На мінулым тыдні ў аграгарадку Азярцо Мінскага раёна адбылося пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. На ім аўтарытэтныя спікеры ўзнялі важную і актуальную тэму — замацаванне кадраў і маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці. Карэспандэнт «Звязды» наведаў пасяджэнне і разам з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў пастараўся разабрацца, як усё ж такі замацаваць чалавека на вёсцы.
Штогод каля шасці тысяч маладых людзей прыходзяць працаваць на прадпрыемствы і ў арганізацыі сельскай мясцовасці. Але застаюцца толькі 50 працэнтаў спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Сярод педагогаў гэты паказчык складае 64 працэнты. Сама замацаванасць кадраў пакідае жадаць лепшага. Па словах Наталлі Качанавай, разгляд гэтых пытанняў з сельскай мясцовасці пачаты невыпадкова: «Вы ведаеце, як важна для нашай краіны менавіта сельская мясцовасць. Прэзідэнт сказаў: без развіцця вёскі краіны не будзе. Роўна як не будзе любой іншай галіны, калі не будзе кадраў. Калі ёсць кадры, тады можна працаваць.
А калі яшчэ гэтыя кадры працуюць эфектыўна, то будзе і цудоўны вынік. Давайце ўсе разам яшчэ раз падумаем, што трэба сёння зрабіць для таго, каб замацаванне кадраў было больш эфектыўным».
Па словах спікера Савета Рэспублікі, для маладых спецыялістаў павінны быць створаны ўсе ўмовы, каб яны заставаліся ў тым рэгіёне, куды былі размеркаваны: «Дрэнна, калі адпрацаваў два гады і з’ехаў. Трэба, каб малады чалавек прыехаў у аграгарадок, палюбіў яго, застаўся, стварыў сям’ю, выхоўваў дзяцей. Усе ўмовы для гэтага ёсць».
Наталля Качанава нагадала і пра задачу ад Прэзідэнта аб моцных рэгіёнах: «Для нас гэта вельмі важна. На вёсцы людзі павінны жыць годна і атрымліваць годную заработную плату. Дзе б чалавек ні працаваў: трактарыстам, кіроўцам, даяркай, работнікам гандлю або сферы паслуг».
На думку Старшыні Савета Рэспублікі, для таго, каб людзі працавалі на вёсцы, трэба больш паказваць іх у СМІ: «Гэта дарагога варта, калі паварочваюцца тварам да тых людзей, якія ствараюць для нас даброты. Як сказаў Прэзідэнт, без развіцця вёскі не будзе краіны. Гэта праўда. Мы сёння столькі зарабляем на экспарце прадуктаў харчавання, кормім свой народ. Таму трэба больш такіх перадач, дзе паказваюць людзей, якія працуюць на вёсцы. Мы павінны паказваць гэтых людзей. І казаць пра тыя перавагі, якія ёсць для работнікаў у сельскай мясцовасці».
Наталля Іванаўна падкрэсліла і значнасць работы з людзьмі. Паводле слоў спікера, работа з грамадзянамі — адзін з ключавых кірункаў дзейнасці Савета Рэспублікі: «Можна сказаць, што наша асноўная задача — гэта работа над законапраектамі. Але законапраекты і законы ідуць ад жыцця, ад зямлі. І, каб прыняць правільнае рашэнне, мы павінны ведаць тое, што адбываецца ў асобна ўзятым горадзе, раёне, вёсцы. Як жывуць людзі, якія праблемы іх хвалююць, і, вядома, мы павінны вельмі актыўна працаваць сёння з людзьмі. Як кажа Прэзідэнт, мы павінны не проста слухаць людзей, але і чуць. А самае галоўнае — вырашаць гэтыя пытанні, і перш за ўсё пытанні, якія датычацца занятасці і заработнай платы. Трэба стварыць умовы для працы, даць годны заробак, і тады, вядома, чалавек будзе вызначаць сваё месцажыхарства там, дзе ёсць у яго праца і добры заробак», — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі.
Яна падкрэсліла, што з людзьмі трэба працаваць: «І гэта не толькі веданне тых праблем, якія ёсць у людзей, а яшчэ і разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве ў цэлым. Гэта яшчэ і даступнасць любога органа дзяржаўнай улады для таго, каб прыехаў кіраўнік або намеснік, пабываў у рэгіёне, убачыў, што адбываецца, як працуюць яго структуры ў гэтым раёне.
І для нас, членаў Савета Рэспублікі, вядома, гэтая работа асноватворная, таму што мы яшчэ і орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Члены Савета Рэспублікі працуюць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Гэта настаўнікі, урачы, работнікі сельскай гаспадаркі. І калі мы выязджаем і праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, сустрэчы, гэта добрае падсілкоўванне для таго, каб працягваць гэту працу далей», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу: «Але самае галоўнае — мы заўсёды павінны данесці тую праўду, якую мы ведаем пра тое, што адбываецца не толькі ў нас у краіне, але і на знешнім контуры ў адносінах да нашай краіны. Бо мы разумеем, як сёння няпроста складваецца сітуацыя ў свеце.
І вось тут мы павінны людзям расказаць праўду. А калі людзі чуюць праўду, вядома, яны разумеюць: што ўсё, што адбываецца, — гэта аб’ектыўна. Для гэтага мы, вядома, сустракаемся з людзьмі і стараемся рабіць усё для таго, каб нашы прыёмы па асабістых пытаннях, нашы сустрэчы прыносілі вынік і былі эфектыўныя, прыносілі карысць для нашага народа і нашай краіны».
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын адзначыў, што на пачатак года ў сельскай мясцовасці пражывала каля 21,4 працэнта грамадзян краіны. Прычым у Мінскай вобласці гэты паказчык самы высокі — каля 45 працэнтаў! У першую чаргу дзякуючы прысталічнаму рэгіёну. У большасці ж рэгіёнаў колькасць людзей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, зніжаецца.
«Арганізацыі ўсіх галін у асноўным забяспечаны кадрамі для паўнавартаснай працы. Аднак праблемы існуюць, — акцэнтаваў Аляксандр Турчын. — У параўнанні з мінулым годам амаль на траціну павялічылася колькасць вакансій: сёння гэты паказчык складае 24,7 тысячы. Амаль 70 працэнтаў з іх — па рабочых прафесіях. У Мінскай вобласці, як і ў іншых рэгіёнах, не хапае ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў, будаўнікоў, санітарак, урачоў, медсясцёр».
Прычыны гэтаму розныя: недабор у навучальных установах, не ў поўнай меры выкарыстанне магчымасцяў мэтавай падрыхтоўкі, нізкі прэстыж асобных прафесій, невялікая зарплата, цяжкія ўмовы працы. «Як казаў Прэзідэнт, павінны быць работа і зарплата. Узяць той жа «Агракамбінат „Ждановічы“. Тут створаны годныя ўмовы працы, моладзь атрымлівае добры заробак. Што для гэтага трэба зрабіць? Вядома, у першую чаргу важна эфектыўная работа дзеючых прадпрыемстваў. Плюс іх пастаянная мадэрнізацыя», — адзначыў губернатар.
Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна нагадаў аб вядомай ініцыятыве «Адзін раён — адзін праект»: «Каб прадпрыемствы больш актыўна ўключаліся ў гэты працэс, трэба паглядзець умовы крэдытавання праектаў. Бо калі прадпрыемства ўваходзіць у дадзеную ініцыятыву, Банк развіцця вылучае фінансаванне пад 8 працэнтаў гадавых. Тады як камерцыйны крэдыт банкаў — 9,5–12 працэнтаў. Такая невялікая розніца не зусім стымулюе прадпрыемствы для таго, каб больш эфектыўна займацца мадэрнізацыяй».
«Эфектыўная работа сельгаспрадпрыемстваў мае ключавое значэнне для замацоўвальнасці кадраў у сельскай мясцовасці, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Цэлы шэраг даручэнняў кіраўніка дзяржавы накіраваны на стварэнне нармальных умоў для працы грамадзян. Тыя рашэнні, якія цяпер Прэзідэнт падтрымлівае ў развіцці жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, — адна з задач для сельскай гаспадаркі ў найбліжэйшыя пяць гадоў. Цэлы шэраг даручэнняў дадзены: калі мы гэтыя даручэнні рэалізуем, то ў большасці нашых сельскагаспадарчых раёнаў умовы працы і ўзровень зарплаты будзе той, які неабходны».
Яшчэ адна ўмова замацаванасці кадраў на вёсцы — транспартная інфраструктура. «Якасць дарог — адна з самых актуальных праблем для нашай краіны. Аўтамабілізацыя насельніцтва, колькасць транспартных сродкаў прымушае нас больш эфектыўна займацца рамонтам і будаўніцтвам новых дарог, — акцэнтаваў Аляксандр Турчын. — Не менш важна і абнаўленне, мадэрнізацыя аўтобуснага парка. У бягучым годзе мы купляем парадку 140 адзінак аўтобусаў, у наступным — яшчэ 190».
Каб моладзь хацела працаваць на вёсцы, павінна быць і адпаведная сацыяльная інфраструктура. У тым ліку бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, установы культуры, спартыўныя аб’екты. «Гэта патрабуе каласальных фінансавых сродкаў. Прывяду адзін прыклад: сёлета толькі ў бягучыя і капітальныя рамонты ўстаноў сацыяльнай сферы мы ўкладваем больш за 300 мільёнаў рублёў», — заўважыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
З іншага боку, важна вызначыць прыярытэтнасць гэтых укладанняў, лічыць Аляксандр Турчын: «У Мінскай вобласці каля 308 аграгарадкоў. Калі гэтая праграма толькі пачыналася, кожны раён імкнуўся ўключыць у яе як мага больш населеных пунктаў. І што мы сёння маем? У нас каля 10 аграгарадкоў з колькасцю насельніцтва менш за 100 чалавек. Ва ўмовах абмежаванасці фінансавых рэсурсаў укладваць велізарныя грошы ў такія населеныя пункты не мае сэнсу. Зразумела, у буйных гарадах, раённых цэнтрах павінны быць адпаведныя ўмовы пражывання. Але трэба разабрацца з аграгарадкамі. Можа, варта правесці іх інтэрвізацыю і вызначыць пералік перспектыўных населеных пунктаў, у якіх ёсць цэнтральная гаспадарка і дзе мы бачым нізкае дэмаграфічнае змяншэнне. Зрабіць іх прыярытэтнымі, давесці інфраструктуру пражывання да годнага ўзроўню».
Старшыня Мінскага аблвыканкама таксама прывёў у прыклад Валожын, які актыўна рыхтуецца да абласных «Дажынак»: «У райцэнтр і Івянец укладзена каля 100 мільёнаў рублёў. Прычым гэта не залатыя вуліцы, а вырашэнне тых праблем, якія былі назапашаны дзесяцігоддзямі. Размова аб гарачым водазабеспячэнні ў дамах, каналізацыі, асфальтаванні вуліц. Толькі ў асфальтаванне ўклалі больш за 20 мільёнаў рублёў».
Найважнейшае пытанне ўтрымання кадраў — жыллё. «Відавочнае рашэнне трансфармацыі нашай жыллёвай палітыкі ў бок арэнднага жылля. Але арэнднага жылля не проста як такога, а з наступным правам выкупу», — адзначыў Аляксандр Турчын.
Задача шэрагу рэгіёнаў Мінскай і іншых абласцей — не проста прыцягнуць моладзь, а менавіта замацаваць яе. «У такіх рэгіёнах трэба вызначыць, што сёння для маладых сем’яў мы даём арэнднае жыллё з такой умовай: ты жывеш у гэтым населеным пункце пэўную колькасць гадоў, працуеш. І па сканчэнні гэтага часу маеш права дадзенае арэнднае жыллё набыць ва ўласнасць. На якіх умовах? На мой погляд, тут таксама павінна быць дыферэнцыяцыя, — адзначыў губернатар. — Гэта наймагутнейшы стымул для таго, каб людзі выбіралі якое-небудзь месца працы або якое-небудзь месца жыхарства».
Падводзячы вынік, Аляксандр Турчын адзначыў, што вырашэнне гэтых пытанняў дасць сур’ёзны штуршок для магчымасці замацавання спецыялістаў на вёсцы, у тым ліку маладых.
«Меркаванне Савета Рэспублікі цалкам супадае з вашым, — звярнулася Наталля Качанава да губернатара. — Падтрымліваю вас і па будаўніцтве жылля. Тое ж арэнднае жыллё трэба будаваць пад пэўныя катэгорыі. Будзем рухаць вашы ідэі!»
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота: БелТА
Мінскі раён
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.