Вёска Мануйлы знікла з карты раёна ў пачатку 1990-х. Аварыя на ЧАЭС паставіла крыж на яе існаванні. Жыхары былі адселены, дамы — пахаваны. Зрэдку былыя землякі сустракаліся на Радаўніцу на могілках, пасля чаго на дрэвах, якія раслі калісьці каля іх дамоў, з’яўляліся ручнікі або стужачкі. Прайшло амаль сорак гадоў, а памяць жыве. Невядомая сіла цягне ўжо нашчадкаў тых жыхароў на запаведнае месца. І адкрыццё памятнага знака, якое адбылося нядаўна, — пацвярджэнне таму, што час бяссільны перад людской памяццю. Разам з ураджэнцамі вёскі прыехалі іх дзеці і ўнукі. Было шмат слёз, цеплыні і шчырасці. А яшчэ — натхненне, ад таго, што для зніклай вёсачкі атрымалася добрую справу зрабіць. Сабраць грошы і ўвекавечыць яе ў камяні.
Галіна Лацецкая вось ужо 38 гадоў жыве ў Віцебскай вобласці, але родная вёска не адпускае.
— Яна мне дагэтуль сніцца, тыя месцы, дзе я хадзіла, яе жыхары, — прызнаецца яна. — Вёсачка наша была дагледжаная, чыстая, прыгожая. Усяго адна вуліца, на якой 56 двароў. З ранняй вясны да позняй восені ўсё вакол патанала ў кветках, пачынаючы ад бэзу і язміну, заканчваючы хрызантэмамі і вяргінямі. Здаецца, дагэтуль чую іх пах.
Галіна пасля вучобы ў Бабруйскім агратэхнічным каледжы вярнулася на малую радзіму, працавала ў саўгасе «Краснапольскі» бухгалтарам. Там жа выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей — Андрэя і Алесю. Жылі, як той казаў, не тужылі, але раптоўна грымнула бяда. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС перакрэсліла ўсё жыццё, узровень радыяцыі ў вёсцы быў такі, што прапанова пераязджаць на новае месца жыхарства хутка з рэкамендацыйнага характару набыла загадны. У 1987 годзе населены пункт пакінула ў асноўным моладзь, апошнія яе жыхары з’ехалі ў 1991-м.
За ідэю ўвекавечыць вёску Галіна Лацецкая ўхапілася не задумваючыся. І адразу ж уключылася ў пошукі землякоў, каб як мага болей людзей далучылася.
— Мне патэлефанавала зямлячка — Галіна Старыковіч, — расказвае жанчына. — У яе на вясковых могілках у Мануйлах пахаваны родныя. Жыве яна ў Хоцімску, але кожны год прыязджае туды на Радаўніцу. Аднойчы яна ўбачыла на могілках аб’яву Яноўскага сельсавета з прапановай неяк абазначыць вёску. І стала ўсім тэлефанаваць. Мы з сястрой Аленай з радасцю падтрымалі праект. Галіна Старыковіч стварыла чат, і туды далучалі ўсіх, чые каардынаты атрымалася знайсці. Камусьці тэлефанавалі: не ўсе ж карыстаецца інтэрнэтам. Ніхто не адмовіўся ад пасільнага ўкладу, кожны ўнёс нейкую суму.
Галіна Лацецкая вельмі ўдзячна старшыні Яноўскага сельсавета Наталлі Лагуцінай за цудоўную ідэю. На адкрыццё памятнага знака прыехала каля 40 чалавек. Адгукнуліся нават тыя, хто там не жыў, а толькі ездзіў да бабуль ды дзядуляў у госці.
— Сустрэча была вельмі чуллівая, я прыехала з сынам Андрэем, — расказвае суразмоўніца. — Шукалі свой дом па дрэвах. Рабіна, якая расла каля яго, на жаль, не захавалася. Мы знайшлі тое месца па нашай яблыньцы. Сын залез на яе і сарваў нам з сястрой па яблыку. Мы пакаштавалі і адчулі смак дзяцінства.
Галіна Старыковіч, якая стала рухавіком ідэі, успамінае, як усё пачалося. Яна тады з братам прыехала на могілкі, каб абрэзаць акацыю: вельмі разраслася. Першы звярнуў увагу на аб’яву брат, Галіна сфатаграфавала яе на тэлефон, а дома ўжо прачыталі. Ініцыятыва спадабалася, і жанчына набрала пазначаны на лістку тэлефон сельсавета. Пагутарыла са старшынёй і натхнілася. Вельмі хацелася нешта карыснае для сваёй малой радзімы зрабіць.
— Калі здарылася чарнобыльская трагедыя, я заканчвала 10 клас, — расказвае яна. — Пасля паехала вучыцца ў Магілёў, а ў Мануйлы прыязджала да таго часу, пакуль там жылі мае бацькі. У 1991-м іх адсялілі ў Дрыбінскі раён у Трылесіна. Яны вельмі балюча гэта перажывалі, казалі, што там чужыя і прасілі пахаваць на радзіме. Спачатку з жыцця пайшла маці, потым — бацька, за ім — сястра. Усе яны цяпер ляжаць на мануйлаўскіх могілках побач з іншымі роднымі. Штогод мы з братам да іх прыязджаем на Радаўніцу, сядзім да абеду, успамінаем. Апошнім часам усё менш людзей наведвае могілкі. Таму я не спадзявалася, што столькі народу адгукнецца.
Патрэбная сума назбіралася вельмі хутка, заставалася прыдумаць эскіз памятнага знака. Галіна Старыковіч разам са старшынёй Яноўскага сельсавета з’ездзілі ў Касцюковічы, дзе і заказалі помнік. Упадабалі адзін вельмі блізкі сэрцу малюнак — сцяжынка, а паабапал яе — бярозавы гай.
— Па дарозе ў школу, якая знаходзілася за тры кіламетры ад нас у суседняй вёсцы, мы беглі міма бярозавага гаю, — успамінае суразмоўніца. — У кожнага жыхара там было сваё дрэва, дзе вясной бралі бярозавы сок. Мы дзецьмі паспявалі раніцай збегаць да бярозы і прынесці смакату дамоў, а потым беглі на ўрокі. Малюнак усхваляваў пачуцці, яго я і прапанавала землякам. Усе выказаліся за. Я крыху дапрацавала яго, дадала спіс з прозвішчамі аднавяскоўцаў, а, каб было зразумела, чаму яны на помніку, дапісала, што яны былі вымушаны пакінуць вёску ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС. Сусед па Мануйлах Сяргей Малюшэўскі прыслаў невялічкі верш пра вёсачку. І мы таксама яго размясцілі. Атрымалася вельмі кранальна. Землякі дзякавалі за тое, што я натхніла іх на гэтую справу. А я ўдзячная ім, што адгукнуліся.
Помнік вырашана было ўстанавіць на месцы, дзе калісьці быў уезд у вёску. Непадалёк знаходзілася маленькая пабудова, якую месцічы называлі «ленінскім пакоем». Там стаяў тэлефон, часта сядзеў калгасны брыгадзір і размяркоўваў паміж людзьмі работу. Вясковыя дзеці таксама любілі там сабрацца, каб потым разам дзесьці пагуляць. Побач лес, невялічкі вадаём, дзе жанчыны мылі бялізну, а потым развешвалі сушыцца наўпрост на высокай траве. А дзяцей вабіла сунічная палянка, дзе можна было ўдосталь наесціся ягад. Вёскі няма, а мясціны, дзе прайшло шчаслівае дзяцінства, можна цяпер распазнаць толькі па дрэвах. Пасля таго, як адкрылі помнік, усе пайшлі шукаць свае дрэвы, каб адчуць на тых месцах энергетыку родных хат.
Дэпутацкая ініцыятыва аказалася вельмі патрэбнай і важнай для жыхароў зніклых вёсак. Старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна лічыць, што гэта ідэя не магла не з’явіцца.
— Наша тэрыторыя вельмі пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, — расказвае яна. — На забруджаных землях знаходзілася 33 вёскі, якія былі адселены. Людзі сёння там не жывуць, але мы працягваем абслугоўваць тэрыторыю. Там знаходзяцца воінскія пахаванні, грамадзянскія могілкі. Стужачкі на дрэвах, кветкі, пакінутыя на месцах, дзе раней стаялі дамы, заўсёды выклікалі трапяткія пачуцці. Мне было балюча гэта бачыць, хацелася ўвекавечыць людскую памяць. Ды і назвы вёсак захаваць: яны ж такія мілагучныя. Вось толькі дзе было ўзяць грошы? Аднойчы ўбачыла кавалак тканіны на лазовым кусце. Нехта напісаў на ім назву вёскі — Сасновіца. І я зразумела, што павінна зрабіць. Ініцыятыву падтрымалі ў раёне, да добрай справы далучылася магілёўскае тэлебачанне, інфармацыя стала распаўсюджвацца праз сацсеткі. Цяпер ініцыятыва «Галасы вёсак, якія сышлі» набірае абароты. Ідэю падхапіла Краснапольская раённая бібліятэка, якая стварыла на сваёй старонцы ў інтэрнэце адпаведную ўкладку з разліковым рахункам, куды можна перавесці грошы на памятны знак для канкрэтнай вёскі. На гэтай жа старонцы назапашваецца інфармацыя па адселеных вёсках. Людзі маюць магчымасць даслаць туды фота, свае аповеды.
Летась першы памятны знак з’явіўся ў вёсцы Сасновіца. У пачатку сёлетняга верасня ўвекавечылі памяць вёскі Мануйлы. Жыхарам дапамагалі і сельсавет, і дэпутаты. У работу ўключылася кіраўнік спраў Краснапольскага райвыканкама Людміла Герасімава, іншыя работнікі. З пагаспадарчых кніг наносіліся на граніт прозвішчы гаспадароў дамоў, якія там стаялі. Прычым у тым жа парадку, у якім размяшчаліся падворкі.
— Паведамленні ад жыхароў вёскі Мануйлы і іх нашчадкаў дагэтуль прыходзяць на мой тэлефон, — удакладняе Наталля Лагуціна. — Людзі хочуць рублём паўдзельнічаць у добрай справе. Я кажу, што памятны знак ужо ўстаноўлены і сродкі больш не патрэбны. Тады яны просяць перавесці іх грошы на выраб памятных знакаў для іншых адселеных вёсак. Сродкі паступаюць на разліковы рахунак, і мы робім памятныя таблічкі з QR-кодамі. Так, па трасе Р-74 мы абазначылі зніклыя пасля чарнобыльскай аварыі населеныя пункты Сцяпанаў Хутар, Шыракаўвелле, Высокі Барок, Шалухоўка, Куракоўка, Горна, Восаў, Сядзібны і Падгоранка. Праект атрымаў вялікі рэзананс і падтрымку. Свой унёсак у яго зрабіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Міхеенка, старшыня Магілёўскай абласной ветэранскай арганізацыі Анатоль Глаз.
Ініцыятыву сельсавета падхапілі ў раёне. Ужо створана інтэрактыўная пляцоўка, дзе сабрана інфармацыя па ўсіх вёсках раёна, якія існавалі да Чарнобыля. У хуткім часе яна будзе адкрытая. Пляцоўка разлічана ў першую чаргу на моладзь, каб яна не забывалася пра свае карані.
Наталля Лагуціна спадзяецца, што праект дасць людзям магчымасць прадэманстраваць свае найлепшыя якасці. Яе вельмі ўразіла, калі на адкрыцці памятнага знака ў Мануйлах 87-гадовая жанчына прызналася, што гэта быў яе самы шчаслівы дзень, бо яна ўбачыла ўсіх, хто любы яе сэрцу.
— Людзям вельмі важныя тыя вёсачкі, дзе яны нарадзіліся, — кажа дэпутат. — А беларусы ўсе родам з вёскі. Горад так не прываблівае людзей, як вёска. У горадзе можна рэалізавацца, але знайсці радасць і падмацавацца духоўна можна толькі на той зямлі, адкуль твае продкі. Такіх чыстых і па-дзіцячаму шчаслівых твараў, як на адкрыцці памятнага знака ў Мануйлах, я даўно не бачыла. Адчуваецца, што людзей гэта вельмі зачапіла. Галоўнае ў гэтай справе, каб знайшоўся лідар, так званы важак, які ўсіх аб’яднае, сабярэ вакол сябе і давядзе справу да лагічнага завяршэння. У ініцыятывы з Мануйламі ад пачатку да рэалізацыі прайшло ўсяго тры месяцы. За гэты час жыхары сабралі грошы, быў зроблены і ўстаноўлены памятны знак. Людзі з нецярпеннем чакалі гэтага дня. Нельга было без слёз назіраць за тым, як яны шукалі месцы, дзе стаялі іх дамы, як яны сядзелі побач адно з адным на кінутых посцілках і гаманілі. Такі супакой і ціхамірнасць луналі ў паветры, што хацелася толькі аднаго — радавацца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Яноўскага сельсавета
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?