Людміла Хмяльніцкая — добра вядомы на Віцебшчыне, у Беларусі, ды і ў суседніх краінах таксама, краязнаўца, даследчык гісторы і культуры, мастацтва, літаратуры. Болей як паўтара дзесяцігоддзя працавала дырэктарам Музея Марка Шагала ў Віцебску. Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг, прысвечаных Віцебску, Віцебшчыне, славутым асобам Віцебскага края. Людміла Уладзіміраўна адказвае на шэраг пытанняў «Звязды». Размова — пра здзейсненае ёй як даследчыцай і ўвогуле пра краязнаўства, якое, несумненна, фарміруе складнікі патрыятычнага выхавання грамадства.
— Людміла Уладзіміраўна, з чаго пачаліся вашы асабістыя зацікаўленні краязнаўствам?
— З чаго пачаліся мае асабістыя зацікаўленні краязнаўствам я выразна, на жаль, не памятаю. Затое выразна памятаю, калі гэтыя зацікаўленні канчаткова аформіліся, сфарміраваліся, зрабіліся часткай майго жыцця. Адбылося гэта падчас вучобы на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мая дыпломная праца, над якой я працавала некалькі гадоў, называлася наступным чынам — «Гісторыя краязнаўства Віцебшчыны». Тады мяне моцна захапіла тэма, матэрыялы да якой давялося збіраць літаральна па крупінках. Тэма не губляе сваёй актуальнасці для мяне і да гэтага часу. Хаця і напісана, выдадзена прац даволі шмат...
Наколькі, на ваш погляд, вага, роля краязнаўчых росшукаў уплывае на фарміраванне агульнай культурнай, асветніцкай прасторы?
— Калі казаць пра гістарычнае краязнаўства, якім я ўвесь час займаюся, то ўплывае, канешне ж, моцна. І роля гэтая найперш адукацыйная. У савецкія часы навукоўцы, што жылі пераважна ў Мінску і абласных гарадах, рэгіянальнай гісторыяй практычна не займаліся. Ды і іх зацікаўленні тычыліся ў асноўным сацыяльнай, палітычнай гісторыі. А чалавеку важна ведаць не толькі пра змены агульных мадэляў жыцця ў грамадстве, але найперш пра свае карані — на ўзроўні ўласнай сям’і, вёскі, горада. Менавіта з гэтага пачынаецца сапраўдная цікавасць да гісторыі свайго народа, краіны — так ужо уладкаваны чалавек. Краязнаўства ў шырокім сэнсе складае падмурак, на якім грунтуюцца многія культурныя каштоўнасці ў грамадстве. Канечне, такое сцвярджэнне не будзе перабольшваннем толькі тады, калі да аматарскага далучаецца яшчэ і навуковае краязнаўства. І тое, што зараз рэгіянальныя краязнаўчыя канферэнцыі ў нас адбываюцца пад эгідай Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі — справа добрая, справа надзвычай знакавая.
Здараюцца розныя перыяды ўсталявання аўтарытэту краязнаўцаў і краязнаўства. Які час вам падаецца найболей плённым у сувязі з гэтым?
— Я думаю, што краязнаўства павінна быць як найбольш масавым рухам. Адзін настаўнік робіць са сваімі вучнямі фальклорныя запісы, другі збірае старыя рэчы, гэты сядзіць у архівах, збіраючы звесткі па гісторыі сваёй сям’і, той распрацоўвае тэмы, звязаныя з гісторыяй свайго населенага пункта. І ва ўсіх іх ёсць магчымасць надрукаваць сабраныя матэрыялы, пакінуўшы іх будучым пакаленням, расказаць пра свае напрацоўкі на канферэнцыях або творчых сустрэчах. Вось такія часы самыя найлепшыя.
Шагалазнаўства ў Віцебску і ўвогуле ў Беларусі — у большай ступені ўзнікла, сфарміравалася як вынік намаганняў мастацтвазнаўчага характару ці ўсё ж вынік руплівасці на ніве мастацкага краязнаўства?
— Можна сказаць, што дзякуючы выключна намаганням краязнаўцаў імя Марка Шагала на пачатку 1990-х гадоў вярнулася ў Віцебск. Менавіта імі былі вырашаны пытанні дзе нарадзіўся мастак, ці жыў ён увогуле ў Віцебску, дзе знаходзіўся яго дом і г. д. Гэта цэлая гісторыя, вартая асаблівага разгляду і асвятлення. А ўжо потым, калі ў Віцебску быў створаны музей мастака, да справы далучыліся прафесійныя мастацтвазнаўцы, прычым, з самых розных куткоў свету. На працягу амаль чвэрці стагоддзя музей кожны год праводзіў навуковую канферэнцыю «Шагалаўскія чытанні», матэрыялы якой друкаваліся на папяровых носьбітах і змяшчаліся ў інтэрнеце. На пэўным этапе да справы далучыліся ўнучкі мастака, якія ў Мінску і Віцебску правялі цэлых пяць выстаў твораў Шагала з уласнага збору. Так усе разам зрабілі вялікую справу.
Што складае вашы асноўныя зацікаўленні ў краязнаўчай рабоце?
— Мая праца ўжо шмат гадоў ідзе адначасова ў двух накірунках. Адзін — гэта біяграфія і творчасць Марка Шагала і яго атачэння. Другі — гісторыя Віцебшчыны канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў, дзе мяне найперш цікавіць гісторыя літаратурнага жыцця краю.
Віцебск мастацкі, судакрананне гэтай прасторы з расійскім мастацтвам, увогуле сусветным мастацтвам — наколькі поўна раскрыты гэтыя абсягі?
— Над гэтай тэмай у апошнія дзесяцігоддзі шмат працуюць і краязнаўцы, і навукоўцы, і музейшчыкі. Ужо шмат зроблена, але, вядома, даследавана яшчэ далёка не ўсё. Нават калі ўзяць толькі такі невялікі храналагічны адрэзак часу, як першая чвэрць ХХ стагоддзя, тут варта было б больш уважліва прыгледзецца да постацяў, скажам, скульптараў Восіпа Цадкіна і Оскара Мешчанінава. Абодва яны маюць сусветную вядомасць і разам з Шагалам залічаны да прадстаўнікоў так званай Парыжскай школы. Іх творы захоўваюцца ў самых вядомых музеях свету. У Парыжы існуе Музей Цадкіна. Такія асобы могуць стаць не толькі нашым уласным культурным набыткам, але і турыстычным брэндам Беларусі. А нераспрацаваных імёнаў, паўтаруся, яшчэ вельмі многа.
Ці не падаецца вам, што за ўвагай да Марка Шагала, Юдэля Пэна крыху губляецца даволі цікавы мастацкі Віцебск з іншымі постацямі?
— На маю думку, бяда не ў тым, што Шагал і Пэн надта раскручаныя. Прыгадайце гісторыю трыццацігадовай даўніны — тады імёнаў ні аднаго, ні другога ў Беларусі нават не ведалі. Добра, што за гэты час з’явіўся Музей Шагала, у музеях Віцебска і Мінска экспануюцца творы Пэна, выдавецтва «Беларусь» выпусціла некалькі альбомаў з яго творамі. Калі Шагалам і Пэнам ёсць цяпер каму займацца — гэта выдатна, няхай дзяржаўныя інстытуцыі далей працягваюць сваю справу, так бы мовіць, ляцяць на ўласных крылах. Давайце зараз гэтак жа грунтоўна распрацоўваць іншыя постаці мастацкага Віцебска — іх шмат, далёка хадзіць не трэба. Калі з’явіцца цікавая і грунтоўная інфармацыя пра іншых мастакоў, зараз мала вядомых, калі творы іх можна будзе пабачыць у музейных экспазіцыях, тады і з масавай свядомасці самі сабой сыйдуць стэрэатыпы аб тым, што ў Віцебску былі толькі Шагал і Пэн.
Краязнаўства, краязнаўчая публіцыстыка ў большасці выпадкаў — аснова для наступных практычных крокаў захавання памяці пра асобу ці падзею... Вы таксама кіруецеся гэтым перакананнем, выпраўляючыся ў той ці іншы Пошук?
— Шчыра кажучы, ніколі пра гэта не думала. Хоць, канечне, прыемна, калі публікацыя прыцягвае ўвагу іншых неабыякавых асоб і справа захавання памяці працягваецца ўжо імі. У мяне так адбылося з віцебскім гісторыкам Аляксеем Сапуновым. У 2000 годзе я апублікавала яго біяграфію, і з таго часу чаго толькі вакол гэтай асобы не адбываецца — і краязнаўчыя, архіўныя ды музейныя чытанні, і выставы, і розныя экспедыцыі, і круглыя сталы, якія на працягу ўжо многіх год ладзяць як мясцовыя энтузіясты і інстытуцыі (Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, абласная бібліятэка), так і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта вельмі прыемна і ўсцешна!
Калі гэта ўсё ж не сакрэт, раскажыце, калі ласка, пра вашы няздзейсненыя краязнаўчыя мары...
— Мае краязнаўчыя мары, мабыць, тычацца ўсё ж не мяне асабіста. Як я ўжо казала, краязнаўства — справа рэгіянальная, актуальная найперш для пэўнага рэгіёна. Наўрад ці краязнаўцу, скажам, з Берасцейшчыны, будзе цікава ўдавацца ў падрабязнасці гістарычнага жыцця на Віцебшчыне. Таму мне заўсёды падаюцца недарэчнымі вялікія гістарычныя зборнікі, якія аб’ядноўваюць шмат дробных матэрыялаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы — паказчык аб’ектыўны, але бессэнсоўны. Значна больш карысці, калі рэгіянальныя матэрыялы збіраюцца пад адной вокладкай. Гэта ўплывае не толькі на іх якасць, але менавіта ў такім фармаце яны будуць асабліва запатрабаваныя і даступныя для зацікаўленых. Так што я мару пра краязнаўчыя перыёдыкі, якія выходзілі б па асобных рэгіёнах Беларусі і трымаліся б не толькі на ініцыятыве адзінак, а мелі б і сур’ёзную афіцыйную, дзяржаўную падтрымку.
Гутарыў Кастусь Лешніца
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.