Галоўная падзея Дня народнага адзінства — патрыятычны форум «Калі мы адзіныя» аб’яднаў усю краіну. У «Мінск-арэне» сабраліся тысячы прадстаўнікоў самых розных сфер з усіх куточкаў нашай краіны — сапраўднае ўвасабленне народнага адзінства. Гэтай тэмай быў прасякнуты ўвесь форум. Яркае высокатэхналагічнае шоў паказала гістарычныя і сучасныя адметнасці беларускіх рэгіёнаў, кожны з якіх захоўвае і памнажае галоўныя каштоўнасці беларускага народа. Па традыцыі ўдзел у гэтым форуме прыняў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння Беларусь адзначае Дзень народнага адзінства — свята, якое сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў, сілу духу беларускага народа і яго нястомнае імкненне жыць у сваёй дзяржаве на роднай зямлі. Ён асабліва значны для кожнага, хто не толькі па нараджэнні, але душой і сэрцам адчувае сябе беларусам», — адкрыў форум кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што 85 гадоў таму адбылася лёсавызначальная падзея. І гордае «мы — беларусы» загучала на ўвесь свет з самага цэнтра Еўропы. Гэта быў голас людзей, якія сталі адзіным народам. Цяпер назаўжды!
«Доўгі час сціплая мясціна беларусаў на скрыжаванні цывілізацый раз-пораз станавілася палігонам для чужых войнаў і месцам разборак моцных свету гэтага. Нашы дамы спальвалі, маёмасць рабавалі. Землі дзялілі па княствах, ваяводствах і губернях, людзей — па мове, веры і ідэалагічных перакананнях, — сказаў Прэзідэнт. — Нашы продкі не аднойчы глядзелі ў вочы смерці, але кожны раз няскоранымі ўставалі з каленяў, выціраючы пот і слёзы, ішлі наперад».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дарога да набыцця ўласнай дзяржаўнасці перад беларусамі адкрылася ў пачатку мінулага стагоддзя. Скончыліся ранейшыя міжнацыянальныя спрэчкі, адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзій і 1 студзеня 1919 года стварылі беларускую нацыянальную дзяржаву. «Нам прадставіўся гістарычны шанц пабудаваць свой дом, жыць, працаваць і гадаваць дзяцей у міры і згодзе, стаць паўнапраўнымі гаспадарамі ўласнага лёсу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але найцяжэйшыя наступствы Першай сусветнай вайны, Грамадзянская вайна, якая набірала абароты, інтэрвенцыя кааліцыі заходніх краін не дазволілі тады спраўдзіцца марам нашых суайчыннікаў аб мірным і шчаслівым жыцці». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тады голас толькі што створаннай савецкай рэспублікі на гэтым фоне быў ледзь чутны. «Магчыма, і таму, што ўсярэдзіне яе не было адзінства. Затое былі тыя, хто думаў толькі аб асабістай выгадзе і сваіх, а не народных інтарэсах. Нацмены ўсіх масцей наперабой прызначалі сябе „ўладамі“. І кожны, хто рваўся кіраваць новай дзяржавай, прыкрываўся імем беларускага народа, а народ, збяднелы і галодны, малапісьменны і абуты ў лапці, змораны вайной і разрухай, думаў, як выжыць, як выратавацца, — правёў кароткі гістарычны экскурс беларускі лідар. — Магчыма, калі б на світанні мінулага стагоддзя мы мелі моцную ўладу і згоду, то выстаялі б. І не было б тады трагедыі Рыжскага дагавора, паводле якога 4,5 мільёны сыноў і дачок Беларусі ў раптоўна сталі адно аднаму чужымі на роднай зямлі». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўсе гарантыі нацыянальна-культурнага жыцця ў складзе польскай дзяржавы засталіся толькі на паперы. У Заходняй Беларусі не было нават самай адносна малой аўтаноміі. Беларуская культура існавала ва ўмовах пастаяннай барацьбы за выжыванне. Пачалі знікаць нацыянальныя школы, тэатры, газеты. «Знішчалася нацыя. Ахвярамі бесчалавечных рэпрэсій і паліцэйскага тэрору сталі больш за 3 тысячы зняволеных па палітычных матывах. Катаванням і зняволенню ў канцлагерах і турмах падвяргаліся тыя, хто не жадаў апалячвацца, размаўляў, маліўся і спяваў калыханкі дзецям на роднай матчынай мове», — нагадаў трагічныя факты нашай гісторыі Прэзідэнт. 17 верасня 1939 года панскія кайданы ўпалі пад націскам гістарычнай справядлівасці. «Вызваленчы паход Чырвонай Арміі дазволіў уз’яднацца і сем’ям, і гвалтоўна адабраным тэрыторыям. — нагадаў слаўны факт нашай гісторыі Аляксандр Лукашэнка. — Але і беларусы ўвесь гэты час не сядзелі склаўшы рукі, пакорліва чакаючы, калі іх прыйдуць вызваляць. Увесь гэты час нашы продкі трымаліся за свае карані і зямлю, перадаючы з пакалення ў пакаленне памяць і гісторыю свайго старажытнага роду. Нашы мову, вера і духоўнае адзінства не далі забыцца, хто мы ёсць насамрэч. Гэта і зрабіла іх мацнейшымі. І нішто не магло спыніць беларусаў. Ні пагрозы паноў, ні палітычныя граніцы».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што загартаваныя ў нацыянальна-вызваленчым руху 1921 — 1939 гадоў, нашы гераічныя продкі сталі непераадольным шчытом беларускага супраціўлення на шляху фашысцкай навалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднавілі краіну з попелу ў пасляваенныя гады, пераадолелі хаос 90-х. «І пабудавалі суверэнную і незалежную дзяржаву. Упершыню ў сваёй гісторыі. Не толькі пабудавалі. Але захавалі яе. І гэта зрабілі мы з вамі, у тым ліку, і тыя, хто сядзіць у гэтай вялікай зале», — канстатаваў Прэзідэнт.
Па яго словах, праз суровыя выпрабаванні часу і сур’ёзныя страты, прымнажаючы нацыянальныя багацці на вопыце ранейшых пакаленняў, Беларусь усе 85 гадоў упэўнена рухаецца наперад дарогай міру і стваральнай працы.
«Нават зараз, калі з тэрыторый заходніх і паўднёвых суседзяў на нас нацэлены натаўскія гарматы, уздоўж рубяжоў памнажаюцца кіламетры агароджы і мінных палёў, мы адказваем проста і ў найлепшых традыцыях „апошняй дыктатуры Еўропы“ — адкрываем граніцы і не патрабуем віз. І людзі на тым баку нас чуюць. Едуць, глядзяць і робяць высновы зусім не на карысць тых, хто забараняе ім сюды прыязджаць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз канстатаваў, што Беларусь была і застаецца прыхільніцай міру Нашы маштабныя мірныя ініцыятывы гучаць з трыбуны ААН, на пляцоўках міжнародных форумаў. Мы прапануем да абмеркавання Еўразійскую хартыю разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. «Гэтая шматпалярнасць ведаце, каму не патрэбная. Але гэтага ўжо не пазбегнуць. Гэтая шматпалярнасць не проста стукаецца ў дзверы, яна ўжо прыйшла да нас, — заўважыў беларускі лідар. — Мы абавязкова знойдзем выхад з глабальнага крызісу бяспекі, бо з намі — бліжэйшыя саюзнікі з многіх краін планеты. Ізаляваць Беларусь не атрымаецца. Нас усё часцей чуюць і падтрымліваюць у свеце».
Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасць, што неўзабаве і ў заходніх эліт наступіць разуменне, што адзіны шлях — дамаўляцца. «Гэтага хочуць нашы народы. Мы, беларусы, — народ мірны і працавіты. Мы не хочам вайны. Верым: настане дзень, калі ў суседніх дзяржавах запануе мір, і кроўныя браты, блізкія і далёкія сябры будуць жыць у згодзе і сяброўстве. Беларусь гатова ўнесці свой уклад у пабудову гэтага свету. І робіць для гэтага ўсё. Але я ўжо казаў: беларускую міралюбнасць не трэба прымаць за слабасць», — заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што гэтыя размовы — не блеф і згушчванне фарбаў. «Як ніколі раней нам ёсць чым адказаць. Таму ў гэтым плане будзьце спакойныя. Спакойна рабіце сваю справу, гадуйце дзяцей», — адзначыў ён.
«Мы свята шануем памяць аб усіх, хто самааддана адстойваў права беларусаў „людзьмі звацца“ і заплаціў за гэта цаной свайго жыцця і маладосці. І нікому не дазволім паквапіцца на святую зямлю продкаў, на незалежнасць і суверэнітэт Радзімы. Мы паслядоўна будзем адстойваць нашыя спрадвечныя каштоўнасці і праўду, як гэта рабілі бацькі, дзяды і прадзеды. А калі хтосьці з вас, можа, за межамі гэтай залы сумняваецца, у тым, што мы не аддадзім на абразу Беларусь, мы вас будзем пераконваць, моцна пераконваць, каб вы зразумелі, што іншай зямлі ў вас няма і не будзе ніколі», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што 85 гадоў таму менавіта з вызваленчага паходу Чырвонай Арміі пачалося адраджэнне страчанай унутранай цэласнасці Айчыны. «З таго часу беларускі народ перажыў нямала выпрабаванняў, ствараючы ўнікальную прастору для мары і для жыцця на скрыжаванні цывілізацый і пракладаючы дарогу да шчасця ў бесперапыннай барацьбе за волю, лепшую долю і родны парог», — сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, кожны з этапаў гэтага нялёгкага шляху беларусы годна пераадольвалі, абапіраючыся на любоў да міру і праўды, справядлівасць і патрыятызм, узаемную павагу і добрасуседства. «Заўважце: мы абапіраліся не на захопніцтва, не на жорсткасць, не на перавагу ў адносінах да іншых краін і народаў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы адзіныя ў імкненні жыць на роднай зямлі сваім розумам і працай. Адзінства для нас — галоўная ўмова развіцця нацыі. Таму нас не адолелі ні карычневая чума, ні ліхія 90-я, ні пандэміі, ні спробы каляровых мецяжоў, ні рабаўнічыя санкцыі і ваенныя пагрозы». Па словах беларускага лідара, Дзень народнага адзінства нагадвае нам аб тым, што ніякія межы, ніякія выпрабаванні не змогуць зламаць дух народа, калі ў сэрцы ў кожнага з нас будзе наша Беларусь.
Прэзідэнт агучыў і галоўныя для ўсіх беларусаў словы: «Нам трэба не саромецца быць беларусамі і перастаць увесь час азірацца то ўглыб стагоддзяў, то па баках. У нас ёсць тое, што нас аб’ядноўвае і робіць шчаслівымі на роднай зямлі. Гэта слаўная спадчына продкаў і не менш яркія дасягненні сучаснікаў». Ён звярнуў увагу, што, сфарміраваная талентам і працай мноства выдатных сыноў і дачок беларускай зямлі, наша ўнікальная культура даўно стала неад’емнай часткай агульнай спадчыны ўсяго чалавецтва. «На жаль, сёння мы ўсё часцей назіраем спробы забараніць або выключыць яе з парадку дня разам з сімваламі Радзімы, тысячагадовай гісторыяй і ўсім тым, чым мы ганарымся. — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Магчыма, прычыны такога стаўлення ў тым, што мы верныя традыцыям продкаў і духоўна адрозніваемся ад Захаду. Тама даўно адвыклі атаясамляць чалавечую культуру з лёсамі ўсяго чалавецтва. Гэта прывяло да гвалтоўнага навязвання заходніх каштоўнасцяў астатнім нацыям і знішчэння культурнай разнастайнасці планеты».
Прэзідэнт запэўніў, што насуперак сілам, якія імкнуцца пасеяць супярэчнасці і нянавісць у нашым грамадстве, мы павінны праявіць згоду і агульнасць духоўных традыцый і гістарычнага лёсу народа. Таму, па яго словах, сімвалічна, што ў святочны дзень дадзены старт усебеларускай акцыі «Марафон адзінства». «Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет вакол гармоніяй і ўзаемаразуменнем. Няхай кожны адчуе ўсю палітру талентаў беларускай зямлі і дакранецца да багатай спадчыны нацыянальнай культуры. Няхай яркія фарбы і мелодыі творчасці ва ўсіх кутках краіны абудзяць у сэрцах беларусаў любоў да Радзімы. У гэтым залог годнай будучыні нашага народа і святы абавязак сучаснікаў, на якім павінна будавацца жыццё ў адзінай сям’і патрыётаў і працаўнікоў, імя якой — Рэспубліка Беларусь», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх беларусаў разам любіць, сябраваць, марыць, працаваць і адпачываць па-беларуску! «Давайце берагчы і абараняць Беларусь! Гэта завяшчалі нам продкі, пра гэта мы гаворым нашчадкам. Гаворым, таму што час выбраў нас!», — сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што нават у святочныя дні рабочы настрой не пакідае. Ён нагадаў, як падчас урачыстага сходу, прымеркаванага да Дня Незалежнасці, прыходзілася звяртацца да рабочых пытанняў. Але і зараз некаторыя пытанні стаяць вельмі востра, таму па словах Аляксандра Лукашэнкі, лепей пачуць іх з першых вуснаў.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што збеглыя і іх куратары, каб зноў узбаламуціць наша грамадства, стварыць сітуацыю перадмяцежнага характару напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, пачынаюць распрацоўваюць план дзеянняў. «Усё было, і атака ў сродках масавай інфармацыі. Мы спрабуем дастойна на гэта адказаць. Сведчаннем таму з’яўлецца пачатак працы нашага канала „Першы інфармацыйны“. Гэта дастойны адказ», — заўважыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што не скідваюць яны з рахункаў і ўзброенае нападзенне на Беларусь. «Мы разумеем, як гэта бывае: наперадзе ідуць ашалелыя з шэрагаў нашых, а следам — не нашы. Мы гэта бачылі ў 2020 годзе. Праўда, не бачылі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што і сёння за мяжой ствараюць харугвы, цэлыя палкі, тых, хто марыць сюды прыйсці са зброяй у руках.
Прэзідэнт адзначыў, што ён не нагнятае абстаноўку. І ў пацверджанне сваіх слоў працытаваў адзін дакумент: «Па даных нашых спецслужбаў, падчас закрытай часткі перамоваў нашых збеглых у адной з краін (не называю па пэўных прычынах) прадстаўнікі ЗША агучылі наступныя тэзісы: з сярэдзіны верасня па пачатак лістапада ЗША чакаюць істотную эскалацыю ваеннай абстаноўкі як з боку Масквы, так і з боку Кіева. На фронце. Я хачу, каб гэта пачулі і расіяне. Мы пакуль не даводзілі да іх гэту інфармацыю. Заходнія спецслужбы гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі. Нібыта зацішша. Так, у Курск зайшлі (украінскія вайскоўцы. — Зв.), сыходзяць — сыдуць, украінцы там не ўтрымаюцца. Але гэта не трэба амерыканцам. Трэба, каб вайна працягвалася да апошняга ўкраінца, а яшчэ лепш — рускага. Ім патрэбна вайна. І гэта зацішша, якое наступіла на фронце, ім не трэба. Ім патрэбна эскалацыя. Таму гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі сітуацыі».
Пры гэтым, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, размова ідзе не аб уступленні ў баявыя дзеянні Узброеных Сіл Беларусі. «Мы гэта ніколі не зробім, калі чужы бот не ступіць на нашу зямлю», — запэўніў ён. Галоўная тэма гэтых размоў — рэакцыя Кіева на пралёты расійскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі, аж да атак на прыгранічную інфраструктуру. «Гэта значыць, амерыканцы ўказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашу інфраструктуру па паўднёвай мяжы. Прычына — расійскія беспілотнікі лётаюць над тэрыторыяй, побач з тэрыторыяй Беларусі», — растлумачыў становішча спраў кіраўнік дзяржавы.
«Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў, і расійскіх, і ўкраінскіх, на нашу тэрыторыю, — расказаў Прэзідэнт. — Чаму гэта адбываецца? Таму што і тыя, і другія дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. Па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць з курсу беспілотнікі. І адзін з іх мы знайшлі аж пад Бабруйскам, у цэнтры Беларусі. І гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, не расійскія. Хоць і з іншага боку бывае. Мы дамовіліся».
Тым не менш, па словах Аляксандра Лукашэнкі, лялькаводы з Вашынгтона штурхаюць Украіну да супрацьстаяння з Беларуссю. «І я хачу спытаць у амерыканцаў: вы міру хочаце, мірных перагавораў ці эскалацыі сітуацыі? Я нездарма гэта пытаю. Таму што яны ў апошні час вельмі часта намякалі нам аб перагаворах. І нават вылучылі ўмовы да гэтых перагавораў. Мы пагадзіліся. А як тады гэта разумець?» — паставіў пытанне беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў гэтым сутнасць заходняй палітыкі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ў пачатку мінулага стагоддзя так было. «Прыкладна праз 100 гадоў усё гэта паўтараецца. Мы гэта ўсё праходзілі. Таму што мы жывём у эпіцэнтры на скрыжаванні ўсіх шляхоў», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што наша краіна —гэта геаграфічны цэнтр Еўропы. І шматлікія войны праходзілі праз гэтыя землі, прыносячы Беларусі гора і разбурэнне. «Гісторыя паўтараецца. Але я хачу проста ў сувязі з гэтым папярэдзіць нашых праціўнікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Не трэба гэта рабіць! Гэта не пойдзе на карысць не толькі рэгіёну Еўропы, але і ўсёй планеце. Напад на Беларусь, запомніце гэта, — гэта трэцяя сусветная вайна. Таму ні ў якім разе ні ўкраінцам, ні расіянам, яны гэта выдатна разумеюць, ні амерыканцам, якія хочуць адсядзецца за акіянам, гэтага рабіць нельга», — заявіў Прэзідэнт.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, не супакойваюцца і збеглыя. «Ім не церпіцца вывесці з арэны палітычных дзеянняў Прэзідэнта Беларусі. Дамовіліся аб тым, што Літва, як гэта было напярэдадні або ў першыя дні спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне, ініцыюе ў міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе разгляд беларускага пытання. Мэта — прыцягнуць Прэзідэнта Беларусі да адказнасці і выключыць яго з парадку дня. Як яны пішуць, каб Прэзідэнт Беларусі, калі пачнуцца мірныя перагаворы ва Украіне, не змог прымаць удзел у гэтых перагаворах. Інтарэсы Беларусі. Яны ведаюць, што мы патрабуем, каб пры заключэнні мірнага дагавору ва Украіне, былі выкананы інтарэсы Беларусі. Там яны не бачаць нашага прадстаўніцтва», — расказаў Прэзідэнт. І адказаў усім: «Я хачу, каб яны пачулі сёння, з гэтай высокай трыбуны: мы ведаем пра ўсе задумы. І нічога ў іх не атрымаецца. Яны не змогуць яшчэ раз паўтарыць тое, што было ў 2020 годзе. Мы — людзі, якія ўмеюць засвойваць урокі з мінулага».
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што расказаў гэта на такім вялікім форуме, каб яго і беларусаў пачулі. Ён заўважыў, што звычайна ў такіх выпадках чуюць своечасова. «Пытанні сур’ёзныя, але гэта не азначае, што за межамі гэтай залы вы павінны напружвацца і перажываць. Мы зробім усё, каб на гэтай зямлі больш не было вайны», — запэўніў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што старэйшае пакаленне беларусаў настроена перадаць малодшаму пакаленню годную зямлю, дзе можна жыць і гадаваць дзяцей. «Ніякія беспілотнікі, ніякія ракеты дальняга дзеяння ім не дапамогуць. Я вам клянуся, што ў нас ёсць чым адказаць. У нас ёсць, што зрабіць так, каб яны задумаліся, перш чым рухацца ў нашым напрамку», — паабяцаў Прэзідэнт.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.