Каля 90 тысяч навучэнцаў мінулым летам падпрацоўвалі. Моладзь традыцыйна працаўладкоўвалі ў сферы паслуг, гандлю, сельскай гаспадаркі. А таксама ў шматлікіх студэнцкіх атрадах, у тым ліку на прамысловых прадпрыемствах. Маладых людзей і цяпер чакаюць на флагманах машынабудавання — МАЗе і Мінскім трактарным заводзе, а таксама заводзе «Атлант». Спецыялісты расказалі, як трапіць у студатрад, атрымаць там новую спецыяльнасць і якія абмежаванні існуюць для моладзі.
Толькі пры садзейнічанні службы занятасці летам было працаўладкавана каля 34,8 тысячы навучэнцаў, паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко. Гэта было зроблена як з фінансавай падтрымкай дзяржавы, так і за кошт сродкаў наймальнікаў. У цэлым з пачатку года ўжо працаўладкавана каля 44,5 тысячы маладых людзей. На гэтыя мэты дзяржавай накіравана 10,8 мільёна рублёў, а ўсяго на год запланавана 13,3 мільёна.
З кожным годам расце колькасць ахвотных працаваць. Летась праз службу занятасці было працаўладкавана амаль 50 тысяч маладых людзей, праўда, у летні перыяд такіх было на 1,5 тысячу менш, чым сёлета. У гэтым годзе плануецца працаўладкаваць таксама не менш як 50 тысяч маладых грамадзян.
Улетку моладзь традыцыйна працавала ў сферы паслуг, гандлю, сельскай гаспадаркі. Паколькі непаўналетнія ад 14 да 16 гадоў абмежаваны ў відах работ, якія могуць выконваць, таму ў асноўным яны працавалі пры навучальных установах, займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, рамонтам мэблі. Хлопцы і дзяўчаты працавалі на тэрыторыях у населеных пунктах, на сельскагаспадарчых работах, у будаўнічых арганізацыях, на прамысловых прадпрыемствах, выконвалі пагрузачныя, разгрузачныя работы. Самай папулярнай была сфера аказання паслуг, гандлю: там моладзь працавала камплектавальнікамі, займалася выкладкай тавару.
На працягу лета штодня каля 17 тысяч вакансій было размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій, які знаходзіцца на партале дзяржаўнай службы занятасці. Там жа быў сфарміраваны пералік вакансій для моладзі, якая жадае працаўладкавацца ў вольны ад вучобы час, асобна былі пазначаны вакансіі для непаўналетніх, іх было каля сямі тысяч. І цяпер служба занятасці працягвае падтрымліваць вакансіі для моладзі. У актуальным стане на сёння знаходзяцца каля сямі тысяч запрашэнняў ад работадаўцаў, з іх каля дзвюх тысяч — для непаўналетніх.
Як расказаў начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацабароны Вадзім Вансовіч, прыём на працу можна ажыццяўляць толькі з 14 гадоў. Прычым як па працоўным дагаворы — кантракце, так і па грамадзянска-прававым дагаворы. Аднак возьмуць на працу не кожнага 14-гадовага. Каб ва ўзросце з 14 да 16 гадоў уладкавацца па працоўным дагаворы, неабходна пісьмовая згода аднаго з бацькоў. Калі ж малады работнік захоча працаваць па грамадзянска-прававым дагаворы, то з 14 да 18 гадоў ён павінен атрымаць пісьмовую згоду двух законных прадстаўнікоў. Калі гэту ўмову не выканаць, то на працу такога маладога чалавека браць нельга.
Ёсць нюансы і па выбары відаў работ для непаўналетніх. Вызначаны спіс дазволеных відаў работ, а міністэрствам аховы здароўя вызначаны гранічныя нормы ўздыму цяжару і перамяшчэння грузаў уручную. Гранічныя нормы для моладзі складаюць: для дзяўчат 14 гадоў — 3 кг, 15 гадоў — 4 кг, 16 гадоў — 5 кг, 17 гадоў — 6 кг, для юнакоў — 6, 7, 10 і 12 кг адпаведна.
Вадзім Вансовіч прывёў у прыклад няшчасны выпадак, які адбыўся летась з маладым чалавекам на адным з прадпрыемстваў.
— Яго непасрэдны кіраўнік папрасіў дапамагчы перанесці цюк саломы, які важыў больш за 100 кг. Пры пад’ёме гэтага цюка нага ў маладога чалавека падвярнулася, ён упаў і атрымаў пералом. Службовая асоба наймальніка дапусціла парушэнне — небяспечна арганізавала пагрузачна-разгрузачныя работы, што прывяло да траўміравання непаўналетняга.
Таму дзяржавай вызначаны і зацверджаны спіс работ, да якіх забараняецца прыцягваць падлеткаў. Напрыклад, забаронена работа на вышыні, верхалазныя работы, горныя, падземныя, работы, звязаныя з эксплуатацыяй якога-небудзь абсталявання, небяспечныя работы. Падлеткі 14–16 гадоў могуць выконваць толькі лёгкія віды работ, да якіх, напрыклад, адносіцца ручная мыйка аўтамабіляў, сельскагаспадарчыя работы па пасадцы і праполцы прадукцыі раслінаводства без прымянення якіх-небудзь механізмаў і ядахімікатаў. Асобам, маладзейшым за 18 гадоў, забаронена выконваць работы, якія адносяцца да цяжкіх, а таксама са шкоднымі і небяспечнымі вытворчымі фактарамі. Аднак вышэйназваныя работы дапускаецца выконваць тым, хто праходзіць вытворчую практыку і з’яўляецца навучэнцам установы адукацыі, але норма працягласці рабочага часу не павінна перавышаць чатыры гадзіны ў дзень.
Акрамя таго, для непаўналетніх устаноўлена скарочаная працягласць рабочага часу. Дзеці 14–16 гадоў могуць працаваць не больш за 23 гадзіны на тыдзень (звычайны працоўны тыдзень — 40 гадзін). Маладым людзям 16–18 гадоў дазволена выконваць работу ўжо ў колькасці 35 гадзін у тыдзень. Гэтыя нормы дзейнічаюць у вольны ад вучобы час — летам і на канікулах. Калі ж малады чалавек хоча папрацаваць у час вучобы, напрыклад, пасля школы, то тут норма працягласці работы не павінна перавышаць паловы ад максімальнай нормы часу для ўзросту работніка. Гэта значыць, калі прадугледжана 35 гадзін у тыдзень, то падчас вучобы ў вольны час можна працаваць не больш за 17,5 гадзіны ў тыдзень.
Аб самых частых пытаннях, якія паступалі на гарачую лінію Міністэрства адукацыі па працаўладкаванні моладзі, расказала начальнік Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра Юлія Зінкевіч.
— З мэтай усебаковага інфармавання навучэнцаў аб магчымасцях працаўладкавання вельмі шмат інфармацыі сёлета размяшчалася на партале «Молодежь. бел», там ёсць спецыяльная спасылка, дзе кожны ахвотны можа атрымаць памятку аб тым, куды яму звяртацца. Сёлета 20–24 мая Міністэрствам адукацыі была арганізавана гарачая лінія па дапамозе ў арганізацыі занятасці. На яе паступіла каля 200 званкоў. Многія цікавіліся працаўладкаваннем дзяцей 14–16 гадоў, тэлефанавалі бабулі, дзядулі і самі дзеці, якія хацелі працаўладкавацца. У асноўным пытанні датычыліся алгарытму працаўладкавання моладзі ў канкрэтным рэгіёне, узросту, з якога навучэнец можа пачаць работу, дакументаў для працаўладкавання, відаў работ і вакансіі, а таксама кантактаў тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ і рэгіянальных упраўленняў па працы і занятасці. Большасць пытанняў паступала з Мінска і Гродзенскай вобласці. Усім былі дадзены неабходныя тлумачэнні, — праінфармавала Юлія Зінкевіч.
Паводле аператыўнай інфармацыі, у чэрвені—жніўні гэтага года дапамаглі працаўладкавацца каля 33,5 тысячы маладых людзей ва ўзросце да 18 гадоў, у тым ліку тым, хто знаходзіўся на ўліку ў інспекцыях і камісіях па справах непаўналетніх, а таксама на ўнутрышкольным уліку (1,3 тысячы чалавек). Са студзеня да верасня ў складзе студэнцкіх атрадаў працаўладкавана больш за 45 тысяч чалавек. Усімі формамі занятасці на 1 верасня ахоплена каля 90 тысяч маладых людзей.
— Міністэрствам адукацыі, упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, установамі адукацыі прымаюцца меры па пашырэнні практыкі арганізацыі працоўнай занятасці непаўналетніх. Пашыраны магчымасці для работы байцоў студатрадаў, — адзначыла Юлія Зінкевіч.
Нормамі Указа Прэзідэнта Беларусі «Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» для студэнтаў прадугледжана магчымасць не толькі папрацаваць у вольны ад вучобы час, а таксама пры неабходнасці прайсці кароткатэрміновае практыка-арыентаванае сертыфікаванае навучанне і атрымаць рабочую прафесію.
— Занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час з’яўляецца прафілактычнай мерай, садзейнічае атрыманню першых працоўных навыкаў, дае магчымасць зрабіць больш усвядомлены выбар будучай прафесіі, стварае ўмовы для фінансавай падтрымкі сем’яў. Гэта мера накіравана на далучэнне навучэнцаў да працы з мэтай атрымання імі прафесійных навыкаў для больш лёгкай адаптацыі на рынку працы пасля заканчэння навучання, — дадала Юлія Зінкевіч.
Нягледзячы на тое, што лета скончылася, працоўны семестр працягваецца, і працаўладкавацца ў моладзі ёсць магчымасці круглы год. Напрыклад, можна паўдзельнічаць у працоўных праектах, якія цяпер рэалізоўваюцца на заводах МАЗ, Мінскім трактарным заводзе, «Атланце» і іншых, дзе працуюць вытворчыя атрады.
— Яны аб’ядноўваюць студэнтаў з розных рэгіёнаў і ВНУ, у залежнасці ад спецыяльнасці. У прадпрыемстваў ёсць патрэба ў вопытных, з пэўнымі навыкамі маладых людзях. Аднак нават калі навыкаў няма, рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў і ў цэлым БРСМ дае магчымасці прайсці навучанне, атрымаць спецыяльнасць, якая дазволіць працаваць на больш высокім кваліфікацыйным узроўні, — расказаў сакратар ЦК ГА «БРСМ», старшыня Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» Павел Алекса.
На галоўнай рэспубліканскай маладзёжнай будоўлі — будаўніцтве маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці — сёлета папрацавала больш за 1,5 тысячы байцоў студатрадаў. Аднак аб’ектамі ўвагі студатрадаўцаў з’яўляюцца і абласныя будоўлі ў рэгіёнах. У Віцебскай і Гродзенскай вобласці гэта аб’екты аховы здароўя, у Гомелі — буйны спартыўны аб’ект, у Магілёве — будаўніцтва музея абароны Магілёва.
— Запрашаем усіх ахвотных звяртацца ў камітэты БРСМ ва ўстановах адукацыі. Напрыклад, яшчэ ёсць магчымасць паўдзельнічаць у працоўным праекце «Атлант» у Мінску. У нас шмат ахвотных папрацаваць на канвеернай вытворчасці, мы нават праводзілі адбор. Увогуле, хачу адзначыць, што, калі малады чалавек вучыцца на педагога, ніхто не перашкаджае дадаткова стаць цесляром-бетоншчыкам, якраз БРСМ дае такую ўнікальную магчымасць, — адзначыў Павел Алекса.
Летась у студэнцкіх атрадах БРСМ было працаўладкавана больш за 51 тысячу чалавек. Сёлета ў іх складзе папрацавала больш за 45 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 39 тысяч — падчас летніх канікул. Сярод іх 21 тысяча непаўналетніх юнакоў і дзяўчат. У базе арганізацый, дзе могуць працавацьстудэнцкія атрады, цяпер больш як 51 тысяча працоўных месцаў.
Алена КРАВЕЦ
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.