Разглядалася эфектыўнасць работы са зваротамі органаў улады Гродзенскай вобласці. У рабоце пашыранага пасяджэння ўзялі ўдзел парадку 700 удзельнікаў, у тым ліку ў анлайн-рэжыме. Папярэдні такога роду фармат сустрэчы парламентарыяў і органаў улады адбыўся напрыканцы 2021 года. Цяпер тэма зваротаў мае асаблівае значэнне. Ва ўмовах геапалітычнага супрацьстаяння дэпутаты і органы ўлады павінны быць у пастаянным кантакце з людзьмі, каб ведаць тыя праблемы і пытанні, якія ў іх узнікаюць.
Пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі стала лагічным завяршэннем адзінага дня прыёму грамадзян і юрыдычных асоб у Гродзенскай вобласці сенатарамі на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Яна зазначыла, што тэма зваротаў заўсёды актуальная для нашай краіны, бо арыентаваная на інтарэсы народа. І хаця формы работы з грамадзянамі пастаянна ўдасканальваюцца, у тым ліку задзейнічаны інтэрнэт-платформы, але нішто не заменіць жывога кантакту з людзьмі. Для канструктыўнага дыялогу важна слухаць і чуць адзін аднаго, каб прынятыя рашэнні садзейнічалі дабрабыту чалавека і дзяржавы.
«Работа са зваротамі грамадзян — асноўны кірунак у дзейнасці дэпутатаў усіх узроўняў. Работа са зваротамі грамадзян, прыёмы па асабістых пытаннях — гэта тое, што ляжыць у аснове нашай дзейнасці», — сказала Наталля Качанава.
Парламенцкі дэсант працаваў ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны і абласнога цэнтра. Падчас пасяджэння быў зроблены аналіз сітуацыі ў рэгіёне.
Як зазначыла Наталля Качанава, у Гродзенскай вобласці работа са зваротамі грамадзян выбудавана эфектыўна. Адсюль у Савет Рэспублікі паступіла менш зваротаў, чым з іншых рэгіёнаў краіны. Тут усё дастаткова нядрэнна. Але разам з тым іх колькасць за восем месяцаў павялічылася.
Статыстыку агучыў начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян Савета Рэспублікі Максім Шэко. Ён паведаміў, што за восем месяцаў у Савет Рэспублікі ад жыхароў Гродзенскай вобласці паступіла 455 зваротаў, што на 76 працэнтаў больш, чым летась. Па краіне — 4800 зваротаў, што таксама больш, чым у мінулым годзе. Рост назіраецца ў Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцях, а вось па Мінскім раёне і сталіцы гэты паказчык знізіўся. Між тым удзельная вага зваротаў Гродзенскай вобласці застаецца самай мінімальнай на працягу названага перыяду — ад 6 да 9 працэнтаў. З рэгіёна часцей звяртаюцца жыхары абласнога цэнтра. А вось з Бераставіцкага раёна да сенатараў не паступіла ніводнага звароту.
Аналіз паказвае, што ў 2024 годзе гродзенцаў, як і большасць заяўнікаў, хвалюе стан ЖКГ і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, ахова здароўя, землекарыстанне, працоўная занятасць, пытанні пенсіённага забеспячэння. Грамадзяне звярталіся ў асноўным індывідуальна, але нямала і калектыўных зваротаў. Яны разглядаліся дэпутатамі асабліва шчыльна. Як правіла, жыльцы дамоў наракаюць на адсутнасць рамонту і адцягванне тэрміну работ.
Некаторыя грамадзяне звяртаюцца да старшыні Савета Рэспублікі як да апошняй інстанцыі. У той жа час больш за 90 працэнтаў зваротаў — гэта праблемы мясцовага характару і павінны вырашацца на мясцовым узроўні. Напрыклад, з адной з вуліц Гродна грамадзяне звярнуліся з просьбай аб ліквідацыі стыхійнай паркоўкі. Пытанне было накіравана ў гарвыканкам, дзе быў прапанаваны варыянт долевога будаўніцтва. Сітуацыя з частковым фінансаваннем вырашылася ў Смаргоні, дзе грамадзяне робяць тратуар, а дзяржава асфальтуе дарогу.
Ёсць і прыклады, калі людзі звяртаюцца ў Савет Рэспублікі з такімі пытаннямі, як устаноўка ліхтара, спілоўванне аварыйнага дрэва альбо ўладкаванне мосціка праз ручай. Заяўнікі матывуюць свой зварот тым, што старшыня сельсавета не можа іх вырашыць. Між тым на ўсе пытанні адразу адрэагавалі ў аблвыканкаме. Дарэчы, у абласны выканаўчы камітэт з пачатку года паступіла крыху больш за тысячу зваротаў. Паступова іх колькасць зніжаецца. Гэта абумоўлена, у тым ліку і шырокай інфармацыйнай работай на інтэрнэт-пляцоўках, прэс-канферэнцыях, падчас якіх жыхары могуць задаць свае пытанні і атрымаць адказ непасрэдна ад кіраўніка рэгіёна.
Асноўныя пытанні, з якімі жыхары звяртаюцца да абласных улад, датычаць рамонту і эксплуатацыі жылля, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, пракладкі інжынерных сетак. Скардзяцца і на няякасную работу гарадскога і пасажырскага транспарту.
У значнай ступені нараканні выкліканы недахопам рухомага саставу. Напрыклад, у Гродне з існуючых 900 адзінак аўтобусаў і тралейбусаў трэба замяніць 70 працэнтаў. Работа ў гэтым кірунку вядзецца. Сёлета ўрадам прынята рашэнне накіраваць сродкі на аднаўленне 10 працэнтаў гарадскога транспарту краіны, такая ж норма застанецца на наступны год.
Дарэчы, транспартная праблема ўзята пад асабісты кантроль Старшынёй Савета Рэспублікі. «Многае зроблена, і ўлады абавязаны ўтрымаць гэта на ўзроўні, развіваць надалей. Разам з тым не варта і замоўчваць праблемы, якія ёсць. Людзі прыходзяць з актуальнымі для іх пытаннямі, і да гэтага трэба ставіцца ўважліва. Нельга быць раўнадушнымі ў адносінах да грамадзян, займацца валакітай, адпіскамі і падманваць людзей. Гэта падрывае давер да ўлады. Таму лепш сказаць праўду, назваць канкрэтныя тэрміны выканання, няхай яны будуць не такія хуткія, але рэальныя. Тады і аўтарытэт мясцовых органаў улады будзе толькі расці», — акрэсліла сваю пазіцыю падчас пасяджэння Наталля Качанава.
Кіраўнік Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік падзяліўся практыкай вырашэння жыллёва-камунальных праблем. Як вядома, менавіта гэтыя пытанні складаюць пераважную большасць зваротаў, у тым ліку і на Лідчыне. Таму гэта тэма адна з прыярытэтных у рабоце раённай улады. Тут не толькі ідуць па слядах зваротаў, але і працуюць на іх апярэджанне. Так, за два гады выканана значная работа па водазабеспячэнні: адбылася замена звыш 10 кіламетраў цеплавых сетак, прыведзены ў парадак прыдамавыя тэрыторыі, будуюцца станцыі абезжалезвання вады і тры ачышчальныя збудаванні, актыўна аднаўляецца жыллёвы фонд. За паўтара года адрамантавана звыш 24 км дарожнага палатна. Усё гэта зніжае колькасць зваротаў у дадзенай сферы.
А вось для сельскіх тэрыторый найбольш актуальнай тэмай з’яўляецца добраўпарадкаванне. Па гэтым шляху ідуць і ў Воранаўскім раёне. Па словах старшыні райсавета Алены Ганевіч, звароты напрамую звязаны з якасцю жыцця. Таму тут імкнуцца наводзіць парадак: закладваюць паркі, ліквідуюць трухлявыя дамы, на месцы даўгабудаў ствараюць спартыўныя, дзіцячыя і нават танцавальныя пляцоўкі. Рамантуюцца сацыяльныя аб’екты, школы, наводзіцца парадак на тэрыторыях, будуюцца арэндныя кватэры, каб стварыць умовы маладым спецыялістам. Дарэчы, замацаванасць кадраў у раёне складае 70 працэнтаў. Улады заняліся вырашэннем праблемы пітной вады, якая звязана са станам водаправодных сетак. Людзі бачаць, што іх праблемы вырашаюцца. Усё гэта садзейнічае зніжэнню сацыяльнай напружанасці, адпаведна зніжаецца і колькасць зваротаў, у тым ліку і ў самыя нізавыя структуры — сельскія Саветы.
Па словах старшыні Дзярэчынскага сельскага Савета Зэльвенскага раёна Аляксандра Белякалы, работу з насельніцтвам трэба весці пастаянна і ў розных фарматах. Таму тут практыкуюць выязныя прыёмы грамадзян, сельскія сходы, прамыя лініі. Усе разам — месцічы і ўлада — імкнуцца палепшыць жыццё ў сваіх населеных пунктах. На тэрыторыі сельскага Савета ўвасоблены два праекты грамадзянскіх ініцыятыў з удзелам мясцовых жыхароў.
У ходзе пасяджэння Наталля Качанава падкрэсліла, што на пытанне ўзаемадзеяння з насельніцтвам акцэнт робіцца заўсёды. Аб гэтым ішла гаворка і на нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта па ўнутрыпалітычных пытаннях развіцця дзяржавы. У прыватнасці, гаварылі аб тым, што дэпутаты любога ўзроўню павінны вельмі эфектыўна працаваць з людзьмі. «Прайшлі выбары, і ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, як і ва ўсе іншыя ўзроўні, прыйшлі працаваць новыя людзі, якія павінны разумець важнасць гэтай работы і актуальнасць на сучасным этапе», — зазначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Спікер паведаміла, што ў найбліжэйшы час асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням развіцця аграгарадкоў і малых вёсак. «Прайшло пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні, дзе разглядалі пытанні замацавання кадраў у вёсцы. Мы створым рабочую групу, у якую ўвойдуць спецыялісты розных міністэрстваў і ведамстваў. Будзем выязджаць у аддаленыя рэгіёны нашай краіны, перш за ўсё гэта датычыцца сельскай мясцовасці: вёскі, аграгарадкі. І будзем глядзець, наколькі там эфектыўна вырашаюцца пытанні кадравага забеспячэння, будаўніцтва і выдзялення жылля, забеспячэння перш за ўсё работай, выплат заработнай платы. Важна, каб людзі там таксама жылі камфортна. Такі падыход будзе ў далейшым для нас той важнай работай, якая вызначыць перспектывы развіцця таго ці іншага населенага пункта ў сельскай мясцовасці», — сказала Наталля Качанава.
Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, не перашкаджае яшчэ раз звярнуць увагу дэпутацкага корпуса на важнасць работы з людзьмі. Трэба даць магчымасць кожнаму чалавеку быць пачутым і вырашыць пытанні, якія яго хвалююць. Таму была выказана прапанова праводзіць выязныя пашыраныя прыёмы грамадзян у рэгіёнах штомесячна.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.