Бактэрыяльны рак пладовых дрэў з’яўляецца захворваннем, якое пашкоджвае шмат іх відаў. Часцей за ўсё яго ахвярай становяцца чарэшні, вішні, абрыкосы і персікі. Найбольш характэрная прыкмета — выцяканне клейкага рэчыва з расколін у кары.
У выпадку інфіцыравання вішні і чарэшні бактэрыяльны рак прыводзіць да пабурэння і засыхання кветак у вясновы перыяд. Затым з пашкоджаных кветак бактэрыі пранікаюць у галіны, выклікаючы выцяканне жэлепадобнай вадкасці аранжавага адцення. З цягам часу на галінках з’яўляюцца патаўшчэнні і пашкоджванні кары. На лісці заражаных дрэў відаць вадзяністыя жоўтыя плямы, якія з часам бурэюць і згортваюцца ўнутр ліста, на лісці з’яўляюцца невялікія (2-3 мм) дзіркі. Плады ж пакрываюцца карычневымі гніласнымі плямамі.
У яблыні ці грушы кветкі пашкоджваюцца вельмі рэдка. На лісці грушы з’яўляюцца карычневыя плямы, могуць быць акружаны чырвонай аблямоўкай, а на плодзе — плямы чорнага колеру. На яблыках жа такія плямы звычайна ўвогуле не з’яўляюцца.
У выпадку досыць моцнага пашкоджвання дрэва бактэрыяльным ракам можа з’явіцца неабходнасць у поўным выдаленні ўсёй расліны. Калі ж назіраем толькі пачатковыя праявы інфіцыравання гэтым захворваннем, варта зрабіць спробу вылечыць дрэва. Да асноўных працэдур у змаганні з бактэрыяльным ракам адносяцца абразанне хворых галінак, а затым замазка месца рэзання садовай маззю (варам) з даданнем супрацьгрыбковага сродку (фунгіцыду).
Са ствалоў і тоўстых галінак, якія немагчыма абрэзаць цалкам, выразаецца змярцвелая кара да здаровай тканкі. Пасля чаго гэтыя месцы таксама замазваюць маззю з фунгіцыдам.
Таксама не варта забываць з саду выдаляць заражанае лісце і плады. У прыватнасці, нельга пакідаць пад дрэвамі лісце, якое апала ўвосень, або адпраўляць такое лісце на кампост (лепш спаліць). Увесну, у перыяд набракання бутонаў і цвіцення, а таксама ўвосень, у перыяд ападу лісця, праводзяць апырскванне фунгіцыдамі, напрыклад бардоскай сумессю, прэпаратам «Хом».
Апырскваем не толькі хворыя дрэвы, але ў прафілактычных мэтах і ўсе іншыя. Апырскванне варта таксама выконваць у прафілактычных мэтах, калі хвароба назіралася ў мінулыя гады ці ў іншых навакольных садах.
Асабліва важным з’яўляецца апырскванне супраць бактэрыяльнага раку. Праводзіцца ў перыяд ападу лісця, таму што бактэрыі даволі лёгка пранікаюць у месца, з якога апаў ліст. Таму, калі бактэрыяльны рак з’явіўся ў навакольных садах, варта правесці восенню нават два апырскванні: першае — у пачатку перыяду ападу лісця з дрэў, а другое — у канцы перыяду ападу.
Ірына ТАМКОВІЧ
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.