Вы тут

Як захаваць мужчынскае здароўе?


Прастатыт адносіцца да тых захворванняў, пазбавіцца ад якіх можна з дапамогай старажытнага прынцыпу «лячыць падобнае падобным». Паколькі захворванне, хутчэй за ўсё, было спавакавана няправільным ладам жыцця, то і лячыць яго неабходна таксама ладам жыцця, толькі... правільным. Некаторым можа падацца, што гэта сумна, але іншага выбару няма. Якіх галоўных прынцыпаў варта прытрымлівацца, каб не захварэць, і хто ў групе рызыкі, расказвае ўрач-уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра 6-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Мінска Ігар Журкевіч.


— Ігар Уладзіміравіч, што такое прастатыт і якія яго сімптомы?

Прастатыт — гэта запаленчае захворванне прастаты. Захворванне праяўляецца частымі мочаспусканнямі, болевымі адчуваннямі ў вобласці палавога члена, машонкі, прамой кішкі, сексуальнымі расстройствамі (парушэнне эрэкцыі, ранняя эякуляцыя і інш.), часам затрымкай мачы, прымессю крыві ва ўрыне. Дыягназ прастатыту ўстанаўліваецца ўролагам або андролагам па тыповай клінічнай карціне, выніках рэктальнага даследавання. Дадаткова праводзіцца УГД прастаты, бакпасеў прастатычнага сакрэту і мачы. Лячэнне кансерватыўнае: антыбактэрыяльная тэрапія, імунатэрапія, масаж прастаты, карэкцыя ладу жыцця.

Вылучаюць тры стадыі вострага прастатыту, якія характарызуюцца наяўнасцю пэўнай клінічнай карціны і марфалагічных змен. Пры вострым катаральным пацыенты прад’яўляюць скаргі на пачашчанае, нярэдка балючае мочаспусканне, болі ў прамежнасці. Калі прастатыт востры фалікулярны, болі становяцца больш інтэнсіўнымі, часам аддаюць у задні праход, узмацняюцца пры дэфекацыі. Мочаспусканне абцяжарана, мача выцякае тонкім струменем. У асобных выпадках адзначаецца яе затрымка. Пры гэтым назіраецца субфебрыльная тэмпература (37–38) або ўмераная гіпертэрмія. Пры вострым парэнхіматозным прастатыце назіраецца выяўленая агульная інтаксікацыя, гіпертэрмія да 38–40 °С, дрыжыкі, дызурычныя расстройствы, часта — вострая затрымка мочаспускання, а таксама рэзкія, пульсавальныя болі ў прамежнасці, цяжкасць акта дэфекацыі.

— Ці можа прастатыт перайсці з вострага ў хранічны і як гэтага пазбегнуць?

— У рэдкіх выпадках хранічны прастатыт становіцца зыходам вострага працэсу, як правіла, назіраецца першасна хранічнае цячэнне. Тэмпература зрэдку павялічваецца да субфебральных велічынь. Пацыент адзначае слабы боль у прамежнасці, непрыемныя адчуванні падчас акта мочаспускання і дэфекацыі. Найбольш характэрны сімптом — скупыя выдзяленні з урэтры пры акце дэфекацыі. Першасна хранічная форма хваробы развіваецца на працягу значнага перыяду.

Хранічны прастатыт нярэдка з’яўляецца ўскладненнем запаленчага працэсу, выкліканага ўзбуджальнікам спецыфічнай інфекцыі (хламідыя, трыхаманада, урэаплазма, ганакок). Сімптомы спецыфічнага запаленчага працэсу ў многіх выпадках маскіруюць праявы пашкоджання прастаты. Магчыма нязначнае ўзмацненне боляў пры мочаспусканні, слабыя болі ў прамежнасці, скупыя выдзяленні з урэтры пры дэфекацыі. Нязначная змена клінічнай карціны часта праходзіць незаўважанай для хворага.

Клінічная карціна не заўсёды ўключае ў сябе ўсе пералічаныя групы сімптомаў, адрозніваецца ў розных хворых і мяняецца з цягам часу. Вылучаюць тры асноўныя сіндромы, характэрныя для хранічнага прастатыту: болевы, дызурычны, сексуальныя расстройствы.

У тканцы прастаты няма болевых рэцэптараў. Прычынай боляў пры хранічным прастатыце становіцца практычна непазбежнае ўцягванне ў запаленчы працэс нервовых шляхоў. Пацыенты скардзяцца на болі рознай інтэнсіўнасці — ад слабых, ныючых да інтэнсіўных, якія парушаюць сон.

У выніку запалення пры хранічным прастатыце павялічваецца аб’ём прастаты, якая сціскае ўрэтру. Прасвет мочаточніка памяншаецца. У хворага ўзнікаюць частыя пазывы на мочаспусканне, пачуццё няпоўнага апаражнення мачавога пузыра.

— Ці можа прастатыт працякаць бессімптомна?

— Можа, але гэта безрэцыдыўны перыяд у цячэнні хранічнага працэсу. A хранізацыя працэсу адбываецца пры не зусім адэкватна праведзеным лячэнні, магчыма, пры парушэнні пацыентам рэкамендацый урача-ўролага.

Але самае галоўнае — заўсёды мае месца маніфестацыя працэсу, гэта значыць, яго актыўная фаза: востры перыяд і далей пераход у хранічную стадыю (форму).

— Якія асноўныя прычыны прастатыту?

— У якасці інфекцыйнага агента пры вострым працэсе можа выступаць залацісты стафілакок (Staphylococcus aureus), энтэракок (Enterococcus), энтэрабактэр (Enterobacter), сінегнойныя палачкі (Pseudomonas), пратэй (Proteus), клебсіела (Klebsіella). Большасць мікраарганізмаў адносіцца да ўмоўна патагеннай флоры і выклікае прастатыт толькі пры наяўнасці іншых фактараў. Хранічнае запаленне звычайна абумоўлена полімікробнымі асацыяцыямі.

Вылучаюць наступныя фактары, якія правакуюць захворванне: агульнае пераахаладжэнне (аднаразовае або пастаяннае, звязанае з умовамі працы); маларухомы лад жыцця, спецыяльнасць, якая прымушае чалавека працяглы час знаходзіцца ў сядзячым становішчы; пастаянныя запоры; парушэнні нармальнага рытму палавой актыўнасці (празмерная палавая актыўнасць, працяглае ўстрыманне, няпоўная эякуляцыя; наяўнасць хранічных захворванняў (халецыстыт, бранхіт) або хранічных інфекцыйных ачагоў у арганізме (хранічны астэаміэліт, карыес, танзіліт і іншае); перанесеныя ўралагічныя захворванні (урэтрыт, цыстыт і іншае) і захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам (хламідыёз, трыхаманіяз, ганарэя); станы, якія прыгнятаюць імунную сістэму (хранічныя стрэсы, нерэгулярнае і непаўнавартаснае харчаванне, рэгулярнае недасыпанне, стан ператрэніраванасці ў спартсменаў).

— Для мужчын якога ўзросту характэрны прастатыт? Ці праўда, што апошнім часам захворванне маладзее?

— Прастатыт можа ўзнікнуць у любым узросце. Так, захворванне маладзее, і адбываецца гэта з-за ігнаравання мер прафілактыкі.

— Хто ў групе рызыкі?

— Мужчыны «сядзячых» прафесій: ад праграмістаў да вадзіцеляў, халасцякі, «коннікі» і заваёўнікі бездарожжа, прыхільнікі паходаў і водных відаў спорту, аматары цяжкай ежы.

— Ці ўплывае на ўзнікненне прастатыту гіперактыўнае палавое жыццё або яго недахоп? Ці магчымае палавое жыццё пры прастатыце? Ці небяспечны ён для жанчыны?

— Гэтай праблематыцы прысвечана шмат даследаванняў. Урачы-практыкі больш схіляюцца, асабліва ў апошнія гады, да кваліфікацыі гэтых станаў як фактараў рызыкі прастатыту. Палавое жыццё пры прастатыце магчымае і нават пажаданае. Гэтыя парады ўваходзяць у міжнародныя рэкамендацыі і пратаколы лячэння захворвання.

Прастатыт бяспечны для жанчыны, акрамя сітуацый, калі лабараторна пацверджана наяўнасць актыўнага запаленчага працэсу, г. зн. абвастрэння хранічнага працэсу.

— Як урачы выяўляюць прастатыт?

— Характэрная клінічная карціна спрашчае працэс пастаноўкі дыягназу пры вострым і хранічным прастатыце. На прыёме ўрач-уролаг праводзіць абследаванне пацыента. Пры неабходнасці прызначаюцца дадатковыя абследаванні. У абавязковым парадку праводзіцца рэктальнае даследаванне прастаты; забор сакрэту прастаты для вызначэння адчувальнасці мікрафлоры (пасеў сакрэту прастаты і бактэрыялагічны пасеў мачы); УГД органаў малога таза; УГД прастаты для выяўлення структурных змен (пухліны, кісты, адэномы) і дыферэнцыяцыі прастатыту ад іншых захворванняў; спермаграма для выключэння або пацвярджэння развіцця бясплоддзя.

— Ці можа захворванне прайсці самастойна?

— Не. Востры прастатыт — захворванне, якое мае выяўленую тэндэнцыю да хранізацыі. Нават пры своечасовым адэкватным лячэнні больш чым у паловы хворых вынікам становіцца хранічны прастатыт. Менавіта таму трэба своечасова звяртацца па кансультацыю і далейшае адэкватнае лячэнне да кваліфікаванага спецыяліста.

— Чым небяспечны прастатыт? Якія яго магчымыя ўскладненні і рызыкі?

— Пры адсутнасці своечасовага лячэння вострага прастатыту існуе істотная рызыка развіцця абсцэсу прастаты. Пры ўтварэнні гнойнага ачагу тэмпература цела павялічваецца да 39–40 °С. Рэзкія болі ў прамежнасці абцяжарваюць мочаспусканне і робяць немагчымай дэфекацыю.

Нарастанне ацёку прастаты прыводзіць да вострай затрымкі мочаспускання. У рэдкіх выпадках абсцэс самаадвольна раскрываецца ва ўрэтру або прамую кішку.

Распаўсюджванне інфекцыі па мочавых шляхах абумоўлівае ўзнікненне піеланефрыту і цыстыту. Самае частае ўскладненне хранічнага працэсу — запаленне яечак і прыдаткаў яечак (эпдыдымаархіт) і запаленне семянных пузыркоў (везікуліт). Зыходам гэтых захворванняў нярэдка становіцца бясплоддзе.

— Якія вашы рэкамендацыі па прафілактыцы?

— Прафілактыка заключаецца ва ўхіленні фактараў рызыкі. Неабходна пазбягаць пераахаладжэнняў, чаргаваць сядзячую работу з перыядамі фізічнай актыўнасці, рэгулярна і паўнавартасна харчавацца. Пры запорах варта выкарыстоўваць слабільныя сродкі. Адной з прафілактычных мер з’яўляецца нармалізацыя палавога жыцця, паколькі як празмерная палавая актыўнасць, так і палавое ўстрыманне з’яўляюцца фактарамі рызыкі ў развіцці прастатыту. Пры з’яўленні сімптомаў уралагічнага ці венерычнага захворвання трэба своечасова звяртацца да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Няпросты прастатыт

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.