Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Электаральныя кампаніі ўжо даўно перасталі быць тэхнічнай працэдурай. Гэта ўжо, будзем шчыра казаць, поле бою


Мінск прымае пасяджэнне Кансультатыўнага савета кіраўнікоў выбарчых органаў дзяржаў-удзельніц СНД. На парадку дня — аналіз нядаўніх электаральных кампаній, метадалогія міжнароднага назірання за выбарамі, работа з моладдзю. Акцэнты, на якія варта звярнуць увагу, падчас сустрэчы с членамі Кансультатыўнага савета расставіў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 


Вітаючы гасцей у Палацы Незалежнасці, кіраўнік дзяржавы падзяліўся успамінам са свайго багатага досведу: «Я успамінаю перыяд, калі органы, якія вы ўзначальваеце, толькі ствараліся. Скажу шчыра, гэта і ёсць добры, станоўчы прадукт дэмакратыі і дэмакратызацыі нашага грамадства ў тыя часы. Мы доўга спрачаліся, трэба нам выбарчыя камісіі ці не трэба, вывучалі досвед іншых краін, дзе, напрыклад, і міністэрства ўнутраных спраў можа кантраляваць, і арганізоўваць, і рабіць адпаведныя заключэнні па выбарах. Але, ідучы дэмакратычным шляхам, мы стварылі нашы выбарчыя камісіі, вертыкаль ад цэнтральнай да адпаведных раённых акруг і гэтак далей. І гэта той выпадак, калі мы не памыліліся. Мы тады не маглі падумаць, што ваша дзейнасць, зона адказнасці, тая пляцоўка, на якой вы ў органах улады знаходзіцеся, стане такім полем баявых дзеянняў, у якіх вы часта змагаецеся. І дзякуй богу, не заўсёды ў адзіночку. Тым не менш, вам хапае».

«Электаральныя кампаніі ўжо даўно перасталі быць тэхнічнай працэдурай. Гэта ўжо, будзем шчыра казаць, поле бою ў перадвыбарны і выбарны перыяды, дзе галоўнай дзеючай асобай з’яўляюцца органы Цэнтральнай выбарчай камісіі і выбарчыя камісіі ўвогуле. Сёння выбары — адна з галоўных, калі не галоўная палітычная падзея ў жыцці любой краіны. Асабліва ў нас. Я думаю, час нам пераставаць надаваць такую сур’ёзную ўвагу і надаваць такое значэнне выбарам. Звычайны павінен быць палітычны працэс», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што якасная падрыхтоўка да выбараў, празрыстасць і сумленнасць гарантуюць падтрыманне палітычнай стабільнасці, захаванне міру і парадку ў грамадстве. «У гэты перыяд кожнае слова з вашых вуснаў вельмі сур’ёзна ўспрымаецца. І народы нашы прывыклі верыць у тое, што кажа старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі і падпарадкаваныя яму структуры», — адзначыў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што апаненты ўлады спрабуюць выкарыстоўваць электаральны перыяд ва ўласных інтарэсах. Калі не атрымліваецца спакойна, то выкарыстоўваюць вядомыя рэвалюцыйныя і нерэвалюцыйныя мяцежныя метады, каб супрацьдзейнічаць дзеючай уладзе. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе краіны СНД былі падвергнуты такім выпрабаванням, Беларусь у тым ліку ў 2020 годзе. «Але мы заўсёды шчыра, адкрыта прызнавалі, што не бывае так, што з-за мяжы на нас націснулі — і мы пачынаем хістацца і ў нас хтосьці па вуліцах пачынае боўтацца. Значыць, ёсць і ўнутраныя прычыны. Мы гэтыя прычыны ведаем, мы іх вызначылі і зрабілі адпаведныя высновы, вынеслі ўрокі з тых падзей, каб не паўтарылася гэта зноў», — сказаў ён.

«Нам трэба дзейнічаць разам»

Прэзідэнт адзначыў, што ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая была нядаўна прынята на Усебеларускім народным сходзе, замацаваны тэрмін «электаральны суверэнітэт». «Размова ідзе аб абароне нашых нацыянальных інтарэсаў, неад’емным праве дзяржавы праводзіць выбары і рэферэндумы без аглядкі на водгукі і ціск звонку, — растлумачыў ён. — Мы, тым не менш, з нашымі партнёрамі, сябрамі, з вамі, найперш з краінамі СНД гатовы абмяркоўваць напрацоўкі па ўдасканаленні нашага заканадаўства і забеспячэнні бяспекі выбарчага працэсу».

Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным існаванне такой міжнароднай пляцоўкі, як Кансультатыўны Савет, які стаў месцам эфектыўнага ўзаемадзеяння напярэдадні электаральных кампаній і ўвогуле ў жыціі. «Я не раз казаў, што ў гэтай сферы нам трэба дзейнічаць разам, выпрацоўваюць агульныя прынцыпы дзейнасці нашых цэнтральных камісій, распрацоўваць законы, падзаконныя акты і практыку напрацоўваць, каб у нас не было вялікіх разыходжанняў. Трэба вывучаць і сусветны досвед. Наўрад ці мы там штосьці запазычым, напэўна мы ўжо ўсё вывучылі, і прынялі ў сябе дома адпаведныя рашэнні. 

Важна распрацоўваць уласныя стандарты. Галоўны стандарт, якога мы заўсёды прытрымліваемся, — гэта не тое, як нам навяжуць нейкія прынцыпы па паняццях з боку АБСЕ ці яшчэ нейкіх арганізацый, а тое, наколькі нашы законы і падзаконныя акты будуць адпавядаць Канстытуцыі. І наколькі выбары будуць адпавядаць таму заканадаўству, якое прынята ў нашых краінах. Гэта галоўнае», — сказаў ён.

Беларускі народ павінен сам вызначыць, хто будзе узначальваць дзяржаву

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь ужо ўступіла ў перадэлектаральны перыяд, хутка будуць прэзідэнцкія выбары. «Мы зыходзім менавіта з гэтых прынцыпаў — беларускі народ павінен сам вызначыць, без усялякага ціску, хто будзе ўзначальваць краіну», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь ніколі не была супраць міжнароднага назірання за правядзеннем выбараў. А назіральнікам з СНД і ўвогуле заўсёды рады. Пасля прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў 2025 года назіральнікам з СНД будуць адпраўлены запршэнні. «Для нас вельмі важна, ваша сяброўская парада, савет, заўвага ці нават крытыка намі ўспрымаецца ўсур’ёз», — расказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, пакуль не вызначыліся, што рабіць з іншымі замежнымі назіральнікамі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны прыязджаюць з ужо загадзя падрыхтаванымі дакументамі, якія потым падпісваюць і агучваюць. Ён расказаў, што ў мінулую электаральную кампанія спецслужбам быў вядомы змест гэтых дакументаў яшчэ да пачатку выбараў. «Іх не цікавіць гэты працэс. Яны загадзя вызначылі тон, што яны будуць рабіць у нашай краіне, і выніковую заяву», — заўважыў беларускі лідар. Канчатковае рашэнне па міжнародных назіральніках будзе прымацца і з улікам парад партнёраў па СНД і Расійскай Федэрацыяй, як бліжэйшага саюзніка. «Нам, канешне, хацелася б, каб яны ўбачылі і расчараваліся ў тым меркаванні, з якім яны прыедуць да нас. Але мы не можам дапусціць, каб яны зноў прыехалі з талмудамі сваімі і зрабілі адпаведныя заявы, якія ўжо былі падрыхтаваныя і напісаныя не іх рукой», — заявіў беларускі лідар. 

Вельмі важна, каб грамадзяне давяралі вынікам выбараў

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, што сёння пры правядзенні выбараў нямалаважна і гарантаваць бяспеку выбарнага працэсу. «І вельмі важна, каб пасля выбараў грамадзяне давяралі выбарчаму працэсу і вынікам выбараў у той ці іншай краіне», — заўважыў ён. Асаблівую ўвагу, па словах кіраўніка дзяржавы, варта ўдзяліць моладзі. Ён адзначыў, што трэба трымаць у полі зроку палітычную адукаванасць моладзі. «Моладзь, з’яўляецца, і гэта не сакрэт, асноўным вулічным інструментамкаляровых рэвалюцый. Таму асаблівую ўвагу мы ўдзяляем моладзі. Таму неабходна шукаць кропкі судакранання з маладымі выбаршчыкамі, і, калі ў вас ёсць такі досвед, а я перакананы, ён ёсць, вы падзеліцеся сваімі напрацоўкамі і ведамі», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўзаемадзеянне цэнтральных выбарчых органаў краін СНД дазволіць паспяхова вырашаць нават самыя складаныя задачы і праблемы. «Мне б вельмі хацелася, каб мы і надалей захавалі такое дзелавое супрацоўніцтва ў перадэлектаральны і электаральны перыяд і не толькі, якое склалася паміж Цэнтральнымі выбарчымі камісіямі. Гэта дарагога варта. Гэта нельга страціць», — падсумаваў Прэзідэнт.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка, што паміж выбарчымі органамі на прасторы СНД выбудавана эфектыўнае ўзаемадзеянне, як у рамках Кансультатыўнага савета, так і ў двухбаковым парадку. Выбудавана шчыльнае супрацоўніцтва ў рамках назірання за электаральнымі кампаніямі, якія праходзяць у краінах СНД. «Тут мы кіруемся выключна прынцыпамі аб’ектыўнасці, бесстароннасці, павагі суверэнітэту. Ва ўмовах шчыльнага міжнароднага супрацоўніцтва мы ацэньваем электаральныя кампаніі, якія адбываюцца ў розных краінах. Такая ацэнка абапіраецца ў першую чаргу на нормы Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах — удзельніцах СНД. Гэта унікальны дакумент, які ратыфікаваны нашымі нацыянальнымі парламентамі. І вядома ж, суадносім гэта ў першую чаргу з нацыянальным заканадаўствам кожнай краіны» , - расказаў ён.

Ігар Карпенка заўважыў, што змяненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятыя на рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе, далі пачатак маштабнай палітычнай мадэрнізацыі нашай краіны. «Кіруючыся абноўленым заканадаўствам, мы ў адзіны дзень галасавання выбралі дэпутатаў усіх узроўняў. Акрамя гэтага, выбарчы цыкл працягваўся практычна да канца красавіка. Як вы ведаеце, мы выбралі членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. І гэты новы канстытуцыйны орган стаў працаваць у поўным аб’ёме. Электаральны цыкл ва ўмовах канстытуцыйных рэформ завершаць выбары Прэзідэнта ў 2025 годзе», — расказаў калегам Ігар Карпенка.

У тэму 

Крытэрый адзін — давер грамадзян

Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Кіргізскай Рэспублікі Нуржан Шайлдабекава расказала журналістам, што Кансультатыўны савет на рэгулярнай аснове будзе абменьвацца практыкамі выбарчых кампаній, якія выкарыстоўваюцца ў краінах СНД. Старшыні ЦВК плануюць абмяркоўваць, як найлепшым чынам забяспечыць умовы рэалізацыі выбарчых правоў для таго, каб людзі маглі свабодна выказаць сваю волю, каб выбарчыя працэдуры былі для іх даступныя, зразумелыя. і выклікалі давер. «Выбарчыя сістэмы ў краінах СНД розныя, але ўсюды ключавы крытэрый — гэта давер грамадзян», — заўважыла Нуржан Шайлдабекава. Яна падкрэсліла, што зараз старшынства ў Савеце пераходзіць да Рэспублікі Беларусь. «Мы вітаем старшынства Беларусі. Упэўнены, што гэта прыўнясе новы імпульс нашаму ўзаемадзеянню для дасягнення нашых агульных мэт», — сказала кіраўнік ЦВК Кырзыстана.

Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка адзначыў, што нацыянальныя асаблівасці выбарчага заканадаўства ў кожнай краіне будуць захоўвацца, гэта звязана з агульнапалітычнай сістэмай кожнай краіны. А Канвенцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах — удзельніцах СНД іх уніфікавала. Напрыклад, у Беларусі нядаўна з’явіўся новы канстытуцыйны орган — Усебеларускі народны сход. «Праз дэмакратычныя працэдуры старшыня ЦВК, члены члены камісіі будуць абірацца Усебеларускім народным сходам. Гэта асаблівасць нашай краіны», — прывёў прыклад Ігар Карпенка. Разам з тым ён падкрэсліў, што Канвенцыя — гэта фундамент, на якім будуецца выбарчае заканадаўства ўсіх краін. У выніку канстытуцыйнай рэформы ўносіліся змены ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Інстытут маніторынгу міжпарламенцкай асамблеі СНД спецыяльна аналізаваў, наколькі гэтыя змяненні адпавядаюць канвенцыі. «І яны далі заключэнне, што поўнасцю адпавядае. І другое, што выбарчы працэс у адзіны дзень галасавання поўнасцю адпавядае ўсім стандартам дэмакратычных выбараў, пад якімі мы падпісаліся,. — прывёў яшчэ адзін прыклад Ігар Карпенка. — А некаторыя арганізацыі, якія надзелі на сябе карону і лічаць, што яны галоўныя ацэншчыкі выбарчых кампаній, у шэрагу краін не маюць адпаведных стандартаў і не праводзяць аналіз заканадаўства тых краін, дзе яны працуюць. І казаць аб тым, што сёння яны маюць права даваць нейкія ацэнкі не прыходзіцца». Старшыня ЦВК расказаў, як па выніках рэспубліканскага рэферэндума 2022 года рабіўся даклад у АБСЕ. А ў адказ ЦВК абвінавацілі ў тым, што не арганізавалі работу па ўнясенні альтэрнатыўных пазіцый тым змяненням і дапаўненням, якія ўносіліся ў нашу Канстытуцыю. «То бок яны нават не знайшлі часу прачытаць наша заканадаўства і зразумець, што ЦВК не ініцыюе пэўныя пытанні на рэферэндуме. Гэта не нашы паўнамоцтвы», — заўважыў Ігар Карпенка. 

Па словах Ігара Карпенкі, нельга дапусціць, каб электаральная кампанія была полем бою ў прамым сэнсе гэтага слова. Гэта павінна быць сумелнная барацьба палітычных праграм, кандыдатаў з роўным доступам грамадзян да інфармацыі і стварэнне ўмоў для таго, каб яны маглі спакойна выявіць сваю волю. Ён назваў гэта галоўнымі падыходамі пры правядзенні выбараў. «Выбары павінны быць зразумелымі для выбаршчыкаў. Калі ты прытрымліваешся пэўнага палітычнага, ідэалагічнага курсу — кажы праўдзіва, што будзе. Павінна быць адказнасць палітыкаў перад выбаршчыкамі. А не тое, што мы сёння назіраем, калі ідуць на выбары з аднымі лозунгамі, садзяцца ў крэсла і пачынаюць краіну перакульваць з ног на галаву. У гэтым плане забеспячэнне электаральнага суверэнітэту — гэта задача нумар адзін», — падсумаваў Ігар Карпенка. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.