Вы тут

З якімі пытаннямі звярталіся на прыёме грамадзян да Качанавай у Іўі?


У Савет Рэспублікі паступае шмат зваротаў ад жыхароў краіны. Так, за восем месяцаў гэтага года іх парадку пяці тысяч. Ужо стала добрай традыцыяй штомесячна праводзіць адзіны дзень прыёму грамадзян, калі сенатары працуюць ва ўсіх раёнах той ці іншай вобласці. Такая практыка дазваляе прааналізаваць пытанні, выявіць праблемы, выпрацаваць комплексны падыход да іх вырашэння. Гэтым разам сенатары працавалі ў Гродзенскай вобласці. 


Узаконіць права на сядзібу

У ліку першых на асабісты прыём да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, прыйшла 72-гадовая жыхарка вёскі Ганчары Іўеўскага раёна Марыя Канстанцінаўна. Жанчына хоча выкупіць жылы дом, які знаходзіцца ва ўласнасці гродзенскага прадпрыемства.

Яна патлумачыла, што яе муж працаваў у гаспадарцы, якая выдзеліла жыллё, але дзесяць гадоў таму памёр. У гэты час вялася рэарганізацыя сельгаспрадпрыемства і сям’я не паспела аформіць дакументы. Такім чынам, працэс прыватызацыі быў прыпынены і дом застаўся ва ўласнасці гаспадаркі. Жанчына цяпер пражывае адна, яна згодна заплаціць ацэначны кошт дома, які за 25 гадоў пражывання даглядала і добраўпарадкоўвала — зрабіла склеп, пасадзіла сад. Пакуль новы ўласнік адмаўляе жанчыне ў прыватызацыі жылога дома, які ў свой час будаваўся за бюджэтныя сродкі.

Як аказалася, такая жыццёвая сітуацыя не адзінкавая. Наталля Качанава зазначыла, што падобныя пытанні нядаўна абмяркоўваліся на экспертным савеце з кіраўніцтвам Дзяржкаммаёмасці. Чалавек сабраў пакет дакументаў, але не паспеў давесці справу да канца, бо раптоўна памёр. Такія сітуацыі таксама трэба заканадаўча ўрэгуляваць, бо тэма неаднаразова ўздымалася як грамадзянамі, так і парламентарыямі. Таксама яна прыгадала, што цяпер ёсць магчымасць у прадпрыемстваў будаваць больш жылля для сваіх работнікаў і прымаць рашэнні з яго далейшай прыватызацыяй.

— Мы на сваім узроўні разбяромся, што можна па законе зрабіць. Усё вывучым сумесна з Дзяржкаммаёмасцю. Калі патрэбна, заканадаўча гэта ўрэгулюем, бо такія пытанні ў людзей узнікаюць, — зазначыла падчас прыёму Наталля Качанава.

З першай заяўніцай пераклікаецца і зварот Валянціны Віктараўны з Іўеўскага раёна. Толькі тут справа датычыць самавольных пабудоў, якія цяпер трэба ўзаконіць. Жанчына спасылаецца на ўказ Прэзідэнта па зямельнай амністыі. Пабудовы ўзведзены на новым участку для патрэб фермерскай гаспадаркі, дзе займаюцца вырошчваннем бульбы і збожжавых культур.

Сям’я сабрала пакет дакументаў, атрымала рашэнні экспертных камісій. Справа цягнецца паўтара года. Нядаўна стала вядома, што трэба пачынаць новы збор дакументаў. Жанчына перажывае, ці не зацягнецца гэты працэс яшчэ на нейкі нявызначаны тэрмін.

Падчас прыёму сітуацыя атрымала канкрэтны вынік. Па словах кіраўніка Іўеўскага райвыканкама, участак з самавольнымі гаспадарчымі пабудовамі можа быць аформлены як дадатковы да атрыманага раней фермерскага надзелу. Рашэнне аб гэтым будзе прымацца аблвыканкамам па звароце раённай улады.

Зямельны парадокс

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, з падобнай з’явай прыйшлося сутыкнуцца ўпершыню. Справа і сапраўды больш нагадвае сюжэт фельетона.

А здарылася яна ў аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна, адкуль прыехала на прыём мясцовая жыхарка Тэрэза Іосіфаўна. Яе гісторыя пачалася 10 гадоў таму, калі побач з сядзібай пасяліўся неўтаймаваны сусед. Па словах заяўніцы, яго ведалі ў раёне як скаржніка. Каб пазбегнуць недарэчнасцяў, сям’я ўстанавіла паміж участкамі капітальную агароджу. Але сусед заявіў, што парушылі яго мяжу: і калодзеж суседскі на яго мяжы стаіць, і агароджа не адпавядае нарматыўным актам.

Справа разглядалася ў Камітэце дзяржмаёмасці. Намеснік старшыні камітэта Мікалай Бобер праінфармаваў, што зямельная спрэчка была разгледжана ў судзе. Калодзеж, згодна з рашэннем суда, знаходзіцца менавіта на зямельным участку Тэрэзы Іосіфаўны. А вось з агароджай узнікла самае сапраўднае непаразуменне. Калі, здаецца, сітуацыя была ўрэгулявана, сусед заявіў, што агароджа на два сантыметры заходзіць на яго ўчастак і гэта перашкаджае росту туй на яго тэрыторыі.

Далей пайшлі судовыя справы. І, што самае парадаксальнае, суд прымае рашэнне перанесці частку агароджы на гэтыя самыя два сантыметры! Хоць у кадастравай сістэме існуюць пэўныя допускі пры вымярэннях.

Справа дайшла да Вярхоўнага суда, які адмяніў дадзенае рашэнне і накіраваў на новы разгляд у абласны суд, дзе нарэшце гэты пратэст быў задаволены. Між тым з Гродзенскага райвыканкама Тэрэзе Іосіфаўне працягваюць паступаць павесткі аб самавольным заняцці часткі зямлі суседа. Гэта доўжыцца тры гады.

Наталля Качанава дала распараджэнне дасканала разабрацца з дадзенай сітуацыяй. І ўвогуле падобныя зямельныя пытанні трэба своечасова ўрэгуляваць, хоць у іх часта ролю адыгрываюць асабістыя адносіны паміж людзьмі. Варта ўлічваць і той факт, што агароджа заяўніцы ставілася адпаведна з заверанымі дакументамі.

Пенсія і сацыяльны пансіянат

Жыхарка аграгарадка Ліпнішкі Іўеўскага раёна Яніна Іванаўна прыйшла на прыём да старшыні Савета Рэспублікі па пытанні налічэння пенсіі. Яна — шматдзетная маці, 30 гадоў працавала ў мясцовай гаспадарцы.

Сітуацыю пракаментавала намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка. Як аказалася, на памер выплат аказаў уплыў і датэрміновы выхад на пенсію, бо жанчына працягвала працаваць. Калі б яна не аформіла пенсію, гэтыя гады таксама ўвайшлі б у стаж і паўплывалі на памер выплат.

Наталля Качанава заўважыла, што людзям трэба часцей гаварыць аб тым, як яны могуць павялічыць памер пенсіі. Яна прывяла ўласны прыклад, калі ёй падказалі, што можна адмовіцца ад пенсіі, каб адпрацаваць вызначаны стаж. Таму варта як мага больш інфармаваць насельніцтва аб такой магчымасці.

Тым не менш канкрэтны зварот будзе разгледжаны дадаткова ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Акрамя гэтага, шматдзетная маці атрымае матэрыяльную дапамогу па лініі Іўеўскага райвыканкама.

Падчас прыёму была ўзнята праблема заканадаўчага рэгулявання прыватных пансіянатаў. З гэтым пытаннем звярнулася мінчанка Надзея Віктараўна, якая ўзначальвае такую ўстанову ў Мінскім раёне. Справа ў тым, што з 1 кастрычніка на прыватныя ўстановы ўводзяцца ліцэнзіі з пэўным спісам патрабаванняў, у тым ліку па лініі МНС і архітэктуры. Надзея лічыць, што выканаць гэтыя патрабаванні за вызначаныя паўгода даволі складана, бо яны больш падыходзяць да адміністрацыйных будынкаў. Магчыма, прыйдзецца зачыніць на некаторы час пансіянат, а вось куды падзець людзей? — задаецца пытаннем Надзея. Разам з тым яна разумее, што кантроль у дадзенай сістэме патрэбны, бо не ўсюды такія ўстановы працуюць добрасумленна.

Менавіта з такім прыкладам сутыкнулася і Старшыня Савета Рэспублікі падчас аднаго з папярэдніх асабістых прыёмаў. Пасля праверкі аднаго з пансіянатаў выявіліся нездавальняючыя ўмовы пражывання насельнікаў. У сувязі з гэтым выйшла пастанова ўрада аб выкананні пэўных патрабаванняў з боку ўстаноў.

— Трэба прывесці гэту сістэму дапамогі ў адпаведнасць усім патрэбным нормам, — выказала меркаванне Старшыня Савета Рэспублікі. — Бо тэма вельмі актуальная, і мы будзем ёю займацца і глядзець, як працуюць нашы органы сацыяльнай абароны. Будзе дадзена даручэнне МУС, Мінпрацы сумесна правесці інвентарызацыю прыватных пансіянатаў і праверыць, наколькі іх дзейнасць адпавядае ўстаноўленым нормам.

Наталля Качанава таксама зазначыла важнасць развіцця медыка-сацыяльнай дапамогі дома. У адпаведнасці з гэтым ёсць неабходнасць злучыць у адным спецыялісце і сацыяльнага работніка, і медыцынскага. Напрыклад, вярнуць у каледжы такую спецыяльнасць, як сястра міласэрнасці.

На шляху да мары

Таццяна Леанідаўна прыйшла на прыём з сынам Мікітам. Хлопчык вучыцца ў сталічнай школе, але марыць паступіць у сувораўскае вучылішча, як яго старэйшы брат. Пасля шостага класа Мікіта таксама падаў дакументы ў ваенную навучальную ўстанову, але параметры яго зроку не адпавядалі нормам.

Па словах маці, старэйшы сын паспяхова займаецца ў сувораўскім вучылішчы, удзельнічае ў парадах, збіраецца звязаць свой лёс з кар’ерай ваеннага. Яго прыклад стаў для малодшага брата свайго роду стымулам у жыцці.

У Мікіты ёсць і альтэрнатыўны варыянт. 

Як патлумачыў начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксандр Малюк, хлопец можа паступіць у ваенную акадэмію альбо на ваенныя факультэты. Гэта яму дазваляецца. Але на дадзеным этапе зрок толькі фарміруецца і невядома, як павядзе сябе ў далейшым, а аператыўная карэкцыя зроку для дзяцей да 18 гадоў забаронена. Наталля Качанава прапанавала перагледзець некаторыя нормы прыёму, як гэта зроблена для прызыўнікоў, і выказала асабістую падзяку Мікіту і яго маці за іх патрыятычную пазіцыю.

— Мікіта, ты не адчайвайся, мы пастараемся табе дапамагчы. Не трэба такіх матываваных хлопцаў пакідаць без увагі. Гэта пытанне будзем вывучаць, — сказала Наталля Качанава. — Вы выдатная маці, таму што выхаваць такіх дзяцей — гонар. Старэйшы сын вучыцца ў сувораўскім вучылішчы, дачка — старшы лейтэнант у службе МНС. Тое, што вы выхоўваеце сваіх дзяцей у духу любові да Радзімы, дарагога варта.

Пасля прыёму Таццяна Леанідаўна падзялілася з журналістамі сваім уражаннем. У першую чаргу, яна адзначыла эфектыўнасць такіх прыёмаў і чалавечы падыход да вырашэння праблемы.

— Усе дасканала ўнікаюць у сітуацыю, на месцы спрабуюць вырашыць. Наталля Іванаўна па-чалавечы адносіцца да заяўніка, яна не проста выслухоўвае, а імкнецца разабрацца, рыхтуецца да прыёму кожнага суразмоўніка, а нас сёння нямала, — заўважыла маці Мікіты.

Таксама ў поле зроку Старшыні Савета Рэспублікі трапілі пытанні жыллёва-камунальнага кірунку, праблемы перавозкі грузаў, аспекты аховы здароўя, пытанні разліку паміж суб’ектамі гаспадарання. Многія пытанні звязаны з жыццём сельскіх жыхароў. Гэты кірунак будзе пад асаблівай увагай Савета Рэспублікі. «Мы шчыльна зоймемся вёскай, будзе створана рабочая група, будзем комплексна выязджаць і глядзець на месцах», — паабяцала Наталля Качанава.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.