Вы тут

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»


17 верасня Беларусь адсвяткавала важнае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Масавыя актыўнасці прайшлі па ўсёй краіне, але самай галоўнай пляцоўкай у гэты дзень стала «Мінск-арэна». Яна аб’яднала 15 тысяч гасцей — звычайных беларусаў, удзельнікаў патрыятычнага форуму «Калі мы адзіныя». На форуме быў дадзены старт усебеларускай акцыі «Марафон адзінства». Па словах Прэзідэнта, марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, талентаў беларусаў, прыгажосці славянскай душы.


Фота Данііла Хмяльніцкага

«Унікальны народны праект»

У сваім выступленні на адкрыцці форуму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка закрануў не толькі тэму гістарычных каранёў маладога дзяржаўнага свята, але і звярнуў увагу на міжнародную ваенна-палітычную абстаноўку.

Сведчаннем міралюбнасці нашай краіны стаў унікальны канцэрт, на якім выступілі таленты з розных куткоў Беларусі. Перш за ўсё гэта ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю «Беларусь — мая песня», які прайшоў па ініцыятыве Прэзідэнта ў Палацы Рэспублікі і сабраў найлепшыя творчыя сілы з усіх рэгіёнаў. Гэтыя канцэрты атрымаліся яркімі і самабытнымі. Як вынік — нарадзілася ідэя сабраць усё найлепшае разам у шоу 17 верасня. Яго ўдзельнікі — ад дзяцей да пенсіянераў, ад самадзейных калектываў да прафесійных артыстаў. Гэта чарговы раз пераканала ў тым, што на сцэне любога маштабу ў краіне ёсць месца кожнаму.

Россып майстэрства на «Мінск-арэне» сведчыць пра галоўнае: калі мы адзіныя, тады непераможныя. Гэта прасочваецца ў канцэпцыі мастацкага кіраўніка шоу Ганны Сялук.

«Свята народнага адзінства сапраўды набірае абароты! Яго мы святкуем ужо чацвёрты раз. Аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР — гэта важная падзея для ўсяго беларускага народа. Сёння 17 верасня стала для нас сапраўдным святам. Мы адзіны народ, у нас адзіная краіна, а гэта дарагога варта. У гэты дзень мы чакаем убачыць кіраўніка дзяржавы, спадзяёмся, што ён акрэсліць арыенціры, скажа важныя словы ў адрас усіх беларусаў», — распавёў госць форуму, прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Іван Антонавіч.

Самы першы нумар стаў і адным з самых запамінальных. Ён атрымаў назву «Славянскае сузор’е» і быў глыбока сімвалічным. Артысты закранулі мінулае, сучаснасць і будучыню нашых краіны і народа. Нумар, у якім сын Прэзідэнта Беларусі Мікалай Лукашэнка сыграў на раялі, сапраўды здзівіў гледачоў. Як заўважылі госці «Мінск-арэны», нумар выконваўся на двух раялях «Беларусь». За адным з іх быў Мікалай Лукашэнка, за другім — яго выкладчыца Алена Асташкіна-Мысліўчык. Музычны нумар суправаджаўся сімвалічным відэа, лейтматывам якога стала наша гісторыя, гісторыя адзінства брацкіх народаў.

Курсант Ваеннай акадэміі Мікіта Дадычэнка прызнаўся: сённяшняя падзея для яго хвалюючая, на такім маштабным форуме ён прысутнічае ўпершыню. «Выдатна, што тут сабраліся прадстаўнікі самых розных прафесій, у тым ліку і ваеннаслужачыя. Можна сказаць, самы шырокі зрэз нашага грамадства. Тут выступаюць артысты з усіх куткоў нашай краіны. Гэта, па сутнасці, унікальны народны праект», — падкрэсліў ён.

«У рэжыме «цалкам сакрэтна»

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на патрыятычным форуме ў Мінску ў гонар Дня народнага адзінства паднеслі творчы сюрпрыз пад назвай «Балада аб дыктатары». Кампазіцыю на сцэне прадставіла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля ЭЙСМАНТ. Яна распавяла, што гэты твор быў народжаны спантанна, выпадкова і нават насуперак. І да прэм’еры на форуме Аляксандр Лукашэнка не ведаў пра гэта, для яго гэта стала сюрпрызам.

«Балада — гэта верш асаблівай формы пераважна на гістарычную, звычайна легендарную тэму, — распавяла Наталля Эйсмант. — Аўтар твора не беларус па крыві, але вельмі блізкі нам чалавек па духу — малдаўскі паэт Павел Дуганаў. Яго многія беларусы памятаюць па падзеях няпростага 2020 года. Шчыра і адкрыта ён тады казаў пра тое, што і чаму адбываецца, перажываў за нашу краіну, а крыху больш за год таму паднёс нам сюрпрыз, напісаўшы баладу. Гэта быў творчы падарунак нашаму Прэзідэнту, шчыры і, магчыма, на першы погляд дзесьці наіўны. Прэзідэнт паглядзеў, усміхнуўся, і на гэтым гісторыя павінна была завяршыцца. Такіх твораў нам прыходзіць нямала, і ніколі яны потым не бачаць свет — ніякага правадырства. Але нас, людзей, якія працуюць побач, чымсьці гэтая балада зачапіла, мы вырашылі дзейнічаць самастойна. Творчы пошук у рэжыме „цалкам сакрэтна“, супрацоўніцтва з кампазітарам Валерыем Шматам і арт-гуртом „Беларусы“ — работа, пра якую Прэзідэнт да моманту прэм’еры нічога не ведаў».

Студэнта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Максіма Будніцкага і яго сяброў больш за ўсё ўразіў менавіта такі творчы сюрпрыз: «Там было высмеяна грэблівае стаўленне да Беларусі і беларускага народа і адначасова была паказана яго моц і дабрыня», — адзначыў Максім Будніцкі.

З асаблівым хваляваннем удзельнікі форуму ўспрынялі нумары, якія трансліруюць памяць беларускага народа аб польскім прыгнёце і нямецка-фашысцкіх захопніках. У прыватнасці, тэму польскай акупацыі ўдзельнікі раскрылі на прыкладзе Мінскай вобласці, якая з 1921 да 1939 года была падзелена папалам. Акцёры тэатра і кіно Яна Хадановіч-Лапаніцына і Міхаіл Світа прачыталі ўрывак з паэмы Максіма Танка «Нарач».

Самае галоўнае — убачыць Прэзідэнта

«Дзень яднання беларускага народа вельмі важны для нас усіх, тым больш што цяпер мы знаходзімся пад вялікім ціскам. Мы абавязаны быць разам, аб’яднацца паміж сабой, нашымі думкамі і пачуццямі для таго, каб прыняць усе меры для абароны нашай любімай Радзімы ад разнастайных негатыўных наступстваў. Гэта робіцца толькі разам, таму сёння мы сабраліся тут не проста так», — распавяла старшыня пярвічнай арганізацыі «Патрыёты Беларусі» холдынга «Белкамунмаш», кіраўнік бюро ўнітарнага прадпрыемства «ССЦ «Белкамунмаш» Ганна Касцючык.

Яна дадала, што «Патрыёты Беларусі» — гэта рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, асноўнымі мэтамі якога з’яўляюцца захаванне гісторыі, недапушчэнне яе скажэння, павага да дзяржаўных сімвалаў і згуртаванне нашага народа: «Для нас самае галоўнае — гэта любоў да Радзімы. І мы імкнёмся зрабіць так, каб беларусы неслі гэтае цудоўнае пачуццё адзін да аднаго кожны дзень».

На сцэне гучалі прэм’еры песень. Удзельнічалі артысты розных пакаленняў. У іх ліку народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і ВІА «Сябры», а таксама пераможцы зорнага конкурсу «Фактар. BY» Мікіта Бялько і Анастасія Краўчанка. Вядучымі былі заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі, вядомыя тэлевядучыя Вікторыя Сянкевіч, Паліна Шуба, Павел Лазовік.

«Сёння мы сабраліся тут, каб адсвяткаваць Дзень народнага адзінства. Гэта важная гістарычная падзея, якая аб’яднала наш народ 17 верасня 1939 года. З гэтага моманту наша краіна стала існаваць у тых межах, якія мы маем сёння», — расказаў рэзчык металу на нажніцах і прэсах холдынга «Белкамунмаш» Аляксандр Цвірко.

На яго думку, такія маштабныя святы праводзяцца для аб’яднання беларускай нацыі: «Тым самым падкрэсліваецца важнасць і ўсведамленне таго, што мы сапраўды адзіныя. Гэта трэба для згуртавання нашага народа, каб усе беларусы былі як адно цэлае!»

Аляксандр прызнаўся, што ў першую чаргу прадстаўнікі прадпрыемства жадалі пачуць Прэзідэнта нашай краіны. «Ён наш лідар, і мы вельмі хацелі ўбачыць нашага народнага Прэзідэнта!» — падагульніў ён.

Аб маштабнасці шоу сведчыць і колькасць удзельнікаў: звыш трох тысяч! Гэта дазвяляе канцэртная пляцоўка, на якой тры зоны дзеяння. Асноўнай стала сцэна з прасветным экранам, дзе праходзіла трансляцыя форуму з даданнем розных эфектаў, кадраваннем буйных планаў і дэталяў.

Не скупіліся на словы і студэнты Ваеннага факультэта БДУ. Малодшы сяржант Шашко і радавы Архіпенка — выдатнікі ў вучобе і спорце. Яны таксама падзяліліся сваімі думкамі наконт важнага дзяржаўнага свята: «Сёння мы адзначаем Дзень народнага адзінства — адно з самых галоўных свят нашай суверэннай краіны. Гэтае свята — сімвал адзінства нашага народа. Мы звязалі сваё жыццё са служэннем Айчыне, ганарымся і цэнім тое, што з’яўляемся ваеннаслужачымі, заўсёды гатовыя стаць на абарону нашай Радзімы». Хлопцы прызналіся, што для іх самае галоўнае было — убачыць Прэзідэнта, даведацца, чым ён падзеліцца з беларусамі, якія агучыць навіны і павестку дня.

У найбліжэйшыя месяцы рэспубліканская акцыя «Марафон адзінства» пройдзе ва ўсіх абласных і буйных раённых гарадах краіны. Галоўнае — яднанне ў кожнай кампазіцыі на сцэне. Патрыятычны форум, як і ў мінулыя гады, атрымаўся каларытны, эмацыянальны і вельмі душэўны. На сцэне — самыя любімыя артысты. Такім чынам, у гасцей «Мінск-арэны» была магчымасць аб’ехаць усе беларускія рэгіёны і наведаць нацыянальныя фестывалі, якія сталі ўжо брэндавымі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.