У Пекіне і іншых гарадах Паднябеснай добра ведаюць прафесара Нанькайскага ўніверсітэта (Цяньцзінь) і перакладчыка Гу Юя. За гады сваёй творчай працы ён пераклаў неверагодна шмат твораў з рускай і беларускай літаратур. Зараз пабачыла свет у Выдавецтве народнай літаратуры новая перакладная кніга Гу Юя — зборнік апавяданняў класіка рускай прозы Міхаіла Прышвіна.
Сярод здабыткаў кітайскага перакладчыка — кнігі «Інтымная лірыка Пушкіна», «Трыста вершаў рускіх паэтаў», «Поўны збор басняў Крылова», «Апавяданні і аповесці Чэхава», асобныя публікацыі перакладаў твораў М. Лермантава, А. Фета, В. Брусава, К. Бальманта, І. Буніна, М. Цвятаевай, В. Пералешына, Р. Раждественскага, Р. Гамзатава, М. Горкага, Б. Пастэрнака і іншых пісьменнікаў.
Увага кітайскага перакладчыка да беларускай літаратуры адносіцца яшчэ да сярэдзіны 1980-х гадоў, калі Гу Юй прыязджаў у Мінск і сустракаўся ў народным паэтам Беларусі Максімам Танкам. Дарэчы, запіс пра тую сустрэчу ёсць і ў дзённіках класіка беларускай літаратуры. Тады з Мінска на радзіму Гу Юй прывёз трохтомны збор твораў Максіма Танка на рускай мове, падараваным самім паэтам з дарчым надпісам перакладчыку. Зараз прафесар Нанькайскага ўніверсітэта падрыхтаваў да друку дзве кнігі перакладаў — «Вершы Максіма Танка ў перакладзе на кітайскую мову» і «Вершы беларускіх паэтаў у перакладзе на кітайскую мову». Асобныя падборкі вершаў у перакладзе Гу Юя на кітайскую мову пабачылі свет у апошнія гады ў часопісе «Беларусь», якія выдаецца ў Мінску па-англійску і па-кітайску. Размова — пра вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча, Навума Гальпяровіча, Максіма Танка.
Падрыхтаваны да друку і пераклады паэзіі Яўгеніі Янішчыц, Міколы Пракаповіча, Васіля Сахарчука, Кастуся Турко і іншых беларускіх майстроў прыгожага пісьменства. Гу Юй прыняў удзел летась у міжнароднай канферэнцыі «Купалаўскія чытанні» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у «Каласавінах», якія праводзіў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Перакладчык актыўна цікавіцца сучасным літаратурным працэсам у Беларусі, плануе і надалей прадстаўляць беларускую паэзію ў Паднябеснай у перакладзе на кітайскую мову.
Я ўдзячны за сяброўства з беларускімі ўніверсітэтамі, музеямі, Выдавецкім домам «Звязда», з прафесійнай камандай беларускага краінавага часопіса «Беларусь», — гаворыць прафесар Гу Юй. — Спадзяюся і надалей працаваць з увагай да беларускага прыгожага пісьменства. Вось зараз у мяне павінны выйсці адразу дзве дзіцячыя кнігі — пераклады неўміручых твораў вялікіх мастакоў слова «Казкі Пушкіна» і «Казкі Маршака». Ведаю, што ў свой час у Кітаі выходзілі і кнігі беларускіх дзіцячых пісьменнікаў — Янкі Маўра, Паўла Кавалёва. Зусім нядаўна выйшла аповесць для падлеткаў Андрэя Федарэнкі ў перакладзе Хань Сяое. А я зараз чытаю творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Генадзя Аўласенкі, іншых сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія працуюць для дзіцячага чытача. Упэўнены, што абавязкова нешта з іх прапаную ў сваім перакладзе кітайскім выдавецтвам. Дзякуй беларускім пісьменнікам за сяброўства, добрыя стасункі!
... Сёння ўвагу да беларускай літаратуры праяўляюць у Кітаі і іншыя перакладчыкі — у прыватнасці, Хань Сяое, Сунь Фаньці, Чжан Хуэйцінь, Бэй Вэньлі, Цзі Хэхэ і іншыя.
Алесь Карлюкевіч
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.