Вы тут

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару


Пісьменніца Алеся Кузняцова лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам. Будучы вядомым у Беларусі прадзюсарам і канцэртным дырэктарам, яна ў нейкі момант стала пісаць кнігі і сёлета нават атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют». Яна паспяхова рэалізуецца ў новай для сябе якасці. Не ў малой ступені таму, што яе падтрымлівае каханы муж, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Шмат, разам з якім яны ўжо 20 гадоў займаюцца «Арт-групай «Беларусы». Так атрымалася, што на пачатку сумеснага шляху Алеся арганізоўвала творчасць мужа. І раптам надышоў момант, калі ў яе з’явілася свая асобная творчасць — пісьменніцкая. Пры гэтым яна не перастала працаваць з групай «Беларусы», больш за тое, узмацніла гэты кірунак, атрымаўшы адукацыю рэжысёра, ладзіць фестывалі. Няўжо ж можна столькі паспяваць, з’яўляючыся пры гэтым шматдзетнай мамай?..


— У маім жыцці ўсё само складваецца. Разумею, што любыя падзеі — гэта вынік выбару, які мне даводзілася рабіць раней. А выбар мы здзяйсняем кожную хвіліну. Кожнае найменшае дзеянне ў нашым жыцці цягне за сабой ланцужок падзей. Я зразумела, што за ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, нясу адказнасць сама, — прызнаецца Алеся Кузняцова. — Калі людзі кажуць: «У мяне няма часу, каб займацца любімай справай», мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання, таму што час мы можам знайсці заўсёды: інакш спланаваць сваё жыццё, знайсці нейкіх памочнікаў. Гэта значыць, усё залежыць ад нас. Калі я гэта зразумела, тады і пачала пісаць кнігі. І з таго моманту ў маім жыцці стала ўсё само сабой атрымлівацца. Звычайна гавораць, што аўтар павінен напісаць кнігу, потым знайсці выдавецтва, доўга стукацца ў дзверы, прасоўваць кнігу і шукаць сваіх чытачоў. А ў мяне ўсё атрымалася наадварот — я адпусціла кнігу «Калі трашчыць лёд» у свет (яна была ў электронным выглядзе), і яе ацанілі чытачы. Потым мне прапанавалі стаць аўтарам аднаго з найбуйнейшых выдавецтваў Беларусі. А яшчэ праз час на мяне выйшлі прадстаўнікі буйнога расійскага выдавецтва і прапанавалі выдаць серыю маіх кніг. Былі перамовы і мы знайшлі кампраміс паміж двума выдавецтвамі. У верасні ў Беларусі запланаваны выхад ужо трэцяга майго рамана. Мусіць, усё атрымліваецца, таму што я вельмі люблю жыццё, люблю людзей і імкнуся, каб вакол мяне былі светлыя людзі, аднадумцы, тыя, хто таксама імкнецца да развіцця і нешта стварае.

Так было з самага пачатку нашага сумеснага жыцця: мы з мужам выбралі справу, да якой ляжыць душа, і мы імкнуліся зрабіць гэту справу прафесіяй. Нам гэта ўдалося. Мы адкрылі свой уласны прадзюсарскі цэнтр «Залатыя галасы», а я яго дырэктар. Мы абодва працаголікі, ведаем, што калі ёсць мэта, то ты павінен прыкласці не толькі сваё сэрца, свае мары, але самае галоўнае — свае дзеянні. І калі пачынаеш дзейнічаць, то аказваецца, што гэта вельмі цікавы шлях. Я пазнаёмілася з дзіўнымі людзьмі, калі арганізоўвала гастролі «Арт-групы «Беларусы»: мы праехалі практычна ўсе раённыя цэнтры, пасёлкі, гарады нашай краіны за гэтыя гады. Потым сталі выязджаць у суседнія краіны — гэта таксама быў новы досвед. Я шукала: а як гэта зрабіць? Такія моманты — пункты майго росту, я нібыта пераходжу на наступную прыступку, асвойваючы нешта новае і не баючыся страціць усё. 

Нягледзячы на тое, што я арганізавала больш за тры з паловай тысячы канцэртаў, захацелася атрымаць прафесійную адукацыю рэжысёра канцэртаў, зараз у мяне ёсць другі дыплом. Была на спецкурсах у расійскіх рэжысёраў, ведаю практычны бок справы, як арганізаваць працу, якую не бачыць глядач. І гэта таксама мой выбар — увесь час развівацца.

— Верагодна, самы адказны выбар вы здзейснілі, калі пагадзіліся выйсці замуж?

— Так, мы ж усё выбіраем, як бы ні казалі пра вар’яцкае каханне і пачуцці, пра саюзы, якія складаюцца на нябёсах. Усё гэта таксама важна, але мы самі кажам: «Так». І ў гэты момант робім выбар. Можна адказаць інакш або скарыстацца правам быць аднаму. Я не лічу, што ўсе людзі створаны для сям’і, усё індывідуальна, і тое, што робіць аднаго шчаслівым, іншага можа зрабіць няшчасным. Мой варыянт шчасця — сям’я.

Другі важны выбар я зрабіла, калі сышла з тэлебачання і вырашыла працаваць разам з мужам. Ён вучыўся ў кансерваторыі, даваў канцэрты як арганіст. Я ведала, што ў яго цудоўны голас. Але на той момант мы абодва былі далёкія ад эстрады: ён класічны музыкант, а для мяне артысты былі нібыта з іншага свету. Я магла здымаць хіба што канцэрты ў Доме афіцэраў: працавала карэспандэнтам праграмы «Арсенал» на тэлебачанні, якая была вельмі папулярнай сярод хлопцаў. І раптам я станаўлюся адміністратарам нікому не вядомага калектыва — мужчынскага Канцэртнага хору Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на базе якога мы з Валерыем пачыналі ствараць «Арт-групу «Беларусы». Усё з нуля: ці атрымаецца?.. Я адмовілася ад таго, дзе ўжо мела поспех, і пайшла ў новую сферу. Вядома, было страшна ісці ў нязведанае, у гэтым быў момант пераадолення сябе. У нас атрымалася. Мяне палохалі тым, што нельга працаваць разам з мужам. Але мы змаглі. Мяне папярэджвалі, што нельга ахвяраваць сабой і адмаўляцца ад атрыманай прафесіі. Але я не лічу, што нечым ахвяравала, таму што мне была цікавая новая праца. На той момант не было такога інстытута, куды можна было прыйсці і сказаць: вывучыце мяне на канцэртнага дырэктара і прадзюсара. Мне прыйшлося гэтую прафесію спасцігаць самой метадам спроб і памылак. Я пачала працаваць з «Арт-групай «Беларусы» ў 2004-м годзе, і літаральна за год-два гурт стаў вядомы ў краіне…

— Як жа вы пазнаёміліся, калі хадзілі рознымі дарогамі?

— Мы настолькі розныя, што сёння я не разумею, як наогул маглі сустрэцца... Я разам з сябрамі сядзела ў рэстаране, быў ужо позні вечар. Тады не было мабільных тэлефонаў у шырокім карыстанні. Да мяне падышла супрацоўніца і запрасіла да гарадскога тэлефона рэстарана. Я здзівілася, але тэлефанавала мая мама, якая здольна знайсці каго заўгодна дзе заўгодна, калі ёй трэба. Яна сказала, што тэрмінова патрэбна дапамога перакладчыка з англійскай мовы ў храме. «Ты прапануеш мне паехаць у храм уначы?» — «Так, святар будзе чакаць, у яго няма перакладчыка». Я добра ведала мову, і зразумела, што павінна паехаць. Гэта быў каталіцкі храм, вечар напярэдадні канцэрта клавесіннай музыкі. У той дзень прывезлі клавесін і паставілі каля кабінета святара за алтаром. Паўзмрок. Гараць свечкі. Нікога няма. Я іду вельмі няўпэўнена, адчуваю сябе крыху няёмка ў гэтай атмасферы. Не разумею, дзе мне шукаць святара — кабінет зачынены. Саджуся ля кабінета. Раптам перада мной па лесвіцы спускаецца чалавек. Я не бачу яго твару, ён сядае за клавесін і 40 хвілін іграе канцэрт для мяне адной. Мы тады не пазнаёміліся. Прыйшоў святар. А музыкант, сыходзячы, кінуў на мяне погляд праз плячо. Ён падумаў, што я прыйшла дамаўляцца аб шлюбе... 

Пару тыдняў мы не бачыліся. Але аднойчы маці адправіла мяне як гледача на канцэрт арганнай музыкі, які праходзіў у тым жа храме. Я падыходжу да дзвярэй, дзе вісіць афіша, а на ёй імя выканаўцы: Валерый Шмат. Я не ведала, як выглядае гэты чалавек, але ў мяне маланкай прамільгнула думка: «Прозвішча мяняць не буду»…

Я ўсё ж дапамагала святару з перакладам дакументаў, і аднойчы Валерый выйшаў мяне праводзіць — так мы нарэшце пазнаёміліся. А праз тры месяцы ён зрабіў мне прапанову.

— Муж, напэўна, асабліва ўдзячны вашай маме?

— Калі мы з мужам розныя, то з маёй мамай наадварот, ён шмат у чым падобны. Але спачатку яны шмат спрачаліся, спрабуючы знайсці ісціну, пра якую ў кожнага было сваё ўяўленне. Гэтыя спрэчкі ніколі не выходзілі за рамкі, таму што ў іх адразу былі паважлівыя адносіны адно да аднаго. Мае бацькі не творчыя людзі, у іх свеце ўсё па-іншаму. Мой бацька быў кіраўніком даволі высокага ўзроўню, адказваў за працу цэлай галіны, зараз ён у адстаўцы. Беражліваму стаўленню да кожнага чалавека, на якім бы ўзроўні ён ні быў, я навучылася ад бацькі. А вось мая мама — сама эмацыйнасць. Але яна чалавек рашэння. Калі трэба кагосьці знайсці, нешта зрабіць, яна вырашае праблему маментальна. Гэтаму я навучылася ў яе. У мяне цудоўныя бацькі, але яны людзі іншага складу. А тут раптам дачка піша кнігі, зяць піша песні, у нас канцэрты, здымкі кліпаў, графікі гастроляў... Але ў нас сям’я, калі бацькі дастаткова ўцягнутыя ў наша жыццё з трыма дзецьмі — вельмі дапамагалі іх выгадаваць.

— А чым запомнілая ваша знаёмства з яго сям’ёй?

— Валерый нарадзіўся ў сэрцы Налібоцкай пушчы. Вёска Налібакі даволі вялікая, у яе вельмі цікавая гісторыя з ХV стагоддзя, там і раскопкі праходзяць. Месца вельмі маляўнічае, мяне ўразіла, калі я ўпершыню прыехала пазнаёміцца з бацькамі Валерыя і яго сям’ёй. Кантраст быў каласальны ў параўнанні з тым жыццём, якое ведала я. Я вырасла ў Мінску і была ў бацькоў адна. А ў яго сям’і было чацвёра дзяцей, ён старэйшы. Зусім іншы фармат жыцця, калі сям’я вялікая. Мяне здзівіла, што іх сям’я размаўляе на чыстай беларускай мове. Я разумею, што гэта было натуральна для іх і наогул у вёсцы. Таму Валерый піша песні і на беларускай, і на рускай мове, і канцэрты можа весьці сам.

— Вы адзіная дачка ў бацькоў, але як рашыліся стаць шматдзетнай мамай?

— Я марыла пра вялікую сям’ю. У самым пачатку сумеснага жыцця не надта задумваліся пра гэта, проста былі шчаслівыя. Але мы вельмі радаваліся, калі праз год пасля вяселля ў нас нарадзіўся Стэфан. Было няпроста. Тады я зразумела, што маё жыццё ніколі не будзе ранейшым, таму што мацярынства — гэта зусім не так, як паказваюць прыгожыя карцінкі ў глянцавых часопісах з усмешлівымі немаўлятамі і гламурнымі мамамі. Справа нават не ў бяссонных начах. Насамрэч дзіця і яго выхаванне — гэта велізарная праца. Гэтая праца прыносіць шчасце, калі ты яе выконваеш з любоўю. Але прыйсці да гэтага таксама няпроста. А я ж была вельмі свабодалюбівай дзяўчынай, любіла сваю працу, шмат падарожнічала. І раптам я разумею, што не магу адлучыцца з дому нават на паўгадзіны, таму што ў мяне дзіця вельмі актыўнае. Як толькі я яго выпускала з рук, яно тут жа пачынала крычаць. А я была з тых мам, якія ведаюць, што карміць дзіця трэба па патрабаванні і на рукі браць. А патрабаваў ён гэтага ўвесь дзень…

Я не сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак. Звольнілася з тэлебачання, але засталася ў аспірантуры па міжнароднай журналістыцы. Калі нарадзіўся другі сын Міхась, я сышла з аспірантуры ў дэкрэт. Але ў гэты момант ужо пачала працаваць з Валерыем як адміністратар хору. Мы працавалі разам — літаральна з дзецьмі на руках. Спачатку рабіла званкі з дому, а калі Мішы было сем месяцаў, мы ўзялі няню-студэнтку. Грошай на гэта не было, але мы вырашылі: для таго, каб я магла развівацца як асоба і прафесіянал, мы бярэм няню на чатыры гадзіны, і ўсё, што я зарабляю за гэты час, аддаём ёй.

Памятаю, мне трэба было ехаць на тралейбусе: адно дзіця ў калясцы, другое ў «кенгуронку». Абодва актыўныя. І я адна, нават талончык не прабіць... Тады я вырашыла атрымаць правы на кіраванне аўтамабілем. А пятай раніцы карміла малодшага, пакідала малако мужу і з’язджала на заняткі, якія пачыналіся ў 6.40, таму што ў 09:00 я павінна была быць у працоўным кабінеце ў Палацы прафсаюзаў — ужо існавала група «Беларусы». А потым я спяшалася дадому, каб пабыць з дзецьмі, і гэты час старалася зрабіць максімальна насычаным. Можа, недзе было і пачуццё віны, што такіх маленькіх пакідала на няню. Таму за час, які я праводзіла з імі, хацелася даць ім як мага больш. Мы танцавалі, спявалі, займаліся творчасцю: рабілі каралі з падручных сродкаў, складалі чалавечкаў з макароны — шмат чаго прыдумлялі, і нам было цікава. Я з дзецьмі размаўляла на любыя тэмы, каб яны самі прыходзілі да разумення, што можна, што нельга. Заўсёды ж прасцей забараніць ці сказаць «не». Але гэта не наш шлях. Няхай я не магу ўкласці ім у галаву сваю думку, але я магу ім паказваць прыклад сваімі ўчынкамі. Не заўсёды яны са мной згаджаюцца, і гэта нармальна, бо яны іншыя. Але я ведаю, што яны выраслі і ўмеюць спраўляцца з рознымі сітуацыямі ў жыцці.

Па-першае, усе тры хлопца вельмі любяць чытаць, у кожнага свае інтарэсы ў свеце літаратуры. Па-другое, яны таксама творчыя асобы. Стэфан сёлета скончыў у Маскве Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі па спецыяльнасці прадзюсар кіно. Я шчаслівая, што ён пажадаў жыць і працаваць у Беларусі. Ён дапамог першую маю кнігу «Калі трашчыць лёд» выпусціць у аўдыёфармаце, чытальнікам выступіў папулярны беларускі акцёр Руслан Чарнецкі. Муж напісаў аўтарскую музыку для гэтага праекту, а Стэфан папрацаваў як саўнд-прадзюсар. Міхаіл — студэнт чацвертага курса той жа ВНУ па спецыяльнасці прадзюсар кіно. У яго ёсць праца ў Маскве, але ён заўсёды знаходзіць час для маіх праектаў: робіць вокладкі для кніг як дызайнер. Малодшаму Герману 14 гадоў, ён захапляецца гітарай, музыкай. Але вельмі любіць чытаць, набывае шмат кніг. Калі я пісала першы раман, ён быў зусім юным. А ў мяне кнігі дарослыя, пра каханне. Але былі моманты, калі я з ім раілася. Герман вельмі цікава разважае, як маглі б развівацца падзеі ў залежнасці ад жанру: трылер, дэтэктыў ці драма. Прыкмячае дэталі, і здаецца, што ён таксама будзе пісаць.

Мне вельмі падабаецца, што сям’я мяне падтрымлівае. Валерый заўсёды прыязджае на прэзентацыі маіх кніг. Мы абмяркоўваем сюжэты за кубкам кавы. Часам, калі я думаю над нейкім сюжэтным паваротам, то магу звярнуцца да яго: «Калі б склалася такая сітуацыя, як бы паступіў гэты герой, на твой погляд?»

— У эстраднай тусоўцы вельмі шмат спакус, асабліва для сям’і. Не баяліся іх?

— Мы шмат гадоў былі па-за тусоўкай. Гэта быў наш свядомы выбар. У нас былі маленькія дзеці, і калі быў выбар, каб некуды пайсці, з кімсьці сустрэцца і прыемна правесці час, мы заўсёды выбіралі сям’ю. Але дзеці выраслі, і ў нас з’явіўся час, і тусоўка прыйшла да нас. Мы яе не шукалі, але аказаліся ў эпіцэнтры падзей. І нам тут цікава. Мне падаецца, важна, каб усё было ў правільны час. Няма нічога дрэннага ў зносінах з калегамі ў тусоўках. Калі мне кажуць, што муж-артыст можа падабацца жанчынам, я адказваю, што з менэджарам офіса таксама шмат што можа здарыцца. Ёсць людзі, якія берагуць сваю сям’ю, дзе б яны ні працавалі. І ў шоу-бізнесе я сустракала шмат такіх сем’яў. Проста пра іх не гавораць, а кажуць пра тыя сем’і, якія распадаюцца... Таму мяне не палохае шоў-бізнэс ні з якога боку. Я ведаю, што артыст і чалавек у жыцці — гэта розныя з’явы. Напэўна, я б гэтага не магла зразумець, калі б мы не працавалі разам. 

Да таго ж, падчас гастроляў, канцэртаў, нават падчас працы ў кабінеце ці дома я атрымліваю новыя сюжэты для кніг. Таму што шоў-бізнэс — бясцэнная скарбніца ідэй для кніг розных жанраў. Як і наша багатае на сустрэчы жыццё.

Напрыклад, сюжэт новай кнігі да мяне прыйшоў раптоўна. Мяне запрасілі ў музей Алімпійскага камітэта Беларусі, дзе на адным са стэндаў захоўваецца медаль ( вельмі рэдкі прыз «Fair Play» ) П’ера Дэ Кубертэна, які атрымаў беларускі спартсмен. У спаборніцтвах па барацьбе наш славуты Аляксандр Мядзведзь аднойчы мог лёгка выйграць алімпійскае золата, ведаючы, што ў праціўніка траўма нагі — дастаткова было зрабіць адзін удар у балючае месца. Ён прыняў рашэнне біць толькі ў верхнюю частку корпуса, і прайграў. Але ў спорце, аказваецца, ёсць узнагарода, якая рэдка прысуджаецца — за высакародныя ўчынкі. Так нарадзіўся сюжэт кнігі, якую я зараз пішу, — «Медаль высакародных». Яе герой быў за адзін крок ад алімпійскага золата, але не дазволіў сабе перамагчы па шэрагу ўнутраных прычын. Ён стаў трэнерам і зараз святкуе чужыя перамогі. І гэта гісторыя жанчыны-псіхолага, папулярнага блогера, яна вучыць таму, як стаць шчаслівым. Яна з Масквы, ён з Мінска. Гэтыя героі мяне не адпускаюць. Часам выспявае ідэя, назапашваюцца думкі — і падыходзіць момант творчасці, калі яно распірае, таму што героі будуць мучыць знутры да таго часу, пакуль я іх не выплюхну на паперу. Пасля гэтага я пра іх забываю, яны жывуць сваім жыццём — ужо з чытачамі.

— Атрымліваецца, што жыццё ўсё роўна прывяло да таго, чым вы пачыналі займацца першапачаткова, толькі звілістым шляхам…

— Вядома, ёсць нейкая перадвызначанасць. Тое, што людзі называюць лёсам. Або тая самая выпадковая сустрэча з каханнем з першага погляду. Мы з Валерам часта абмяркоўвалі: якое шчасце, што мы абодва ў момант знаёмства былі свабодныя. А што б мы рабілі, калі б было інакш? У сваёй першай кнізе я гераіню стаўлю ў сітуацыю, калі ў яе па-іншаму, і трэба рабіць выбар. Бо сям’я — гэта не заўсёды проста, але гэта заўсёды вельмі цікава. І калі мы дзеля блізкага чалавека паступаем не так, як нам бы хацелася, то часта вынік аказваецца нашмат больш значным за тое, што мы маглі б атрымаць, калі б настойвалі на сваім.

Бо ўсё роўна я вярнулася да сваёй першай прафесіі праз шмат гадоў: я пішу. Але зараз тая прафесія, якую я набыла разам з мужам, з сям’ёй, мне вельмі дапамагае. Бо нават выдаўца я знайшла, таму што арганізоўвала канцэрты!

Цяпер мы з’яўляемся арганізатарамі вельмі многіх фестываляў. У тым ліку, спрычыніліся да нараджэння найцікавага праекту «Вытокі» разам з Алімпійскім камітэтам, галерэяй «Арт-хаўс», «БелБрэндАудытам» і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, які аб’яднаў розныя гарады нашай краіны. А ў адным гістарычным горадзе задумалі трохдзённы фестываль з традыцыйным балем, канцэртамі эстрадных артыстаў і духавым аркестрам Узброеных сіл і літаратурна-музычным салонам пад эгідай Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вялікія мерапрыемствы — гэта заўсёды велізарныя энергетычныя выдаткі. Дарэчы, сям’я ў гэты перыяд практычна цябе не бачыць. І я ўсё больш думаю аб тым, што не жадаю браць занадта шмат мерапрыемстваў, каб не страціць адчуванне творчасці, каб праца не ператварылася ў руціну.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.