дзвюх краін. Узаемадзеянне па пытаннях сертыфікацыі і лётнай прыдатнасці будзе ажыццяўляцца праз упаўнаважаныя органы. Ад беларускага боку — Дэпартаментам па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, ад расійскага — Федэральным агенцтвам паветранага транспарту Міністэрства транспарту.
Кажучы аб ратыфікацыі Пагаднення паміж ўрадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматцэлявога самалёта «Асвей», старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік адзначыў, што пагадненне будзе садзейнічаць умацаванню беларуска-расійскага прамыслова-тэхналагічнага супрацоўніцтва, а таксама рэалізацыі на базе 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода інвестыцыйнага праекта па стварэнні вытворчасці самалётаў, дэталяў, зборачных адзінак з узроўнем стопрацэнтнай лакалізацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Па словах сенатара, першыя вопытныя ўзоры самалётаў «Асвей» павінны быць выраблены ў 2026 — 2027 гадах. «А з 2030 года на 558-м заводзе плануецца штогод вырабляць да 20 адзінак авіяцыйнай тэхнікі, — адзначыў Сяргей Алейнік. — Рэалізацыя пагаднення забяспечыць доступ беларускага боку да тэхналогій расійскіх вытворцаў авіяцыйнай тэхнікі, стварэнне ў Беларусі авіябудаўнічага прадпрыемства з вытворчасцю пятага тэхналагічнага ўкладу, рост занятасці насельніцтва, павышэнне экспартнага патэнцыялу прадпрыемстваў нашай краіны шляхам выхаду на новыя рынкі, у тым ліку афрыканксія, навучанне беларускага вытворча-тэхналагічнага персаналу і напрацоўку адпаведных кампетэнцый».
Вераніка КАНЮТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.