Як вы думаеце, што было б, каб людзі навучыліся думаць, перш чым гаварыць? О, несумненна, жыццё змянілася б да лепшага. Удалося б папярэдзіць некаторыя сямейныя крызісы, а то і разводы, зберагчы нервы і душэўны спакой, якія часам нават без асаблівых падстаў трацяцца на рабоце, можа, нават пашчасціла б не распачынаць войны. Многа чаго складвалася б у жыцці іначай, але словы, часам, крыўдныя, злыя, ляцяць па свеце, нібы кулі...
Не так даўно судовы медыцынскі эксперт расказвала не гісторыю нават, так, выпадак з жыцця адной звычайнай сям’і. Прынамсі, як паглядзець. Магчыма, той выпадак з часам перарос у гісторыю. Сям’я як сям’я: двое дарослых адукаваных людзей гадуюць дачку. Аднойчы паміж мужам і жонкай здараецца сварка. А ў каго іх не бывае, скажаце, і будзеце мець рацыю. Дык вось, калі ў яе, відаць, скончыліся аргументы цывілізаванай спрэчкі, яна не знайшла нічога лепшага, каб з’едліва вымавіць: «А хто табе сказаў, што дачка твая!?»
Ну паспрачаліся, потым памірыліся, як быццам бы адносіны нармалізаваліся, усё пайшло сваёй чаргой: работа, дом, зборы малой у першы клас, планаванне касметычнага рамонту і летняга адпачынку... Але ў душы мужчыны пасяліўся чарвячок недаверу, які паступова пачаў расці і займаць надта многа месца, падмяняць сабой іншыя пачуцці, перажыванні, меркаванні. Спрабаваў выкінуць усё з галавы, нават да псіхолага хадзіў. Яна спачатку параіла падумаць пра курс антыдэпрэсантаў, а потым падказала як варыянт пайсці ды зрабіць экспертызу.
Калі ён на гэта ўсё ж адважыўся, то ўжо не мог спакойна ні працаваць, ні займацца хатнімі справамі. Пра гэта і расказаў спецыялісту службы.
Вынікі экспертызы паказалі, што выхоўвае ён сваю дачушку. Здавалася б, усе кропкі над «і» расстаўлены, але наўрад ці ў сям’ю вярнуліся поўныя мір і спакой. Бо засталася крыўда: навошта было ў звычайнай сямейнай сварцы, якая і ўзнікае амаль што на роўным месцы, кідацца такімі злымі словамі? Не ведаю, ці выраўнялася ўсё ў той сям’і, але такая вось трэшчына, відавочна, можа прывесці да поўнага расколу.
І гэта толькі адзін маленькі прыклад. А колькі злых абразлівых слоў можна пачуць на вуліцы, на прыпынку, у транспарце, часта без усялякай падставы! Але найбольшую разбуральную сілу маюць тыя крыўдныя, з’едлівыя словы, якія прамаўляюцца ў сям’і, асабліва ў прысутнасці дзяцей. Калі яны вырастуць, то, хутчэй за ўсё, панясуць гэта ў свае сем’і.
Як хораша пра сэнс і значэнне слоў гаварыў на Дні беларускага пісьменства Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён нагадаў, што слова ад самага пачатку з’яўляецца выключным дарам Божым чалавеку, і заклікаў звяртаць увагу на чысціню і асэнсаванасць кожнага нашага слова — і напісанага, і таго, якое зыходзіць з нашых вуснаў. «Словам можна натхніць на подзвіг, але можна і абразіць. Добрае слова нават у самых безнадзейных абставінах здольнае вярнуць да жыцця... Чым чысцейшыя будуць словы, якія мы прамаўляем, тым чысцейшым і багацейшым будуць наша сэрца і наш розум, і прыгажэйшай наша краіна», — сказаў уладыка Веніямін.
І ўсе гэта быццам ведаюць, а робяць як у той сям’і, пра якую гаварылася ў самым пачатку. Хаця, калі па шчырасці, не ўсе. На шчасце, ёсць людзі, шчодрыя на добрыя словы. У канцы мінулага года давялося шмат часу правесці ў аддзяленні траўматалогіі гарадской бальніцы. З таго нялёгкага перыяду запомніліся менавіта такія людзі. У суседняй палаце ляжала жанчына. Цяжкая аперацыя, ускладненні, да таго ж хвароба сына, — усё разам паспрыяла таму, што аднойчы яна адвярнулася да сцяны, не хацела гаварыць, фактычна нічога не ела. Таварышкі па палаце спачатку спрабавалі неяк падтрымліваць, потым ушчувалі, сварыліся, урэшце махнулі рукой — усе пасля складаных аперацый, у кожнай свой боль, тым больш што яна нярэдка ў адказ грубіяніла.
І вось адну з жанчын прыехала праведаць старэнькая маці з вёскі. Яна адразу звярнула ўвагу на суседку дачкі. І, амаль нічога не распытаўшы, загаварыла: «Нас у маці пасля вайны было васьмёра, а маці адна засталася. Я самая меншая, вечна галодная, у школу не хадзіла, бо не было ў чым. Аднойчы маці мяне моцна набіла, бо я з’ела кавалачак сала, які быў прыхаваны касцу. Я залезла на дах і хацела скокнуць адтуль, каб усё скончылася. Мяне выратаваў сусед-равеснік, ён сказаў, што прынёс мне блінцоў з вараным яечкам, папрасіў памалу злазіць, і я паслухала. Не думай, дзіцятка, што ўсё скончана, што табе горай за ўсіх. Чалавек пакуль жывы, павінен думаць пра жыццё».
І, дзіва, жанчына прыслухалася да гэтай бабулькі: у абед не адвярнулася ад прынесенай ежы, папалуднавала.
Вось так, не псіхіятр, які прыходзіў па выкліку, не суседкі па палаце з падобнымі праблемамі, якія заклікалі да розуму, а выпадковы чалавек простымі словамі здолеў дастукацца да сэрца, якое было ў роспачы. Відаць, прамаўляць злыя, з’едлівыя словы кожны можа, а вось для добрых слоў, для слоў спагады патрэбен талент.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Прэв’ю: з адкрытых крыніц
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».