Споведзь — адно з хрысціянскіх таінстваў, якое спрыяе ачышчэнню душы ад граху. Вось, напэўна, і ўсё, што большасць людзей ведае ў нашы дні аб абрадзе. Тым часам гэта старажытны, правераны стагоддзямі спосаб узнаўлення гармоніі з сабой і навакольным светам, сцвярджаюць святары. Што ж здольная даць споведзь кожнаму з нас у няпростым сучасным свеце, мы спыталі ў настаяцеля прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага Аляксандра Пальчэўскага.
— Айцец Аляксандр, што такое споведзь? У чым яе адрозненне, скажам, ад візіту да псіхолага, дзе чалавек таксама адкрывае душу, паказвае не «парадны фасад», а «цёмныя пакоі» свайго жыцця ў надзеі, што яму дапамогуць пазбавіцца ад унутранага разладу?
— Перш за ўсё, споведзь — адно з сямі таінстваў Царквы. І тут, з аднаго боку, мы разглядаем знешні абрад, а з другога — дзеянне Бога, гэта значыць духоўнае вымярэнне. Прыходзячы на споведзь, мы адкрываем душу не чалавеку, а найперш Богу. А святар, па сутнасці, — такі ж звычайны, грэшны чалавек, як і той, хто спавядаецца — усяго толькі поўны спагады сведка гэтага пакаяння перад Богам. Вядома, кожны святар мае пэўны духоўны досвед і гатовы накіраваць чалавека, падказаць яму нешта, адказаць на пытанні. Але самае галоўнае, паўтаруся, — на споведзі мы адкрываем душу Госпаду: гэта Ён прымае нашу споведзь.
— Тады навошта патрэбен сведка? Бо, здавалася б, душу Богу можна адкрыць «наўпрост»…
— Гэтае пытанне задаюць часта і ў адносінах да іншых таінстваў. Ці можна звяртацца напрамую да Бога? Так, гэта магчыма, але гэтага не дастаткова. Царква — гэта «духоўны арганізм», які стварыў Бог. Сам Гасподзь даў чалавеку гэты сродак, каб уступаць у духоўныя зносіны з Ім. І гэта датычыцца ў тым ліку таінства споведзі. З моманту ўтварэння Царквы апосталы здзяйснялі гэтае таінства па ўказанні Хрыста — такім чынам, крыніцай узнікнення споведзі стаў Бог. А святар — гэта здзяйсняльнік абраду, знешніх дзеянняў, без якіх таінства не можа адбыцца. Як і любое іншае таінства — хрышчэнне, вянчанне, сабораванне... Сам над сабой чалавек таінства здзейсніць не можа, яму патрэбна дапамога асоб, якія, скажам так, абраны праводзіць гэтыя абрады. Спачатку гэта былі апосталы, потым — святары.
— Калі казаць пра знешні, абрадавы бок, як адбываецца таінства споведзі?
— Абрад прадугледжвае пэўную паслядоўнасць чытання богаслужэбных малітваслоўяў. Такім чынам святар настройвае, рыхтуе чалавека непасрэдна да таінства споведзі. І ў адной з малітваў, з якімі мы звяртаемся да Бога, ёсць такая фраза ў дачыненні да чалавека, які прыходзіць на споведзь: «Злучы яго са сваёй святой, саборнай апостальскай Царквой». Здзяйсняючы грахі, чалавек тым самым аддаляе і адлучае сябе ад Царквы. І таінства споведзі — той сродак, праз які можна вярнуцца назад, у Царкву, і злучыцца з ёй.
— Як падрыхтавацца да споведзі?
— Неабходна вялікая ўнутраная праца, асабліва калі на споведзь ідзяце ўпершыню. Некаторыя духоўнікі раяць узяць лісток паперы і дэталёва прагледзець сваё жыццё з самага дзяцінства. Глыбока прааналізаваць учынкі, якія мы не хацелі б больш здзяйсняць, і словы, за якія нам сорамна. Знайсці ў сваім жыцці ўсё тое, што супярэчыць прынцыпам любові, міласэрнасці, дабра. У жыцці кожнага бываюць такія словы і ўчынкі, з якімі мы не жадаем атаясамляць сябе. Вось пра іх і трэба сказаць на споведзі. На грэчаскай мове споведзь гучыць як «метаноя», даслоўны пераклад — «перамена мыслення». Гэта вельмі важны момант. Які сэнс у споведзі, калі чалавек каецца, а потым зноў здзяйсняе тыя ж грахі? Сапраўднае пакаянне — гэта калі мы настройваемся больш ніколі не здзяйсняць тое, у чым пакаяліся. Гэта якраз і ёсць змена нашага мыслення. І тут — два аспекты ўнутранай працы. З аднаго боку, гэта намаганне маёй волі, мой выбар: я адмаўляюся здзяйсняць гэты грэх, прыкладаю намаганні да таго, каб яго не паўтараць. З другога — у гэтым імкненні мяне падтрымлівае садзейнічанне Божай Благадаці: Гасподзь дае мне сілы спраўляцца з грахом.
— Споведзь адбываецца сам-насам? Ці існуе таямніца споведзі?
— Так, таінства споведзі заўсёды праходзіць строга індывідуальна. І таямніца споведзі захоўваецца няўхільна, гэта вельмі важнае кананічнае пытанне: ні пры якіх абставінах яна не можа абвяшчацца, пра што б ні даведаўся святар. Ён можа ад сябе выказаць стаўленне Царквы да таго ці іншага граху, можа ў нейкім выпадку нагадаць чалавеку, што гэта парушэнне не толькі Законаў Божых, але і законаў чалавечых. Але адказнасць за свае дзеянні чалавек нясе сам. У цэлым, святар з асабістага вопыту і з досведу Царквы можа параіць, прапанаваць вырашэнне сітуацыі. Але чалавек мае права прымаць ці не прымаць гэту параду.
— Але як святару, які прымае споведзь, пазбегнуць ацэначных меркаванняў? Бо часам можна пачуць тое, што здольна выклікаць асуджэнне…
— Калі ў аддзяленне траўматалогіі ў адну палату трапляюць два чалавекі: у аднаго зламаная рука, у другога — нага, — яны не асуджаюць адзін аднаго. Яны дзеляцца гісторыяй сваіх траўм, сваім болем, жадаюць адзін аднаму найхутчэйшага выздараўлення. Грэх — гэта духоўная хвароба, і кожны чалавек у той ці іншай ступені да яе схільны. Бо і святары спавядаюцца адзін аднаму, ім таксама неабходна духоўнае ачышчэнне. Працягваючы алегорыю з аддзяленнем траўматалогіі, святар на споведзі — не ўрач, а такі ж пацыент з пераломам, ён — практычна ў тым жа становішчы, што і чалавек, які прыйшоў да споведзі. Нават калі мы гаворым пра святых — яны таксама не бязгрэшныя, і колькі жылі, столькі змагаліся з грахом у сабе. Святасць — гэта напрамак руху, а не канчатковы пункт на шляху. Чалавек спатыкаецца, падае, каецца, падымаецца і ідзе далей. Пераадольвае грэх і раскрывае ў сабе хрысціянскія дабрадзейнасці. Так што няхай вас не спыняе пачуццё фальшывага сораму. Бо мэта споведзі — аднавіць яднанне з Богам, прысутнасць Бога ў вашым жыцці. Грэх перашкаджае чалавеку бачыць Бога, а споведзь аднаўляе зносіны з Ім.
— Наколькі «папулярнае» ў нашых сучаснікаў таінства споведзі? Яно не прадугледжвае прыгожы атмасферны абрад, як, напрыклад, вянчанне або хрышчэнне. Да таго ж патрабуе вялікай унутранай працы…
— Людзі прыходзяць на споведзь даволі часта. Бо, незалежна ад узросту і статусу, любы чалавек у нейкі момант жыцця прыходзіць да адчування ўнутранай напругі, разладу ў душы. Каб атрымаць адказы на пытанні, якія яго непакояць і нават мучаць, часта ён ідзе менавіта ў храм. І ў гэтым выпадку споведзь — моцны сродак, здольны даць унутранае суцяшэнне і вярнуць гармонію. Многія менавіта праз споведзь упершыню адкрываюць для сябе, што такое Царква. І ў далейшым прыходзяць да іншых складнікаў хрысціянскага жыцця.
— Як часта трэба спавядацца?
— Паводле ўнутранага адчування, па меры неабходнасці: калі ў душы назапашваюцца цяжар і напружанне. Кожнае наша слова або дзеянне і нават думкі пакідаюць след і ў нашай душы, і ў целе, аказваюць уплыў і на навакольных людзей, і на нас саміх. Проста так падзеі, словы і думкі не раствараюцца, яны накладваюць на нас свой адбітак, які часам становіцца цяжкім грузам. А споведзь здольная зняць гэты груз з нашых плячэй, даць адчуць лёгкасць, вызваленне, прымірэнне — і на ўзроўні душы, і на ўзроўні цела. Многія людзі пра гэта сведчаць. У адной дзяўчыны, якая прыйшла на споведзь упершыню, я пасля таінства спытаў аб яе адчуваннях. Яе першая споведзь была доўгай і няпростай, яна правяла вялікую духоўную працу. І гэтая дзяўчына сказала: «Адчуваю сябе як пасля лазні». Сапраўды, нават у тэкстах богаслужэнняў ёсць параўнанне таінства споведзі з духоўнай лазняй: душа ачышчаецца ад грахоў і памылак.
Як часта праводзіць «ачышчэнне», кожны выбірае сам. Хтосьці прыходзіць раз у тыдзень, хтосьці — раз у месяц. У практыцы Праваслаўнай царквы таінства споведзі і таінства Прычасця непарыўна звязаны. Калі чалавек рыхтуецца прыняць Прычасце, перад гэтым ён прыходзіць на споведзь. Неабходнасць спавядацца мае на ўвазе і падрыхтоўка да хрысціянскіх свят: падчас Боскай Літургіі адбываецца таінства Прычасця, а значыць, перад гэтым патрэбна споведзь.
Хачу падкрэсліць: менавіта споведзь — найлепшая падрыхтоўка да царкоўных свят. «Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога пабачаць»
(Мф. 5: 8), сказана ў Евангеллі. Часта мы няздольныя бачыць Бога ў нашым жыцці, у гэтым свеце і ў іншых людзях, таму што наша душа перапоўнена грахом.
— Але ж тое, што адзін чалавек расцэніць як грэх, іншы не заўважыць і грахом не палічыць…
— Сапраўды, ёсць такія грахі, якія мы не лічым за грэх. Акрамя таго, бываюць грахі свядомыя і неўсвядомленыя. Але мы маем евангельскія запаведзі, і гэта духоўныя арыенціры, якія дапамагаюць фарміраваць унутраны стрыжань, вучаць разумець, што такое грэх. Вывучаючы вопыт духоўнага жыцця святых, мы бачым: чым больш яны раслі духоўна, тым больш бачылі ў сабе грахоў і недахопаў. Бывае, чалавек прыходзіць на споведзь і яму няма чаго сказаць, акрамя пераліку сваіх станоўчых якасцяў: «Я нікому не зайздрошчу, стараюся рабіць дабро, дапамагаць людзям...» Гэта сведчыць толькі аб тым, што чалавек недастаткова глыбока сябе ведае. У кожным з нас ёсць праявы тых ці іншых грахоў, проста мы не хочам ці не гатовыя пакуль гэта прызнаць. Бачыць свае слабыя бакі насамрэч карысна: дапамагае ўдасканальвацца.
— Псіхолагі сцвярджаюць: важна бачыць свае моцныя бакі, а не слабасці. Таінства споведзі заснавана на тым, што ўсе мы грэшныя ад нараджэння і мае на ўвазе пошук у сабе памылак і недахопаў. Ці не прывядзе такі пошук да няўпэўненасці і расчаравання?
— Я назваў бы прызнанне ў сабе грахоў і недахопаў духоўным рэалізмам. Можна не прызнаваць наяўнасць праблем са здароўем — многія так і робяць. Але ад такога стаўлення хвароба не знікне, і, калі яе не лячыць, непазбежна разбурыцца здароўе. Можна не адмаўляцца ад шкодных звычак, не прытрымлівацца прынцыпаў правільнага харчавання, пазбягаць фізічнай актыўнасці — маўляў, мяне і так усё задавальняе. Відавочна, што гэта прывядзе да сур’ёзных наступстваў, якіх можна было пазбегнуць. Назавіце мне ў сучасным свеце хоць бы аднаго абсалютна, стапрацэнтна здаровага чалавека. Мусіць, такіх людзей сёння няма. Тое ж і з духоўнымі хваробамі — страсцямі і грахамі. Хрысціянства кажа, што прырода чалавека пашкоджана грахом і няма чалавека без граху. А значыць, няма чалавека, які не адчувае ў сабе наступстваў гэтага граху. Але ёсць і адваротны бок гэтага медаля: усе мы ўсё ж створаны па вобразе і падабенстве Божым, а значыць, маем светлы, цудоўны патэнцыял, які Гасподзь уклаў у кожнага з нас. І толькі грахі абмяжоўваюць нас у раскрыцці гэтага патэнцыялу. Кожная споведзь — крок у гэтым кірунку, імпульс да ўнутранага аднаўлення. Каб з чыстай душой, адчуваннем шчасця і гармоніі прадоўжыць жыць у гэтым свеце.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.