Вы тут

Як аптымізаваць уласную бібліятэку


У кніжнай шафе, як і ў любой іншай, трэба наводзіць парадак і пазбаўляцца ад лішняга. Лёгка сказаць, а як расстацца з тамамі любімага аўтара?


Кніг у нас заўсёды было шмат. І спачатку я іх толькі збірала. А аднойчы зразумела, што даўно вырасла з усякіх маркіз Анжалік. Але тады кнігі можна было здаць у букіністычную краму і нават адразу атрымаць грошы. А часам і не даходзілі да таваразнаўцаў — каля крам дзяжурылі перакупшчыкі. У іх, дарэчы, і кошт быў вышэйшы.

Цяпер букіністычныя крамы перапоўненыя, на інтэрнэт-пляцоўках кнігі купляюць млява і па вельмі нізкіх цэнах. Таму вельмі здзівілася, убачыўшы ў газеце некалькі аб’яў накшталт «куплю кнігі».

Патэлефанавала, нясмела пацікавілася, якія кнігі патрэбны. Аказваецца, найперш беларускія аўтары, кнігі па гісторыі Мінска, альбомы па мастацтве, фальклор, а яшчэ вучэбная літаратура, падарункавыя кулінарныя кнігі, выбраныя расійскія і заходнія аўтары. З чымсьці з пералічанага цалкам магла развітацца.

— Збор твораў Караткевіча і Купалы ў вас ёсць? — удакладніў гандляр.

Ёсць і тое, і другое, але Караткевіча... не прадам! Ну, не змагу без Караткевіча. Да гэтага часу памятаю, як «Черный замок Ольшанский» (была такая кніга на рускай мове, у змрачнаватай вокладцы) у мяне ўзялі пачытаць і не вярнулі. Гэта ж было гора! Праўда, потым, калі займела «Замак» на беларускай мове, мне ўжо было не так шкада той, першай.

Вось з Купалам развітваюся крыху лягчэй. І ведаеце чаму? Па-першае, я яго прачытала ўжо, і не раз. А па-другое, цяпер людзі не купляюць кнігі для інтэр’ера. Значыць, нехта будзе таксама чытаць Купалу, і гэта цудоўна! Адзіны мінус — з дзесяці тамоў у мяне толькі шэсць: не хапае другога, шостага і першай кнігі дзявятага. Не паспела іх набыць, бо ў той час ужо не было сістэмы падпісных выданняў, а кнігі людзі проста пільнавалі ў крамах, калі выходзіла чарговая. Але майго пакупніка гэта не бянтэжыць.

Далей — як для мяне, дык паэт нумар адзін — Максім Багдановіч. І, здаецца, у мяне ёсць усе кнігі, якія выдаваліся з яго імем на вокладцы. Але закладкі, на якіх пазначаны любімыя творы, ляжаць толькі ў адной. Значыць, яе і пакідаю для сябе. Гандляр папярэджваў: у мяккай вокладцы кнігі не бярэ, але для Багдановіча было зроблена выключэнне.

Вынікам задаволена: пакупнік прыехаў да майго пад’езда, і суму я выручыла прыстойную за 29 кніг. Ну вось, цяпер бязбольна для бюджэту можна набыць і пачытаць нешта новенькае (хачу купіць кнігу Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі „адлігі“ (1953–1968)»).

Дарэчы, мой «бізнес» адобрылі не ўсе, з кім я гэту тэму абмяркоўвала. Маўляў, гэта ж элементарны перакуп, гандляр на табе заробіць! Да таго ж толькі ў творах класікаў ёсць сэнс, і ніякія сучасныя аўтары да іх не дацягваюць.

Так, нехта заробіць, але і я не засталася ў накладзе. Што ж да сучасных аўтараў, то іх адмаўляюць звычайна тыя, хто іх не чытаў. Мне таксама не ўсе прачытаныя сучаснікі падабаюцца, як і не ўсе з тых, хто мае статус класіка.

Ужо даўно ўпэўнена, што хатняя бібліятэка павінна абнаўляцца. Перачытваць толькі старыя кнігі — значыць абмяжоўваць сябе ў новых ведах, эмоцыях. Вось цяпер, напрыклад, чытаю цудоўны складнік апавяданняў сучасных беларускіх аўтараў «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын». О, як я хвалявалася, калі, здаецца, разам з Мікалаем з «Лета для настаўніка» ішла па падземным ходзе, а, прачытаўшы гэтае апавяданне Віктара Варанца, пачала цікавіцца маёнткамі Храптовічаў.

І, божа мой, я плакала, калі чытала пра сабаку, які забыў сваё імя. А як цікава было пазнаць адну з калег у апавяданні Алеся Бадака «Ідэальны чытач». Усе гэтыя гісторыі немагчыма «праглынуць», у кожнай ёсць тое, што прымушае не толькі суперажываць героям, але і задумвацца над многім. 

Гэта тыя творы, якія, гаворачы высокім стылем, пакідаюць след у душы.

Але няўжо заўсёды рэклама, анатацыі, рэкамендацыі сяброў супадаюць з нашымі густамі і інтарэсамі? Гэта я да таго, каб першапачаткова не набываць лішніх кніг. Што можна зрабіць? Карыстацца звычайнай і электроннай бібліятэкай. Ёсць кнігі, да якіх проста не ляжыць душа канкрэтнага чалавека, і не трэба сябе прымушаць іх чытаць, марнаваць на іх грошы, нават калі гэта вельмі «модны» аўтар. Ёсць шмат кніг, якія дастаткова прачытаць адзін раз. Але ёсць і тыя, якія добра заўсёды мець пад рукой.

У адной маёй прыяцелькі, дамы вельмі начытанай, дома... больш за пяць кніг не бывае. Яна тлумачыць гэта так: «Вось ты купіла 
білет, схадзіла на канцэрт — і што? Выкінула білет, а ўражанні пакінула. Навошта захоўваць прачытаную кнігу?» Сама яна прачытаныя кнігі перадае ў дабрачынную арганізацыю.

Час ад часу я таксама аддаю кнігі ў бібліятэку ці знаёмым. І гэта вельмі добра: кнігі будуць жыць, а не стаяць мёртвым грузам у шафе.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Кнігі будуць жыць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.