Узаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і культурнай сферах Гомельшчыны і Браншчыны ў чарговы раз стала прадметам абмеркавання ўдзельнікаў Рэгіянальнага бізнес-форум «Гомель-Бранск». Маштабнае мерапрыемства — частка трохдзённай праграмы міжнароднай падзеі ў жыцці паўднёва-усходняга рэгіёна Беларусі — ХVIII Гомельскага эканамічнага форума.
Бізнес-форум «Гомель-Бранск» упершыню прайшоў у Гомелі ў 2022 годзе. Летась дэлегацыю беларускага паўднёва-ўсходняга рэгіёну ўжо сустракалі ў Бранску. Цяпер III Рэгіянальны бізнес-форум «Гомель-Бранск» зноў сабраў прадстаўнікоў Гомельшчыны і Браншчыны у горадзе над Сожам. У складзе дэлегацыі расійскага рэгіёна прыбылі старшыня Бранскай абласной Думы Валянцін Субат, намеснік губернатара Бранскай вобласці Галіна Петушкова, прадстаўнікі дзелавых і бізнес-колаў Браншчыны.
Экспазіцыі харчовай, швейнай, медыцынскай, хімічнай прамысловасці, а таксама домабудаўнічай, дарожнай, лесагаспадарчай і іншых вытворчасцяў можна было ацаніць перад пачаткам форума ў грамадска-культурным цэнтры. Узоры прадукцыі ў брэндзіраваных павільёнах прадставілі звыш 50 вытворцаў Гомельскай вобласці.
На адкрыцці III Рэгіянальнага бізнес-форума да ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што Бранская вобласць — буйнейшы партнёр паўднёва-ўсходняга беларускага рэгіёна. Звыш 180 прадпрыемстваў Гомельшчыны экспартуюць прадукцыю ў суседні расійскі рэгіён, 200 — імпартуюць тавары бранскіх вытворцаў.
— У агульным тавараабароце гэта амаль 1000 пазіцый на суму 207 мільёнаў долараў. Гэта больш як пятая частка таго задання, якое паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы — узняць тавараабарот паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю да 1 мільярда долараў у эквіваленце. І я ўпэўнены, што Гомельская вобласць зробіць сур’ёзны ўклад у выкананне гэтай задачы. Наш форум будзе гэтаму садзейнічаць, — зазначыў Іван Крупко.
Ён падкрэсліў, што ў супрацоўніцтва Гомельшчыны і Браншчыны вялікі патэнцыял, ёсць ўсе перадумовы для яшчэ большага пашырэння двухбаковых сувязяў.
— Супрацоўніцтва закранула ўсе сферы дзейнасці: прамысловую кааперацыю, жыллёвае і дарожнае будаўніцтва, адукацыю, культуру, спорт і турызм. Нашы адносіны дынамічна развіваюцца, мы знаходзімся ў пошуку новых рашэнняў і напрамкаў узаемадзеяння. Усе — у інтарэсах развіцця нашых тэрыторый і на карысць нашых людзей, — запэўніў Іван Крупко.
Па словах старшыні Гомельскага аблвыканкама, за два гады правядзення Рэгіянальнага бізнес-форума «Гомель-Бранск» відавочны яго плённыя вынікі. Сёння ў структуры экспарту Гомельшчыны сярод расійскіх суб’ектаў Бранскі рэгіён займае другое месца, і нямногім саступае Маскоўскай вобласці. Пры тым што на момант аб’яўлення I Рэгіянальнага бізнес-форума «Гомель-Бранск» ў 2022 годзе гэты паказчык быў на сёмай пазіцыі.
— Форум — гэта магчымасць актывізаваць дзеючыя дзелавыя кантакты і знайсці новыя напрамкі ўзаемадзеяння, — заклікаў Іван Крупко.
— Мінулай восенню падчас II Рэгіянальнага форума ў Бранску ўрачыста ўвялі ў эксплуатацыю 16-павярховы жылы дом, пабудаваны Гомельскім домабудаўнічым камбінатам. У планах гэтага года — яшчэ дзве пляцоўкі пад жылую забудову з удзелам гомельскіх і мазырскіх домабудаўнікоў. Сёння ў перспектыве — будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў і малочна-таварных комплексаў. Нашы аграрыі актыўна ўключыліся ў вывучэнне перадавога вопыту расійскіх суседзяў у мясной жывёлагадоўлі, бульбаводстве, вытворчасці зерня, — дадаў старшыня Гомельскага аблвыканкама.
Намеснік губернатара Бранскай вобласці Галіна Петушкова звярнула ўвагу на значны рост зацікаўленасці ва ўдзеле ў бізнес-форуме «Гомель-Бранск» прадстаўнікоў дзелавых колаў Браншчыны.
— У І форуме ў маі 2022 года ў Гомелі прынялі ўдзел звыш дваццаці прадпрыемстваў, а ў форуме ў мінулым годзе, які праходзіў у Бранску, ужо — больш сарака гомельскіх і бранскіх прадпрыемстваў. У гэтым годзе ў склад дэлегацыі Бранскай вобласці ўвайшлі прадстаўнікі бізнесу, кіраўнікі вядучых кампаній, органаў улады, прадпрымальнікі, якія зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь, — зазначыла Галіна Петушкова. — Удзельная вага Гомельскай вобласці ў агульным тавараабароце Бранскай вобласці з Беларуссю ў 2023 годзе склала больш 33%. Станоўчая дынаміка захоўваецца і на сённяшні дзень. Па выніках першага паўгоддзя бягучага года тавараабарот Гомельскай вобласці з Бранскай вобласцю вырас больш як на 20%. Нам ёсць, вядома, над чым яшчэ працаваць, але вынікі, якія мы сёння маем, ужо вялікія.
Намеснік губернатара Бранскай вобласці падкрэсліла, што ўмацаванне ўзаемадзеяння з Гомельшчынай — прыярытэтны кірунак знешнеэканамічнай дзейнасці Бранскай вобласці. Галіна Петушкова нагадала аб паспяховай вытворчай кааперацыі паміж беларускім і расійскім рэгіёнамі. Так, прадпрыемства «Брансксельмаш», створанае сумесна з ААТ «Гомсельмаш», сёння — адзін з вядучых вытворцаў камбайнаў у Расійскай Федэрацыі.
На форуме прагучаў прывітальны адрас Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыса Грызлова арганізатарам і ўдзельнікам XVIII Гомельскага эканамічнага форума і III Рэгіянальнага бізнес-форума «Гомель-Бранск». Было адзначана, што падчас складанай міжнароднай абстаноўкі супрацоўніцтва нашых краін становіцца яшчэ больш моцным.
Кансалідуючую ролю міжрэгіянальных адносін Браншчыны і Гомельскай вобласці абазначыў старшыня Бранскай абласной Думы Валянцін Субат.
— Форум важны для Рэспублікі Беларусь, для Расійскай Федэрацыі і безумоўна важны для нашых абласцей — Бранскай і Гомельскай. У цяперашніх умовах развіцця эканомікі вельмі добра мець такога суседа, на якога можна разлічваць, вучыцца адзін у аднаго, падтрымліваць ва ўсім. І толькі так сёння можна выжыць, таму што калектыўны Захад настроены супраць нас, супраць Расіі і Беларусі, а мы разам — гэта сіла, — падкрэсліў Валянцін Субат.
Падчас пасяджэння III Рэгіянальнага бізнес-форума «Гомель-Бранск» былі падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве. Так, заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Бранскай гарадской адміністрацыяй, Пагадненне аб пабрацімскіх сувязях паміж Жлобінскім райвыканкамам і Клінцоўскай гарадской адміністрацыяй Бранскай вобласці. Генеральным дырэктарам ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Аляксандрам Ганчаровым і дырэктар дэпартамента будаўніцтва Бранскай вобласці Яўгенам Захаранка падпісаны таксама інвестыцыйны дагавор аб будаўніцтве 2-секцыйнага 9-павярховага жылога дома ў Бранску.
У рамках форума прадстаўнікі Бранскай вобласці наведалі шэраг вытворчых прадпрыемстваў Гомеля.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.