14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Хто зашмат жадае, той нічога не мае


«Пашчасціла дзеўцы... Такі чалавек!» — казалі жанкі ў пад’ездзе, але нічога «такога», выключнага, Ніка ў мужы сваім не бачыла. Ну, падумаеш, першы ўстае і гатуе сняданак, падумаеш, вечарам, з прадуктамі цвярозы вяртаецца дамоў і адразу ж бярэцца дапамагаць — гатаваць, прыбіраць, мыць посуд... Так жа і павінна быць, калі хоча, каб жонка магла адпачыць: нешта пачытаць, паглядзець фільм, разам прайсціся па вуліцах.


Фота з адкрытых крыніц

Вось гэта, апошняе, мужу падабалася найменш, бо жонка вельмі любіла збочваць — заходзіць ці не ў кожную з крам і крамак. На шчасце, вялікіх прамтаварных побач з домам не было, на прадуктовыя грошай хапала, і яны амаль не сварыліся…

А потым у іx з’явілася дачка. І ён з той радасці мог наогул не есці і не спаць — толькі б Ніка хутчэй ачуняла, адышла пасля родаў, толькі б карміла маленькую сваім малаком і лішні раз не злавалася. Па вялікім рахунку, не было на тое прычын: усе «практычна здаровыя», кватэра, хоць здымная, але ёсць, халадзільнік поўны, суседзі добрыя, тэхніка ўся працуе, бацькі дапамагаюць — толькі намякні…

Жонка, між тым, падставы знаходзіла. Яе, па-першае, вельмі стамляла, «даставала» дзіця, па-другое, напружвала лішняя вага, якую набрала за час цяжарнасці і скінуць, вярнуцца ў «норму» (хто яе толькі выдумаў?!) ну ніяк не магла; па-трэцяе, не хапала ў гардэробе новага моднага адзення, плакала, што боты на зіму адны... А ў суседкі — дзве пары новых!

І кватэра ў яе свая, і машына, і мэбля дарагая, і на стале круглы год цэлая ваза фруктаў.

— Вось гэта — муж, вось ён — зарабляе! — папракала свайго Ніка.

Ён, вядома, перажываў, падумваў змяніць работу. Але ж не маленькі ўжо быў, не дурны: нешта знайшоўшы, хадзіў «у разведку». І ці не ўсюды назіраў адно: кожны з работадаўцаў стараецца выціснуць з работніка як найбольш, а заплаціць — найменш; фірмы ды фірмачкі часта ідуць на дно — людзі застаюцца «за бортам».

Нечага падобнага ён для сябе не хацеў. Да таго ж на гэтай рабоце яму абяцалі павышэнне і службовае жыллё, стабільна плацілі: грошай хапала — на кватэру, на ежу, на патрэбныя абновы, на прысмакі для малой... А цацкі для яе ён сам «знаходзіў»: на рабоце нарэзаў пляскатых драўляных кружочкаў (малая на падлозе з іx «сцежкі» рабіла), у парку, сярод карэньчыкаў, «чорціка» і «змяю» падабраў, кветак мог нарваць каля пад’езда... Кацяня аднойчы прынёс…

Жонка крыкам тады зайшлася, казала, што дзіцяці яно не патрэбна, што калі заводзіць жывёл, то хіба пародзістых, каб не сорамна было паказаць…

Пакуль яна гэта крычала, ён апрануў малую, пад крысо пінжака пасадзіў катка, і яны падаліся на вуліцу.

Жонка таксама пайшла — у суд, з заявай на развод.

...Пасля яго — і досыць хутка — у яе з’явіўся першы бой-фрэнд (каханак, сужыцель...), потым другі. Яна за гэтага нават замуж пайшла б: старэйшы на 12 гадоў, двое дзяцей, жанаты, але заўсёды пры грашах. Са здымнай кватэры на ўскраіне ён перавёз іx у такую ж здымную, але ў цэнтры, новы тэлевізар купіў, на тыдзень звазіў на Нарач…

Але разводзіцца не хацеў. І самадур быў: і тое яму не так, і гэта не гэтак, слова не скажы, без ведама рубля не патраць…

Ледзь «развязалася» — яшчэ і выплачваць прыйшлося за ўсё, што на яе патраціў: за тэлевізар, за тую паездку, жытло…

Вось тады і вырашыла: кропка, больш — ніякіх самадураў і «ніякай галоты». Калі звязвацца з кім, то з чалавекам, які ўжо адбыўся, на ногі стаў, можа забяспечыць... З тым, хто прыедзе на белым «мерседэсе» (ну чаму б і не?!), дзверцы перад ёю расчыніць, пасадзіць і павязе — у прыгожае, багатае жыццё з курортамі, футрамі, ананасамі…

На бляск, на прывід яго, як тыя ж матылькі, ляцяць, імкнуць маладзіцы. Каб, як правіла, апячыся і застацца без крыл…

Ці крылы не патрэбны? Калі ёсць «мерседэс»?

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.